Баршчэўскі Ян : другие произведения.

Шляхціц Завальня,

Самиздат: [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь|Техвопросы]
Ссылки:
Школа кожевенного мастерства: сумки, ремни своими руками
 Ваша оценка:

  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  Ян Баршчэўскі
  
  
  
  
  
  Шляхціц Завальня,
  або
  Беларусь
  у фантастычных
  апавяданнях
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  Мінск 2005
  
  
  1
  
  
  УДК 821.162.1(476)-31
  ББК 84(Беи-Пол)-44
  
  Б26
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  Укладанне, пераклад з польскай мовы,
  пасляслоўе і каментарыі Міколы Хаўстовіча
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  ISBN 985-02-0786-8
  
  
  
  2
  
  
  
  
  
  
  
  НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА
  
  Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх
  часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і
  міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся
  характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У
  іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.
  Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх
  лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю
  марай.
  Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах1; гэта быў мой
  самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць
  падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра
  тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць2 томікаў
  гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты
  куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.
  Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або
  французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару
  Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю
  нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго
  скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў
  сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.
  
  Ян Баршчэўскі
  Пецярбург,
  1844, 8 верасня3
  
  
  3
  
  
  
  
  
  
  
  НАРЫС ПАЎНОЧНАЕ БЕ ЛАРУС І
  
  Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою
  велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў*, шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвы пушчы або бярозавыя гаі, чуе
  няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца
  па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У
  нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у
  святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-
  залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на
  прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы...
  Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то
  бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на
  даляглядзе, паміж лясоў – саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк
  сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад
  дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па
  ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна
  збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ
  архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца
  Палата і Дрыса.
  На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя
  мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у
  святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка
  адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго
  заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба...
  У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з
  маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі1, не могучы мець пры сабе
  іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных
  марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў
  чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой
  мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай
  безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга
  прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым
  сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя
  чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.
  
  * Гэтак тамтэйшы люд называе мураваныя дамы маёнткаў. (Тут i далей заўвагi Я. Баршчэўскага).
  
  4
  Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія
  перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй
  гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
  Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя
  думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго
  жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад
  Невеля ваколіцы Рабшчызны2, дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі
  велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад
  пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія
  цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню
  Пачаноўскае гары* і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі
  дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек
  забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і
  Турцыі3, не чуваць там пра англійскі парламент4, пра вайну з кітайцамі5, не
  гамоняць там ні пра чыгункі6, ні пра дзівосную вынаходку Дагера7. І толькі голас
  пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы...
  Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень – шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў
  разліве азёрнае вады. Там вясна – рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з
  усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў
  адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў
  чароце, рэзкія крыкі качак... Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды
  пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.
  І цяпер гэтыя мясціны, дзе ў маленстве я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды памяць малюе мне, нібы прыснёны сад.
  Прыпамінаю народныя апавяданні пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод люду; і хоць у яго апавяданнях цяжка знайсці
  поўную праўду, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо
  яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечаю
  рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якія не ўспомніў аніводзін гісторык.
  Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлівых хвояў
  спачывае там які-небудзь ваяўнік, імя якога даўно забытае. Я няраз чуў аповяды
  простага народа пра даўнія войны, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што
  застаўся толькі слабы след мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно
  простанароднае паданне гэтае ваколіцы.
  На паўднёвым баку возера Нешчарды ёсць гара, якую з трох бакоў амывае
  вада, на той гары – драўляны маленькі касцёлак і некалькі хвояў. Там часта
  знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбныя манеты, шкляныя прадметы, якія
  выкарыстоўваліся як упрыгожанні, іржавыя рэшткі разнастайнае старасвецкае
  
  * Верш пад гэтай назвай змешчаны ў “Незабудцы” на 1841 г.
  
  5
  зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім
  уладарыў, невядома. Тамтэйшы люд, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розных плямёнаў, што блукалі ў гэтым краі дзеля рабунку.
  Праз некаторы час страшны волат, якога звалі Княжа8, прываблены да берагоў
  Нешчарды надзеяй на багаты рабунак, аблажыў з велізарнай хеўраю разбойнікаў
  гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у
  касцёлах паабдзіраў абразы і спляжыў ахвяравальны посуд, нават касцёл
  зруйнаваў, а званы ўтапіў у возеры і з натоўпам сяброў атабарыўся ў
  спустошаным горадзе. Аднак Бог дзівосным чынам абвясціў сваю кару
  блюзнерцам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе
  сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а сарны і ласі, дрыжучы ад страху, пахаваліся ў далёкіх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чорнага шара, і дзе яна дакранулася да сцяны, з гэтага дому ўжо ніхто
  не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, перапалоханы, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі
  сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае
  аграмадны курган, які называецца Магілай Княжа 9.
  Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з
  іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж – болей плён фантазіі ды
  меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад
  прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны.
  Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных
  у трох томіках альманаха “Nіezabudka”10, а менавіта: “Дзявочая крыніца”11, якая
  знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; “Дзве
  бярозы”12, якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна;
  “Курганы”13; “Русалка”14 ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім
  каханым, спявае:
  
  Гусанькі, лябёдэнькі,
  Скіньця мне па пёрэчку,
  Я з вамі полечу.
  
  Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак
  у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак.
  Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сірата над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае
  сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, – яны зайздросцяць
  мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі.
  Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу
  карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў15 са стужкамі, іголкамі і рознымі
  блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда16.
  Распачынаецца музыка17 пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы
  прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю
  
  6
  мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:
  
  Слава тобе, Хрыстэ цару,
  Што мой муж на цмэнтару,
  І бяды позбылася,
  І гарэлкі напілася.
  Або таксама:
  Калі ж тая серада прашла,
  Як ня еўшы на прыгон пашла,
  Весь дзень жала, ня лянілася,
  Злому войту пакланілася;
  А цяпер жа ні а чом тужыць,
  І войт п’яный у карчме ляжыць.
  
  У большасці песень гэтага простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць
  нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага
  супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не
  давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу... Але вясельныя абрады адметныя
  рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога бацькоў нарачонае, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, а пасля такое
  падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да свае нарачонае, ён і яго дружына надзяваюць
  чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі ды імчацца праз горы да
  дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Перад варотамі яны спыняюцца; салома
  шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але і
  тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляюць
  заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай
  галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня “Баслоў Бог вяселе
  іграць”*, і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго
  балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.
  Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных
  бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі
  гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і
  трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог – пан дзікіх
  пустэльняў; каб чалавечны зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі
  выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго
  нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі
  хваінамі. Ён апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя
  чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабіў
  гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.
  Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23
  чэрвеня18, пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы
  шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець
  
  * Блаславi, Божа, сватанне, бяседу вясельную.
  
  7
  золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са
  смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:
  
  Іван да Марія,
  На гарэ купальня,
  Гдзе Іван купаўся,
  Бераг калыхаўся;
  Гдзе Марія купалась,
  Трава разсьцілалась.
  
  Ды іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.
  Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку
  простага люду, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць паверхню
  возера, пакрытую часам белым, нібы месячным бляскам, і хоць неба яснае і
  паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. І гэтае цудоўнае відовішча на зарослых
  чаротам берагах абуджае дзікіх качак ды іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным
  возерам.
  Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам
  сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы
  гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў
  зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам
  галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі.
  Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі
  некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі
  якога яны няраз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя
  хвоі і яліны. Ён бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное
  люстэрка, пыталіся адна ў аднае, што якой з іх пасуе, – і гэтыя цуды дзеюцца
  ажно да ўсходу сонца.
  Усход сонца пасля гэтае бяссоннае, урачастае ночы таксама бывае крыху
  асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні ды танцы і моўчкі
  скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы
  далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца
  над гарамі ды лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя
  зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч
  вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол свае восі. Гэтая праява
  паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.
  Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае
  нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зёлка; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе
  
  8
  вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім
  жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая зёлка – зёлка шчасця.
  Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розных вобразах; грэкі і
  рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей
  пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкае лятучае
  зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І
  я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя
  прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы19, паглядаючы на тэатр
  вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і
  гэта – кніга чалавечых сэрцаў і характараў20.
  
  Край мой, дзе горы паўсталі узнёсла,
  Край сініх вод, чаратамі зарослых,
  Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца,
  Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа,
  Ў промнях вясновых, у барвах зялёных
  Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай.
  Згадваю сумную песню ратая
  Ці пастуха, што па-простаму грае,
  Часам, калі у лясах ля азёраў
  З кобзаю рэха гамоніць паўторам
  Ці калі люд пасля дзённае працы
  Гучна спяшае ля хаты сабрацца,
  Чуючы мяккі палон прахалоды,
  Слухаць ад старца сівога прыгоды
  Прашчураў слынных, асілкаў, герояў.
  Слава і дзіва паданне старое,
  Што аж ад продкаў па бацькавым краі
  З вёскі да вёскі вандруе, блукае!21
  
  9
  
  
  
  
  
  ШЛЯХЦІЦ ЗАВ АЛЬНЯ
  
  Дзядзька мой пан Завальня, досыць заможны шляхціц на загродзе1, жыў у
  паўночным і дзікім баку Беларусі. Яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На
  поўнач паблізу жылля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марское затокі.
  Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як
  пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На
  поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя
  бярозамі і ліпамі, на захад – разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу –
  пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай
  прыгожая, калі па лугах разальецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах
  зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.
  Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць
  дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо
  быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам
  не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра
  чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як
  слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не
  засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў
  разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці
  квестар2, ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе
  жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва
  ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе
  найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.
  Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных
  людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў3, расказваў пра сваю гаспадарку, пра
  бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых
  суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем.
  Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:
  – Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу4, чытаў многа кніжак, гутарыў
  з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары
  раскажы мне што-небудзь цікавае.
  Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача
  гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў – не займальная рэч для таго, каго не
  цікавяць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі
  адзінай гісторыяй былі Біблія, са свецкіх жа паданняў ён дзесьці вычытаў, што
  Аляксандар Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна5, і такая чалавечая смеласць яго, 10
  дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з “Адысеі” Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як
  і ў нашых асобных простанародных аповесцях.
  Блізу дзесятае гадзіны вечара, калі вясковыя жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць
  новыя аповесці, а ён сказаў так:
  – Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння
  адчуваю, што не хутка засну.
  Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў
  коратка пра самых галоўных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты
  яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я
  чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:
  – Гэтай басні прыпомныць не можна, дужа цяшкая.
  – А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? – пасля доўгага
  маўчання перапыніў дзядзька.
  – Так некалі верылі паганцы, бо гэта было да нараджэння Хрыстовага.
  Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.
  – І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?
  – Хто вучыцца, – адказаў я, – той павінен пра ўсё ведаць.
  – Ну, то кажы далей.
  І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:
  – Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні
  прыпомніш.
  Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае
  прычыны, перажагнаўся і заснуў.
  На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой
  маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:
  – О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта
  грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць
  забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і
  пра тое.
  У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную
  ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэцкіх або лацінскіх класікаў, аднак
  найбольш яму падабалася з “Адысеі” мудрасць Уліса6 на берагах Цырцэі і на
  востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз:
  – А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на ілбе. Але ж і хітрун гэты Уліс – напаіў, выкалаў вока і
  выехаў на баране.
  Не мог таксама ён забыць шостае песні з Вергілія7, дзе Эней увайшоў у
  пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:
  – Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі –
  ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі
  
  11
  збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока
  пад зямлёй. Дзіўная рэч!
  Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.
  – Амаль год не меў нагоды быць у гэтым горадзе.
  – Калі надарыцца там быць, добра было б даведацца ад ксяндзоў езуітаў, як
  вучацца мае Стась і Юзік. О, не кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць
  апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць. Я, будучы ў Полацку, і мая нябожчыца жонка, вечная ёй памяць, прасілі ксяндза-
  прэфекта8, каб не шкадавалі розгаў.
  
  Розгаю дух святы дзетак біць радзіць,
  Розга аніяк здароўю не вадзіць9.
  
  О, гэта цудоўныя вершы – розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых
  панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавіцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які
  ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам – толькі кара Божая!
  Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў
  завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над
  дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгору. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер.
  Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што за
  гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых
  гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:
  – Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не
  маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай, – як
  толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога.
  О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму
  заманецца.
  Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы.
  Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў – і ўжо
  зіма. Уздоўж Нешчарды з’явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і
  цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на
  лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут
  яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі
  дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат
  новых і такіх разумных аповесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо
  сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.
  Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы
  снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над
  магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку
  брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці
  не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей
  шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб
  
  12
  хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў
  крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра
  гэта дзядзьку.
  – Гэта падарожныя, – адказаў ён, – дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.
  Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.
  Пан Завальня меў звычай рабіць гэта кожную завейную ноч ужо таму, што
  жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і ён рады быў заўсёды
  гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што
  заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, цешыліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начное цямрэчы святло
  партовага ліхтара, цешыліся і з’язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам
  да прыдарожнае карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.
  Вецер не сціхаў, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у
  зачыненыя вароты і крычаць:
  – Рандар! рандар! Адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і
  коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!
  На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:
  – Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут не рандар жывець, а пан
  Завальня.
  – Ах, паночык (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч
  цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.
  – А ці ўмеіце сказкі да прыкаскі?
  – Да ўжо ш як-нібуць скажым, калі толька будзе ласка панская.
  Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач
  выходзіць дзядзька і кажа:
  – Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-
  небудзь з вас павінен расказаць мне цікавую казку.
  – Добрэ, паночык,– адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.
  Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў
  пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў
  у пакой да майго дзядзькі, ён даў ім яшчэ па кілішку гарэлкі, пасадзіў падарожных
  каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і
  я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне
  простанародныя аповесці.
  
  
  13
  
  
  
  
  АПАВЯДАННЕ ПЕР ШАЕ.
  ПРА ЧАРНАКНІ ЖНІ КА І ПРА ЦМ ОКА,
  ШТ О ВЫЛУПІЎСЯ З ЯЙКА, ЗНЕ СЕНАГА ПЕ Ў НЕМ
  
  Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным
  перакладзе напісаць па-польску.
  Падарожны гэты быў чалавек не маладых гадоў; валасы меў сівыя, але быў
  здаровы і моцны. Калі апавядаў пра сваё мінулае, здавалася, маладзеў; крыху
  падумаўшы, пачаў так:
  – Не казку пану раскажу, а тое, што было ў сапраўднасці, што здарылася
  нават са мною. Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога, –
  Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.
  У маладосці маёй, памятаю, мелі мы пана К. Г. Злы гэта быў пан, страшна
  ўспомніць, што ён рабіў: хлопцаў і дзяўчат жаніў і замуж выдаваў, не хочучы і
  ведаць ні пра іхнія сімпатыі, ні пра іх мінулае шчасце: ні просьбы, ні слёзы не
  маглі яго ўлагодзіць; вяршыў сваю волю, здзекуючыся з людзей без усялякае
  літасці, конь і сабака былі яму даражэйшыя, чым хрысціянская душа. Меў ён
  лёкая Карпу, злога чалавека; і яны абодва, спачатку пан, а пасля пахолак, прадалі
  свае душы д’яблу. А было гэта так.
  З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер
  яшчэ памятаю аблічча, твар і адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны
  нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў
  роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас
  носяць паны ці ксяндзы; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам
  размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта быў
  чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя д’ябальскія штукі.
  І хоць у той час я быў зусім маладзён, аднак мусіў адбываць у маёнтку чаргу
  начнога вартаўніка, абыходзіць усе панскія будынкі і стукаць малатком у
  жалезную дошку. Няраз бачыў, як акурат апоўначы ў панскім пакоі гарэла святло, і ён там з чарнакніжнікам пастаянна быў нечым заняты; усе заснулі, і ціш
  панавала на панадворку, над дахам панскага жылля сюды і туды снавалі кажаны і
  нейкія чорныя птушкі. Сава, апусціўшыся на дах, то рагатала, то плакала, нібы
  немаўля. Мяне апанаваў люты страх, але калі перажагнаўся, пашаптаў пацеры, –
  зрабілася крыху лягчэй, і, адчуўшы ў сабе больш смеласці, вырашыў я ціхенька
  падысці да панскага вакна і паглядзець праз шыбу, што яны там робяць. Толькі
  падышоў, як ля сцяны ўбачыў жахлівую пачвару. Страшна ўспомніць, гэта была
  велізарная жаба-рапуха. Яна кінула на мяне вогненны позірк. Я адскочыў назад, пабег, як шалёны, прэч і ледзьве спыніўся праз дзве сотні крокаў. Увесь дрыжаў.
  Мне падумалася, што гэта шатан у абліччы таго страшыдлы пільнаваў вокны
  
  14
  майго пана, каб ніхто не ўбачыў сакрэтаў, якія там чыніліся. Я змовіў “Анёла
  Божага”1 і хоць ноч улетку была ясная і цёплая, дрыжаў, нібы на марозе. Дзякуй
  Богу, што хутка заспяваў певень, патухла святло ў пакоі, і я, крыху ўжо
  супакоіўшыся, дачакаўся ўсходу сонца.
  Другое здарэнне таксама было дзіўнае. Я сек у лесе дровы. Сонца заходзіла.
  Гляджу: ідуць па дарозе пан з чарнакніжнікам і раптам павярнулі да густога
  яловага лесу. Я, маючы цікавасць, крадуся ціхенька следам і хаваюся за дрэвам, будучы ўпэўнены, што там павінны дзеяцца нейкія чары. Усюды ціха, толькі
  дзесьці далёка стукае дзяцел на спарахнелым дрэве. Бачу: на старым вывернутым
  дрэве сядзіць пан, каля яго стаіць чарнакніжнік і трымае за галаву велізарную
  гадзюку, якая чорнай стужкаю абвіла яму правую руку. Не ведаю, што было
  далей, бо я ад страху ўцёк.
  Трэцяе здарэнне было яшчэ страшнейшае. Хоць я яго і не бачыў, аднак чуў
  ад надзейных людзей, дый пра гэта гаварылі ва ўсіх навакольных вёсках.
  Апоўначы наш пан, той госць шатанскі і лёкай Карпа ўзялі ў аборы чорнага казла, завялі яго на могілкі. Кажуць, што выкапалі яны з магілы наўца2, чарнакніжнік
  надзеў на сябе нябожчыкаву чамарку3, забіў казла і яго мясам і крывёю адпраўляў
  нейкія страшныя ахвяры. А што там дзеялася тае начы, нельга ўспомніць без
  страху. Казалі, што нейкія страшыдлы запоўнілі ўсё неба, нейкія звяры, падобныя
  да мядзведзяў, дзікоў і ваўкоў, бегалі вакол, равучы так, што пан і Карпа ад страху
  знепрытомнелі і пападалі на зямлю. Не ведаю, хто іх прывёў да прытомнасці, але
  пасля тае страшнае ночы чарнакніжнік знік, і ніхто яго потым не бачыў. Пан увесь
  час маркоціўся, хоць меў шмат золата і іншага багацця – чаго толькі не захоча –
  усё ёсць; зрабіўся яшчэ больш люты, ніхто яму дагадзіць не мог, нават Карпу
  выгнаў з маёнтка.
  Калі падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталіся слухачы: “Вот
  ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзіраець”. І дзядзька адазваўся такімі
  словамі:
  – Мусіць, спачатку ён быў фармазонам4 ці пабратаўся з недаверкамі5, а
  чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Але што ж далей?
  Падарожны апавядаў далей:
  – Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнікі аднаму заможнаму
  гаспадару. Ды там ён болей замінаў, чым быў памочнікам, бо, жывучы з
  дзяцінства ў маёнтку, зрабіўся лайдаком, да таго ж упартым і неслухмяным. Да
  аканома часта даходзілі скаргі, і той пераводзіў яго з аднае хаты ў другую, але
  нідзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасіў аканома заступіцца за
  яго перад панам, каб далі яму хату і колькі дзесяцін зямлі, бо калі ён сам зробіцца
  гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзіўся. Пабудавалі яму
  новую хату, адрэзалі лепшае зямлі, далі пару коней, колькі кароў ды іншае
  жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жаніцца. Але ніводная гаспадарская дачка
  не хацела ісці за яго, бо ніхто ні на яго, ні на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалі ўсе, што ў яго ні веры, ні Бога ў сэрцы няма.
  У гэтай вёсцы жылі колісь мае бацькі, і быў у нас сусед Гарасім. Чалавек ён
  быў старанны, усяго яму хапала, служыў добра пану, спраўна плаціў падаткі. Меў
  ён адзіную дачку, Агапку. Пекная была дзяўчына: здаровая, румяная, як спелая
  
  15
  ягада. Даўней, як прыбярэцца і прыйдзе на кірмаш з жычкаю6 ў касе, у чырвонай
  шнуроўцы7 – свеціцца, як цвет макавы, усе не могуць на яе наглядзецца, кожны
  любіў з ёй патанцаваць, і дудар для яе граў найахвотней. Ах! прызнаюся: і мне ў
  той час яна так прыпала да душы, што і сёння ўспамінаю яе ўздыхаючы.
  Падабалася яна і Карпу. І вырашыў ён дамагацца яе, але, ведаючы, што не
  любіць яго дзяўчына, а бацькі не хочуць мець сабе такога зяця, і сватоў, прысланых ад яго, не прынялі, Карпа, каб было па-ягонаму, ідзе да пана, просіць, каб загадаў Агапцы ісці замуж толькі за яго. Бацькі ж яе, даведаўшыся пра гэта, прасілі аканома і ўсю воласць8 заступіцца, бо Агапка яшчэ занадна маладая і не
  здолее добра ўпраўляцца ў ягонай хаце; і гаспадарка ў яго ўвачавідкі
  развальваецца, нічога добрага ад яе не прычакаеш. Па просьбе аканома і
  вяскоўцаў пан адклаў вяселле на наступны год, а Карпу загадаў, каб напрыканцы
  гэтага тэрміну паказаў, што зрабіў карыснага і колькі зарабіў грошай.
  Кахаў і я Агапку, але каб пабрацца з ёю – пра такое і думаць не мог. Баяўся
  панскага гневу, і з Карпам цяжка было спрачацца, бо быў ён дворскі9, з рознымі
  чараўнікамі меў фамільярнае сяброўства і калі б толькі даведаўся пра маю
  прыхільнасць да Агапкі, дык, пэўна, зрабіў бы са мною што-небудзь кепскае. Дык
  я толькі пакрыёма ў душы сумаваў, прасіў Бога, каб гэтая нявінная авечка не
  трапіла ў кіпцюры да шалёнага ваўка. Але сталася ўсё інакш.
  Карпа – чалавек несумленны і лянівы – ідзе на параду да Парамона, найстрашнейшага чараўніка ў нашай ваколіцы, апавядае яму пра сваю сімпатыю
  да Агапкі, пра ўмовы, якія пан загадаў яму выканаць за год. Словам, просіць яго, каб адкрыў спосаб, якім хутка можна забагацець, а ён гатовы на ўсё, хоць душу
  д’яблу прадаць, абы толькі дамагчыся свайго.
  Парамон выняў са скрыні загорнутыя ў паперу нейкія зярняткі і, даючы іх
  Карпу, так раіць:
  – Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі
  яго гэтым зернем, і ён праз колькі дзён знясе яйка, не большае за галубінае. Гэтае
  яйка ты павінен насіць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупіцца з яго
  маленькая яшчарачка, якую будзеш насіць пры сабе і кожны дзень карміць
  малаком са свае далоні. Расці яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя
  крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе
  выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы
  і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе
  мець пры сабе золата і срэбра. Жыві з ім у дружбе, калі хочаш быць багаты, бо
  калі ўгнявіш, дык ён можа спаліць табе хату і ўсё тваё дабро.
  Гэтую бязбожную параду Карпа выканаў ахвотна. Выгадаваў жахлівага
  цмока, але чары яго не засталіся тайнымі, бо гэтае страхоцце няраз пасля захаду
  сонца з’яўлялася на вачах вяскоўцаў, што вярталіся дахаты позняй парою.
  Аднойчы і я, калі пасвіў коней на начлезе, бачыў, як ляцела тое страшыдла, з
  шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам
  каваля, і над дахам Карпавае хаціны распалася на дробныя частачкі і знікла. Неба
  ў той час было яснае, ніводнае хмурынкі на ім, і зоркі зіхацелі на нябесным
  скляпенні. “О Божа! – падумаў я. – Перад Табою няма нічога таемнага. Ты будзеш
  суддзёю спраў людскіх, але людзі пра гэта забываюць”.
  
  16
  Ужо праз колькі месяцаў Карпа стаў багатыром. Калі прыйдзе на кірмаш або
  ў якое свята да арандара10, дык у карчму заходзіць падпёршыся ў бокі, чырвоная
  шапка набакір, галава задзёртая, і здаецца, што ўсе для яго нішто, жменяю грошы
  шпурляе на стол, кажа падаваць тое, што толькі яму заманецца, частуе ўсіх і
  смела крычыць, што пан яму, як брат родны, ні ў чым не адмовіць, і ён усё
  зробіць, што яму толькі захочацца, што Агапка павінна радавацца, калі можа
  выйсці за яго замуж, бо ён за свае грошы можа купіць жонку, якую толькі
  пажадае.
  Агапка, чуючы пра гэта, залівалася слязьмі, бо ведала, што яе выбар і
  жаданне бацькоў – нішто. Усё было ў руках пана, а той не меў ні спагады, ні
  літасці. Ведала яна добра і душу Карпаву, і звычкі ягоныя. Часам чула гаворку
  суседзяў між сабою, што ён ужо пабратаўся з Парамонам, што ўжо служыць яму
  шатан, які назапасіў для яго безліч грошай. Не цешыла тое золата маладую
  дзяўчыну, бо яна бачыла ў лятунках сваіх мужа стараннага, цнатлівага ды
  пабожнага.
  Прайшоў год. Карпа накупляў пану ў горадзе багатых падарункаў і прыехаў
  на гожым кані нагадаць пра абяцанае. Паслалі па Агапчынага бацьку, загадалі
  рыхтавацца да хуткага вяселля. Плакаў бедны Гарасім са сваёй жонкаю над лёсам
  дзіцяці і маліўся, каб Бог быў ёй апекуном. Агапка ж хавала скруху свайго сэрца, каб не растрывожыць яшчэ больш бацькоў. Узяўшы ядвабныя стужкі, якія
  найбольш любіла, і колькі кавалкаў кужалю, што сама ткала, пайшла да касцёла і, павесіўшы ўсё гэта на абраз Прачыстае Маці, пала ніц, енчачы і заліваючыся
  слязьмі; і ўсе, хто быў там, таксама не маглі стрымаць слёз. Пасля набажэнства
  яна выцерла слёзы і вярнулася да бацькоў са спакойным абліччам, як быццам
  усцешаная.
  Спагада і любасць да гэтае дзяўчыны перамаглі ў ва мне ўсякі страх. Іду да
  хаты, дзе жыў Гарасім. Нечаканыя думкі і смелыя намеры выспяваюць у маёй
  галаве. Вырашыў: ад тыранства і напасці схаваць яе дзе-небудзь у далёкай
  старане. Ідучы да вёскі, убачыў Агапку. Самотная, яна хадзіла па полі, плачучы, спявала жаласным голасам звычайную песню-падзяку бацькам за іх клопаты.
  Набліжаюся да яе, бяру за руку (а сам быў у той час як непрытомны). Хочучы
  аблегчыць яе пакуты, так прапаную свае паслугі:
  – Агапка! Ведаю я прычыну слёз тваіх, ведаю аб пакутах бацькі і маці.
  Карпа – бязбожны чалавек. Ён падкупіў пана, несумленна пагарджаючы тваім
  выбарам і воляю тваіх бацькоў. Паслухай мае рады, калі маеш хоць частку тае
  прыхільнасці да мяне, якую я маю да цябе і да тваіх бацькоў. На зямлі ёсць
  высокія горы, зарослыя густым лесам; ёсць цёмныя пушчы, што чарнеюцца каля
  нашых вёсак. У засень іх нетраў ніколі не заглядвала чалавечае вока; яны
  цягнуцца бясконца. Давай пойдзем прэч з гэтых краёў. Давай схаваемся ад усіх
  знаёмых у гэтых дзікіх пустэльнях. Я буду тваім вартаўніком і правадніком. Свет
  вялікі, знойдзем і мы дзе-небудзь свой куток. Ёсць і людзі з ласкавым сэрцам, якія
  даюць прытулак уцекачам ад суда, а мы ж невінаватыя ні перад Божым судом, ні
  перад людскім і дзе-небудзь працаю заслужым сабе кавалак хлеба. Добры Бог
  дасць нам здароўе і сілы, падтрымае ў тых цёмных лясах сваёй апекаю.
  Калі я казаў гэта, слёзы зацьмілі мае вочы. Агапка, гледзячы на мяне, 17
  адказала так:
  – Я кахаю цябе, але не магу згадзіцца і пайсці з табою, бо бацькі мае будуць
  пакутаваць. Няхай лепш я сама буду ахвяраю свайго няшчасця, каб толькі яны
  былі спакойныя.
  Сказаўшы гэта, яна шпарка пайшла дадому.
  Я доўга стаяў на тым месцы, не ведаючы, што рабіць. У роспачы вярнуўся да
  свае хаты; як непрытомны, зноў пабег у поле, блукаў па лясах; не ведаў, за што
  зацяць рукі, ад самоты ледзь не памёр.
  Далі запаведзь11. У нядзелю Карпа з Агапкаю бярэ шлюб у касцёле. Ён, вясёлы і выхвальны, стаяў проста, валасы на галаве падстрыжаныя па-панску, на
  шыі ядвабная хустка, на нагах блішчастыя боты, вопратка з тонкага сукна (такая, якую пан часам апранае). Словам, калі б хто не ведаў, што Карпа наш брат, – за
  паўвярсты яшчэ зняў бы шапку і пакланіўся. Яна, наадварот, смутная, твар –
  бледны: змянілася ўся, нібы ў яе сухоты, бляск вачэй пагашаны слязьмі. І казалі, што свечкі ў маладых гарэлі так цьмяна, што сёй-той са страхам паглядаў на гэта, шэпчучы суседу: “Не будзе тут шчасця. Жыццё іх зацьміцца смуткам”.
  З касцёла Карпа з дружынаю і маладою жонкаю паехаў на паклон да пана, а з
  маёнтка – да хаты Агапчаных бацькоў. Вяселле было Бог ведае па-якому. Карпа з
  дзяцінства быў дворскі; звычаі нашы вясковыя яму ўжо здаваліся смешнымі і былі
  не даспадобы. Не пераязджаў ён на кані праз падпаленую салому, не гаварылі
  госці ніякіх арацый, не спявалі вясельных песень, не паклікалі нават дудара, і
  моладзь не патанцавала. Вяселле ў Гарасімавай хаце падобнае было да хаўтураў. І
  хутка маладая пара з гасцямі паехала адгэтуль да свае хаты, дзе ўжо Карпа
  кожным учынкам хваліўся сваім дворскім глянцам ды багаццем і хацеў, каб яго
  ўсе хвалілі.
  Паклікаў дудара, кінуў яму, нібы чыноўнік які, колькі срэбранікаў і загадаў
  граць. Добра заплаціў таксама і кабетам, каб спявалі; з вымушанай ветлівасцю, нібы паніч які, прасіў хлопцаў і дзяўчат скакаць. Не было там шчырасці, а вось
  ежы і пітва – аж занадта. Чаркі з гарэлкаю амаль без адпачынку пераходзілі з рук
  у рукі. Шум у хаце, музыка грае, моладзь скача; ён апавядае пра сваю дворскую
  службу, пра прыхільнасць, якую заслужыў у пана. Адна Агапка – як забітая; было
  шкада нават на яе глянуць.
  На панадворку хоць і цёмна, але ціха. На чыстым небе поўнач. Сітка12
  змяніла сваё становішча. Госці, захмялелыя ад моцных напояў, весяліліся.
  Нечакана нібыта маланка асвяціла хату і нейкі незвычайны шум пачуўся за
  сцяною. Пацямнела полымя свечак, усе заціхлі ды пазіралі адно на аднаго. Карпа
  быццам змяніўся з твару і, як непрытомны, гучна прамовіў: “Прыбыў мой
  госць” – і адразу ж загаварыў да сваіх сяброў пра нешта іншае. Але пасля гэтага
  здарэння дзіўная была перамена ў той хаце; кожнага апанаваў нейкі неспакой, некаторыя з прысутных бачылі загадкавыя і страшныя праявы: то на дварэ, то ў
  цёмных кутках хаты. Аднаму падалося, што нейкае страшыдла, зарослае валасамі, з-за сцяны ўглядаецца ў вакно; другому здалося, што на печы сядзіць нейкі
  карузлік з велізарнай галавою, чорны, як вугаль; іншы бачыць нібыта таго
  чарнакніжніка, які вучыў пана штукам шатанскім і золата рабіць. Карпа, убачыўшы трывогу асобных гасцей, смяяўся, казаў, што гэта моцная гарэлка
  
  18
  стварыла такія дзівы, загадваў дудару граць і спяваць песні. Сярод гаманы і тлуму
  забылі пра ўсё.
  Адчыняюцца дзверы: уваходзіць чараўнік Парамон. З-пад густых броваў
  агністым вокам прабег ён па гасцях і, стоячы яшчэ ля парога, так абазваўся:
  – Кланем 13 вам, шаноўная дружына! Няхай вашую вясёлую кампанію радасць
  не пакідае, а маладой пары зычу згоды, любасці, багацця і заўсёды так весела
  прымаць і частаваць суседзяў і добрых сяброў.
  Карпа вітае яго і просіць, каб сядаў на лаве на покуць. Расступаюцца госці, Парамон сядае за стол, спінаю апіраецца аб сцяну і ганарліва разглядвае ўсіх, хто
  стаіць перад ім. Карпа падносіць яму гарэлкі і закуску.
  – А дзе ж твая Гапуля, гаспадыня маладая? Ці яна так занятая, ці, можа, таксама мяне не пазнала? Я пастарэў, а яна маладая вельмі, і ёй яшчэ трэба
  вучыцца, як жыць на свеце.
  Карпа падвёў Агапку. Парамон зірнуў на яе маркотны твар і кажа:
  – Не смуткуй, пажывеш, пакахаеш, і добра будзе.
  Акім, селянін гэтае самае воласці, падданы пана К. Г., быў колісь з
  Парамонам у вялікай непрыязні. Будучы ў добрым гуморы, бо не любіў абмінаць
  чарку, успомніў нязгоды мінулых часоў, заклаў рукі за пояс, адставіў правую нагу
  і ў такой паставе, стоячы перад Парамонам і гледзячы яму ў вочы, так абазваўся:
  – А! Кланем!
  
  Няўчом 14 кошка хвост свой лізала,
  Аж ёна цебе ў госьці чэкала.
  
  Усе паглядзелі на Акіма. Не рады, што ён, захмялеўшы ад гарэлкі, асмеліўся
  жартаваць з Парамонам. Баяліся, каб не выйшла з гэтага якога няшчасця, бо ўсе і
  раней верылі ў сілу Парамонавых чараў; верылі, што ён не толькі можа наслаць на
  людзей розныя хваробы і шаленства, але, калі захоча, дык і цэлае вяселле аберне ў
  ваўкоў.
  Парамон зірнуў на яго са з’едлівай усмешкаю:
  – А ты, – кажа здзекліва, – часам так падкрадаешся да панскае або суседскае
  спіжарні ці туды, дзе беляць палотны, што цябе не толькі вартаўнік не пачуе, але і
  сабака такога госця не знюхае.
  – Га! 15 Я добра памятаю, як вінавацілі мяне ў крадзяжы палатна, – адазваўся
  Акім, – ты варажыў на рэшаце, называючы імёны ўсіх сялян воласці. Рэшата
  павярнулася на маім імені і на імені Грышкі-дудара. Жонка аканома паверыла
  тваім чарам, і нас лупцавалі без міласэрнасці. А пасля адкрылася, што мы без віны
  прынялі тыя пакуты. Подлыя твае ўчынкі, і ў чарах тваіх няма ніякае
  справядлівасці.
  Тут адгукнуўся і дудар Грышка:
  – Га! Так, памятаю і я. Варта было б за твае хлуслівыя чары кіем
  падзякаваць, ды так, каб ты і з зямлі не ўстаў.
  Парамон не мог вытрываць, што ману прыпісваюць ягоным чарам.
  Заіскрыліся вочы, пачырванеў ён увесь, усхапіўся з лавы. Усе перапалохаліся.
  Карпа хапае яго за плечы ды просіць, каб дараваў ім, бо п’яныя, не памятаюць, 19
  што кажуць. Бачачы гэтае бязладдзе, прыбягае Агапка, хапае яго за руку, перапрошвае, што ў іх меў такую непрыемнасць, і просіць прабачыць. Таксама
  Акіму і Грышку кажа, каб яны забылі пра мінулае і памірыліся з Парамонам.
  Карпа ставіць на стол гарэлку і вельмі просіць, каб, выпіўшы па чарцы, яны
  забылі, што было даўней.
  Чараўнік крыху супакоены.
  – Добра, – кажа, – не турбуйцеся, я паміруся. Няма ў мяне не толькі ахвоты
  перапыніць забавы ў вашай хаце, але хачу, каб яны зрабіліся яшчэ весялейшыя.
  Няхай сабе Грышка весела грае на дудзе, а Акім скача, – і з хітраю ўсмешкай
  дадаў: – Ну, ідзіце, запрашаюць нас гаспадар і маладая гаспадыня выпіць адзін да
  аднаго па чарцы гарэлкі. Яшчэ пеўні не спявалі: цяпер самы час павесяліцца.
  Карпа, Агапка і госці вельмі просяць Акіма і Грышку, каб селі за стол з
  Парамонам. Акім не адмовіўся ад гарэлкі; дык і Грышка па яго прыкладзе выпіў з
  Парамонавых рук па кілішку; пасля яшчэ раз паўтарылі.
  – Згода! Згода і мір паміж намі, – крычаць госці. – Сталы гнуцца ад
  пачастункаў, досыць і пітва, і закускі, давайце піць, гуляць, зычачы маладым
  багацця, здароўя і доўгіх гадоў.
  Заспявалі песні. Грышка надзімае свой скураны мех, гучаць музыка і спевы.
  Моладзь скача. Парамон, задумліва і са здзеклівым тварам, пазірае то на дудара, то на Акіма. Кароткі час працягвалася дружная і вясёлая забава. Але раптам
  Грышка пачынае нейкага шалёнага казака16, госці крычаць, просяць, каб іграў
  “Цярэшку”17, спяваюць: “Цярэшкі біда стала, з кім яго жына спала”. Ён не
  зважае на гэта, нікога не слухае, а ўсё грае ды грае сваё без усякага ладу. Тут Акім
  выбягае на сярэдзіну і пачынае, як шалёны, скакаць невядома што; дзівяцца ўсе, гледзячы і не разумеючы, што з ім зрабілася: вочы вырачыліся, твар змяніўся.
  Просяць аднаго і другога, каб адзін пакінуў граць, а другі – скакаць. Нічога не
  дапамагае. Ніякіх просьбаў не чуюць. Звар’яцелі абодва. Хацелі ўтрымаць –
  мармыча нешта незразумелае, вырываецца, зноў скача, і дудар грае
  беспярэстанку. Парамон збоку глядзіць на гэта і гучна смяецца.
  – Не рушце іх, – кажа, – няхай павесяляцца. Другі раз не захочуць з кожным
  задзірацца.
  Карпа просіць, каб дараваў ім і загадаў спыніцца.
  – Няхай яшчэ пагуляюць, – адказаў Парамон. – Гэта іх навучыць паважаць і
  шанаваць людзей, разумнейшых за сябе.
  Доўга пакутавалі дудар і Акім ад гэтага шалу. Ужо і поўнач мінула, і другі
  раз певень праспяваў. Нарэшце Грышку пакідаюць сілы: ён выпускае з рук дуду і
  падае, самлелы, на дол. Акім хістаецца, увесь учарнеў, нібыта перад смерцю.
  Гэтак задаволіўшыся помстаю, Парамон нешта пашаптаў, даў ім вады і, калі яны
  супакоіліся, узяў шапку, пакланіўся гаспадарам і пайшоў дадому.
  Гэты выпадак парушыў увесь лад. Госці адзін за адным дзякавалі гаспадарам
  за іх ветлівасць і, зычачы багацця і шчаслівых дзён, выходзілі за дзверы.
  Тут пан Завальня перапыніў:
  – Кажуць, што некалі даўней, калі людзі больш дбалі аб славе Божай, такіх
  чараўнікоў палілі на агні або кідалі ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзі, калі
  пабратаюцца з д’яблам? На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё
  
  20
  шмат пра каго з такіх шкодных чараўнікоў, як Парамон.
  – Можа, дзядзечка, рабіў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару і
  Акіму падліў у гарэлку блёкату ці іншае атруты, ад якой чалавек шалее.
  – Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. І шкада, што вучоныя людзі не
  надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго паніча, які пра ўсё так казаў, быццам
  ніколі не вучыў ні катэхізіса, ні дзесяці прыказанняў Божых. Але што ж далей?
  – Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў
  другі дом з вялікімі вокнамі, завёў сад, дзе цвілі вішні і яблыні, і жыллё яго больш
  было падобнае да шляхетскае сядзібы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзіў пад вокнамі такія ж самыя кветкі, як і ў панскім садзе, з якіх аніякае
  карысці няма. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і хустку, а загадаў апранацца ў
  такія паркалёвыя сукенкі, якія носяць шляхцянкі. Не хацела яна мяняць свайго
  ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць
  гультайкаю. Але ўсё ж мусіла пагадзіцца з ягонаю воляю і ў такім уборы палівала
  кветкі: Карпа меў шмат парабкаў – было каму ісці з сярпом на жніво. Пан бываў у
  яго на гасцінах. Меў Карпа грошы, меў і павагу, але ці ж у гэтым шчасце?
  Заўсёды ён быў неспакойны ў думках сваіх; ніводнаму парабку ніколі не
  сказаў ласкавага слова, і Агапка не магла яму дагадзіць. Яе рэдкая ўсмешка
  здавалася яму здзеклівай, яе ціхмянасць ён называў глупствам, яе сціпласць і
  пацеры, якім навучыла маці, былі яму быццам пакаранне. Аднойчы загадаў, каб ні
  з адным парабкам не размаўляла, і гневаўся, што яна неруплівая. Бог ведае чаго
  хацеў.
  Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца
  ідзе адпачываць, і не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай
  або малілася. Апоўначы часам уставаў з пасцелі і ля дзвярэй ці праз вакно
  размаўляў невядома з кім, выбягаў за дзверы і невядома дзе прападаў, аж пакуль
  певень не заспявае.
  Меў ён прыяцеляў, якім даваў грошы і з якімі заліваў свой неспакой
  гарэлкаю; бывала, што па некалькі дзён не бачылі яго дома.
  Аднойчы, калі чэлядзь пасля дзённае працы ўжо адпачывала, Агапка сядзела
  самотная ў пакоі і чакала мужа. Тут знянацку, нібыта ад маланкі, святло асвяціла
  сцены. Пасля зноў зрабілася цёмна. На Агапку нападае нейкая трывога. Нібы
  баючыся чагосьці, паглядае яна ў цёмныя куткі. Кот, пырхаючы, скочыў ад
  дзвярэй і, натапырыўшыся, застыў сярод хаты, свецячы неспакойным вокам. І тут
  заходзіць малады мужчына, прыгожа апрануты, на руцэ шмат залатых
  пярсцёнкаў, падпяразаны шырокім чырвоным поясам. Агапка ўзіраецца ў
  незнаёмы твар, што здаваўся досыць прыемным, толькі пагляд яго быў
  праніклівы, і першае ўражанне ад яго было страшнае.
  – Кланем маладой гаспадыні, – кажа незнаёмец. – Што ж ты сядзіш такая
  самотная, нібы сірата якая? Глядзіш мне ў вочы: незнаёмы табе, але я цябе часта
  бачыў і добра ведаю. А дзе ж Карпа, мужык твой?
  – Не ведаю. Трэці дзень, як яго не бачу. Дзесьці ў знаёмых, а можа, паехаў у
  горад. Чула, нешта такое казаў.
  – Што яму рабіць у горадзе? Гуляе сабе, а карыстацца шчасцем не ўмее.
  Золата і срэбра мае шмат, а якая з яго карысць? Мог бы цуды тварыць. Мог бы
  
  21
  збудаваць дом лепшы, чым гэты; такі, пра які старыя апавядаюць у казках, што
  ўвесь свяціўся золатам і срэбрам ды чыстым золатам быў накрыты. Мог бы сад
  развесці, як той, дзе спелі залатыя і срэбныя яблыкі, дзе спявалі б райскія птушкі; пад вакном раслі б у яго кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. Вось гэты кот, варкочучы, баяў бы яму старыя дзіўныя гісторыі. З’ехалася б шмат паноў
  паглядзець на тыя цуды. І ён бы жыў лепш за караля. Ты маладая, прыстойная і
  разумнейшая за яго, пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду табе памагаць, і мы
  здзівім свет.
  Гаворачы гэтак, ён сеў на лаву поруч з ёю.
  Агапка, гледзячы яму ў вочы, спыталася:
  – Ці даўно ты знаёмы з маім мужам?
  – Ведаю яго з дзяцінства. Я вандрую па свеце і служу шчаслівым людзям. Ты
  шчаслівейшая за іншых, табе хачу шчыра служыць.
  – Хто ж ты такі і як тваё імя?
  – Навошта табе ведаць маё імя? Я твой прыяцель. Згадзіся толькі на мае
  жаданні і мае паслугі, а пасля даведаешся пра ўсё. – І, сыплючы золата на зямлю
  ды гледзячы на Агапку, дадаў: – Бачыш, што я магу.
  – Я не хцівая, хачу толькі спакою душы. І няхай мяне апякае Прачыстая Маці
  Сірацінская.
  Ледзь вымавіла імя Маці Божае, – успыхнуў ён полымем і знік у імгненне
  вока. Агапка з пранізлівым крыкам выбягае за дзверы і падае непрытомная. Ад
  гэтага крыку прачынаюцца парабкі, бягуць на дапамогу і знаходзяць яе ў сенцах: яна ляжыць як нежывая. Ледзь змаглі вярнуць ёй дыханне. Бяссонная была тая
  ноч. Не спала Агапка, сядзелі ля яе слугі, хвалюючыся за здароўе пані.
  Раніцою вярнуўся дахаты Карпа. Калі яму расказалі пра гэтае здарэнне, змяніўся з твару і з неспакойнымі думкамі доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце
  падышоў да жонкі, кажа:
  – Што ж ты нарабіла? Калі пасеяна, дык трэба і жаць, а інакш – людскі смех і
  няшчасце.
  – Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерці, чым
  карыстаць з таго жніва.
  Ён кінуўся да жонкі з кулакамі, але яна выскачыла за дзверы і схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.
  Карпа зусім занядбаў гаспадарку і рэдка калі пасылаў на паншчыну сваіх
  парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта і ўсё яму дараваў, бо Карпа заявіў
  пану, што хоча быць вольны, і вялікія грошы абяцаў, каб выкупіць сябе і зямлю, на якой жыў.
  Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхопліваецца, падыходзіць да вакна і сядзіць ля яго задумлівы. Чуваць было, што ён размаўляў
  сам з сабою. Жонка просіць яго, каб супакоіўся. Карпа толькі адказаў:
  – Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма і пайшоў невядома куды.
  Агапка паклікала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькі
  задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукі гарачай далоняю. Глянула і
  бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаіць, дзіўна апрануты, пазірае
  на яе, і вочы ягоныя гараць, як дзве свечкі, на галаве шапка і пояс, якім ён
  
  22
  падперазаўся, чырвоныя, як вуголле ці распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад
  страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. І ён умомант знік.
  Разбудзіла Агапка сваю таварышку і расказала ёй пра гэты прывід. Размаўлялі
  нейкі час, а калі супакоіліся, – зноў тая здань з’явілася перад імі і зноў знікла, як
  успомнілі імя Езуса і Марыі. Дык усталі з ложка і, запаліўшы святло, маліліся, аж
  пакуль певень не заспяваў.
  Пасля гэтага здарэння пасылае Агапка перад узыходам сонца да сваіх
  бацькоў кабету, каб паведаміла пра тыя здані, і прасіла наведаць яе ды параіць, што ёй рабіць у такіх выпадках.
  Па ўсёй воласці разышлася пагалоска пра тое, што цмок колькі разоў палохаў
  Агапку, прыходзячы да яе ў розных абліччах. Карпа ж даводзіў усім, што гэтыя
  весткі фальшывыя, што ягоная жонка быццам звар’яцела, а можа, д’ябал і
  прыходзіць да яе за нейкія грахі.
  Гарасім са сваёю жонкаю, калі сонца ўжо хілілася да захаду і ў полі скончылі
  працу, пайшлі пераведаць сваю дачку. Агапка, як убачыла іх праз вакно, з вялікай
  радасцю выбегла насустрач, прывяла іх у хату і са слязьмі апавядала пра свае
  пакуты, аб пераменах у мужавым жыцці, аб з‘яўленні ў чалавечым абліччы таго
  цмока, які яму служыць.
  – Ну вось, – адказаў Гарасім, – калі я яшчэ перад вяселлем казаў аканому і
  іншым дваровым людзям, што Карпа выгадаваў сабе цмока, які дае яму багацце, дык смяяліся і кпілі з мяне, гаварылі: “Грубы, дурны мужык, пляцеш немаведама
  што”. А калі гэта дайшло да пана, дык ён, угневаны, сказаў: “Слухай, хаме, калі
  ты будзеш малоць гэтую лухту, атрымаеш соцень пяць розгаў і палову галавы
  агалю, як вар‘яту”. Што ж яны цяпер на гэта скажуць?
  Маці, плачучы, кажа ёй:
  – Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстае Маці Сірацінскае.
  Падгаворвай і яго, каб ішоў з намі і там паспавядаўся. Бог злітуецца. А вось гэта ў
  мяне свянцоныя зёлкі і касцельнае кадзідла, якімі кожны вечар будзеш акурваць
  хату, і, можа, дасць Бог, што ўсё наладзіцца.
  Так, седзячы, размаўлялі яны пра сёе-тое, а Карпы ў той час у хаце не было.
  Ужо і змрок. У пакоі пацямнела. Ноч была цёплая, неба чыстае. Паветра такое
  ціхае, што, здаецца, волас не паварушыцца на галаве. Пасля вячэры, бо надвор’е
  было цудоўнае, парабкі пайшлі начаваць у поле, пры конях; іншыя ж – у адрыну
  на свежае сена. У хаце толькі Агапка не магла закончыць прыемнае размовы са
  сваімі бацькамі. Ціха было ўсюды, толькі раз-пораз патрэскваў кнот свечкі, якая
  дагарала. Агапка раздзьмухала агонь і кінула на яркія жарынкі-вугольчыкі
  свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, і
  бляск прабег па хаце. Задрыжалі ўсе.
  – Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае
  на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот
  перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае
  хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.
  Гарасімава жонка зняла з сябе медны крыжык (колісь высвенчаны пры
  
  23
  адпушчэнні грахоў у Юхавічах у час Юбілею18).
  – Няхай ён будзе тваім абаронцам, – сказала і надзела на шыю дачцэ.
  Калі набожная кабета вымавіла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў
  выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Прачыстую
  Маці, цэлымі выбеглі за дзверы.
  Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам і здзіўленнем паглядалі на хату. З вокан
  і ад сцен ляцелі камяні рознай велічыні; ніхто туды і наблізіцца не адважваўся.
  Усе, стоячы, пазіралі на гэтую праяву і не ведалі, што рабіць.
  Мінулася поўнач, заспяваў певень. Тая страляніна крыху супакоілася. Аднак
  ніхто не адважваўся ўвайсці ў хату. Чэлядзь чакала ўзыходу сонца на падворку, а
  Агапка пайшла з бацькамі да іхняга жытла.
  Калі сонца было ўжо высока (выгналі ў поле жывёлу, і парабкі, адны з
  косамі, іншыя з сохамі, выйшлі на работу), прыязджае Карпа. Дом пусты. Сустрэў
  адну толькі кабету, якая прыйшла з поля, убачыўшы, што вяртаецца гаспадар.
  Пытаецца ў яе:
  – Што тут чыніцца і дзе жонка?
  Кабета апавядае яму, як усё было. Карпа перапалохаўся, змяніўся з твару.
  – Яна мяне загубіла, – закрычаў ён і адразу пайшоў да чараўніка Парамона.
  Вестка пра здарэнне ў той самы дзень разышлася па ўсёй ваколіцы. У
  панскім маёнтку адны паверылі, што ўсё гэта ад сілы шатанскае, іншыя ж
  смяяліся, кажучы, што тут проста нейкае свавольства. Гарасім паведаміў пра ўсё
  пробашчу, просячы, каб ён гэтага ж дня прыехаў да Карпавае сядзібы і пасвянціў
  небяспечны дом, у якім завёўся шатан.
  Адвячоркам цікаўны люд папрыходзіў з усяе воласці, каб пабачыць тыя
  дзівы. Прыйшоў аканом і з ім шмат маладых ды смелых хлопцаў з маёнтка, якія, не верачы ў моц шатанскую, спадзяваліся, што зловяць якога-небудзь свавольніка.
  Колькі з іх, не зважаючы ні на што, нават адчынілі дзверы і хацелі ўвайсці ў хату, але не паспелі стаць на парозе, як усе з крыкам кінуліся назад, бо камень выцяў
  аднаго з іх так, што хлопец ледзьве апрытомнеў. Люд, паглядаючы на гэтыя дзівы, стаяў здалёк ад дома, а камяні штораз гусцей сыпалі адтуль.
  Карпа ад роспачы змяніўся ўвесь і, быццам непрытомны, праклінаючы
  жонку, суседзяў і лёкаяў, хацеў уварвацца ў хату, але яму не дазволілі. Парамон, што стаяў побач, шаптаў нешта, але сваімі чарамі ўжо не мог дапамагчы. Пан
  К. Г., апанаваны цікаўнасцю, таксама прыехаў і, не адважваючыся наблізіцца да
  хаты, загадаў акружыць сядзібу і чакаў, які канец будзе гэтым жахам.
  А вось і ксёндз у капеланскім уборы прыехаў. Учыніў ён святы абрад і, калі
  са свянцонай вадою хацеў наблізіцца да сцен, – імгненна ўвесь дом ахапіла
  полымя, і хутка будынак рухнуў.
  Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І
  кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому
  ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык
  лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: “Добра дурню: як паслаў, так і
  выспаўся”. Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час
  
  24
  гаварылі пра гэтае здарэнне.
  Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш
  не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны
  меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з
  Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы.
  Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як
  дзікі, уцякаў у лес.
  Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля
  берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае
  вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў
  пушчы. Падышоў бліжэй – і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ
  пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было
  пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць
  апазнаць Карпу.
  Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на
  беразе труп закапалі.
  Тут падарожны змоўк.
  – Скажы ж, – просіць пан Завальня, – а што сталася з Агапкаю?
  – Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час
  хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У
  сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае
  ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала
  кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй
  цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз
  Прачыстае Маці.
  – Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? – спытаўся пан
  Завальня. – Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая
  жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне
  Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы
  зрабілі разам з маёю нябожчыцай.
  – Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў
  чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А
  яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў
  мяне перад вачыма і наводзіла смутак. Я блукаў колькі гадоў па Расіі, ля
  Ноўгарада і Старое Русы, і быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы
  самую цяжкую работу там, дзе вялі дарогі праз багны і дзікія лясы; капаў
  глыбокія канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя і вярнуўся дадому з грашыма, і тут мне расказалі
  пра тое страшнае здарэнне з Карпай і пра смерць нешчаслівае Агапкі.
  – А ці жыве Парамон?
  – Памёр без споведзі, і магіла яго ў полі без крыжа.
  – А што, Янка, ці падабаюцца табе нашы простыя апавяданні? Яны
  праўдзівыя, і іх лягчэй зразумець, чым гісторыі пра даўніх паганскіх багінь і
  бажкоў, пра якіх ты мне апавядаў. Такую байку ніхто не запомніць, хіба толькі
  чалавек вучоны.
  
  25
  – Я люблю падобныя апавяданні. Шмат у гэтай народнай фантазіі Божае
  праўды.
  Калі пан Завальня размаўляў са мною, дык між чэлядзі чуваць былі такія
  словы: “Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў”.
  – Ну, будзем жа зараз слухаць, – сказаў Завальня, – што нам раскажа твой
  таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. Страшныя і цікавыя19.
  
  
  
  АПАВЯДАННЕ ДРУГОЕ.
  ЗУХАВАТЫЯ ЎЧЫНКІ
  
  – Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за
  тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды
  лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа – і слухаць не хочуць.
  – І я памятаю, – сказаў пан Завальня, – лепшыя часы. Колькі паноў было
  добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць
  панавала ў святыні Божай, кожны меў у руцэ венчык і ксёнжачку, пашана была
  старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі й прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і
  фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.
  – Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя: і даўней, як і
  цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.
  – О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылі. Не вернуцца даўнія
  часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, – сказаў ён да
  падарожнага.
  – Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін
  Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык
  узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў
  вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на
  засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем кіне. Ідуць
  скардзіцца Антону, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не
  чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы.
  Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра1, і Васіля
  таксама паслалі з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра
  аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт
  загадаў пакласці косы і перакусіць чым хто мае, бо надышоў ужо час
  папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі мы пра тое ды
  пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы
  ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:
  – Хутчэй, хутчэй, хадзіце сюды, пакажу вам дзіва!
  Бяжым усе туды. Селянін паказвае рукою на недалёкія бары:
  – Паглядзіце, што дзеецца.
  
  26
  Бачым перад сабою дзівосы нечуваныя. Лясун ідзе па бары, галава вышэй за
  хвоі, а перад ім выбягаюць на поле велізарныя чароды вавёрак, зайцоў ды іншых
  звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукі, курапаткі ды іншае
  птаства. Лясун выходзіць з лесу, ператвараецца ў карузліка, і адразу ж з поля і
  лугоў падняліся матылі і іншая жамяра, і як бы цёмная хмара закрыла нашу
  ваколіцу.
  Зухаваты Васіль падхапіў камень на полі, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць
  яго сярод травы, кідае ў яго каменем і крычыць:
  – Згінь, прападзі!
  Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лістота пасыпалася з дрэваў, падняўся з травы, нібы велізарны чорны птах і, падымаючы крыламі шум, схаваўся за лесам. Нас ахапіў неспакой. Глядзім усе на Васіля, дзівячыся яго
  адвазе. А ён, ад гордасці за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў між намі адзін
  дасведчаны чалавек, які сказаў:
  – Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце.
  Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не
  пройдзе гэта беспакарана.
  – Што мне да таго, – адказаў Васіль. – Я рады, што ў кадука добра каменем
  пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.
  Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі
  ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія
  лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.
  Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню – аж валасы на галаве
  падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў
  ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і
  ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка
  ад нашае сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае
  граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:
  – Як маешся, браце!
  А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму
  слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.
  З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі
  ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.
  Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны
  не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля
  ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:
  – Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.
  І пан яго не чапаў.
  Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся
  выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім
  пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.
  Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена
  
  27
  ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць.
  Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную
  разышлася далёка.
  Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе
  нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта
  нікому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту*, што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.
  Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага
  намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад
  яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі
  дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.
  Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам
  казалі:
  – Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.
  Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах.
  Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму
  паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з д’яблам, – трапіў на лепшую і сам
  быў зачараваны.
  Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце
  прыгразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на
  гаспадарку нічога не дасць.
  – Я і не прашу ні ў кога нічога, – адказаў Васіль. – Знайду ўсё сам, здабуду і
  грошы. І апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.
  Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады
  кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна
  паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае
  прывязанасці. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць
  ад тае жаніцьбы.
  Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякае дапамогі, вырашыў
  шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве
  вярсты ад нашае вёскі быў ля дарогі пагорак, акружаны з двух бакоў яловым
  лесам. А на пагорку ляжаў велізарны камень, які людзі называлі “Цмокаў
  Камень”. Старыя людзі так пра яго апавядалі.
  Аднаго разу ўлетку ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які
  прадаў д’яблу душу. Бачылі гэта падарожныя і людзі, што вярталіся з паншчыны.
  Раптам раскалоўся блакіт неба, разлілося вялікае святло, людзі, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валіцца на
  пагорку і ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата і срэбра, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы самі закапаліся ў зямлю, і з таго часу з’яўляліся ўначы ў
  розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылі на камені Плачку, якая
  выцірала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другія, ідучы позняй парою па дарозе, сустракалі карузлікаў, чорных і тоўстых, як дзежачкі, што скакалі на пагорку;
  
  * Галена.
  
  28
  іншым мроіліся чорныя казлы, што скакалі з зямлі на камень, а з каменя на дол, і
  шмат іншых дзівосаў.
  Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя
  скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з
  шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.
  Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і
  сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што
  чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з
  сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і
  набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.
  – Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?
  – Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.
  – Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – І, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта
  найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад
  нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.
  Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.
  З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго
  зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя
  весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў
  Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і
  балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае*. Трэція
  сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую
  расліну, апавядала пра страшную яе моц.
  Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але
  не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.
  Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час
  прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.
  Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і
  крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык
  прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго
  ветліва і аддзячаць розным збожжам.
  Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі
  Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за
  добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі
  
  * Трава росiчка2, якая расце на купiнах i ўжываецца супраць чараў.
  
  29
  людзьмі.
  Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:
  – Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль – чалавек добры
  і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна
  чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.
  Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць
  Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.
  – Як маешся, Васіль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і
  мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра
  цябе.
  – Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне
  ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкі, але
  добрае.
  – А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і
  каштуе дорага.
  – Дай дарагое. – І кідае колькі грывеннікаў3 на стол.
  Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.
  Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі
  спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за
  іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і
  закрычаў:
  – Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш
  панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра
  поўныя кішэні. Ну й зух!
  Васіль паглядзеў са злосцю.
  – З табою, – кажа, – ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не
  просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не
  адважышся лухту вярзці.
  – Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад
  Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая
  будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?
  – Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.
  – Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім –
  паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак.
  Сам апавядаў мне пад сакрэтам.
  Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў
  голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У
  вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі
  таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць
  туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца
  
  30
  аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.
  “Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць”. Дык
  бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку.
  Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе
  свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам.
  Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.
  На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у
  ложку. Зразумеў усё і думае сабе: “Мае памятку”. Аднак баяўся помсты, бо хутка
  завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца
  сама ледзь не загінула.
  Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі.
  Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.
  На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык
  арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.
  – Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне
  нарабілі!
  Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за
  п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду.
  Умомант угаманіліся.
  Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і
  разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.
  Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.
  – Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая.
  Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку
  паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду
  нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі
  нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.
  – Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і
  імосці4, бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне
  добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, – падай яе пану аканому і прынясі
  марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.
  Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.
  Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што
  незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб
  шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі
  нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў
  розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая
  незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, 31
  таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з д’яблам. Але ж і гэта злая прыдумка.
  Сапраўды, Васіль – чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці
  няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца
  да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.
  – Чуў я пра Васіля, што ён, бывае, і не слухае свайго апекуна, і быццам бы
  страчаўся з віхорам і вітаўся з ім, нібы са сваім братам. Гэта ўсё не варта рабіць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васілю, няхай не займаецца глупствам, ходзіць
  у касцёл і працуе. Ну, ідзі ж дадому і будзь спакойнаю, я тваёй дачцы спраўлю
  вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка і ад іншых чуў, што дзяўчына
  яна добрая і працавітая.
  Таго ж дня пан загадаў паклікаць Антона і каб Васіль перапрасіў свайго
  апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васілю жаніцца з Алютаю, але
  дапамагаў ім, бо яны абое сіроты. І сам абяцаў выдзеліць яму найлепшае зямлі і
  даць жывёлы на развод.
  – Але ж, пэўна, і пан чуў пра тое, што людзі кажуць. Быццам Арына
  чараўніца, і скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае і робіць іншыя шкоды, часам перакідаецца ў сароку і лятае паўсюль, і гэта нават бачылі.
  – Не слухай плётак. Арына добрая кабета, і Алюта, дачка яе, будзе добраю
  жонкаю і добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупіць, я ручаюся, што будзеш
  задаволены.
  – Панская воля, – кажа Антон. Ён згорбіўся і, чухаючы патыліцу, пайшоў
  дахаты.
  Праз колькі дзён далі пробашчу5 на запаведзь. А хутка і вяселле. Сабралася ў
  маёнтку цэлая воласць. Відаць, не таму, што былі зычлівыя да маладых, а ведалі, што будзе добрая пачостка і гарэлкі ўволю. Не было там вясковых вясельных
  абрадаў, як звычайна робіцца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалі ў ногі спярша сваім панам, потым Антону і Арыне. І пасля шлюбу
  гэтае самае ўчынілі. Алюта была пекна ўбраная. Пані падаравала ёй нейкія
  завушніцы, якія перад агнём як бы іскры кідалі; чырвоная шнуроўка з залатымі
  гафткамі, чырвоныя стужкі, і калі села за стол і расплялі ёй чорную касу – з
  чорных воч па белым твары паплылі-пакаціліся слёзы. Усе расчулена глядзелі на
  яе. А пасля заспявалі кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сіротам, што ідуць замуж. Усе плакалі, нават тыя, што раней пра яе злое казалі. Гэтую
  песню так я ўпадабаў, што і цяпер яе памятаю.
  
  В ЯСЕЛЬ НАЯ ПЕСН Я С І РАЦ ІНЕ
  
  Ах, знаць, знаць, па вяселіку,
  Што ня бацюшка аддаець,
  Двор вялікій, а збор не вялікій:
  Нет у мяне радзінушкі,
  Ой, зашлю, пашлю серу зязюльку
  Па радзінушку.
  Зязюлька ляціць,
  Радзіна едзець.
  
  32
   Ах, паслала б я саловеньку,
  Ды салавушка атказываець.
  Ах, паслала б я зязюльку
  Па своего татульку:
  Да за родненькім бацьком
  Серая зязюлька не прылятаець,
  А татулька адмаўляець:
  “Рад бы я ўстаці
  К своему дзіцяці
  Ды парадушку даці;
  Грабавыя доскі
  Сціснулі ножкі,
  Да не магу я ўстаці”.
  Сырая зямля
  Дзверцы залегла
  І акошачка засланіла;
  Майго бацюшку
  На вяселіка не пусціла 6 .
  
  Прызнаюся, што і я не мог стрымаць слёз, бачачы перад сабою Алюту і
  слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сіратою, бо, апрача старое маткі, не
  мела іншых сваякоў. Гэтую сям’ю пан прывёз з-за свету. Раней жылі яны дзесьці
  далёка за Дзвіною, і бацька Алюцін памёр адразу ж, як прыехалі ў наш край.
  Госці гулялі, пілі адзін з адным, добра падвесяліліся, дуда зайграла песні, і
  танцы не спыняліся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны і аканом часта
  наведвалі вясёлае ігрышча.
  Пасля вяселля пан і Антон добра дапамаглі маладым. З самага пачатку
  гаспадарання Васіль ужо меў колькі коней, кароў ды іншае жывёлы; новыя
  забудовы ды колькі дзесяцін урадлівае зямлі.
  – Але цікава, – сказаў пан Завальня, – ці перавыхавала яго Алюта, бо ёсць
  прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.
  – Не, паночку, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той
  самай лысінкай і ваўкі з’ядуць.
  – Дзіўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.
  – На сваёй гаспадарцы Васіль быў надта ж нешчаслівы, хоць нейкі час, здавалася, і перамяніўся на лепшае. Дзіўна, што страчала яго адна бяда за другою.
  Выганяць пастухі чараду за вёску ў поле, выбежыць з лесу воўк, схопіць барана; калі разгледзяцца, дык бачаць, што той баран быў Васілёў. Здаралася гэта
  некалькі разоў, і заўсёды воўк нібы выбіраў толькі Васілёвае. Ходзяць гусі па
  полі, ускочыць ліса і падушыць іх – гусі былі Васілёвы. Карова ягоная раз
  заблудзілася каля возера, убілася ў балота, пакуль прыбеглі на дапамогу, ужо
  ўтапілася. І гэтыя несканчоныя страты давялі яго амаль да галечы.
  Неяк загарэўся бор, збеглася ўся воласць; не далі рады, полымя, як хваля на
  возеры, разышлося па ўсім бары. Шугаючы ўгары, яно ахоплівала густыя лапы
  ялін і хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба і зямлю так, што ледзь
  
  33
  можна было дыхаць. Бегаючы па лесе і збіваючы веццем полымя, папалілі мы на
  сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блізка быў Васілёў дом, іскрынка
  заляцела ў гумно, і згарэла збожжа.
  У тыя дні вяскоўцы паўсюль казалі, што гэта адпомсціў Васілю Лясун, якога
  ён некалі выцяў каменем, калі той звяроў і птушак пераганяў з аднаго лесу ў
  другі; а стары чалавек прадказваў яму пажары і паморак на жывёлу.
  Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча
  працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.
  Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу
  Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і
  нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на
  лепшае? У гэты час насунулася хмара і пачалася навальніца. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў:
  – Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх
  палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.
  Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка пачала плакаць. А
  калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, – той
  грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.
  Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра
  падпіў, кажа ім:
  – Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся д’яблам, мо не пашкадуюць яны
  мне грошай?
  Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а
  быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:
  – Вось дакажу, што не баюся прывідаў! – Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў
  на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.
  Мінаюць дні, тыдні, месяцы... Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць
  жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.
  Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх
  Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што
  Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў
  смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.
  Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла
  здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку – ні
  ўдава, ні замужніца.
  – Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць, – сказаў пан Завальня. – Меў
  добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, – жыў бы спакойна сабе.
  Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі
  з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць
  маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.
  – Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі назваў братам віхор? І
  цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: “Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою хутка падамся”, – які ў гэтым грэх?
  
  34
  – Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што
  гэта д’ябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.
  Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.
  – Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.
  
  
  
  
  АПАВЯДАННЕ ТРЭЦЯЕ.
  ВУЖОВ АЯ КАРОНА
  
  – У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў – вартаваць лес, хадзіць на
  паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім
  вялікім святам, накажуць з маёнтка.
  Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:
  – Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго
  выжла ды ідзі на ловы.
  Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з
  выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў
  дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў
  у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па
  пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер
  шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.
  Сеў ён на калоду і думае сабе: “Кепска будзе; пан не дасць веры, што я
  шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і
  нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння”.
  Ледзь гэтак падумаў – выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад
  лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але
  сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і
  дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:
  – Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.
  – Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да
  нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!
  – Не журыся, – кажа незнаёмы, – паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра
  14 верасня1, дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо
  сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не
  палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля.
  
  35
  Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю
  Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому
  не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.
  Калі будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, які цяпер
  перад табою, заўсёды, як толькі пойдзеш на ловы, стрэне цябе і павядзе па лясных
  сцежках, і кожны раз настраляеш столькі, колькі захочаш. Але ніколі не
  палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам –
  будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці.
  Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, і сабака пайшоў за ім.
  Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў
  дахаты, узяў белую хустку і са стрэльбаю за плячыма скіраваў да Ласінае гары.
  Калі зайшоў у дзікую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней і цямней рабілася
  сярод густых хвояў і ялін. А ён далей і далей ідзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось
  ужо і ноч. Глянуў угору – ледзь некалькі зорак на небе ўбачыў праз галіны. Адзін
  ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькі крыкі соваў і
  пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму
  блукаць уначы па лесе, і дарога гэтая не страшыла яго.
  Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца
  велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і ўжо хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна
  ідзе сярод хіжацкае зграі. Заступіў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, які вырваў
  вялікую хваіну і гразіўся, нібы пярун. Аднак лоўчы смела мінае ўсё гэта.
  Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзіць ён з лесу і
  бачыць удалечыні палац, які свеціцца золатам і срэбрам; падыходзіць да тае
  пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна і лета сышліся разам: найпрыгажэйшыя кветкі і даспявае найвыдатнейшая садавіна. Зязюля сумным
  голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзіўныя галасы
  драздоў і шпакоў, і разумее Сямён іх вясёлыя спевы. Спаткалі яго дзяўчаты з
  вянкамі на галовах, танцуючы, вабілі да сябе. Ён мінуў усе гэтыя цуды не
  здзіўляючыся і не зважаючы на іх.
  Зніклі чароўныя здані; падзьмуў восеньскі вецер; і Сямён убачыў на ўсходзе
  чырвонае неба. Хутка ўзыдзе сонца – спяшае ён да Ласінае гары.
  Калі прыйшоў на прызначанае месца, убачыў чараду вужакаў. Яны, сыкаючы, саступалі з ягонае дарогі. А ўжо і сонца падымаецца. Страчае Сямён
  такога велізарнага вужа, якога ніколі не бачыў. Той смела паўзе, а на ягонай
  галаве зіхаціць золата. Сямён раскінуў белую хустку перад ім і ўкленчыў. Вуж
  скінуў з галавы Карону на хустку і папоўз далей, а за ім і іншыя вужы хутка
  схаваліся за гарою. З радасцю разглядаў Сямён залаты скарб, падобны на два
  бліскучыя лісцікі, што зрасліся канцамі.
  Ледзь пакінуў гару, як яго спатыкае велізарны чорны сабака, які ўчора пабег
  за незнаёмым; пазірае ў вочы і, здаецца, кажа, каб ішоў за ім. Ідзе лоўчы за
  сабакам. Той спыняецца і позіркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькі
  стрэліў ён у тым месцы і некалькі штук забіў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў і курапатак, а як падышоў бліжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на
  
  36
  полі: глядзеў услед паляўнічаму, а пасля знік з вачэй.
  Паны хвалілі лоўчага, яго спрыт на паляванні, а чэлядзь і аканом дзівіліся з
  яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакі, столькі змог упаляваць дзічыны.
  З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака
  кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознае дзічыны, што не толькі
  хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж.
  Па ўсёй ваколіцы разнеслася пагалоска, што Сямён – чараўнік, быццам
  некаторыя секлі дровы ў лесе ды бачылі, што ходзіць з ім нейкі чорны сабака, які
  ў лесе і застаецца. Акім, што некалі сябраваў з лоўчым, раз ціха падышоў пад
  вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робіць; пачуў, нібыта з кімсьці
  размаўляе; зірнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што
  заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам і знік, а
  Акім уцёк ад страху.
  Ужо колькі гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам
  нячысцік, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяяліся з гэтага і не давалі
  веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляванні, не бачыў чорнага сабаку, аднак змеціў, што дзікае птаства само ляціць да Сямёна і той ніколі не схібіў.
  Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая і маладая дзяўчына, дачка
  набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, і Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся
  будзе ягонай.
  Аднаго дня, калі ішоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на
  галаве, і кветкі так ёй пасавалі, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы
  непадалёку ад свае нівы, збірала суніцы. Падыходзіць Сямён, просіць ягад; не
  адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, ці падабаецца ён Марысі.
  – Людзі кажуць, што ты чаруеш, – адказала тая, – а я баюся чараўнікоў.
  – О, не, Марысю, нікога я не чараваў і не ведаю гэтага ганебства.
  – Калі праўду кажаш, – я нашу на шыі пасвянцоны ў час Юбілею крыжык, які
  можа грахі адпускаць, – пацалуй мой крыжык.
  – Ахвотна, – адказаў Сямён.
  І ледзь пацалаваў крыжык, як тут з травы падняў галаву велізарны вуж, нібыта хацеў зірнуць на Марысю. Перапалоханая дзяўчына закрычала. Сямён
  схапіў камень і выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве. А пасля раптам
  з’явіўся чорны сабака, загаўкаў і знік. Марыся ад страху дрыжыць ледзь жывая.
  Сямён правёў яе дадому і адтуль зноў ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў
  яго ў лесе чорны сабака.
  Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі – пень гнілы ўпаў на зямлю.
  Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад
  лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.
  Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі
  дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з’яўляўся перад ім немаведама адкуль вуж.
  __________
  
  
  37
  У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі2. Пан Завальня саскочыў з
  ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.
  – Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня, – сказаў Марагоўскі. – У
  такую завіруху твой дом – адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на
  падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.
  Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.
  – Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш
  любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража.
  Ах, як я замёрз!
  Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на
  вячэру.
  – А што, пане асэсар3, можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай
  адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.
  – А пан дзетак сваіх – Стася і Юзіка – будзе забіраць дадому?
  – Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.
  – Даручы мне, я забяру.
  – Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.
  Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў
  і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі
  прыемна мне будзе прабавіць час.
  Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне
  нахвальваў:
  – Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з
  розных ксёнжак ведае.
  – А ці любіць нашы беларускія казкі?
  – Калі тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалі, што выпала ім
  бачыць або чуць у жыцці, дык я запрыкмеціў, што Янка толькі іх і слухаў. Ён
  любіць такія гісторыі, але ж, праўда, і гісторыі былі цікавыя: пра чары ды пра
  людзей, што пабраталіся са злым духам.
  – Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне
  апавядаць – Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з
  першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух
  ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш
  павярнуўся да мяне і закрычаў: “Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі
  заб’еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за
  гэта і пан адкажа перад Богам”. Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.
  Пасля вячэры паклікалі Якуша.
  – Ну, Якуш, – сказаў Марагоўскі, – за тое, што гаспадар быў ласкавы пусціць
  нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькі
  глядзі, кажы праўду.
  
  38
  
  
  
  
  АПАВЯДАННЕ ЧАЦВЁРТ АЕ.
  ВАЎКАЛАК
  
  – Не ўсё нам у жыцці выпадае бачыць, але раскажу тое, што пачуў ад свайго
  суседа: пра гаротніка, якога чараўнік перавярнуў у ваўка і які шмат гадоў
  пакутаваў, блукаючы па лясах.
  У адной мясцовасці, недалёка ад горада Невеля жыў селянін; ведалі яго
  суседзі, і іншыя яго памятаюць; зваўся ён Марка; дзіўнае было ягонае жыццё; ніколі не бачылі яго вясёлым, заўсёды маркоціўся, быў неспакойны, быццам
  штосьці страціў; любая грамада была яму не да душы. Калі людзі ідуць на кірмаш, пагуляць, паскакаць або збіраюцца ў вольны дзень на ігрышча ля карчмы, дык ён, самотны, заўсёды ці то ў хаце, ці то блукае дзе-небудзь у полі – задумлівы і
  журботны.
  Сёй-той пытаўся ў яго, чаму ён такі, і заўсёды Марка адказваў:
  – Шмат я пакутаваў. Нішто мяне ўжо на свеце не займае. Памёр я для свету.
  Мой сусед сябраваў з ім, і Марка яму так аднаго разу апавядаў пра сваё
  жыццё:
  – Былі часы, калі я быў вясёлы; аніводная забава, аніводзін кірмаш не
  абыходзіліся без мяне; гулі і скокі былі ў мяне ў галаве; але гэта не доўга трывала.
  Пазнаёміўся я з Алёнаю. Гожая была дзяўчына, дачка заможных бацькоў.
  Упадабаў яе больш за ўсіх іншых дзяўчат, якіх ведаў; стараўся часцей яе бачыць, бываць у хаце ў яе бацькоў, паказваючы кожны раз маю прыхільнасць.
  Прыгарнулася і яна да мяне. Праз гэта маё няшчасце і прычынілася.
  Багата хто да Алёны заляцаўся ды хацеў за жонку ўзяць, а найпершы быў
  Ілля. Выведваў ён пра ўсё і дакладваў пану, за што і меў ад яго ласку. Пан яму ва
  ўсім больш дазваляў, чым іншым; у любую пару меў права лавіць рыбу ў панскіх
  азёрах, танна купляў жывёлу і выгадна прадаваў; часта пасылалі яго ў горад
  купіць што-кольвек для двара, і кожны раз ён нешта клаў у сваю кішэню. І гэтак, ашукваючы ў гандлі і абкрадваючы пана, зрабіўся Ілля багатыром; меў шмат
  прыяцеляў і ласку ад пана, бо той меў яго за самага надзейнага лёкая, любіў і
  верыў яму больш, чым каму іншаму.
  Дык вось пасылае гэты пыхлівы Ілля сватоў да Алёны, але атрымалі сваты
  гарбуза, бо яна прызналася бацькам, што не любы ёй гэты залётнік.
  Ілля, пачуўшы пра гэта, кажа:
  – Не Алёніна воля, а панская. Што не схацела рабіць па-добраму, зробіць па
  ўказу.
  Пайшоў ён у маёнтак і дабіўся свайго: загадалі Алёне ісці за яго замуж.
  Суседзі, ведаючы пра маю прыхільнасць да Алёны, смяяліся з мяне здзекліва, кпілі з мае някемнасці, з безразважнае любасці ды з адвагі, з якою хацеў я ўсіх, нават багатыроў, змагчы і Алёну павесці да шлюбу. І няраз, раззлаваны такімі
  з’едлівымі жартамі, адказваў я, што нядоўга Ілля мецьме панскую ласку, а грошы, 39
  сабраныя ашуканствам і крадзяжом, шчасця не дадуць, і Алёна была б
  шчаслівейшая, каб выйшла за чалавека хоць беднага, але пачцівага.
  Дачуўся Ілля, што так пра яго кажуць, і паабяцаў помсціць, як толькі выпадзе
  нагода.
  Надыходзіў дзень вяселля; Алёніны бацькі, ведаючы пра маё каханне да іх
  дачкі, сказалі мне, што волю панскую не пераменіш, хоць яна і несправядлівая і
  без усякае літасці; прасілі, каб пагадзіўся з лёсам, быў іх прыяцелем і прыйшоў на
  вяселле. Хоць і неахвота, але згадзіўся я на тое.
  Вяселле было шумнае, гасцей болей, чым на кірмашы: маладыя – абое
  багатыры. Сабраўся люд з усяе ваколіцы, у некалькіх месцах на вольным паветры
  спявалі і пад музыку скакалі. Алёна была ў шыкоўным строі, усе яе віншавалі, зычачы шчасця і радасці. Сам пан прыехаў на вясельную бяседу. Ілля яго
  частаваў; пан размаўляў з ім, пахаджваючы між вясельнікамі. Малады прыкмеціў
  мяне сярод гасцей (я стаяў сумны, бо мяне не толькі нішто тут не займала, а
  наадварот, уся гэтая весялосць наводзіла нудоту); ён глянуў на мяне са здзеклівай
  усмешкаю і пайшоў з панам далей.
  Праз нейкі час падыходзіць да мяне дудар Арцём, пажылы чалавек, і кажа:
  – Чаго сумуеш? Выпі са мною гарэлкі і будзеш весяліцца, як і іншыя, – бярэ
  мяне за руку і цягне да стала з поўнымі бутэлькамі і закускаю. Не адмовіўся я ад
  запрашэння. Мы выпілі па два кілішкі гарэлкі. Тут нехта незнаёмы, гледзячы на
  мяне збоку, сказаў з усмешкаю:
  – Ну цяпер ён паскача!
  Арцём раптоўна мяне пакінуў, узяў сваю дуду і пачаў іграць, а на мяне напаў
  яшчэ большы смутак.
  Не шмат прайшло часу, як падыходзіць да мяне мой сусед і, гледзячы мне ў
  вочы, кажа:
  – Што з табою? Чаму твой позірк такі страшны, нібы ў звера якога?
  Нехта яшчэ абазваўся:
  – Ага, сапраўды, у яго вочы, як у ваўка, свецяцца.
  І іншыя, што побач стаялі, таксама паўтарылі гэта і палахліва глядзелі на
  мяне.
  Не ведаю, што рабілася са мною, але я ўвесь дрыжэў. Здавалася, што гэтыя
  людзі зычылі мне чагосьці найгоршага.
  Алёна, стоячы непадалёк, размаўляла з маці; зірнула на мяне і ад спалоху
  закрычала:
  – Ах, што дзеецца з ім! Глянь, мама, якія страшныя ягоныя вочы, няхай бы
  ішоў сабе адсюль.
  Пачуў я гэтыя Алёніны словы, і мяне бы пярун ляснуў: памутнела ў вачах, прытомнасць страціў; пакідаю бяседу і, не ведаючы куды ісці, бягу па дарозе, сустракаю кабету, што вяла за руку маленькае дзіця.
  – Ах, не глядзі на маё дзіця, – крычыць яна мне. – Ты заб’еш яго сваім
  страшным позіркам.
  Уцякаю ад перапалоханае кабеты і бягу дадому. Падбег да свае хаты – сабака
  мой не пазнаў мяне. Дарэмна голасам хачу яго супакоіць: ужо слова сказаць не
  магу: толькі енк, падобны да выцця, выходзіў з маіх грудзей. Лютая трывога
  
  40
  апанавала мяне. Парабак майго суседа паглядзеў на мяне і ўразіўся.
  – Чаму гэта, – кажа, – твой твар і рукі абраслі поўсцю?
  Глянуў на сябе – і як непрытомны пакідаю свой дом і бягу ў поле. Жывёла, што пасвілася там, уцякае ад мяне, сабакі кідаюцца, і я хуценька хаваюся ў лесе.
  Бягу праз пушчы і дзікія пустэльні, падаю ў засені густых ялін; тут, зірнуўшы
  на сябе, убачыў, што рукі і ногі мае ўжо перамяніліся ў воўчыя лапы; хацеў
  заплакаць над сваім няшчасцем – і жахлівае выццё вырвалася з маіх грудзей.
  Блукаў я па гарах і лясах у абліччы страшнага звера. Думкі і пачуцці ў мяне
  засталіся чалавечыя, памятаў мінулае і, задумваючыся пра сваё цяперашняе
  жыццё, мучыў сябе лютай роспаччу, не ведаючы, ці будзе калі канец гэтаму
  няшчасцю. У хмызняку шукаў птушыныя гнёзды, лавіў зайцоў і іншую дробную
  зверыну. Гэта была мая ежа. Не падыходзіў да чалавечага жытла, бо ведаў, што
  ўсе людзі – мае ворагі, што яны заўсёды будуць рады забіць мяне. Аднак чыніць
  ім шкоду не хацеў.
  Няраз у нядзелю я чуў голас касцельных званоў і выццём прасіў Бога, каб
  злітаваўся над маім лёсам. Шмат разоў хацеў падысці цёмнай ноччу да касцёла, але сабакі, выбягаючы з вёскі, адганялі мяне, а часам чуў людскія крыкі і стрэлы.
  Тады бег колькі змогі да лесу, каб толькі схавацца ад напасці. Кожную раніцу выў
  я, вітаючы сонца, ды прасіў у неба спажытку на новы дзень.
  Увосень, зімовымі начамі, у залевы хаваўся я, дрыжучы, дзе-небудзь пад
  густой ялінаю; шум вятроў акунаў мяне ў сумныя ўспаміны мінулага. Узімку
  почасту па некалькі дзён я быў галодны, знясілены, блукаў у страшнейшыя
  марозы па полі, каб толькі ўпаляваць што-кольвек. Мой спачын заўсёды быў
  кароткі, і нязменна снілася мінулае: бацькоўскі дом, сябры мае маладосці, прыязныя суседзі; тыя хвіліны, калі прыйшло каханне да Алёны, забавы, нашыя
  размовы, яе вясёлыя вочы, яе зграбная постаць у шыкоўным строі, з вянком на
  галаве, – усё гэта прыходзіла да мяне ў сне, але здавалася яваю. Часам я бачыў яе
  неспакойнаю; уцякала ад мяне або, перапалоханая, гнала мяне прэч ад сябе, як
  колісь на вяселлі, калі мяне падгавораны Арцём напаіў зачараванаю гарэлкаю. І
  пасля такога жахлівага сну, я, дрыжучы ўвесь, усхопліваўся. Некалькі гадоў
  прабыў я ў такім жахлівым стане.
  Расла мая нянавісць да людзей, калі я думаў пра іхнія блуд, несправядлівасць, незычлівасць да роўных сабе. Вырашыў я шкодзіць ім ва ўсім, як яны шкодзяць адзін аднаму пры зручным выпадку, абы толькі мець сабе
  карысць. Дык нападаў, калі толькі можна было, на іх жывёлу і свойскіх птушак; нішчыў дашчэнту.
  Аднаго разу (памятаю як сёння: была вясна, зелянеў лес, дні стаялі ясныя і
  цёплыя) я краўся ўзлескам да вёскі, дзе жыў Арцём. Бачу: на пагорку ходзяць
  пастухі ля жывёлы, Арцём арэ поле, а непадалёку ад хмызоў маленькая дзяўчынка
  пасе гусі. Ён кліча яе да сябе, называючы Ганкаю, і пасылае дахаты. Ды
  дзяўчынка хутка вярнулася і зноў падышла да гусей.
  Я зразумеў, што гэта яго дачка. Калі з гушчару пазіраў на яе і бацьку, запалаў
  ува мне гнеў помсты. Арцём – нягодны чалавек – давёў мяне да такога стану, што
  жыву, гнаны адсюль, у абліччы страшнага ваўка. Няхай жа і ён паенчыць над
  стратаю свайго дзіцяці! Выскокваю з лесу і хапаю дзяўчынку. На доччын голас
  
  41
  бяжыць бацька і ў роспачы кліча на дапамогу. Чую крыкі пастухоў, сабакі на мяне
  напалі, скусалі да крыві. Але нішто не магло мяне стрымаць. Хутка хаваюся ў
  пушчы, нясу сваю здабычу ўсё далей і далей у глыб лясоў; там, адкуль малая ўжо
  не вернецца сама дахаты, кідаю яе. Яна доўга ляжала непрытомная, а калі ачулася, крычала, блукаючы па лесе, роспачным голасам. Яе лямант і плач гінулі марна
  сярод густых хвояў і ялін, і я, цешачыся помстаю, пакінуў яе ў лясной пустэльні.
  Аддаліўся ад таго месца, дзе блукала гэтая няшчасная ахвяра мае злосці.
  Толькі не доўга цешыла мяне тая помста. Калі мінуўся запал гневу, прыйшла
  думка, што Ганка, беднае дзіцё, пакутуе без віны. Вярнуўся я назад, але нідзе яе
  знайсці не мог; глуха было ў лесе, і голас яе ўжо не чуўся.
  Напаў на мяне нязносны смутак: я зразумеў, што помстаю не супакоіш
  пакуты. Дзе б ні быў – усюды не даюць мне спакою бацькава роспач, лямант
  пакінутае ў лесе дачкі і сабакі, што, гонячыся за мною, раняць зубамі да крыві.
  Здавалася, што яны ўсюды нападаюць на мяне. Перабягаў я з аднаго лесу ў другі, ды нідзе не мог знайсці спакою; прапаў сон, бо і ў час адпачынку заўсёды гучаў у
  маіх вушах роспачны голас бацькі, лямант дачкі, і сабакі рвалі маё цела.
  Аднаго дня ўбачыў я знаёмых сялян. Схаваўшыся ад паўдзённае спёкі, сядзелі яны ў засені дрэваў, а непадалёку хадзілі выпражаныя з вазоў коні.
  Падкраўся да іх, і затаіўшыся за хмызамі, слухаў, пра што яны размаўлялі між
  сабою. Пачуў, як адзін з іх гаварыў пра мяне:
  – Дзе ж блукае цяпер у воўчай шкуры Марка? Шкада гэтага чалавека. Вось
  ужо колькі год пакутуе, гаротнік. Эх, каб ён трапіў як да чараўніцы Аксіні!
  Кажуць, яна лёгка ператварае людзей у звяроў і зноў вяртае ім чалавечае аблічча.
  Не ведаю, дзе яна жыве, аднак чуў, што недалёка ад гэтых гор і лясоў.
  Усцешыла мяне такая навіна: вырашыў абысці ўсе горы і лясы гэтага краю, абы толькі знайсці Аксініна жыллё. Некалькі дзён і начэй блукаў я без адпачынку
  па дзікіх пушчах. З вяршынь высокіх гор аглядаў бязлюдныя мясціны, спадзеючыся, што дзесьці там хаваецца яе самотная хаціна.
  Выбягаю з лесу ў лог. Ранак быў ясны і ціхі! Бачу: котка на траве: шыя і
  лапкі – белыя, спінка – у паскі, светлыя і цёмна-папяловыя, шустрыя вочкі; скача
  котка, імкліва ловіць лапкамі матылёў на кветках. Доўга глядзеў з хмызняку на яе
  вясёлыя падскокі і гульні. Урэшце захацелася схапіць яе, кідаюся... але лёгка, як
  вецер, адскочыла яна і бяжыць на пагорак. Даганяю, і вось-вось хацеў ужо
  схапіць – аж яна ператвараецца ў сароку і ляціць над зямлёй. Гонячыся далей, убачыў самотную хаціну. Сарока села на страху і зноў перакінулася ў котку. Бачу: усюды поўна катоў размаітае масці: каты на даху, каты на вокнах, каты на
  панадворку. Усюды каты.
  Я зразумеў, што тут жыве чараўніца Аксіня. Доўга стаяў і думаў: ці ісці да
  яе? Яна мяне не прыме ў воўчым абліччы, трэба з ёю дзе-небудзь на праходцы
  спаткацца, пакорліва ўпасці да яе ног і прасіць злітвацца над маім лёсам. Схаваўся
  я ў лаўжы і чакаў тае шчаслівае хвіліны.
  Сонца схавалася за лясы і горы; узлескі ўжо пакрыў вечаровы змрок, а
  недалёкае возера, акружанае густою лазою, яшчэ свяцілася, Бачу: усе каты – з
  хаты, з даху, з падворка бягуць на луг, зрываюць зубамі нейкую траву і ў міг вока
  ператвараюцца ў дзяўчат, рассыпаюцца між кустоў, спяваюць песні, скачуць; 42
  іншыя зрываюць кветкі і ўюць вянкі. Бягу і я на лугавіну. Убачыў тую траву з
  дробненькімі блакітнымі кветачкамі; як толькі яе сарваў і праглынуў, адразу ж
  прымаю чалавечае аблічча. З невыказнай радасцю бягу ў гурт легкадумных
  русалак, скачу з імі, бегаю, весялюся, зусім забываю пра сваё няшчасце.
  Гэтыя гульні і радасць доўжыліся да позняе ночы. Змоўклі ўсе птушкі ў лесе, толькі крычалі няясыці. Прыляцела сава і, седзячы на чараўніцынай страсе, свяціла вачыма, і рагатала, і енчыла, нібы немаўля. Тут нечакана зашумеў лес і
  вада ў возеры пачала плёскаць аб бераг*. Русалкі закрычалі: “Поўнач! Поўнач!” – і
  адразу ўсе перамяніліся ў котак і пабеглі на Аксінін падворак; адны караскаліся на
  дах, другія праз вакно хаваліся ў хату. А я – зноў зрабіўшыся ваўком – пабег у
  лес, лёг пад густой ялінаю і разважаў пра гэтае здарэнне, шкадуючы, што нядоўга
  пабыў чалавекам; вырашыў застацца тут і хоць на кароткі час забыць пра сваё
  няшчасце.
  Назаўтра прычакаў вечара, і гэтаксама коткі паператвараліся ў дзяўчат, а да
  мяне вярнулася чалавечае аблічча. Я бавіўся з імі, весела і непрыкметна бег час.
  Тут адна з зачараваных дзяўчат, гледзячы на мяне з нейкай пагардаю, сказала:
  – Мне ён не падабаецца.
  – Чаму не падабаюся? – пытаюся, падыходзячы да яе.
  – Таму што бачыла, як ты ператвараешся ў ваўка, а я ваўкоў ненавіджу, бо
  праз ваўка я няшчасная.
  – Як гэта?
  – Калі я жыла яшчэ з бацькамі, пасвіла гусі ў полі, воўк схапіў мяне і занёс у
  лясныя нетры, кінуў там, а сам знік. Блукала я па пушчы, плакала і крычала, не
  ведаючы, у які бок падацца. Раптам на мой голас прыляцела ў воблаку чорнае
  птушкі Аксіня, перамянілася ў кабету і, узяўшы мяне за руку, сказала:
  – Ты не выйдзеш з гэтае лясное пустэльні. Нападуць на цябе дзікія звяры і
  разарвуць. Ідзі лепш у маю хату, у мяне жыць весела, штовечар скокі і песні. Ты ж
  маладая дзяўчына і, відаць, любіш паскакаць?
  Не хацела спачатку яе слухаць, але, падумаўшы, што ў гэтых дзікіх лясах
  ніхто мне не дапаможа, згадзілася ўрэшце з яе прапановаю. Не ведаю, як я
  апынулася ў хаце ў гэтае чараўніцы. О, пракляты ваўкалак! Чаму ж ты мяне не
  разарваў ў лесе? Лепш памерці, чым быць цэлы дзень зверанём і толькі на хвіліну
  забываць пакуты.
  Слухаючы Ганчыны нараканні, задрыжаў я ўвесь, імгненна ператварыўся ў
  ваўка. І адазваліся ў памяці: бацькава роспач, лямант няшчаснае дзяўчынкі, і
  сабакі пачалі рваць маё цела. Кідаюся ў лес, бягу ўсю ноч без спачынку – нідзе не
  магу схавацца ад жахлівага ўспаміну і пагоні тых страшных сабак.
  Нясцерпнае зрабілася жыццё, нідзе не знаходжу спакою, бегаю ў роспачы па
  гарах і лясах; страціў ужо і надзею, што калі-небудзь хоць на хвіліну пакінуць
  мяне пакуты.
  Блукаючы без адпачынку, прабягаў неяк ля палетка, дзе ў засені бярозы
  палуднавалі аратыя. Бачу: едзе па дарозе ксёндз, спыняецца, падыходзіць да сваіх
  
  * Жыве сярод беларусаў (асаблiва ў паўночных паветах) вера, што апоўначы заўсёды шумяць
  лясы i вада ў азёрах адначасова з крыкам пеўня робiцца неспакойнаю.
  
  43
  парафіянаў. Пачалася доўгая размова пра розныя духоўныя рэчы: ксёндз іх
  павучаў, каб жылі між сабою ў згодзе і сяброўстве, даравалі адзін аднаму крыўды
  і не думалі ніколі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная
  Богу. Яна прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і
  лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.
  Схаваўшыся ў густым кустоўі, я чуў усе словы ксяндза і адразу вырашыў не
  толькі не шкодзіць людзям, але нават старацца ім служыць і дапамагаць у чым
  толькі змагу: а можа, і нада мною Бог злітуецца, душа ж мая несмяротная. З
  гэтымі думкамі і пакінуў ксяндза і аратых.
  Прайшло некалькі дзён. Блукаючы, думаў сам сабе: што я магу зрабіць
  добрага ў такім пагарджаным усімі воўчым абліччы? Ледзь падыду да чалавечага
  жытла, як усе крычаць на мяне і сабакамі цкуюць, дык мушу як найхутчэй
  уцякаць у лес. Аднак жа не адмовіўся ад свайго намеру. Колькі разоў адганяў
  лісіцу, што падкрадалася да гусей ці індыкоў, якіх неабачліва пакідалі ў полі. Калі
  заўважыў непадалёку ад гавяды мядзведзя, дык выбег першы з лесу, каб адагнаць
  статак з небяспечнага месца і папярэдзіць пастухоў. Няраз адбіраў барана, якога
  воўк выхапіў з чарады якой-небудзь беднае ўдавы. Так жывучы, я крыху супакоіў
  свае думкі, мог ужо заснуць, хоць і ненадоўга; у сне мілыя мроі нагадвалі мне
  мінулае, калі быў яшчэ чалавекам.
  Было гэта ў жніўні ў добрае надвор’е. Я блукаў у родных ваколіцах, калі на
  палетках даспела збажына. Недалёка ад сябе бачу Алёну. Яна жала на сваёй ніве, а на мяжы, лежачы на снапах, спаў маленькі хлопчык. З прыемнасцю глядзеў я на
  гэты малюнак, цешыўся, што Алёна шчаслівая, спакойна жыве са сваёю сям’ёю.
  Бог блаславіў іх гаспадарку, і жыта добра ўрадзіла на іх ніве. Пакуль я любаваўся
  на ўсё гэта, выскоквае з лесу воўк, хапае хлопчыка. На крык дзіцяці кідаецца
  матка.
  – Ратуйце дзіцятка маё! – крычыць яна і падае непрытомная.
  Я даганяю ваўка, адбіраю не пакусанае яшчэ дзіця, адношу да маткі. Суседзі, што прыбеглі на ратунак, дзіваваліся з усяго гэтага, а я ўцёк у лес.
  Нейкае прыемнае пачуццё і ціхамірнасць ахінулі мяне пасля гэтага здарэння.
  Я лёг пад дрэвам і заснуў у салодкіх мроях. Вярнуўся ў сне ў сваю шчаслівую
  маладосць, і так мне было лёгка, што, як птах, пералятаў з месца на месца. Бачу
  перад сабою такі прыгожы сад, якога ніколі ў жыцці не сустракаў; гай, поўны
  птушынага шчабятання, а пёры на іх лепшыя і прыгажэйшыя, чым нашы
  вясновыя краскі; чыстыя крынічныя воды струменіліся тут і там; некаторыя дрэвы
  былі ў пахучай квецені, а на іншых даспявалі плады. Заўважыў на пагорку келіхі
  велізарных лілей, якія разлівалі прыемны водар. Толькі хацеў сарваць колькі
  кветак – з’явілася перада мною Ганка (сукенка на ёй белая, як лілея) і кажа мне:
  – Не рві маіх кветак. Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі
  сваімі.
  І, сказаўшы так, знікла.
  З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых
  хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае
  гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе
  колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары – бездань, якая не дазваляе
  
  44
  ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за
  ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства
  там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была
  магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю
  рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.
  Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны
  шкілет.
  – Гэта будзе тваё цела, – гаворыць мне велікан. – Мусіш плакаць у ім, пакуль
  не паклічуць цябе да новага жыцця...
  Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна
  штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім – у яму.
  Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.
  Бачу: я – чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на
  Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы
  толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба
  і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.
  Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і
  птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць
  Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.
  
  
  Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі
  выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.
  – Ого, – кажа, – мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не
  час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы
  месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.
  – Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану
  шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра
  расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар
  заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто
  ведае, можа,і заўтра будзе завіруха.
  – Удзень бура не страшная, як-небудзь знойдзем дарогу. Дабранач, пане
  гаспадар!
  Якуш пайшоў у пакой для чэлядзі; Марагоўскі – у сваю пасцелю, што даўно
  ўжо яму падрыхтавалі. Я, пажадаўшы дзядзьку і госцю добрае ночы, пайшоў у
  свой пакой. Патушылі свечкі; усюды ціха; толькі выў вецер за сцяною і цвыркун
  абзываўся пад печчу...
  
  
  
  
  45
  
  УСПАМ ІНЫ
  ПРА НАВЕ ДАННЕ РОДНАГА КР АЮ
  
  Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і
  забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых
  сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, – гэты край у памяці таго, хто жыве на
  чужыне заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не
  скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і
  рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там
  нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..
  Калісьці і я спяшаў з поўначы на берагі Дзвіны, каб пабачыць тыя ваколіцы, малюнкі якіх заўсёды хаваў я ў глыбіні свае душы. Ледзь набліжуся да радзімай
  старонкі, здавалася мне, што дубы і хвоі кланяліся, вітаючы даўно знаёмага госця.
  Горы і азёры, свецячыся здалёк, нагадвалі мне розныя памяткі мінуўшчыны. Вось
  шуміць хуткаплынная рэчка Дрыса, бяжыць да Дзвіны праз густыя лясы і
  пясчаныя гаі, абуджаючы шмат згадак. На гэтым беразе было некалі папялішча.
  Даўно ўжо яно ўтравела; час знішчыў на зямлі тую памятку, але яна засталася ў
  маёй душы, яна нагадвае мне той год, калі жыхары гэтага краю хаваліся ў лясах ад
  віхураў памятнае напалеонаўскай вайны1.
  Вечар быў пагодлівы; на захадзе румяніліся воблакі; на пясчаным беразе
  Дрысы гатавалі вячэру; гарэлі сухія хваёвыя дровы; у ціхай вадзе адбівалася
  полымя; знаёмыя і суседзі, сабраўшыся ў кола, сядзелі ля вогнішча; яны
  размаўлялі пра ўваход французскага войска ў Полацак2, пра сутычкі і баі на Белай
  Русі; і спагада, і смутак, і надзея чуліся ў іх гаворцы. Мяне тым часам займалі
  срэбраная рыбка, якая падскоквала над чыстай вадою, птушыныя крыкі ў пушчы і
  вавёрка, што, забегшы на дрэва і пераскокваючы з галінкі на галінку, вабіла мяне
  ў лясны гушчар. Калі я пагнаўся за гэтым звярком, дык нечакана нібыта гром
  абазваўся далёка за борам – там, дзе румяніліся на захадзе сонца воблакі. Грымела
  без супынку, як бы з-пад зямлі. Здзіўлены, я бягу да грамады і пытаюся:
  – Што гэта? Пэўна, насоўваецца навальніца?
  Мой бацька парушыў маўчанне і мовіў:
  – Гэта бура ў Клясціцах*, на Пецярбургскім гасцінцы; з далёкіх краёў
  прыйшла яна сюды, сеючы свінцовым градам; дарэмна імкне на поўнач: і там
  моцныя вятры і маразы спаткаюць яе.
  На тварах ва ўсіх відаць была трывога; палахлівыя кабеты са слязьмі на вачах
  шапталі пацеры: ім думалася, што там кожны стрэл разлучае з жыццём некалькі
  дзесяткаў чалавек. Яны дрыжалі, нібы перад Страшным Судом, і тая бяссонная
  ноч прайшла ў размовах. Старыя ўспаміналі мінулае, загадвалі пра будучае; нейкая надзея кволілася ў іх думках. Я ж на крылах хацеў бы ляцець туды, каб
  убачыць той тэатр вайны і смелых вояў.
  А вось непадалёку і тыя цудоўныя малюнкі зарослых гор і лугоў, дзе зіхацяць
  
  * Мястэчка за 26 вёрст ад Полацка. Тут адбылася вядомая бiтва3 на Белай Русi з французамi, у
  якой загiнуў генерал Кульнеў4.
  
  46
  на сонцы срэбныя струмені і люстэркі рэчак і азёраў. Атоне! Ты цяпер далёка ў
  чужых краях. Ці ўспамінаеш калі пра хараство роднае зямлі, ці прыходзяць табе ў
  думкі тыя нашыя вандроўкі, мары, размовы? Тут, захопленыя прыгажосцю
  прыроды, мы знаходзілі ў кожным месцы багоў старажытных рымлян і грэкаў; тут
  была наша Новая Аркадыя5. Ля тых ручаёў наяды6 ўпрыгожвалі свае скроні
  вадзянымі лілеямі, скакалі па лугах німфы7, а казланогія сатыры8 блукалі ў
  гушчарах. О, шчаслівыя лятункі цудоўнага юнацтва. Калі малады, зямля – рай, усюды дзівосы. Вобраз Старажытнае Грэцыі і ўся мінуласць адрадзіліся ў нашых
  марах і размовах. Памятаеш, гэтая гара была Алімпам9, прыстанкам Муз10 і
  Апалона11; той расквечаны краскамі разлог мы назвалі Тампейскаю далінаю12; там – Фермапілы13, дзе загінуў з невялічкаю жменькаю воінаў Леанід, цар Спарты, што змагаўся з велізарным войскам персаў.
  У гэты куток зямлі мы хацелі перанесці ўсе дзівосы свету.
  Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя
  ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над
  даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары
  ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па
  небе, і бузупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: “Будзе
  рабінавая14 ноч!” – і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад
  навальніцы ў хату, якя там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.
  О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі
  на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае
  знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з
  пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.
  Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы
  ад перуноў, злы дух – паводле веры тутэйшых жыхароў – хаваецца звычайна ў
  целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы
  дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.
  Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто
  і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля
  маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.
  Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні
  навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было
  найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і
  пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад
  бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным
  задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!
  Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых
  будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя
  
  47
  пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы
  грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды
  пакінула навальніца.
  Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе
  мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.
  Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы.
  Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае
  жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за
  мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь
  пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню – і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.
  Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь*, акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці – яшчэ за
  паганскімі часамі – князь Бой15, што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак.
  Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай
  забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх
  звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры, другі – Гаўры.
  Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі
  не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.
  Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён
  разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх
  лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.
  Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі
  найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі
  сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці
  сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.
  Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі
  да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны
  двух ганчакоў – “Стаўры! Гаўры! ” і выклікалі іх цені з таго свету.
  І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць
  тое свята раз на год – перад Сёмухаю16. Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:
  – Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!
  Я чуў, што на кліч некаторых з’яўляліся велізарныя чорныя сабакі і адразу
  знікалі. Можа, гэта камусьці здалося; можа, гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія люду беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў
  размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя, духі
  зямныя, хатнія, вартаўнікі лясоў і скарбаў17.
  
  * Уласнасць паноў Снарскiх.
   Вадзянiк.
   Хляўнiк, што мучыць жывёлу .
  
  48
  
  
  
  
  ПОЛАЦАК
  
  Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла
  св. Стафана, на замкавай гары – царква св. Сафіі, якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над
  усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе
  вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія
  муры.
  Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса1
  нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным
  паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш
  вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і
  захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.
  Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя2; тут магілы, дзе
  спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкае моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуццё навеяў на мяне гэты
  малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна змовіў я
  малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца. Даўнейшыя
  часы, даўнейшае жыццё, даўнейшыя звычаі і набажэнства выразна маляваліся ў
  маіх успамінах. О, шчаслівыя! Яны бачылі лепшыя часы, спяць у роднай зямлі, а я
  да якіх прыплыву берагоў, дзе знайду спачын пасля гэтага бурлівага плавання?
  За Палатаю, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае святло
  невялічкая плямка вады, якая завецца Валовае возерца. Кажуць, што калісьці яна
  была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі ля гэтае азярыны святыні6 Перуна і
  Бабы Ягі, але цяпер не засталося аніякіх слядоў ад тае старажытнасці.
  У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае
  нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль
  стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра7; тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад
  войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння
  
   Дамавiк.
   Лясун.
   Сатана, Праклятый – ад заклiнання скарбаў .
   Калiсьцi езуiцкiя3 .
   Калiсьцi базыльянская4, што была фундавана5 старажытным родам Грабнiцкiх, герба
  Астоя.
   У народзе дасюль яшчэ паўтараецца страфа пра тую Бабу Ягу: Баба Яга,
  Косьцяная нага,
  На ступе едзець,
  Тоўкачом поганяець,
  Мятлой ьсляды замятаець.
  
  49
  паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла
  войска; царква Барыса і Глеба8, нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі
  святымі; Экіманія – маёнтак паноў Беліковічаў9 ля самае Дзвіны на стромым
  беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай
  панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са
  стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае
  гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.
  Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці!
  Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут
  зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя
  мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад.
  Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы – колісь езуіцкага – касцёла10, і гэты голас, як
  прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але
  цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus11.
  Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё
  мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі
  навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён
  замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.
  Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час – вясна маладосці, калі, раскрываючы
  кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не
  думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць
  усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць
  чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.
  Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе
  рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі12, падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень – якую
  асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім
  настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і
  міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові
  да бліжняга!
  У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў
  пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў
  кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.
  У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат
  вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны – на ўрачыстасці ў
  дзень св. Ігнацыя Лаёлы13; другія – каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і
  выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя – каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі
  звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і
  найвыгадней збывалі свае тавары.
  Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі
  пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі
  адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі
  
  50
  раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды
  пачыналася такімі памятнымі словамі:
  – Domіnі emule a quo іncіpіemus?
  – A sіgno Sanctі Crucіs?
  – Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
  – Est munіmentum corporіs et anіmae.
  – Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
  – Facіamus14.
  Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя
  ведаў.
  Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі
  хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі
  побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы
  прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў
  плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:
  
  Я прыгадваю: спевам кляшторны званочак
  Сябрукоў маладых заклікаў у грамады.
  Калі сэрца не чула ні мораку ночы,
  Ні святла, ані лёсу завілага здрады.
  
  Ды, на жаль, час усё ў жыцці перайначыць.
  Знікла шчырая радасць, як сон мой шчаслівы,
  І кляшторны званочак аціхнуў, а значыць,
  Толькі ў згадках чутно, як гучыць ён тужліва.
  
  Я ж па моры нясталага гэтага свету
  Не па скарбы паплыў, што ў нязнаных прасторах,
  Не па славу, каб вечна быць ёю сагрэтым,
  А таму, што ўсе плысці мусяць тым морам17.
  
  –––––––––––––
  
  “Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці.
  Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю
  цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для
  мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і
  хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае
  пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з
  абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з
  касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі
  
   У гэты самы час у канвікце15 выхаванцы таксама ставiлi камедыi па-французску, а сяды-тады i на лацiне – з твораў ксяндза Порэ. (Заўвага выдаўца16).
  
  51
  вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся
  роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту
  прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, – шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!”
  
  
  РЫБАК РОДЗЬКА
  
  У ціхым балоце чэрці родзюцца.
  Прыказка беларускага люду
  
  Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
  – Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная
  куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
  – Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі
  днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
  – О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек
  незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя
  сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая
  рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю
  паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю
  хвалі, а ён, нібы нырок1, то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае
  сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі2; і ў такую буру ён
  няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль
  так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
  – Надта смелы, а ці не зазнаў калі няшчасця?
  – Сам ніколі не паспытаў бяды, а неспрактыкаваных у гэтым рамястве яшчэ і
  ратаваў, калі гінулі ў буру. Пра яго такія цуды апавядаюць, што цяжка даць веры.
  Быццам Родзька, ведаючы, што адна рыба лепш ловіцца ў непагадзь, другая – у
  ціхі ясны дзень, выклікае вецер на возеры, бунтуе ваду, а калі гэта не трэба –
  вецер адсылае прэч, вяртае ясны дзень і па спакойнай вадзе, напоўніўшы лодку
  рыбаю, з песняю вяртаецца дадому. З гэтае прычыны некаторыя думаюць, што ён
  чараўнік.
  – А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць
  чараўнікі.
  – Веру. Але Родзька – чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што
  знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у
  нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
  Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у
  вакно.
  – Вось, – кажа, – пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе
  Родзька рыбу.
  
   Заўвага выдаўца.
  
  52
  Заходзіць Родзька, у руках зроблены са старога нерата залубянелы на марозе
  мех (здавалася, што сплецены ён з дроту); з мяха прасвечвалася срэбная луска
  свежае рыбы. Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы
  неахайна падалі на плечы: у маіх вачах быў ён падобны ў гэты момант да
  Трытона3, які, усплыўшы з марскога дна, трубіў у ракавіну ў кампаніі Нептуна або
  Амфітрыты4. Рыбак пакланіўся і высыпаў рыбу на падлогу.
  – Даўно чакаў, – сказаў Завальня. – Усё пазіраў у вакно, пачаў ужо
  хвалявацца, думаючы, што і цябе вось няшчасце напаткала.
  – Дзякуй Богу, і сёння яшчэ мая праца не марная. Але ж цяпер час такі: усюды патрабуюць рыбы, мусіў і туды і сюды даставіць добрым панам і суседзям.
  – А ўзімку, – сказаў я, – ці клічаш у памагатыя вецер, каб лепей лавілася?
  Кажуць, нібы вадзяніка*, слухаюць цябе вецер і хвалі.
  Ён, гледзячы на мяне з усмешкаю, кажа:
  – Мае паслы – белыя крачкі – наводзяць вецер і буру, але цяпер іх няма; адляцелі ў вырай. Не, паніч, не давай веры ўсяму, што людзі кажуць, езуіты не
  таму нас вучаць, каб мы выклікалі злых духаў на дапамогу; хто працуе, таму і Бог
  дапамагае, аніякіх не хачу я ведаць таямніц, ад якіх душы цяжка.
  Мой дзядзька, перапыняючы гаворку, прамовіў:
  – Янка – чалавек яшчэ малады, цяперашняга свету, не верыць ні ў якія чары, а толькі жартуе з цябе.
  Пасля Завальня загадаў пазбіраць рыбу з падлогі, заплаціў Родзьку колькі
  належала, пасадзіў на лаве, прынёс гарэлкі і хлеба на прыкуску.
  Выпіўшы і закусіўшы, Родзька, пазіраючы на мяне, сказаў:
  – Маладыя людзі не бачылі і не чулі, што дзеецца на свеце, таму і не вераць.
  Я шмат расказаў бы пра гэта, але час позні; сонца нізка: трэба ехаць дадому.
  Мой дзядзька рады – рыбак можа нешта цікавае расказаць – налівае госцю
  яшчэ кілішак гарэлкі і кажа:
  – Раскажы нам якую цікавую гісторыю, што зазнаў сам або чуў ад старых
  людзей, дарэчы, цяпер неба яснае і ветру няма: не будзеш блукаць. Але хоць бы і
  завея дарогу замяла, табе кожная купіна лазы ці трыснягу густога пакажа шлях, бо
  ты з дзяцінства ведаеш на гэтым возеры кожны куток.
  Родзька ўжо крыху захмялеў; твар ягоны палагаднеў і заружавеўся.
  – Добра. Раскажу пану, як у нашых краях праз чары і праз шкодлівых людзей
  распладзіліся злыя духі.
  – Ці ж злыя духі, – сказаў я, – могуць пладзіцца, як звяры?
  – Могуць, бо людская злосць ім – найлепшая паша. У нашых ваколіцах
  старыя памятаюць шчаслівейшае жыццё, калі было яшчэ шмат пачцівых, старанных і працавітых людзей; у той час, кажуць, кожны гаспадар меў у дастатку
  зямлі, і радзіла зямля заўсёды добра, хапала хлеба і корму жывёле. У азёрах і
  рэчках было столькі рыбы, што моладзь, бавячыся ля вады з першай-лепшаю
  прыладаю, лавіла столькі рыбы, што ледзь магла забраць з сабою дадому. Паноў
  было не шмат, ды і тыя пабожныя, і жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною. Цяпер
  жа кожны паўпанак, маючы колькі ўбогіх хацін, дорага плаціць за карэты і
  
  * Вадзянiк – злы дух, што жыве ў вадзе.
  
  53
  багатыя строі, вымудраецца, каб здабыць грошы: прадае жывёлу і апошні хлеб, даводзіць бедны люд да таго, што той мусіць кожную вясну карміцца горкім
  бабоўнікам. А каб мець большы прыбытак з азёраў, наводзяць штогод зімою
  асташоў*, кажуць, што гэтыя рыбакі нібыта пасылаюць пад лёд злога духа і той
  заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу
  моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням; намарна пайшлі
  засцярогі ксяндзоў ды старых людзей. І ў нас развялося злых духаў столькі, што
  колькі разоў з’яўляліся яны перад мноствам люду, чаго раней у нас ніколі не
  бывала.
  Раскажу пану пра дзіва, якое бачылі на возеры Расоны, гэта не вельмі далёка
  ад нашае Нешчарды, як вядома пану, не больш за трыццаць вёрст. Дык вось, расказаў мне пра гэта адзін з тамтэйшых жыхароў, таксама падданы езуітаў.
  Калісьці вясною вярталіся сяляне з прыгону, сонца яшчэ не села, але перад
  нядзеляю аканом адпусціў іх дахаты раней, чым зазвычай. Вечар быў ціхі, неба
  яснае, на высокіх бярозах сумна кукавалі зязюлі, у небе спявалі жаваранкі, цёхкалі салаўі ў кустоўі. Маладыя, едучы конна, гаварылі пра свае прыгоды, а
  старыя – пра гаспадарку. І тут нечакана пачулі музыку: нехта за лесам граў на
  дудзе і спяваў так гучна, што па ўсёй ваколіцы неслася рэха, а песню гэтую ўсе
  яны ведалі.
  
  Паціраў я дуду, іх-вох,
  На паповым лугу, іх-вох,
  А ня дудка была, іх-вох,
  Вісялуха была, іх-вох,
  Вісяліла мяне, іх-вох,
  На чужой старане, іх-вох.
  
  Мінулі лес, падыходзяць да возера Расоны. Вада ціхая і чыстая, як крышталь, такая, што ўсе дрэвы відаць на ёй нібыта намаляваныя. Але – цуд нечуваны – на
  спакойнай вадзе д’ябал, чорны, як вугаль, рукі надта доўгія, галава велізарная, сядзіць на самай сярэдзіне возера, падкурчыўшы ногі, грае на дудзе і спявае
  страшэнным голасам; спалохаліся ўсе, мовячы пацеры, берагам заспяшаліся
  дамоў; сонца ўжо схавалася, а яны яшчэ доўгі час чулі за сабою голас дуды і
  страшны спеў шатанаў.
  І ў нас па-суседску, ля вёскі Галубова, пан часта бачыць невялічкую, акружаную з усіх бакоў дрыгвою, азярынку; да яе шмат смелых людзей хацелі
  падысці ўлетку: ідзе, як па разасланым палатне, і знікае раптам у прорве, што
  хаваецца пад імшыстай абалонкаю. Са шкадаваннем пазірае здалёк на гэтую
  мясціну паляўнічы; чуе, як крычыць качыная сціжма, а падысці туды немагчыма.
  Пра тую азярынку між людзей такое ходзіць паданне.
  Калісьці гэта было велізарнае і рыбнае возера. Непадалёку на пагорку стаяла
  вёска з карчмою ля дарогі. Кожную зіму ў возеры лавілі рыбу асташы. Здарылася
  так, што аднаго году ўладальнік таго маёнтка адмовіў ім і дазволіў лавіць сваім
  
  * Асташы – гэта рыбакi з ваколiц горада Асташкава.
  
  54
  сялянам; нашы рыбакі, працуючы колькі дзён, толькі дарэмна час трацілі, бо
  кожны раз знаходзілі ў нераце толькі па некалькі рыбак. Параіліся і вырашылі: у
  самую поўнач закінуць невад, а можа, пераменіцца ўсё на лепшае.
  Было гэта на Каляды, калі сяляне – жыхары блізкіх ваколіц – сабраліся ў
  карчму на ігрышча, бо ў нашых краях гэтыя забавы адбываліся даўней, у
  шчаслівейшыя часы, як я яшчэ памятаю, штовечар аж да свята Трох каралёў5.
  Дык вось, калі была ўжо самая поўнач, неба зацягнула хмарамі і вецер
  павяваў з поля, у карчме грала музыка, моладзь спявала ды скакала, а старыя пры
  кілішку за сталом апавядалі пра розныя здарэнні: каму што ўспаміналася. Тут
  заходзіць рыбак, увесь зацярушаны снегам, а крыссё і рукавы зусім уледзянелі.
  – Браточкі, кідайма скокі і спевы, – кажа, – гайда на возера, гэтулькі ляшчоў
  трапіла ў невад, што выцягнуць не дамо рады. Усім, як дапаможаце, аддзячым.
  Ледзь ён гэта сказаў, як нехта на печы ў цёмным кутку заенчыў вусцішным
  голасам:
  – Ах! Ах! Як шкада!
  І тут страшная пачвара вылецела за дзверы; спалохаліся ўсе бяседнікі; адны, молячыся, пайшлі купкамі ў адну дарогу па хатах, іншыя ж з рыбаком выправіліся
  хутка на возера. Але прыйшлі позна, бо шатан ужо зрабіў сваё; выцягнулі невад, як нажом парэзаны, а рыбы – ані кату.
  Стаяць задумаўшыся: усё зразумела. У гэтую хвіліну нехта кажа:
  – Не выйграе злы дух. Паслухайце мяне. Заўтра, адрапаруем як след сеці, папросім ксяндза, каб пасвянціў ваду і невад, а паслязаўтра з Божай дапамогаю
  закінем у тонь, і д’яблу не ўдасца вычварыць такую штуку, як сёння.
  Недалёка ад гэтага возера, на пагорку, стаяла пад саламянаю страхою
  рыбакова хата; уначы, калі ўся сям’я яго спала, рабіў рыбак нерат і, шчыруючы, думаў пра жахлівае здарэнне на возеры.
  Блізка ад яго хаціны шумеў лес, за сцяною выў вецер, а хутка лютая бура
  намяла вакол хаты высокія гурбы і вокны пазасыпала снегам. Чорны сабака, што
  ляжаў ля гаспадаровых ног, гырчаў, нібыта бачыў перад сабою злога духа, і
  рыбака апанавала нейкая няўцямная трывога. Чуе: нехта стукае ў вакно і
  крычыць:
  – Сусед! Сусед! Злітуйся! Дай мне свой вазок, бяда ў маёй хаце, мушу дзяцей
  сваіх завезці недалёка, толькі да сватавае хаты.
  – У такую буру, – сказаў рыбак, – калі і сабаку шкада за дзверы выгнаць, ты
  хочаш кудысьці з дзецьмі ехаць? Заходзь у хату, пагрэйся, пераначуй, заўтра гэта
  ўсё зробіш.
  – Не магу я на заўтра адкласці, бура мне не страшная. Толькі ты злітуйся, не
  адмаўляй. Вярну твой вазок да ўзыходу сонца і аддзячу як змагу.
  – Ну, то бяры, калі ўжо такая пільная патрэба.
  Адчыніў рыбак вакно, глянуў на панадворак, але ўжо не ўбачыў ані суседа, ані вазка, толькі вецер, гудучы, разносіў снежную замець. Здзівіўся, што той так
  хутка запрог каня і знік з вачэй.
  Седзячы на лаве, нейкі час думаў, якое няшчасце прычынілася ў суседа, што
  ён у самую поўнач і ў такую лютую буру мусіў выехаць са сваімі дзецьмі, і
  дзівіўся, што той хутчэй з’ехаў з вазком, чым ён паспеў адчыніць вакно. Так
  
  55
  разважаючы, патушыў агонь, лёг на лаве і заснуў.
  Кароткі быў сон у рыбака, бо яму і ў сне мроілася, што бачыць багаты ўлоў, які ў міг вока знікае з парванага нерата ў глыбіні возера. Усхапіўшыся з лавы, разбудзіў жонку, загадаў пагрэць яму сняданак, каб хутчэй выправіцца да сваіх
  таварышаў, а разам з імі – на возера.
  Выходзіць на панадворак, бычыць свой вазок, увесь уледзянелы, а ўсярэдзіне
  ляжыць велізарны лешч; глядзіць уражаны рыбак і не разумее: што за праява?
  Кліча жонку, сямейнікаў і апавядае ім, як апоўначы сусед выпрасіў гэты вазок, каб перавезці ў ім дзяцей да свата. Дзівіліся ўсе, але ніхто не разгадаў таямніцы.
  Як узышло сонца, сабраліся ўсе рыбакі, прыехаў ксёндз-плябан6, пакрапіў
  свянцонаю вадою нерат і возера. Сабраліся цікаўныя з блізкіх вёсак, усе чакалі, што з гэтага будзе. Занялі велізарную прастору пад лёдам, цягнуць нерат, і ўжо
  ўся сець наверсе, ды ніводнае рыбіны няма. Стаяць усе разгублена і маўчаць. І тут
  адзін рыбак з гэтага гурту расказаў, як нячысцік падмануў яго і пазычаў вазок, на
  якім, працуючы ўсю ноч, пэўна, перавёз усю рыбу ў нейкае іншае месца. Дык
  рыбакі забралі невад і разышліся па сваіх хатах.
  З таго часу ніводзін рыбак не закідаў сеці на гэтым возеры. Знядбанае
  людзьмі, зарасло яно ўсё багавіннем, пакрылася навекі зялёным імхом, і толькі
  свеціцца здалёк невялічкае вадзяное вакенца.
  – А ці не чуў ты чаго-небудзь, – кажа Завальня, – пра Глухое возера7, акружанае з усіх бакоў цёмным лесам, яно непадалёку ад тае рэчкі, што выцякае з
  Нешчарды і ўліваецца ў Дрысу? Кажуць, нават у самае добрае надвор’е ў тым
  возеры ніколі не бачаць ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там
  заўсёды вада каламутная, а ноччу можна пабачыць страшныя відмы. Расказваў
  мне адзін паляўнічы, што, палюючы на глушцоў, там заначаваў. Нібыта бачыў, як
  соўгаліся па берагах нейкія пачвары, бамбэлькі водныя ператвараліся ў доўгія
  постаці, накшталт велізарных стрэлак, і на вогненных крылах лёталі над вадою, а
  калі заспяваў певень у далёкай вёсцы, дык усе дзівы сталі туманам.
  – О! Добра ведаю гэтае возера, – сказаў Родзька, – і чуў я пра яго дзівосы, там
  і цяпер вусцішна; кабеты, часам збіраючы гуртам блізка ля тых берагоў грыбы ці
  ягады, стараюцца як найраней вяртацца дахаты, каб не спаткаў іх вечар у лесе, бо
  пасля захаду сонца смяецца там і енчыць нейкае страхоцце.
  Раскажу пану дзівы нечуваныя, але было гэта на свеце.
  Недалёка адсюль, на заходнім беразе Нешчарды, на ўзлобку, дзе і цяпер яшчэ
  стаіць маёнтак, жыў даўней пан З., вельмі багаты: усе гэтыя дзікія бары, аж да
  самых берагоў Дрысы, былі ягоныя. Тое Глухое возера ў цёмных лясах пачало
  ўжо зарастаць, ніколі там лодка не плавала, аніводзін рыбак не асмеліўся закінуць
  там сеці.
  Узімку пану З. заманулася на тым возеры паспрабаваць шчасця, а таму
  загадаў паклікаць старэйшага рыбака і кажа яму:
  – Заўтра збірай людзей, прывозьце нерат на Глухое возера і закідвайце там.
  Ад пракаветных часоў там ніколі не лавілі, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.
  – Нельга, – сказаў рыбак. – Хоць я ніколі і не лавіў там, але чуў, што ў многіх
  мясцінах ляжаць на дне таго возера карчы, дык вельмі лёгка можна папсаваць
  увесь нерат.
  
  56
  – Адкуль тыя карчы, калі там ніколі лесу не было? Заўтра, не верачы гэтай
  небывальшчыне, закінеш нерат.
  – То няхай пан перш загадае папрасіць ксяндза, – гаворыць рыбак, – каб
  пасвянціў нерат і возера, бо, прынамсі, – святая праўда! – нячысцік там ужо даўно
  пасяліўся.
  – Ды хіба ты яго калі бачыў, што пляцеш абы што?
  – Пане, запытайся ў людзей – кожны ведае, якія там бываюць дзівы ўначы: страшыдлы снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех, пасля захаду сонца
  адтуль самы смелы чалавек уцякае.
  – І слухаць не хачу вашыя забабоны дурныя. Заўтра, што б там ні было, лавіце рыбу.
  – Не пасвянціўшы ваду? – пытае рыбак.
  – Няма такое патрэбы.
  Заклапочаны рыбак пачухаў патыліцу і пайшоў павольна да вёскі. Аб’яўляе
  сваім таварышам панскую волю; сабраўшыся ў гурт, доўга гаманілі пра гэта, баючыся, каб не прычынілася якога няшчасця. Але трэба панскую волю выканаць.
  Наступнага дня прыехалі рабакі на Глухое возера і спыніліся пасярод
  невялікае круглае галявіны. Вакол – цёмны лес, густыя яліны і хвоі хіліліся пад
  цяжарам снегу, і здавалася, што белыя муры акружаюць гэтую мясціну. Тут
  улетку аніколі вецер не ўздымаў хваляў, а зімою – не кружыў снегу. Дзень быў
  хмурны, вакол панавала цішыня, рыбакі знялі шапкі, прачыталі пацеры, назначылі
  месца, дзе прабіваць палонку, і пачалі сваю працу.
  Кінулі нерат і, ужо цягнучы яго, пачулі шоргат пад лёдам, сыканне і нейкі
  дзікі піск, нібыта там тысячы гадаў грызліся між сабою. Агарнулі рыбакоў
  трывога і страх, мурашкі па целе пабеглі. Аднак, трымаючыся разам, не выпусцілі
  з рук нерат, цягнуць, надаючы адзін аднаму адвагі ды мяркуючы, што трапілася
  сціжма ўюноў. А як выцягнулі з вады ўвесь нерат – страх успомніць! – поўная
  сець маленькіх д’яблікаў. Крый Божа такіх і ў сне бачыць! Былі там нячысцікі
  накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, іншыя – як павукі, кожны з ката, іншыя
  падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Нельга апісаць усё гэтае
  страхоцце. Пацукі, яшчаркі, кажаны, краты поўзалі па лёдзе, качаліся па снезе з
  жахлівымі крыкамі, сыканнем і піскам. Даўмеліся рыбакі, што натрапілі на
  д’яблава кубло. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінулі нерат, а самі
  ўцяклі.
  – А ці лавілі асташы калі-небудзь у тым возеры?
  – І прадзеды не памяталі, каб хто-небудзь рыбаліў там.
  – Дык хто ж навёў туды злых духаў?
  – Пан ведае арганіста, з Расонаў, добры і разумны чалавек, дык ён часта
  апавядаў пра дзіўныя рэчы са святых ксёнжак – як некалі Бог стварыў гэты свет.
  Аднаго разу ў кірмашовы дзень запрасіў ён нас да сябе, сеў з намі за стол. Выпілі
  мы па кілішку гарэлкі, і ў размове пра сёе ды тое прамовіў нам гэтыя праўдзівыя
  словы, і я іх давеку не забуду. Сказаў ён так: “Вялікі грэх Адама, што паслухаў
  Еву, пакаштаваў яблык з забароненага дрэва. За гэта Бог пракляў зямлю. Але яшчэ
  большы грэх Каіна, які забіў свайго брата”. О! Як шмат намножылася каінаў, што
  забіваюць сваіх братоў. У тых дзікіх лясах ля Глухога возера было шмат
  
  57
  злачынцаў. Іх туды сабраў пан з розных канцоў свету. Кажуць, што былі там
  людзі і з такіх краёў, дзе нібыта ездзяць не на конях, а на сабаках, і не мелі яны ў
  сэрцы ні веры, ні Бога, ані любові да бліжняга. Доўга хаваліся яны каля гэтага
  возера, а таму і д’ябал там пасяліўся.
  – Але і пан З. быў чалавек нягодны, памыляўся, дзівак, праз сваю
  неадукаванасць. Аднак паны адкажуць перад Богам, бо не маюць веры; трэба
  было папрасіць ксяндза пасвянціць нерат і ваду ў возеры, дык не было б таго
  страху і праца не пайшла б намарна.
  – Вучаць нас ксяндзы і добрыя людзі, але іх словы як гарох ад сцяны
  адскокваюць, а таму і Бог не бласлаўляе, і жыць усё горай і горай.
  – А ў нашым возеры Нешчарда, – я перапыняю рыбака, – ці жывуць злыя
  духі, ці трапляўся які-небудзь табе?
  – Што ты, паніч, кажаш? Няхай Бог ад такога ратуе. Я заўсёды, выходзячы з
  дому і перад тым, як нерат закінуць, перажагнаюся і кажу пацеры. Так нас вучылі
  езуіты. А да таго ж на нашым возеры, хоць сям-там і лавілі асташы і, хаўрусуючы
  са злым духам, шмат вынішчылі рыбы, але д’ябал усюды не можа панаваць, – на
  берагах Нешчарды некалькі касцёлаў. Вясною ў ціхае надвор’е на досвітку няраз
  даводзілася закідаць мне нерат, дык бачыў, як касцёлы і крыжы паўсюль
  люстраваліся ў вадзе; а калі ў святы дзень зазвоняць на імшу, дык галасы званоў
  чуюцца над усім возерам, люд, што плыве ў чаўнах, жагнаецца і прамаўляе
  пацеры. У нас яшчэ, дзякуй Богу, шануюць святую веру, а д’ябал ад крыжа і
  малітвы ўцякае.
  – Гэта праўда, – сказаў дзядзька. – Нашыя сяляне вельмі розняцца з іншымі.
  Я няраз, едучы ў Полацак, спыняў коні і слухаў, як кабеты і мужчыны, працуючы
  ў полі, пяюць:
  
  О! Спасіцелю наш Пане,
  Едынэ сэрца кохане,
  Ручкі, очкі ў неба ўзносім,
  Одпушчэння грахоў просім 8 .
  
  Шчырасць такая расчуліць да слёз чалавека; але ах! Ці доўга гэта будзе
  трымацца? Зло ўсё шырэй распаўзаецца, і людзі, якія ведаюць, што дзеецца ў
  свеце, не прадказваюць добрага.
  Родзька ўздыхнуў, глянуў у вакно, узяў шапку і мех, у якім прыносіў рыбу.
  – Спяшаешся дадому, аднак яшчэ не позна, – сказаў Завальня.
  – Паставіў нерат і шнуры, мушу паглядзець, можа, даў што Бог, – вечар ужо
  блізка.
  – Калі што зловіш – прынясі яшчэ мне. Жыву пры дарозе, людзі, дзякуй Богу, да мяне заязджаюць.
  – Калі толькі Бог блаславіў маю працу, дык не забуду пра пана.
  Сказаўшы гэта, ён пакланіўся і пайшоў.
  – Люблю гэтага рыбака, – прамовіў дзядзька, – пачцівы ён чалавек і
  працавіты. Пабудзеш на яго востраве – адразу відаць, што жыве там чалавек
  гаспадарлівы і дбайны. Яго дамок (хоць не такі ўжо прасторны ды і саломаю
  
  58
  крыты) стаіць на ўзгорку ў маляўнічай мясціне, ёсць пры ім маленькі садок: яблыні і вішні. Вакол хаціны – усюды парадак і чысціня. Мае коней, кароў і
  авечак. Поле ўгноена, як сад. На лугах сакаўная трава. А непадалёку густы
  бярозавы гай. Летам у ціхае надвор’е – было гэта колькі разоў – я прыплываў да
  яго вострава. Ён быў рады, а жонка яго – надзвычай гасцінная кабета – частавала
  мяне, паставіла на стол выдатных ляшчоў, злоўленых таго ж дня і цудоўна
  прыгатаваных.
  – Шчаслівы чалавек. У яго там яшчэ не мінуўся залаты век. Ні з кім не
  дзеліць поле, ваўкі і мядзведзі не нападаюць на жывёлу.
  – Адна толькі нявыгада: у прызначаныя дні мусіць адбываць прыгон, пасылаць работніка ў чаўне і коні перавозіць праз возера; больш за чвэрць вярсты.
  
  
  КАВАЛЁВА АЎГІ НЯ
  
  Калі мы так размаўлялі, у пакой увайшла пані Мальгрэта, гаспадыня майго
  дзядзькі.
  – А-ёй! А-ёй! – завойкала яна. – Што дзеецца на свеце!
  Завальня глянуў на яе са здзіўленнем:
  – Ну што там такое ў цябе?
  – Жонка кавалёва прыйшла, Аўгіня; цуды расказала: успомніш – страх бярэ.
  – Прасі яе сюды, няхай і нам раскажа. Цікава паслухаць, якія там цуды на
  свеце.
  Заходзіць Аўгіня. Была гэта жанчына рухавая, гаваркая і кума ўсёй ваколіцы.
  – Пра якія ты там цуды апавядала пані Мальгрэце, што яна прыйшла сюды да
  нас, стогнучы ды войкаючы?
  – Ах, паночку! Яшчэ якія цуды, страх успомніць. Сёння толькі гэта я
  згатавала есці і засланіла печ, як заходзіць у хату жабрак, белы, як голуб. Сеў ён
  на лаве, прамаўляе пацеры. Паставіла яму на стол міску капусты. Калі пад’еў, пытаюся:
  – З якіх краёў паслаў Пан Бог дзядулю?
  – З далёкіх, – адказвае.
  – А што чуваць на свеце?
  – Навіны надта непамысныя, – кажа. – У аднаго багатага чалавека пачаліся
  нечуваныя дзівосы. Сын, як толькі нарадзіўся, сеў і гучным голасам закрычаў:
  “Дайце есці!” Перапалохаліся ўсе, аднак жа адрэзалі яму паўбохана хлеба, а ён, вокамгненна з’еўшы гэта, ускочыў і да дзвярэй. Там стаяла поўная кадзь вады.
  Ускочыў у яе і схаваўся пад вадою. Усе кінуліся ратаваць, а выцягнулі адтуль
  рыбіну. Паклалі яе на стале і, гледзячы на яе, доўга стаялі задуманыя. Пабеглі да
  ксяндза. Той ураз прыехаў і калі перажагнаў гэтую рыбіну, дык яна зноў
  ператварылася ў немаўля. Ахрысцілі яго. Той сын расце цяпер, але заўсёды
  халодны, як рыба. Старыя людзі кажуць, што калі прасіў есці, дык не хлеба трэба
  было даваць яму, а камень, бо будзе неўраджай і голад. І дрэнна, калі ён вырасце
  халодны, як рыба; а барані Божа, калі яшчэ разумны будзе – шмат бяды наробіць.
  – І ты верыш гэтаму? – спытаўся дзядзька. – То, пэўна, недзе адліваюць
  
  59
  званы, а каб былі гучнейшыя, і разняслі такія цуды па свеце. Ці можа немаўля
  перакінуцца ў рыбіну і расці халоднае, як навец?
  – Пане, ты кажаш – адліваюць званы; у нас у касцёлах усюды яшчэ званы
  цэлыя. Медныя так хутка, як гаршкі, не разбіваюцца.
  – Янка, ці даеш ты веры? – загаварыў Завальня да мяне.
  – Мне здаецца, дзядзечка, што такія фантазіі ствараюцца людзьмі ад смутку і
  заўсёдных пакутаў.
  – Можа, і так. Раскажы нам, Аўгіня, што яшчэ чуваць.
  – Варка Плаксуніха памерла.
  – Вечны спакой. Гэта рэч не новая: людзі нараджаюцца і паміраюць.
  – Але памерла па-хрысціянску. Паспавядалася і ўзяла прычасце. У Полацку, дзякуў Богу, яна перамянілася.
  – Хіба гэта была вялікая грэшніца?
  – О! Я ведаю ўсё. Як жыла яе маці, ды і яна (няхай ужо Пан Бог не памятае яе
  грахоў!) мела радзімы знак на вуснах, які шмат ёй шкодзіў.
  – Ты мусіш ведаць пра гэта напэўна, бо з табою ўсе шчыра гавораць.
  – Я ва ўсёй гэтай ваколіцы хрышчу дзяцей, тут усюды мае кумы, усе мяне
  любяць, кожная кабета радая са мною пагаманіць, дык я і ведаю ўсё: хто што
  робіць і як жыве. Маці Плаксуніхі была слаўнаю чараўніцаю. І няўжо пан пра гэта
  не ведае?
  – Нічога не ведаю. Раскажы мне пра маці і дачку.
  
  
  
  АПАВЯДАННЕ ПЯТАЕ.
  РАДЗІМ Ы ЗНАК НА ВУСНАХ
  
  – Маці гэтае Варкі звалася Праксэда. Жыла яна ў карчме за рэчкаю Дрысай
  непадалёку ад краснапольскага маёнтка. Яе мужык быў аканомам у адным
  невялічкім панскім фальварачку. Жыла Праксэда няблага; хоць карчма яе не была
  пры гасцінцы і вельмі рэдка хто-небудзь туды наведваўся, аднак яна хутка
  сабрала грошы, не сумавала, часта спраўляла новыя сукенкі і заўсёды хадзіла ў
  прыгожых уборах.
  Суседзі мелі падазрэнне, што Праксэда забірае малако ад кароў з суседніх
  вёсак, бо сама мела вельмі мала жывёлы, але прадавала масла і сыры ў горадзе. І
  вось па ўсёй ваколіцы разыходзіліся чуткі, нібыта яна апоўначы вешала белы
  ручнік на сцяне, падстаўляла вядро і з двух канцоў гэты ручнік даіла. Малако
  лілося ў посуд, і яна хутка напаўняла ўсе збанкі сырадоем.
  Колькі гаспадароў наважыліся напэўна ўсё даведацца і абвінаваціць яе перад
  панам. Дык яны запраглі ўвечары каня, едуць туды, мяркуючы, што зловяць
  Праксэду на гарачым, бо карчма была ад іх вёскі вёрст за шэсць. Але што за
  праява? Хоць дарогу ведалі так, што здавалася, кожны, заплюшчыўшы вочы, дайшоў бы, – блукалі да світання, не разумеючы, у які бок іх занесла. Як
  развіднела, убачылі, што ўсю ноч кружылі вакол карчмы, але знайсці яе не маглі.
  Змардаваўшы каня і не выспаўшыся самі, павярнулі дахаты.
  
  60
  Пасля, бо ад свайго так і не адступіліся, дамовіліся прыехаць да Праксэды
  перад захадам сонца. Купілі ў карчме гарэлкі, выпілі па кілішку і, нібыта ўжо
  моцна п’яныя, палеглі спаць на лавах. Аднак кожны пазіраў з-пад рукі, што
  карчмарка будзе чыніць апоўначы. Патушылі агонь, але поўнае цемры ў карчме
  не было, бо ў самае вакно глядзела поўня. Ім здавалася, што прайшло ўжо шмат
  часу, і, пачуўшы голас пеўня ў стадоле, вырашылі: поўнач ужо мінулася, дарэмна
  чакалі. Адзін падняўся, выйшаў на ганак і дзіўнае бачыць: велізарны певень на
  высокіх, як у жорава нагах, у нямецкай вопратцы і капелюшы, пяе, седзячы на
  драбінах. Спалоханы селянін вяртаецца ў карчму і апавядае пра ўсё гэта сваім
  таварышам.
  Яны запалілі святло, выйшлі, жагнаючыся, з карчмы, запраглі каня і
  заспяшаліся дамоў. Ля свае вёскі сустрэлі парабкаў, якія, толькі што
  павячэраўшы, гналі коней на начлег. Начлежнікі, паказваючы чырвоныя воблакі
  на захадзе, сказалі ім, што да поўначы яшчэ далёка.
  Хоць не ўдалося і другі раз злавіць Праксэду, як яна адбірае малако ў
  суседскіх кароў, але пайшлі да пана і расказалі пра ўсё, што з імі здарылася, і пра
  шатана, які спяваў, седзячы на драбінах, як певень. Аднак пан, аканом і іншыя ў
  маёнтку не далі ім веры ды яшчэ насмяяліся. Дык Праксэда, спакойна сабе
  жывучы, і займалася сваімі чарамі.
  Нарадзілася ў яе дачка. Ахрысцілі дачку Варкаю. Праксэда, як кажуць людзі, ані кладучы спаць, ані беручы з калыскі на рукі – аніколі не перажагнала сваё
  дзіця. А яшчэ – пра што без страху і прыпомніць нельга – быццам шмат хто з
  начлежнікаў бачыў, што калі Праксэда моцна спала, нейкі чорны карла з
  велізарнаю галавою, седзячы, калыхаў маленькую Варку і часта заглядаў ёй у
  вочы.
  Расла дзяўчына і ад году да году станавілася прыгажэйшая. Мела яна на
  вуснах радзімы знак, але гэта – як усе маладыя панічы казалі – не толькі не псуе
  яе, а, наадварот, надае прывабнасці; і чым больш радзімку хвалілі, тым хутчэй тая
  расла. Ды так, што ўжо матку папярэджвалі, а ці не сапсуе яна твар дзяўчыне?
  Але Праксэда не ўважыла на гэта, і той радзімы знак давёў маладзёнаў да
  няшчасця.
  Калі было ўжо Варцы шаснаццаць гадоў, праязджаў конна ўначы праз іхнія
  мясціны нейкі малады паніч. Ніхто не ведаў, хто ён быў і адкуль. Казалі, што твар
  яго заўсёды быў бледны, нос востры, доўгі, валасы, як шчацінне, чорныя і бы
  крумкачовыя пёры; погляд такі калючы, што цяжка вытрымаць, гледзячы яму ў
  вочы.
  Спадабалася яму Варка, дык ён часта завітваў у гэтую карчму, а Праксэда
  цешылася і мела надзею выдаць сваю дачку за шляхціца.
  Праз нейкі час радзімка на вуснах у Варкі яшчэ хутчэй пачала расці, а людзі
  ў вёсцы шапталіся між сабою, што, мусіць, той заезджы паніч яе пацалаваў.
  Васемнаццацігадовую Варку радзімка на вуснах, хоць была ўжо і вялікая, яшчэ не псавала, яшчэ падабалася хлопцам, і яна любіла, каб яе акружаў гурт
  залётнікаў, але ўсімі яна пагарджала, бо маці пераконвала дзяўчыну, што яна
  выйдзе замуж лепей, чым якая шляхцянка.
  Раскажу пану, што з гэтага аднаго разу атрымалася. Кахаў Варку адзін
  
  61
  малады чалавек, які служыў у пана лёкаем і лоўчым. Звалі яго Міхась. Ён пачуў, што нібыта дудар Ахрэм строіць кпіны з яго каханае: расказваў усім, што Варку
  злы дух пацалаваў, бо яна ніколі не жагналася, а таму і той знак на вуснах гэтак
  вырас.
  Абразілі лоўчага такія размовы, і пачаў ён шукаць нагоды, каб адпомсціць
  Ахрэму за зняважаны гонар каханае і гэтым заслужыць у маці і ў дачкі
  прыхільнасць.
  У нядзелю сабралася моладзь у Праксэдзінай карчме. Між імі – некалькі
  лёкаяў, і лоўчы прыйшоў з маёнтка. Адны паглядалі на дачку карчмаркі, захапляючыся яе хараством, іншыя – шапталіся між сабою і здзекліва называлі
  паненкаю. З’явіўся дудар Ахрэм. Вітаюць яго, садзяць на лаве, частуюць
  гарэлкаю. Ён у добрым настроі пачынае іграць і спяваць. Было там колькі
  маладых дзяўчат з суседняе вёскі, дык іх і Варку хлопцы запрашаюць у скокі.
  Сярод гэтае вясёлае забавы разбіўся без дай прычыны гаршчок, што стаяў
  высока на печы. Свісталі, нібыта нехта дзьмуў у рыльца, пустыя бутэлькі на стале, і ў кожным кутку што-небудзь падала на зямлю.
  – Ад вашых скокаў уся карчма трасецца, – бурчала Праксэда, збіраючы на
  падлозе розныя драбніцы, якія пазляталі з шафы.
  Тут знячэўку велізарны кот саскочыў з печы на дол. Убачылі гэта ўсе, пакінулі скакаць, а кот знік, быццам яго і не было.
  Дудар Ахрэм перапыніў маўчанне:
  – Не бойцеся, скачыце, гэта паніч жартуе. Ну, той, што бывае тут часта ў
  гасцях.
  Праксэда гнеўна зірнула на Ахрэма, нешта шапнула на вуха лоўчаму і
  пайшла ў маленькі пакой, які быў адасоблены перагародкаю.
  Не зважаючы на гэта, Ахрэм пачынае зноў граць і спяваць, але Міхась выбіў
  дуду з ягоных рук, кажучы:
  – Праўдзівы дудар – губы тоўсты, а галава пустая.
  Разгневаны дудар глянуў на яго з пагардай:
  – А ты, – кажа, – праўдзівый панскій лакей: сам нізкій, лоб слізкій, нос
  плоскій – толька што тарэлкі лізаць.
  Лоўчы хацеў даць яму поўху, але Ахрэм перахапіў руку. Умяшаліся іншыя
  госці ў гэтую зваду, адцягнулі Міхася, пераконваючы яго, што дудар, адурманены
  гарэлкаю, сказаў тое, пра што пасля, калі шал той выйдзе з галавы, будзе
  шкадаваць. Але Праксэда пагражала, што гэта яму проста так не пройдзе, заплаціць яшчэ за тое, што зняважыў дачку.
  Дудару ўсе раілі маўчаць, бо доўга спрачацца небяспечна, і каб лепей ішоў
  дадому.
  Паслухаў Ахрэм. Дуду пад паху, шапку ссунуў набакір, заспяваў песню і
  выйшаў за дзверы. Іншыя бавіліся там яшчэ доўга, стараючыся супакоіць
  Праксэдзін гнеў і Варчын смутак.
  Апоўначы адзін за адным госці выходзілі з карчмы, і кожны чуў дарогаю, што ў густым лесе бесперастанку грае нехта на дудзе. Усе дзівіліся, не ведаючы, што гэта значыць: якім чынам і з кім Ахрэм трапіў у той дзікі гушчар.
  Ноч была ціхая і пагодлівая, голас дуды чуцён далёка, рэха адзывалася па
  
  62
  ўсёй ваколіцы, у вёсках не змаўкаў сабачы брэх. Гаспадары выходзілі з хат, маракавалі: ці то лясун завабіў дудара ў тыя гушчары, ці то колькі п’яных гуляе, не памятаючы, што заўтра панядзелак і трэба рана ўставаць.
  Калі на ўсходзе пачало світаць, начлежнікі, якія былі там з коньмі
  непадалёку, чуючы, што музыка ў лесе не спыняецца, вырашылі пайсці на голас
  дуды і пабачыць, што там дзеецца. Прыходзяць у цёмны яловы гушчар: сядзіць на
  спарахнелай калодзе Ахрэм, іграе на дудзе і не чуе, што прыйшлі людзі. Адзін
  начлежнік кладзе яму руку на плячо і кажа: “У імя Айца і Сына! Што з табою
  зрабілася, каму ты граеш усю ноч у гэтым лесе?” Ледзь сказаў ён гэта, дуда
  выпала ў Ахрэма з рук, і сам ён увесь здранцвеў, твар пачарнеў, слова вымавіць не
  можа.
  Начлежнікі ўзялі яго пад рукі, вывелі з лесу і, пасадзіўшы на каня, завезлі
  дадому. Доўга дудар быў хворы, а пасля пра тое здарэнне так апавядаў:
  “Калі выйшаў з карчмы і, спяваючы, вяртаўся дахаты, сустрэў мяне на дарозе
  нехта нібыта знаёмы, голасам і постаццю зусім падобны да кума; і так пачаў
  размову:
  – Адкуль і куды ты ідзеш?
  – Быў у Праксэдзінай карчме, а цяпер вяртаюся дадому.
  – Так рана ідзеш дадому? Можа, табе там было сумна? І Варка табе ўжо не да
  сэрца? Пекная дзяўчына, а радзімы знак на вуснах больш ёй пасуе, чым жомчуг
  багатым паненкам.
  – Ат, куме, пляцеш ты лухту, – сказаў я, – нейкі там паніч выдумаў, што
  радзімка прыгожая, дык і іншыя паўтараюць, але ўбачыш, што будзе пасля: яна
  вырасце і так ёй сапсуе твар, што ніхто потым і глянуць не захоча.
  – Ай, куме, які ты дзіўны, адкуль ты ведаеш, што радзімка сапсуе твар?
  – Сказаў бы табе, ды баюся. Лоўчы Міхась, што кахае яе, – шалёны чалавек, хацеў мяне біць за праўду, і Праксэда так наляцела, што мусіў уцякаць з карчмы.
  – Якую ж ты ім праўду сказаў?
  – Не кажы толькі, куме, нікому: сказаў я, што яе д’ябал пацалаваў.
  – Ха-ха-ха! Дзівак!
  Так размаўляючы, дайшлі мы да вёскі; у кумавай хаце гарыць святло і поўна
  гасцей; запрашаюць мяне зайсці, там шмат моладзі і прыгожа ўбраных дзяўчат – у
  косах шырокія стужкі размаітых колераў, на шнуроўках свецяцца срэбныя і
  залатыя гафткі; круглыя румяныя твары, чорныя бровы, агністыя вочы. Здзіўлена
  пазіраю на іх. Кум просіць мяне сесці на лаву, частуе гарэлкаю, дае на прыкуску
  блінцоў, Акружылі мяне дзяўчаты і, ласкава гледзячы ў вочы, просяць, каб які
  вясёлы танец ім зайграў. Адмовіць няма як. З імпэтам граю і прытупваю; кружыцца кола танцораў. Граў ноч навылёт, а мне здавалася – не больш за
  гадзіну. Але калі начлежнік паклаў мне руку на плячо і прамовіў “У імя Айца і
  Сына”, дык дом, кум і ўсе госці імгненна зніклі, і я ўбачыў, што сяджу на гнілой
  калодзе. Ад знямогі ды ад страху здранцвеў увесь”.
  Зразумеў Ахрэм, што ўчынілі над ім гэта з намовы лоўчага Міхася, а таму
  вырашыў адпомсціць. Знайшоў нейкага чалавека, хто ўмеў не менш за Праксэду, і
  ўпрасіў, каб сілаю сваіх чараў шкодзіў Міхасю на паляванні; і праўда, лоўчы з
  таго часу за колькі крокаў у дзікага звера ніколі не мог пацэліць, і за гэта кпілі з
  
  63
  яго і ён ласку страціў у пана.
  – І як жа, урэшце, скончылася тая іх узаемная нянавісць? – пытае Завальня.
  – Вельмі дрэнна. Міхась – помслівы чалавек. Ішоў з палявання з пустой
  торбаю, спаткаў Ахрэма; пачалася між імі звада, і ён прастрэліў дудару правую
  нагу. Той ледзь не памёр ад гэтае раны.
  Хутка пасля таго лоўчы захварэў, змарнеў зусім, счарнеў, як труп. У маёнтку
  доктар штодзённа даваў яму лекі, але гэта не памагло. Памёр. А людзі рознае
  гадалі пра тое. Адны казалі, што яго ў магілу звялі сухоты, другія апавядалі, нібы
  паднеслі яму нешта ў напоі. Няхай Бог рассудзіць на тым свеце.
  – Гэх, – сказаў дзядзька, – паны не дбаюць, каб іх людзі былі пабожныя і
  жылі ў згодзе, як браты. Адкажуць яны перад Панам Богам! Як жа можна было
  дапусціць лоўчага і дудара да такое нянавісці і да лютае помсты? Ну, Аўгіня, кажы далей пра Варку.
  – Той паніч, пра якога я гаварыла, што наязджаў у Праксэдзіну карчму, цяпер
  ужо не з’яўляўся, і не ведаюць, хто ён і адкуль. Іншыя ж, што хвалілі яе хараство, што захапляліся радзімым знакам на вуснах, зусім пакінулі хадзіць у карчму, баючыся варажнечы дудара з лоўчым. Радзімка праз колькі гадоў зрабілася такая
  вялікая, што ўжо псавала твар.
  Суседзі гаманілі між сабою: цяпер, мусіць, Варка не выйдзе замуж, будзе
  перастаркам пры маці, хто яе возьме? Не такая прыгожая, як была калісьці, і слава
  кепская пра яе далёка разышлася па свеце. Пры самой Варцы, насміхаючыся з яе, паўтаралі: “Чакай, паненка, шляхціца, прыедзе ў шыкоўным экіпажы да цябе ў
  сваты”. Дзяўчына пасля такіх з’едлівых слоў заўсёды маркоцілася, а ўпотай
  плакала.
  Аднойчы ўзімку полацкаму мешчаніну Якубу Плаксуну, багатаму чалавеку
  (можа, пан і ведае яго драўляны дом ля самае Палаты, дзе мураваны слуп са
  стодам святога Яна), што ездзіў па вёсках і скупляў лён, надарылася быць у тым
  краі, дзе жыла Праксэда, і на колькі дзён спыніцца ў яе ў карчме. Убачыў ён
  Варку і вельмі яе ўпадабаў. Пасватаўся да дзяўчыны і не адмовілі яму, бо чалавек
  ён малады, мае свой дом, душою добры і сам сабе гаспадар.
  Плаксун, атрымаўшы згоду, едзе ў маёнтак, абвяшчае пра свой намер пану, аддае за Варку выкуп. Пан ахвотна згаджаецца, а чэлядзь, здзекліва паглядаючы
  на яго, так размаўляла між сабою: “Якое адпаведнае мае прозвішча. Ажэніцца –
  заплача горка і будзе тады сапраўдны Плаксун. Дзіўны чалавек: жэніцца з дачкою
  злое кабеты, а дзяўчына яшчэ з радзімым знакам на вуснах, які нічым не змыеш; ён і цяпер вельмі псуе яе”.
  Хутка гэтая вестка ўжо грымела па ўсёй ваколіцы. Дзівячыся, апавядаў сусед
  суседу пра гэтую неспадзяванку; пайшлі розныя абгаворы і прыдумкі; але
  найчасцей меркавалі людзі так: Праксэда чарамі наважыла дачку ашчаслівіць, напэўна, паднесла мешчаніну зелля ў напоі ды запаліла ў ім такую прыхільнасць
  да гэтае дзяўчыны. Некаторыя, што зайздросцілі Варчынаму шчасцю, дрэнна
  гаварылі пра яе нарачонаму, прадказваючы вялікую бяду. Але ён так кахаў Варку, што нікому не хацеў даваць веры.
  Прыехаў Плаксун у Полацак і, не адкладваючы свайго намеру, ідзе ў кляштар
  да езуітаў. Яго спавядаў ксёндз Буда, якога Плаксун найбольш шанаваў і з якім
  
  64
  заўсёды раіўся.
  – Як маешся, Якубе? – спытаўся ксёндз. – Даўно цябе не бачыў, пэўна, па
  гандлёвых клопатах ездзіў некуды?
  – Узімку рыхтуемся да вясны, каб было чым нагружаць стругі, як Дзвіна
  вызваліцца ад лёду.
  – То праўда, – прамовіў ксёндз Буда. – Дык, значыцца, закупіў ільну, бо
  ведаю, што найчасцей яго возіш у Рыгу. Не думаю, каб высокая была цана на гэты
  тавар. Чуў я ад ксяндза-пракуратара1, што ў Альбрыхтове і ў іншых нашых
  маёнтках у Полацкім павеце лён вырас вельмі добры.
  – Дзякуй Богу. Мяркую, што ў гэтым годзе за такі тавар і плаціць будуць
  добра. Але от! Яшчэ мушу, ойча, паведаміць: шукаючы тавару, знайшоў і жонку.
  Купіў і тое і другое.
  – Віншую! Дык ты ўжо жанаты?
  – Не, дабрадзею. Толькі заручаны. Яна прыгонная, і я заплаціў грошы, каб
  выкупіць яе. Вельмі падабаецца мне гэтая дзяўчына, спакойны і лагодны характар
  мае.
  – Віншую, – кажа ксёндз. – Спакойны і лагодны характар – гэта добрая
  якасць. А што была прыгонная, дык гэта ні ёй, ні табе аніякае ганьбы не робіць.
  Не высокае нараджэнне павялічвае дабрачыннасць чалавечую, а сумленнае і
  цнатлівае жыццё.
  – Мушу прызнацца, ойча, – сказаў Плаксун, – турбуюся я, што шмат у яе
  непрыяцеляў. Бог ведае чаму кажуць, нібыта яе маці – чараўніца, і дачка таксама –
  штораз болей – са злым духам знаецца. Ці можна, ойча, верыць гэтай лухце? Я ў
  карчме ў яе маці, Праксэды, жыў цэлы тыдзень і нічога такога не заўважыў.
  – То праўда, – сказаў ксёндз, – што людзі грэшнікаў раяць забіваць камянямі, забываючы, што сказаў Хрыстос: “Няхай кіне камень той, хто без граху”. Але
  нельга і людзям пярэчыць, што няма чараў на свеце. Аднак таму, хто просіць
  Бога, няма чаго баяцца. Памаліцеся з нарачонаю перад шлюбам і паспавядайцеся.
  Я цябе бласлаўляю і аддаю пад Божую апеку. Вось два абразкі Божае Маці; яны
  пасвянцоныя і маюць здольнасць адпускаць грахі. Адзін табе, другі тваёй будучай
  жонцы. Жывіце з Богам, і Бог вас не пакіне.
  Плаксун, атрымаўшы блаславенне ад свайго спаведніка, загадаў пашыць
  ядвабную сукенку нарачонай, накупляў ёй дарагіх хустак і каснікоў, наняў
  гарадскіх музыкаў, запрасіў шмат сваіх знаёмых і сяброў і вось з багатымі
  дарункамі і дружынаю прыязджае да Варкі.
  Бацькі, якіх пан вызваліў ад работы на дзень вяселля, і дачка сустрэлі яго з
  невыказнаю радасцю. Плаксун паднёс Варцы шыкоўныя падарункі і абразок, якім
  блаславіў яго ксёндз Буда. Прыняла дзяўчына ўсё гэта з удзячнасцю, бо шчыра
  ацаніла яго прыхільнасць.
  Назаўтра маладыя перад шлюбам выканалі старанна ўсё, што ксёндз радзіў.
  Пачынаецца шумнае вяселле. Прыйшло колькі гаспадароў з суседніх вёсак, чэлядзь вызвалілі ад працы, і іншыя цікаўныя з блізкае ваколіцы сабраліся на
  бяседу. Усе задумліва пазіралі на Варку; багата ўбраная, прыгожы твар, а радзімы
  знак на вуснах зрабіўся такі маленькі, што ледзь яго ўбачыць можна.
  Зайграла музыка, моладзь скача, п’юць віно за здароўе маладых, зычачы ім
  
  65
  багацця, шчасця і доўгага веку.
  Не спынялася вясёлая забава да позняе пары. Ноч была спакойная, і на
  чыстым небе свяціліся ўсе зоркі. Апоўначы чуюць госці, як ляснуў моцна бізун.
  Глянулі ў вакно: спынілася каля карчмы карэта – шэсць чорных коней, на козлах –
  фурман, ззаду – лёкаі ў багатых ліўрэях. Выбягаюць Плаксун і Праксэда з
  мужыком. Імгненна на вачах ва ўсяе грамады коні, карэта і лёкаі зніклі. Уражаныя
  вяртаюцца ў карчму Плаксун з цесцем, Праксэда ж – неспакойная, бледная, як
  нябожчыца. І тут бачаць людзі, што ў вакно пазірае нейкая пачвара. Усіх гасцей
  агортвае жах. Дрыжыць бедная Варка, збялела, ледзь прытомная.
  – Супакойся, – суцяшае яе мужык, – Бог апякуецца намі. – І просіць гасцей, каб весяліліся, не зважаючы на гэтыя цуды і страхі.
  Лютая бура завыла за сцяною, задрыжала ўся будова. Віхор сарваў дах з
  карчмы. І не пра весялосць думалі ў той час, а шапталі, стоячы, малітвы. Госці з
  суседніх вёсак, як толькі пачало світаць, вярнуліся дамоў, а Плаксун з жонкаю, цешчай і ўсім сваім почтам выехаў у Полацак.
  Пакінутая без даху карчма і сёння стаіць пустая. Праксэда, як атрымала волю
  ад пана, жыла пры дачцэ і, кажуць, зусім перамянілася: зрабілася пабожнаю, кожны дзень слухала святую імшу, адбывала рэкалекцыі, выконвала ўсе
  рэлігійныя абавязкі; там, у доме Плаксуна і памерла.
  А вось цяпер пачула я, што і Варка памерла. Ах! Яе ўсе любілі ў Полацку.
  Яна была надзвычай ціхая, з добрым сэрцам; аніводзін убогі не пакінуў яе дом без
  дапамогі і ўцехі. Радзімы знак, які быў у яе на вуснах, зусім знік, і, кажуць, была
  Варка прыгожая, як анёл.
  Але, паночку, гаворачы, і не заўважыла, як звечарэла. Познім часам мушу
  вяртацца дахаты.
  – Цяпер вечар ціхі і ясны. Няма чаго баяцца, – сказаў Завальня. – Ды і дахаты
  не будзе больш за вярсту.
  – Маю я просьбу. Пан людзям дапамагае, дык, мусіць, і мне сёння не
  адмовіць.
  – Блізкім сваім дапамагаць – абавязак хрысціянскі.
  – Хутка Каляды, а так здарылася, што не маю цяпер ані каліва жыта. Будзь
  ласкавы, дай хоць колькі гарцаў2. Прыйдзе вясна – спатрэбяцца гаспадарам лемяхі
  і іншыя жалезныя прылады: мой мужык зробіць, і заплацім пану. Або ў якой
  патрэбе адслужым.
  – Ахвотна. Твой мужык – чалавек добры і старанны. Пані Мальгрэта, загадай
  даць Аўгіні чацвярык3 жыта, гарнец ячных круп і гарнец гароху. Гэта вам на
  куццю.
  Каваліха пакланілася дзядзьку і пайшла з паняй Мальгрэтай у спіжарню.
  
  
  СЛЯПЫ ФРАНЦІ ШАК
  
  Цёмна на панадворку. Неба высыпана зоркамі. Ціхамірна стаяць аснежаныя
  дрэвы. Толькі часам мароз стукае за сцяною. Мой дзядзька, нібы чакаючы каго, паглядзеў у вакно і, павярнуўшыся да мяне, сказаў:
  
  66
  – Добрае надвор’е. Мне здаецца, што гасцей у нас сёння не будзе, дык ты, Янка, успомні што-небудзь са сваіх вучоных апавяданняў. Цяпер ноч доўгая, можна выспацца, перш чым засвеціць заранка.
  Падалі вячэру. Яшчэ седзячы за сталом я думаў, корпаючыся ў памяці, пра
  розныя падзеі старажытнае гісторыі: выбіраў тыя дзіўныя здарэнні, якія былі б
  дзядзьку пад густ.
  Пасля вячэры, ходзячы, як звычайна, па пакоі, ён прачытаў вячэрнія малітвы
  і, кладучыся ў ложак, запытаўся:
  – Пра якіх жа багоў і багінь ты раскажаш мне зараз?
  – Раскажу, дзядзечка, пра заснаванне горада Рыма.
  – Ці не пра той Рым, дзе жыве яго святасць? О! Гэты сказ мусіць быць
  прыгожы і цікавы.
  – Пра той самы.
  – Дык кажы, буду ўважліва слухаць.
  Я расказаў спачатку, што рымляне паходзяць ад траянцаў. Пасля пачаў ад
  Прока1, караля албанцаў, расказаў пра Амулія і Нумітора2, пра Рэю Сільвію, што
  яна, будучы вясталкаю3, мела ад бога вайны Марса двух дзяцей-блізнят Ромула і
  Рэма; як гэтых блізнятаў паклалі ў кошык і плылі яны па рацэ Тыбр, і калі хваля
  выкінула іх на бераг, дык, пачуўшы плач немаўлят, прыбегла ваўчыца і карміла іх
  малаком, нібы сваіх дзяцей.
  Дзядзька здзівіўся, што ваўчыца мела літасць і прыхільнасць да дзяцей, і
  сказаў, перапыняючы апавяданне:
  – І даўней мусілі быць ваўкалакі. Пэўна, гэтая ваўчыца спярша была кабетаю
  і мела чалавечую душу, бо адкуль бы ў яе ўзялася такая любоў і літасць? А можа, і
  цуд стварыў Бог міласэрны для нявінных дзяцей.
  Я расказваў далей, як знайшоў іх Фаустул4, як яны выраслі сярод пастухоў, а
  пасля збудавалі Рым на тым самым месцы, дзе рака выкінула іх на бераг.
  У гэты момант забрахалі сабакі, і нехта пачаў стукаць у браму. Прыбягае
  парабак і паведамляе, што прыехаў сляпы Францішак.
  Дзядзька мой хуценька ўстаў з пасцелі і толькі запаліў святло – заходзіць
  Францішак, праваю рукою трымаецца за павадыра, а леваю – пастуквае кіем
  перад сабою, каб за што не зачапіцца.
  – Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, – сказаў сляпы, пераступаючы
  парог. – А ці дома пан Завальня?
  – Дома, дома, – адказаў дзядзька. Ён з вялікай радасцю вітаецца з ім, сам
  здымае з яго цяжкія зімовыя апранахі, запрашае прысесці. Адразу загадвае
  выпрагчы каня, даць яму аўса, а чалавека, які вёз сляпога, напаіць гарэлкаю і
  накарміць. Таксама паслаў да пані Мальгрэты, каб хутка згатавала госцю вячэру.
  – У якіх краях ты быў? Здаецца, ужо больш за паўгода не бачыліся. Знаёмыя
  няраз успаміналі пра цябе, паўтараючы такія словы: “Дзе цяпер наш Францішак?
  Далёка недзе заехаў. Хай бы ён сустракаў усюды добрых, ласкавых людзей, і каб
  не давялося зазнаць гора ў далёкім падарожжы!”
  – Усю Беларусь і частку Інфлянтаў5 аб’ехаў. Сустракаў і сардэчны прыём, і
  пагарду людскую, чулыя сэрцы і каменныя.
  – Інфлянты – край шчаслівы. Зямля лепш родзіць, чым у нас. Там, кажуць, і
  
  67
  паны багацейшыя, маюць пекныя палацы, і тытулы ў іх – бароны ды графы.
  – Я – сляпы. Я не бачыў іхніх пышных палацаў. Ведаю толькі, што там
  багатыя паны не любяць размаўляць з беднымі людзьмі. А ўбогі за сваё жыццё не
  пачуе іхняга слова.
  – Ах, як гэта цяжка, калі чалавек вымушаны прасіць дапамогі ў тых, хто не
  разумее, што ёсць пакуты на свеце.
  – Але я ўжо больш не паеду далёка, – сказаў Францішак. – Дзякуй Богу, маю
  дабрадзеяў і ў гэтых краях. Вось пан Б. падараваў мне выспу ў сваім маёнтку на
  возеры Рабло. Там у мяне дамок, сад і маленькая гаспадарка. Мне хопіць. Там і
  косці мае знойдуць спачын.
  – А! Ведаю тое возера, быў некалькі і на той выспе, – сказаў Завальня. – І
  тады яшчэ бачыў хаціну на пагорку. Вакол хвоі шумелі і хвалі на возеры. І хоць
  краявід там нейкі змрочны, аднак мне вельмі падабалася.
  – Хваляць тыя мясціны, але мяне – сляпога – гэта не цешыць. Шум лясоў і
  вады наводзяць на мяне журботныя ўспаміны.
  Доўга яшчэ мой дзядзька размаўляў з Францішкам.
  Нарэшце падалі вячэру. Ён падвёў сляпога да стала і, сеўшы ля яго, стараўся, каб госцю ўсяго хапала.
  Пасля вячэры ён загадаў прынесці ў пакой ложак і паставіць ля сваёй пасцелі.
  Пасля ўзяў мяне за руку, падвёў да сляпога, расказаў яму, што я скончыў школы ў
  ксяндзоў езуітаў, пахваліў гісторыі, якія я яму апавядаў, адно што цяжкія імёны
  паганскіх багоў і іх нельга запомніць. Затым папрасіў Францішка, каб і ён
  расказаў што-небудзь.
  – Не доўгі будзе мой расказ, але цікавы, – сказаў сляпы. – Пра дзіўную
  кабету, якую бачылі ў розных мясцінах Беларусі. Раскажу, што чуў ад людзей, якія казалі мне, што нібыта бачылі яе зблізку.
  
  
  АПАВЯДАННЕ ШОСТАЕ.
  ПЛАЧ КА
  
  Кабета тая незвычайна прыгожая. Вопратка яе – белая, як снег, на галаве –
  чорны ўбор, і чорная хустка накінута на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і
  ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слёзы. Яна
  з’яўляецца найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. Бачылі яе
  таксама пад дрэвамі або пасярод поля. Пасля захаду сонца яна сядае на камені, наракае на лёс жаласным голасам і заліваецца слязьмі. Кажуць, тыя, хто
  набліжаўся да яе, чулі такія словы: “Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!”
  Калі я ехаў з Полацка, на папасе апавядаў мне карчмар, што там блізка ад
  дарогі, за бярозавым гаем стаіць пустая хата. Ля яе быў адно невялікі вішнёвы
  садок. Жыў там даўней селянін, якога з усёй радзінаю выслалі паны кудысьці
  далёка, забраўшы ў яго некалькі кароў і коней.
  Ішоў там убогі сляпы, якога вёў маленькі хлопчык. Пачуўшы ў тым доме
  журботны спеў, яны падумалі. што там ужо нехта жыве. Дык ідуць туды
  жабраваць. Заходзяць у хату, сляпы заспяваў песню: “О! Спасіцелю, наш Пане”1.
  
  68
  – Дом без дзвярэй і вакон, ніхто тут не жыве, – сказаў хлопчык сляпому. –
  Дарэмна толькі звярнулі з дарогі.
  Але тут пасярод хаты з’явілася кабета ў жалобнай вопратцы і са смутным
  тварам.
  – Маліцеся! – кажа. – Усюды ёсць Бог, які будзе вам дапамагаць.
  Яна кінула жменю срэбраных манет сляпому ў шапку і вокамгненна знікла.
  Гэты ўбогі, ходзячы ад хаты да хаты, паказваў тыя грошы, на якіх з аднаго
  боку былі ваявы каралёў, а з другога – Пагоня2.
  Непадалёку ад дарогі, калі едзеш на Віцебск, стаіць пустая капліца. Там, пасля захаду сонца, бачылі, што яна плакала, седзячы на парозе, і яе маркотны
  голас далёка адзываўся.
  Рознае думалі людзі пра гэтую Плачку. Адны баяліся, што яна вяшчуе нейкае
  вялікае няшчасце, вайну, паморак або голад ва ўсім краі.
  Па вёсках старыя людзі гаварылі між сабою пра гэтую кабету, заўсёды
  прадказваючы нешта дрэннае. Некаторыя ж з маладых мелі зусім іншую думку.
  Яны даводзілі, што там, дзе з’яўляецца Плачка, напэўна, скарб у зямлі. І ўся
  ваколіца ўпадабала гэтую думку.
  На канцы тае вёскі жыў убогі чалавек, які даўней абышоў увесь свет.
  Вярнуўшыся да свае сям’і, жыў толькі з міласціны. Ён часта паўтараў усім:
  – Браты! Слёзы і нараканні гэтае жанчыны абяцаюць вам не золата і срэбра.
  Кабета плача на парозе забытае вамі святыні. Вы думаеце толькі пра багацце, а
  вас чакаюць беднасць і пакуты.
  Аднаго дня, пасмяяўшыся са слоў гэтага старога. вырашылі: калі ўсе будуць
  спаць, ісці туды і выкапаць з зямлі скарб.
  Старая капліца была за чатыры вярсты ад вёскі. Дык колькі маладых сялян, узяўшы з сабою струмант, борзда выправіліся туды, каб пачаць свае пошукі
  раней, чым заспявае першы певень.
  Прыйшлі на месца. Змрочны выгляд тае ваколіцы наводзіў на іх неспакой і
  страх. Непадалёку шумеў густы яловы лес, там маркотна вухала сава, і месяц
  вельмі рэдка паказваўся з-за чорных хмараў. Капліца, нібы магільны помнік, стаяла на пагорку ў засені бяроз.
  Шчыравалі ўсю ноч. Выкапалі глыбокія ямы ў некалькіх мясцінах, але
  знайшлі толькі спарахнелыя дошкі ды чарапы. Зразумелі, што былі тут калісьці
  могілкі, хоць і не ацалела на паверхні знакаў, апрача некалькіх ледзь прыкметных
  абымшэлых камянёў.
  Улетку ноч кароткая. Вось ужо на ўсходзе пачынае ружавець ранак. Шукалі
  дарэмна. Дык засыпалі ямы і вяртаюцца дахаты.
  Узыходзіла сонца. Заспяваў у небе жаўрук, і імгла ўжо знікла. Бачаць перад
  сабою недалёка ад дарогі ля кустоў ляшчыны – стаіць Плачка, тварам на ўсход. У
  яе руках ветрык матляе яркую стужку, тая трымціць у паветры, як бліскавіца.
  Толькі адзін з іх сказаў: “Пайшлі смела да яе” – прывід імгненна знік.
  На тым месцы, дзе стаяла Плачка, з’явілася на галіне велізарнае асінае
  гняздо. Жамярыцы, што заляталі і выляталі з гэтага гнязда, снавалі ў ранішніх
  сонечных прамянях, нібы залатыя іскры.
  – Паслухайце мае рады, – сказаў адзін з іх. – Мы абвяжам асінае гняздо
  
  69
  хусткаю. Прыйдзем да старога, разбудзім і скажам, што ля капліцы выкапалі
  скарб і частку ахвяруем яму. А калі ўстане з пасцелі, укінем яму ў вакно асінае
  гняздо. Няхай ашалее стары.
  Усе пагадзіліся. Разбудзілі старога, укінулі ў хату асінае гняздо, а самі, смеючыся, уцяклі.
  Дзіва нечуванае! Стары бачыць перад сабою рассыпанае на зямлі золата. І
  калі ён здзіўлена глядзеў на гэта, кажуць, з’явілася перад ім кабета, тая самая, што
  плакала на парозе старое капліцы, і сказала:
  – Бяры палову гэтага скарбу сабе, а другую – раздай убогім. Бог дапамагае
  маім пакутным дзецям.
  Сказаўшы гэта, яна ўмомант знікла.
  У Інфлянтах жа было такое здарэнне. У маёнтку пана М. узвышаліся руіны
  нейкага старажытнага замка. Кажуць, што ў пракаветныя часы быў там горад, бо
  цяпер паводка размывае часам пясок і дастае да падмуркаў старажытных камяніц.
  Там часта знаходзяць шкляныя або ржавыя жалезныя рэчы, што даўней рабілі
  дзеля аздобы, абломкі зброі, а зрэдчас медныя або срэбныя грошы, што вякамі
  ляжалі ў зямлі.
  Сюды штовечар, пасля захаду сонца, прыходзіла Плачка. Яна вешала на
  руіны вянкі польных красак, садзілася на камень і, заломваючы рукі, залівалася
  слязьмі. Не адзін прахожы, чуючы здалёк яе нараканні, смутны вяртаўся дадому і
  апавядаў пра гэта іншым.
  Былі і такія цікаўныя, што, чуючы лямант дзіўнае кабеты, падышлі ў
  вечаровым змроку да яе і са слоў, якія пачулі, зразумелі, што нейкая нешчаслівая
  маці плача па сваіх дзецях. Але толькі надумалі ісці да яе і запытацца, хто яна і
  якая напаткала яе нядоля, ужо больш не бачылі яе і голас не адзываўся да
  наступнага вечара.
  Не зразумеў ніхто, што гэта такое. Цьмяныя здагадкі хадзілі па наваколлі.
  Усюды гаварылі пра яе толькі як пра дзіўную камету, што з’яўляецца на небе ў
  выглядзе вогненнае мятлы. Хацелі даведацца, дзе яна жыве і адкуль прыходзіць, але ўсё марна. Нібы які дух, апускалася яна на зямлю і знікала ў паветры.
  Кажуць, што і сам пан М. не пярэчыў гэтым дзіўным апавяданням, бо і ён
  таксама сустрэў яе аднаго разу, вяртаючыся позняй парою дахаты, і чуў, як
  плакала яна на руінах замка. Не разумеў пан гэтае праявы, аднак, разважаючы, паверыў тым людзям, якія думаюць усё жыццё пра выгоду, хочуць, каб таямнічы
  дух спяваў ім толькі пра золата і срэбра і паказваў скарбы, схаваныя ў зямлі. Дык
  паклікаў пан аканома і такі даў яму загад:
  – Збірай людзей, і заўтра пачынайце капаць на замкавых руінах. Там у зямлі
  мусіць быць золата, бо як іначай растлумачыш тую праяву? Пэўна, Плачка хоча
  паказаць нам нейкія скарбы, якія ўзнагародзяць нас за гэтую працу.
  – Я чуў словы тае Плачкі. Яна аплаквала смерць нейкіх нешчаслівых дзяцей, а пра скарбы, схаваныя ў зямлі, і не ўспамінала. Гэтая таямніца нам недаступная.
  Мне здаецца, тут нейкае папярэджанне і перасцярога.
  – Ты падобны да няясыці ці то да савы, якая страшыць людзей жахлівымі
  прароцтвамі. Я ні ў што такое не веру і не хачу спрачацца пра гэтую таямніцу.
  Даўно быў у мяне намер раскапаць руіны. Можа, знойдзем там памяткі
  
  70
  старажытнасці, дзеля гэтага не шкада і працы. А калі хто думае, што гэты скарб
  будзе ў абліччы Плачкі, дык і гэта нядрэнна; што б там ні было, заўтра пачнём
  раскопкі.
  – А калі гэты скарб закляты і вартуюць яго злыя духі, ды немагчыма яго
  дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю, – тады толькі час
  страцім, а калі і здабудзем што, дык больш будзе бяды, як чаго добрага. Бо я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваныя скарбы, і калі нехта ўзяў з іх толькі пенязь3, таму нейкая хвароба скруціла абедзве рукі.
  – Брыдка слухаць. Пляцеш лухту, як дурны мужык. Мне аніякі пенязь не
  шкодзіць.
  – А чаму ж разумныя і багатыя паны пакутуюць ад нуды і хвароб?
  – Годзе. Збярэш заўтра людзей і вядзі на руіны. Я сам прыеду і пакажу, дзе
  пачынаць
  Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд; паціснуў ён плячыма і пайшоў выконваць панскі загад.
  Яшчэ толькі паказалася сонца, а гурт сялян ужо стаяў на руінах і чакаў
  каманды. Калі прыехаў пан М., дык загадаў капаць глыбока на тым самым месцы, дзе заўсёды бачылі на камені Плачку.
  Дол быў не глыбейшы, чым на паўтара локця4. Знайшлі мураваны склеп, дык
  раскапалі і вакол, каб адкрыць з усіх бакоў засыпаныя зямлёю сцены. Людзі
  працавалі не адзін дзень. Адпачынак іх быў кароткі: апоўдні, у самую спякоту.
  Нарэшце знайшлі жалезныя дзверы. З абодвух бакоў гэтага склепа былі маленькія
  вакенцы, на якіх яшчэ моцна трымаліся жалезныя праржавелыя краты.
  Выламалі дзверы і адчынілі гэты склеп, куды стагоддзяў колькі не заглядваў
  сонечны прамень, – глуха там, бы ў магіле. Заходзяць з агнём. Усіх апанаваў
  страх: паўсюль – пасярод і ля сцен – у розных паставах ляжаць шкілеты; косці рук
  і ног яшчэ ў цяжкіх кайданах. Здранцвелі людзі, гледзячы на такі жах.
  – Здыміце кайданы з гэтых шкілетаў, – сказаў пан М., – і прывязіце мне.
  Варта захаваць гэтыя памяткі мінуўшчыны.
  Завезлі кайданы пану. Ён, паказваючы іх гасцям і сваім суседзям, ганарыўся, што такія старажытныя рэчы здабыў з зямлі, хоць з выгляду яны былі зусім
  падобныя да цяперашніх.
  Косці нябожчыкавыя людзі сабралі, пахавалі ў адной магіле на бліжэйшых
  могілках, запрасілі святара і з набажэнствам паставілі велізарны драўляны крыж.
  Кажуць, што ў той самы вечар з’явілася Плачка ў сваім звычайным
  жалобным уборы, аздобіла магілу кветкамі і, укленчыўшы перад драўляным
  крыжам, тварыла малітвы, заліваючыся слязьмі. Людзі бачылі гэта, але ніхто не
  падышоў да яе. Паглядаючы здалёк, яны адмаўлялі “Вечны супакой” за душы
  памерлых.
  Яшчэ колькі вечароў Плачка малілася, пасыпала магілу кветкамі, але цяпер
  ужо яе ніхто не бачыў.
  На беразе Палаты, за пяць вёрст ад горада, дзе гэтая рэчка мінае бары і
  набліжаецца праз абшары палеткаў да Дзвіны, з’явілася тая самая Плачка. Бачылі
  яе на пагорку, таксама пры захадзе сонца. Яна сядала на камень, які там ляжаў у
  засені разложыстых бяроз. Бачылі яе сяляне, ідучы дахаты пасля дзённае працы, і
  
  71
  падарожныя, што вярталіся з горада ўвечары.
  Разышлася вестка пра гэтую праяву. Людзі, так як і ўсюды, мелі розныя
  меркаванні, але большасць трымалася тае думкі, што там ляжаць закапаныя ў
  зямлі скарбы. У Полацку асобныя казалі, што ваколіцы іх горада і даўней вельмі
  часта былі тэатрам вайны. Засталася легенда, быццам частка нейкага войска, зразумеўшы трагічнасць свайго становішча і баючыся, каб іх багацце не дасталося
  непрыяцелю, закапала золата і срэбра, якое мела пры сабе, на тым пагорку ў
  зямлю, паклала наверх дзікі камень, каб пазначыць гэтае месца, калі хто з іх
  вернецца шукаць схаваны там скарб. Але прайшлі стагоддзі, той камень ляжаў на
  тым самым месцы, а пад ім – некрануты скарб.
  Чуючы такія размовы, некалькі юнакоў, што жылі ў Полацку, дамовіліся
  пайсці ноччу на той пагорак, дастаць скарб і падзяліць яго між сабою. Узялі
  патрэбны струмант і, калі ўсе спалі, выйшлі за горад.
  Ноч была пагодлівая. Неба – высыпанае зоркамі, і поўня плыла ўверсе. Ішлі
  яны ціха і асцярожна, каб ніхто не сустрэў іх на дарозе. Мінулі касцёл
  св. Ксаверыя, дзе спачываюць астанкі законнікаў5 і абывацеляў гэтага краю.
  Пачуўшы на Спасе голас вартаўнікоў, што пераклікаліся між сабою, яны звярнулі
  з дарогі і доўга ішлі берагам рэчкі аж да самага месца.
  Прыйшлі на пагорак, знайшлі дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верх
  пакрываў сухі мох. Акапалі яго вакол і супольна сапхнулі з таго месца. Глыбока ў
  зямлю ўбілі рапіру. Востры канец стукнуў так, нібы крануў нейкую металёвую
  рэч. Бясспрэчна тут скарб. Пачалі капаць
  Працавалі доўга. Часта паролі зямлю рапіраю. Скарб быў неглыбока, але
  пясок некалькі разоў засыпаў яму. Стаялі нейкі час здзіўленыя: ім здавалася, што
  зачараваны скарб хаваецца глыбей, не хоча давацца ім у рукі.
  Пакуль раіліся між сабою, што рабіць, з усходу паплылі чорныя хмары, закрылі ўсё неба і схавалі месяц. Зрабілася так цёмна, што яны адзін аднаго ледзь
  бачылі. Зацерусіў дожджык.
  – Лепей будзе капаць, калі пясок зробіцца мокры, – сказаў нехта з іх. – Дык
  давайце не марнаваць часу.
  І, падахвочваючы адзін аднаго, супольна пачалі капаць. Дол выкапалі доўгі і
  шырокі, такі, што ўжо лёгка не засыплецца.
  Рыдлёўкі скрабуць па жалезе.
  – Чыгун! Чыгун з грашыма! – закрычалі ўсе з вялікай радасцю, але, калі
  абкапалі вакол і хацелі падняць чугун з зямлі, – убачылі, што гэта цяжкі жалезны
  панцыр. Ён закрываў грудзі шкілета, ля якога ляжаў меч, а на чэрапе – жалезны
  шалом-шышак. Стаяць усе задуменныя, бачачы, якім дзіўным чынам падманула іх
  надзея.
  Тут адзін смялейшы кажа:
  – Давайце пакінем гэты шкілет, а зброю забяром сабе. Няхай хоць яна будзе
  памяткаю пра гэтую ноч.
  Толькі хацелі зрабіць гэтак – аж раптам маланка асвятліла пагорак, бачаць: стаіць Волат у жалезным панцыры, трымаючы ясны меч у іх над галовамі. Страх
  працяў сэрцы. Гром скалануў зямлю. І Волат такімі словамі азваўся:
  – Нікчэмныя людзі! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно
  
  72
  пра багацце, вы зняважылі прах Героя, які слаўна скончыў тут сваё жыццё.
  Прыйдзе час падняцца з магіл мёртвым, і вы будзеце зганьбаваныя перад усім
  светам!
  Азваўся ў хмарах гром, і Волат знік.
  Страх апанаваў іх душы. Доўга стаялі нема, як начныя здані. У святле
  бліскавіцы зноў бачаць перад сабою засыпаны пяском дол, і здаецца, што на
  гэтым месцы зямля некранутая.
  Забылі на пагорку рапіру і свае рыдлёўкі; забылі, якая дарога вядзе да горада; беглі праз лугі і палеткі, і здавалася ім, што той Волат з мячом у руках доўга
  гнаўся за імі.
  Раніцаю вярнуліся ў горад. Знясіленыя, з бледнымі тварамі – нібы змучаныя
  цяжкаю хваробаю, са страхам успаміналі тое здарэнне. Расказвалі іншым, але не
  ўсе далі веры.
  Пасля гэтага Плачку бачылі ў розных мясцінах паблізу горада, на могілках, сярод якіх стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя. Там, заломваючы рукі, хадзіла
  яна ад аднае магілы да другое, часам, як слуп мураваны, моўчкі стаяла над
  астанкамі нябожчыкаў. Не адзін прахожы, мінаючы начной парою гэтыя мясціны, уцякаў спалоханы, нібы ад вампіра, і расказваў дзівы іншым.
  Бачылі яе і ля касцёла св. Казіміра. Сядзела яна перад дзвярыма гэтае святыні
  ад захаду аж да ўзыходу сонца; няраз плакала ў полі, седзячы на камені або на
  беразе Дзвіны. Але плач яе і нараканні не шмат каму краналі сэрца. Мала было
  такіх, што, узняўшы вочы ў неба, прасілі міласэрнасці Божае. Адны не зважалі, іншыя марылі пра скарбы.
  – На маю думку, – сказаў Завальня, – гэта папярэджанне людзям, каб
  выправілі свае норавы. Але прыкра, што людзі цяпер такія разумныя, што ўсё яны
  ўжо ведаюць, ні ў якія цуды не вераць, ім трэба скарбы, каб, не працуючы, мець
  усё, што толькі заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы бацькі
  цанілі некалі даражэй за жыццё.
  – Аднак няблага і скарбы шукаць, – сказаў я. – Багаты чалавек шмат дабра
  можа зрабіць.
  – Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць. Гэта праўда, – сказаў
  дзядзька. – Але няхай жа ён навучыцца перш пазнаваць і любіць тое, што ёсць
  дабро. А тады Бог зробіць яго годным уладаром зямных скарбаў, як таго старога
  чалавека, якому ў вакно кінулі асінае гняздо, і яно перамянілася на вачах яго ў
  залатыя пенязі. Людзі ганяюцца за багаццем не дзеля таго, каб рабіць бліжнім
  дабро, а каб нічога не рабіць або – што яшчэ горш – каб шкодзіць. Але што ж
  далей?
  Калі некаторыя нашы багатыя і вучоныя паны падарожнічаюць у шыкоўных
  фаэтонах або на ловах гойсаюць з ганчакамі па лясах, гарах і пустках, гэтая
  Плачка часта сустракае іх, нібы сірата, ва ўбогім сялянскім уборы, моўчкі
  падымае на іх блакітныя, слязьмі залітыя вочы, быццам просячы ў іх літасці, але з
  гэтых паноў ніхто на яе не зважае.
  Недалёка ад возера Рабло, дзе цяпер на выспе стаіць мой дамок, калі пан
  Завальня ведае той край, пэўна, бачыў ён Пачаноўскую гару, яна там вышэйшая
  ад усіх іншых. Схілы яе пазарасталі лесам, а вяршыня роўная і гладкая.
  
  73
  Пра гэтую гару між людзей розныя ходзяць апавяданні. Кажуць, што колісь
  там быў кляштар і касцёл, і хоць не відаць ніякіх знакаў, кажуць, быццам чуваць
  з-пад зямлі спевы і галасы званоў.
  Іншыя расказваюць, што на самай вяршыні гэтае гары, уначы, у сваім
  жалобным уборы, упаўшы на калені, рукі і вочы ўздымаючы да зорак, малілася са
  слязьмі Плачка. Перад ёю адкрылася неба, найяснейшае сонечнае святло
  разлілося ўверсе гэтак, што ў лясах і на палетках прачнуліся ўсе птушкі і звяры і
  ад слёз гэтае кабеты ўтварылася крыніца жывое вады.
  З таго часу чалавек, які першы раз наведае вяршыню Пачаноўскае гары, той, хто раней не чуў пра гэтае дзіва, сустрэне чысцюткую крыніцу, а недалёка ад яе
  стаіць журботная сіраціна ў сялянскім уборы. Хто нап’ецца з гэтае крыніцы і
  пазнае сірату, той будзе вешчуном, усе таямніцы убачыць ён з вяршыні гары.
  Узыходзілі людзі на гару. Былі і такія, што бачылі крыніцу і смутную
  сіраціну, аднак не зважалі на іх. Пачуўшы ад іншых пра тыя дзівы, узыходзілі
  другі раз, але ўжо не сустракалі нікога і не знаходзілі месца, дзе была тая крыніца.
  – Няўжо гэта тая самая Плачка, якую бачылі ў ваколіцах Полацка і ў іншых
  кутках Беларусі, прыходзіць у абліччы сялянскае сіраты?
  – Пэўна, тая самая, – сказаў сляпы Францішак, – але людзі шукаюць адно
  выгодаў, поўныя пыхі, яны не пазналі яе, хоць яна па ўсім краі з’яўляецца ў
  адным вобліку. Ніхто яе не зразумеў.
  – Ты, Янка, – чалавек вучоны. А ці разумееш, хто была тая Плачка?
  – Цуды можна разумець сэрцам, а не навукаю.
  Яшчэ нейкі час мы гаманілі пра гэтую Плачку, і заспяваў певень.
  – За поўнач ужо, – сказаў сляпы Францішак. – Дазволь, пане Завальня, падарожнаму адпачыць.
  – Дзякуй табе, – сказаў дзядзька, – цудоўнае апавяданне.
  Ён патушыў святло, і я пайшоў у свой пакой. Пра Плачку думаў, аж пакуль
  другі раз не праспяваў певень.
  
  
  СЫН БУРЫ
  
  Узыходзіла, прабіваючыся праз імглу, сонца. Моцны мароз замаляваў
  узорамі шыбы. Бярозавыя дровы гарэлі ў печы. Завальня і сляпы Францішак
  сядзелі ля агню, размаўляючы пра знаёмых суседзяў, пра багатых і бедных, пра
  жабракоў, што блукаюць па свеце, пра шчаслівае жыццё, аб прадказаннях і дзівах
  незразумелых.
  – Зімою, – сказаў Завальня, – заязджаюць да мяне людзі, і толькі ў гэтую пару
  маю выпадак, каб мне хто-небудзь расказаў, што дзеецца на свеце, а ўвесну і
  ўлетку жыву як пустэльнік. Бачу вакол ваду і цёмныя лясы, рог паляўнічага і
  стрэлы часам толькі даносяць вестку пра блізкіх гасцей. З лясоў выходзяць сюды
  на адпачынак з гуртамі лоўчых панічы гэтых краёў, але ад іх не пачуеш такога, што магло б заняць думку. Іх размовы толькі пра сабак і коней.
  – Я амаль усё сваё жыццё быў вандроўнікам, сустракаў людзей з рознымі
  думкамі і душамі. Будучы сляпым, не бачу іхніх твараў і постацяў. У маім
  
  74
  уяўленні яны паўстаюць у выглядзе нейкіх страшных і дзіўных духаў. Размовы іх, снуючыся ў маёй галаве, нагадваюць, як рознымі шляхамі ў жыццёвым віры
  Ўсемагутнасць Божая вядзе нас да вечнасці, дзе мы чакаем адпачынку, уцехі і
  ўзнагароды.
  – Размовы людзей, якія пакутуюць, кранаюць сэрца і надоўга застаюцца ў
  памяці. І як сумна слухаць показкі тых паноў, якія, жывучы заўсёды сярод
  вясёлых забаваў, хочуць паказаць свой розум і іншых пацешыць!
  – Я сустракаў некалі ў вандроўках пілігрыма – не ведаю, хто ён быў і
  адкуль, – які называў сябе Сынам Буры. Ад яго я даведаўся, што ў жыцці
  паспытаў ён гора на ўсю поўніцу. Не выгнанне хвалявала і не давала спакою
  ягоным думкам, а іншае разуменне шчасця.
  – Ці расказваў ён пра сваё жыццё? Дзіўны нейкі чалавек! Называў сябе
  Сынам Буры.
  – Ён гаварыў са мною некалькі гадзін.
  – Мусіць, цікавая была размова?
  – Раскажу, як было. У дарозе напаткала мяне бура, лінуў дождж, падзьмуў
  моцны вецер. Мой павадыр, не бачачы нідзе блізка ані карчмы, ані вёскі, пагнаў
  каня да густога лесу, каб, прынамсі, схавацца ад залевы пад дрэвамі. Шумелі
  вакол лес і дождж з градам. Стрэлы перуноў наводзілі трывогу. Я, накрыўшы
  галаву плашчом, пад шатамі густое яліны прамаўляў малітвы.
  – Нехта стаіць недалёка ад нас, – сказаў мой спадарожнік. – Вандруе ён пеша, у бурцы, на плячах уздзеты на кій хатулёк, пазірае ў неба. Здаецца, грымоты і
  маланкі не палохаюць яго, а забаўляюць. Твар апалены сонцам і бледны, нібыта
  змучаны доўгім падарожжам.
  – Можа, які чужаземец вандруе праз Беларусь далей на поўнач.
  – З буркі льецца вада. Ён, здаецца, на гэта не зважае. Па дарозе ідзе ціхай
  ступою да нас.
  – Пэўна, гэта ў яго не першая бура, – сказаў я. – Прызвычаіўся да нягодаў.
  – Не першая для мяне гэтая бура, – кажа пілігрым, пачуўшы мае словы. –
  Прызвычаіўся да нягодаў. І яшчэ болей скажу: люблю слухаць шум ветру, люблю
  глядзець на хвалі чорных хмараў і на пажары перуноў.
  Падышоў да мяне і кажа:
  – Я бачыў справа ад гэтых лясоў, на гары, мураваны палац. Ці не ведаеш, чый
  ён?
  – Я не тутэйшы жыхар, а да таго ж – сляпы. Усё схаванае ад мяне.
  – Сляпы! Жывеш на свеце, не бачачы яго. Журботнае такое жыццё!
  – Што ж рабіць! Бог паслаў гэтае няшчасце. Трэба цярпліва трываць.
  – А ці ўмееш цярпліва трываць? О! Тады ты шчаслівы. Я такім быць не магу, хоць вандрую па ўсім свеце адзін, без павадыра.
  – І што ж пагнала цябе ў далёкае падарожжа?
  – Так мне наканавана. О! Калі б ты меў вочы, сляды пакут на маім твары
  шмат сказалі б табе пра маё жыццё.
  – З якіх ты ідзеш краёў і як завуць цябе?
  – З далёкіх краёў. А імя маё – Сын Буры.
  – Дзіўнае імя.
  
  75
  – Няма тут нічога дзіўнага. У багатым палацы, абкружаным мноствам лёкаяў
  і лісліўцаў, жыве Сын Шчасця. Ён ясны і халодны, як кавалак золата, з пагардаю
  пазірае на сваіх падданых, якія мусяць, як пчолы, дзеля яго выгоды і ўцехі збіраць
  па лугах мёд. У хаце, пад саламянай страхою, жыве Сын Цярпення. Гэты ўсім
  сэрцам прывязаўся да таго кутка зямлі, які корміць яго і апранае. Я – Сын
  бацькоў, гнаных Бураю і Неспакоем. Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці
  мае, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з
  адзнакаю няшчасця на чале.
  – Ты падобны на тую Плачку, – сказаў я, – пра якую чуў, што нядаўна
  з’яўлялася ў розных мясцінах, заломваючы рукі і заліваючыся слязьмі.
  – Чуў ты, але не бачыў яе, бо не маеш вачэй.
  – І тыя, хто яе бачылі, не зразумелі і цяпер не ведаюць, хто яна і адкуль.
  – Не зразумелі, – сказаў ён, – бо ніхто пра яе не думаў. Ах! Як хутка прамінуў
  той час, калі я ведаў толькі палі і гаі, якія акружалі ўбогі дамок бацькоў маіх.
  Любіў самотна блукаць па гарах і лясах, кожнае дрэўца і красачка жывілі мае
  мары. О цудоўная багіня! Ты спаткала мяне ў той час у сукенцы вясёлкавых
  барваў і з кветкамі на галаве, з высокіх гор паказала ты мне далёкі свет, над якім
  пад аблокамі луналі арлы. З таго часу гэты цуд заняў усе мае думкі і жаданні.
  Вырашыў я высока, далёка ляцець і пабачыць, што дзеецца на свеце. Але ты
  знікла, і я блукаю па волі буры!
  – І хто ж была тая багіня, пра якую ты ўзгадаў цяпер?
  – Тая самая, якую ты называеш Плачкаю.
  – Дык ты яе ведаеш?
  – Я наведаў далёкія краіны, сярод чужога народа яе тужлівы голас заўсёды
  гучаў у маіх вушах. Пераплываў моры, – шумныя хвалі не маглі заглушыць яе
  журботнага спеву. Усюды яна была маёй адзінаю марай. Вось ужо вецер разагнаў
  аблокі. Бывайце! Да захаду сонца я буду далёка.
  Ён пайшоў. Але яго дзіўнае імя і сумнае апавяданне так запалі ў мае думкі, што колькі начэй, уяўляючы дзіўны характар гэтага чалавека, не мог я заснуць.
  – І ніколі яго больш не сустракаў?
  – І не чуў нават, каб хто-небудзь успамінаў пра яго.
  – Нешчаслівае стварэнне! Будзе туляцца па ўсім свеце і ўсюды пакутаваць.
  Чаму ж ён не прыйдзе да Бога: заступніцтва Божае ўваскрашае надзеі. Госпад
  супакоіў бы ягоны смутак.
  
  
  Б У Р А
  
  Мой дзядзька са сляпым Францішкам доўга яшчэ гаманілі, успамінаючы
  розныя выпадкі са свайго жыцця. Надышоў вечар. У снежні дзень кароткі, пасля
  полудня прайшло не так шмат часу, а ўжо пацямнела ў пакоі, і нечакана пачуўся
  шум ветру за сцяною.
  – Надвор’е мяняецца, – сказаў дзядзька, гледзячы ў вакно. – Усё неба ў
  хмарах, не відаць аніводнае зоркі, і месяц цяпер позна ўзыходзіць; ноч будзе
  
  76
  цёмная, вецер, здаецца, паўночны, бо мароз не адпускае.
  Бура мацнела ўсё больш і больш; вецер падняў снег у паветра; беспрасветная
  начная цемра пакрыла ўсю зямлю; імгненна намяло высокія гурбы перад
  дзвярыма і вокнамі.
  – Цяпер людзі вяртаюцца з Полацкага кірмашу, – сказаў дзядзька. – На
  возеры ўжо, пэўна, замяло дарогу.
  Кажучы гэта, ён паставіў свечку на падваконне.
  Тут на падворку пачалі брахаць сабакі. Дзядзька надзеў футра і пайшоў
  паслухаць галасы падарожных.
  Вярнуўся хутка.
  – Трэба нешта яшчэ прыдумаць, бо бура падняла ў паветра столькі снегу, што
  агонь у вакне ледзь відзён.
  Сказаўшы гэта, ён запаліў у ліхтары свечку і ўдвух з парабкам моцна
  прывязаў яго да высокае жэрдкі пры самай браме.
  Зайшоўшы ў пакой, сказаў Францішку:
  – Маё жытло – гэта порт на беразе мора; мушу кожную буру такім чынам
  ратаваць ад няшчасця падарожных.
  Калі Завальня сказаў гэта, пані Мальгрэта, якая была ў гэтым самым пакоі, не
  магла больш стрымліваць свой даўні гнеў на гэтых гасцей, што Бог ведае адкуль
  збіраюцца на начлег.
  – Збярэцца тут цэлы кірмаш, – сказала яна, наракаючы на выдаткі і начную
  мітрэнгу, – ніколі спакойна не заснеш. Усё здароўе страціла.
  – Ты, васпані, гневаешся, бо не разумееш нічога, – азваўся дзядзька. – А
  можа, пан Марагоўскі з дзецьмі ў дарозе? Такая бура! Барані Божа, калі якое
  няшчасце.
  – Я сама чула: Марагоўскі абяцаў прыехаць на самую куццю, а куцця яшчэ
  заўтра. Цяпер ён начуе недалёка ад Полацка.
  – Гэта, васпані, не твой інтэрас. Я пра гэта лепш ведаю.
  – Не мой інтэрас? А хто мусіць думаць пра хлеб і яду, каб было чым
  накарміць гурт гэтых басякоў, байкі якіх ты так любіш слухаць. Хутка і самім не
  будзе чаго есці.
  – Ты, васпані, не маеш ані веры, ані любові да бліжняга, – сказаў дзядзька з
  гневам. – Шкадуеш хлеба людзям, забываючы пра тое, што ўсё ад Бога, і за
  дарункі зямныя мы набываем спакой сумлення і надзею на добрую будучыню.
  Анічога не забяром на той свет, і цяжка грашыць хцівы, што не верыць ва
  Ўсемагутнасць Божую.
  Пані Мальгрэта выйшла з пакоя. Мой дзядзька загаварыў да сляпога
  Францішка:
  – Чуеш, пане Францішак, як часам людзі шкадуюць чужога, а сваё, пэўна, даражэйшае ім за жыццё; ім здаецца, што яны ніколі не памруць; на цэлую
  вечнасць хочуць забяспечыць сябе на гэтай зямлі. Не так думалі мае бацькі (вечны
  ім спакой!) Памятаю, калі было мне блізу васемнаццаці гадоў, мой бацька купіў у
  Полацку сукна (локаць каштаваў у той час пяць злотых), загадаў пашыць мне
  капот1, даў пояс падперазацца і сказаў такія словы: “Ідзі ў свет, шукай сабе долі, твае продкі не пакінулі нам маёнтка, і мы табе не даём яго ў спадчыну.
  
  77
  Бласлаўляю цябе, зарабляй на кавалак хлеба і будзь пачцівы: Усемагутнасць
  Божая цябе не пакіне; любі бліжніх і жыві ў згодзе з людзьмі. А як непрыемнасці
  цябе спаткаюць у жыцці – трывай. Будзеш служыць – будзь верны і працавіты.
  Памятай заўсёды такую прыказку: як пасцелеш – так і выспішся. Калі літасцівы
  Бог дасць табе добры лёс і ўладу над сваімі зямнымі скарбамі – не шкадуй
  бліжнім, памятаючы, што міласэрныя атрымаюць міласэрнасць і будуць
  спадчыннікамі каралеўства нябеснага”.
  Пасля, убачыўшы слёзы на вачах мае маці, сказаў:
  – Ты не плач, васпані, у маладосці папакутуе – і будзе шчаслівы.
  Прыняўшы блаславенне і маючы заўсёды ў памяці бацькаў наказ, з
  хатульком за плячыма і з кіем у руках пакінуў я родны дом.
  Найперш выправіўся да камісара2 князёў Агінскіх прасіць пратэкцыі. Той
  мяне прыняў на службу, загадаў практыкавацца ў пісанні і вучыцца рэгістратуры, і я ў хуткім часе зразумеў увесь гэты парадак; сваёй пільнасцю стараўся заўсёды
  заслужыць добрую рэпутацыю. З цікавасцю слухаў я размовы пра гаспадарку і, калі ўжо адчуў, што і гэтым магу заняцца, прасіў пана камісара, каб дапамог мне
  атрымаць месца аканома ў якім-небудзь князевым фальварку.
  – Ты малады, – сказаў камісар. – Каб гаспадарыць у маёнтку – мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй –
  прадбачыць перамену надвор’я, калі прыйдзе час сенакосу. О! Тут гаспадару
  трэба паказаць розум; каб сена не згніло на лузе.
  – Дабрадзею, – кажу я, – кожны ж гаспадар некалі вучыўся на практыцы, а
  калі не хопіць мне прадбачлівасці ў якіх цяжкіх справах – параюся з людзьмі
  старэйшымі і спрактыкаванымі.
  – Добра, пане Завальня, – сказаў камісар. – Пагавару пра гэта з князем. Толькі
  глядзі, каб не падвёў мяне.
  – З Божаю дапамогаю апраўдаю рэкамендацыю пана камісара.
  Хутка стаў я аканомам у маёнтку Магільна. Прызначылі мне трыццаць
  талераў3 гадавое пенсіі, дазволілі трымаць пару сваіх коней дзеля раз’ездаў па
  вёсках, і я прыступіў да абавязкаў з найвялікшай стараннасцю, каб апраўдаць
  рэкамендацыю пана камісара і заслужыць у князя прыхільнасць і рэпутацыю.
  Міласэрны Бог блаславіў маю працу і клопаты. Надышло лета. Зямля ўсюды
  добра ўрадзіла. Жыта вырасла такое буйнае і густое, што калі чалавек ішоў па
  дарозе праз жытнёвае поле, дык ледзь можна было ўбачыць ягоную шапку. На
  пшаніцу, авёс і ячмень міла было глянуць. Усюды калоссе гайдалася на ветры, нібы хвалі на возеры.
  Аднаго разу, калі ўжо сонца хілілася да захаду, я быў на лузе, дзе сяляне
  жвава зграбалі сена. Я хацеў, каб нічога не засталося на заўтра, бо над лесам
  падымалася хмара і гром абзываўся ўдалечыні. У гэты час князь конна вяртаўся з
  палявання праз маёнтак Магільна і цешыўся, бачачы ўсюды на палетках добры
  ўраджай. Ён пад’ехаў да работнікаў, і я пачуў, што ён кліча мяне да сябе:
  – Пане Завальня! Пане Завальня! Хадзі, васпане, да мяне!
  І я, як мог хутка, падбег да яго.
  – Вельмі мяне ўсё цешыць, – сказаў князь. – Ты – дбайны гаспадар; міла
  
  78
  глянуць: у гэтым маёнтку ўраджай нашмат лепшы, чым у іншых.
  – Ласка Божая, яснавяльможны княжа, – сказаў я, – лета цёплае, і дожджык
  часта мілаваў зямлю; спадзяюся, і намалот не падвядзе: жыта добра каласілася.
  – Гэта праўда, што лета добрае, але пры гэтым бачу і добрую руплівасць.
  Дзякуй, дзякуй, пане Завальня.
  Сказаўшы гэта, князь паехаў, а я вярнуўся да сялян.
  Праз колькі дзён камісар павіншаваў мяне, бо князь загадаў дадаць да мае
  пенсіі яшчэ дзесяць талераў. І з таго часу, атрымліваючы штогод сорак талераў, я
  мог жыць спакойна і бацькам сваім памагаў, пакуль Бог дазваляў ім жыць на
  гэтым свеце.
  Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (царства яму
  нябеснае). Я заўсёды малюся за ягоную душу. Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім.
  Паслужыўшы гадоў пятнаццаць у такога шляхетнага і добрага пана, я ўзяў у
  арэнду маленькі фальварачак. Не шкадаваў хлеба людзям, мая брама была
  адчынена суседзям і падарожным; ажаніўся і купіў гэты кавалак зямлі і дамок, дзе
  і цяпер жыву.
  Калі так апавядаў мой дзядзька пра сваё жыццё, на падворку забрахалі сабакі, нехта моцна пастукаўся ў браму і закрычаў:
  – Гаспадар, гаспадар! Атчыні вароты, пусці нас хоць пагрэцца, саўсем
  прастылі. Барані Бог, гэткая бурная ноч.
  Парабак адчыніў. Паскрыпваючы па снезе, заязджае некалькі вазоў; пытаюцца: хто тут жыве?
  – Пан Завальня, – адказвае парабак.
  Некалькі падарожных зайшло ў чэлядны пакой. Дзядзька пасылае мяне, каб я
  папрасіў да яго пані Мальгрэту; калі тая прыйшла, сказаў ёй:
  – Не гневайся, васпані, на падарожных, а калі б і з нас каго спаткала ў дарозе
  такая бура – аніхто б не хацеў гінуць на возеры, спяшаўся б як найхутчэй трапіць
  у цёплую хату. Жыццё кожнаму дарагое: чалавек як можа ратуе сябе ад няшчасця; сурова будзе судзіць Бог таго, хто перад нешчаслівым зачыняе дзверы. Дай, васпані, ім вячэру, не хвалюючыся вельмі пра будучыню. Хлеб надзённы пасылае
  нам Усемагутнасць Божая.
  Сказаўшы гэта, ён пайшоў у чалядны пакой.
  Прайшло паўгадзіны. Дзядзька вяртаецца, размаўляючы з падарожным у
  старым сурдуце4, што некалі быў пашыты з добрага зялёнага сукна, валасы
  коратка падстрыжаныя, густыя бакенбарды і вусы; выраз яго твару і манеры
  казалі, што ён не просты селянін, а доўга служыў пры двары.
  – І што за прычына, – сказаў дзядзька, – такога далёкага падарожжа? Гэта ж
  не жарт – наведаць усе куткі Інфлянтаў і Курляндыі!5
  – Пан ведае гэтую простую прыказку, – сказаў падарожны, – за дурной
  галавой і нагам не ўпакой 6 . Вось, уласна, накшталт гэтага і маё цяперашняе
  падарожжа. Прыйшла ў галаву майму пану думка пабудаваць суконную фабрыку; меркаваў, што такім чынам набудзе залатыя горы. Адгаворвалі яго суседзі, што
  добра разумелі гэтую справу, кажучы такія словы:
  “Не з фабрык трэба пачынаць грамадзянам беларускім, каб палепшыць свой
  
  79
  быт, а з зямлі, бо сялянская гаспадарка найбольш прыносіць карысці ў нас; трэба
  рупіцца заводзіць жывёлу, угнойваць палеткі, павялічваць сенажаці і сваіх
  падданых навучыць лепшым маральным канонам, каб любілі сваю бацькаўшчыну.
  Не крыўдзіць, прысвойваючы іх уласнасць, менш будаваць корчмаў і старацца
  мець больш збожжа ў запасе”.
  Гэтыя парады не мелі аніякага выніку. Пан заклаў у банку большую частку
  маёнтка, накупляў машын, выдаткоўваючы на гэта велізарныя грошы, прывёз
  іншаземца-фабрыканта, частку падданых паслаў у сталіцу вучыцца гэтаму
  рамяству, а іншых – зарабляць грошы на ўтрыманне фабрыкі. Тым часам у
  гаспадарцы – найвялікшыя страты; селянін прыйшоў да жахлівае нэндзы. Я сам
  чуў у полі гэтую песню, поўную роспачы:
  
  Ня будзім жыці,
  Пойдзім блудзіці.
  З лецця худые,
  Паны ліхіе
  Кароў пабралі,
  У двор загналі.
  Нет хлеба, солі,
  Нет шчасьця, долі.
  Поля пусьцеіць –
  І не чым сеіць.
  Ня будзім жыці.
  Пойдзім блудзіці.
  
  І сапраўды, за адзін толькі год амаль трэць падданых пакінулі свае хаты і
  пайшлі блукаць па свеце.
  Убачыў пан сваю памылку, бо і фабрыка яго, не будучы яшчэ ўпарадкаванай
  як трэба, пачала ўжо занепадаць; бракавала грошай на воўну, на прывоз замежных
  фарбаў, на выплату пенсіі фабрыканту – зніклі ўсе надзеі.
  Дайшла вестка ад людзей, якія ездзілі з таварамі ў Рыгу, што яны сустракалі
  там сялян нашае воласці. Дык пан неадкладна паслаў мяне, каб я з дапамогаю
  мясцовых уладаў вярнуў тых людзей на ранейшае месца жыхарства.
  
  
  АРГАНІСТЫ З РАСОНАЎ
  
  У гэты момант нечакана адчыняюцца дзверы – заходзіць увесь абсыпаны
  снегам арганісты з Расонаў; ледзь ступіў на парог – гучна прамовіў:
  – Laudetur Jezus Chrіstus1. Вясёлых святаў! – і кладзе стус аплатак2 розных
  колераў на стол.
  – А! Дзякуй, вялікі дзякуй! – сказаў дзядзька. – Чакаў пана Андрэя і ўжо
  думаць пачаў, што сёлета ён, можа, забыў, дзе жыве Завальня.
  – Як можна забыць пра пана Завальню, асабліва ў такую лютую буру, бачачы
  зыркі ліхтар на доме, добры і ветлы гаспадар якога клапоціцца пра жыццё
  
  80
  падарожных.
  – У той толькі час і госці ў мяне, калі пакрые Нешчарду лёдам, але за гэта
  вясной і летам жыву, нібы пустэльнік які, акружаны вадою і лесам.
  Арганісты звяртаецца да сляпога Францішка:
  – О, даўно не бачыліся! Грамадзянін усяго свету! А пра Расоны ўжо зусім
  забыў. У нас і цяпер успамінаюць, як некалі ў час Юбілею спяваў ты на хорах.
  Хто з ксёнжкі, а пан Францішак – усе песні на памяць. Ну калі ж ты нас
  наведаеш?
  – Жыву я цяпер вельмі далёка.
  – Але ж ты жывеш там, дзе сустракаеш ласкавых і сапраўдных сяброў, а такіх
  у цябе шмат па ўсёй Беларусі.
  – Цяпер з ласкі пана Б. маю свой дамок на выспе пасярод возера Рабло. Там
  маю намер пакласці канец свайму тулянню (пакуль мне пан Бог дазволіць жыць).
  – Ведаю пана Б., добры ён чалавек. Маёнтак яго ля самага возера Рабло ў
  Рабшчызне. Я бываў там некалі, а адгэтуль будзе не менш за шэсцьдзесят вёрст.
  Але як мяне трасе, увесь замёрз: такі моцны вецер і мароз, што нельга вытрымаць.
  – Вып’ем гарэлкі, пане Андрэй, – сказаў дзядзька, – а там вячэру цёплую
  прынясуць на стол – то і сагрэешся.
  – А добра было б гарэлачкі, бо людзі кажуць, што гэты трунак у гарачае лета
  халодзіць, а ў зімовыя маразы – грэе.
  Пасля гарэлкі і закускі павесялелы арганісты сказаў:
  – Пан Завальня сёння мае гасцей, мае і новыя апавяданні.
  – Кожны чалавек нешта адрознае ад іншых сустракае ў сваім жыцці, дык
  кожны адрознае ад іншых і расказвае.
  – І Янка – філосаф3 езуіцкае акадэміі – мусіў ужо расказаць шмат гісторый.
  Чуў я, што калі ён быў яшчэ ў школах4, дык вельмі любіў чытаць кніжкі.
  – Яго гісторыі вучоныя; расказваў мне пра нейкія паганскія народы, што
  жылі Бог ведае ў якія даўнія часы; імёны іх такія цяжкія, што на другі дзень ужо
  не памятаю.
  – І я хадзіў да езуітаў у школы, альвар5 і цяпер ведаю на памяць, перакладаў
  прамовы Цыцэрона, і з “De arte poetіca”6. Гарацыя яшчэ памятаю гэты верш:
  “Оmne tulіt punctum quі mіscuіt utіle dulcі”7. Але калі я ўбачыў, што гэта ўсё vanіtas vanіtatіs8,
  не
  захацеў
  паглыбляцца
  ў
  далейшыя
  мудрасці;
  навошта
  філасофстваваць, лепш верыць сэрцам. Дык пачаў вучыцца музыцы, і цяпер, дзякуй Богу, маю месца пры касцёле і задаволены.
  – І ўсё ж цяпер чарга пана Андрэя расказаць што-небудзь.
  – А ці не будзе гэта ўжо позна? Колькі часу?
  – Не маю гадзінніка, – сказаў дзядзька, – але ведаю, што яшчэ далёка да
  поўначы.
  – У мяне дома ёсць гадзіннік – памятка ад ксяндза-пракуратара; калі б’е, –
  з’яўляецца зязюля і кукуе столькі разоў, якую выбівае гадзіну. Адзін падарожны
  начаваў ў мяне і, пачуўшы голас гадзінніка і зязюлін спеў, расказаў мне
  апавяданне пра роспачнага маладога чалавека і вогненных духаў.
  
  
  
  81
  АПАВЯДАННЕ СЁМ АЕ.
  ВОГНЕ ННЫЯ ДУ ХІ
  
  Мы селі ля арганістага; у пакоі ўсталявалася цішыня, толькі шум буры
  чуваць за сцяною. Арганісты пачаў сваё апавяданне так:
  – Адзін малады чалавек Альберт (добра выхаваны і з прыгожым абліччам) атрымаў у спадчыну ад бацькоў некалькі тысяч талераў. Не задумваўся, што
  грошы лёгка страціць, а набыць цяжка; не ашчаджаў, што меў, любіў гульні ды
  забавы і зразумеў, нарэшце, што ўжо яго скарбніца як цела без душы, і сябры
  зніклі, якіх раней было шмат.
  Мальвіна, яго каханая, нарадзілася і вырасла ў горадзе, ведала свет і
  згаджалася з агульнай думкаю кабет, што сэрца можна аддаць таму, да каго
  мімаволі цягнецца душа. Але руку – толькі таму, хто золатам і пашанаю абяцае
  жыццёвы дабрабыт.
  Мальвіна кахала Альберта, любіла з ім доўга размаўляць. За такімі
  прыемнымі размовамі хутка ляцеў вечар, і гадзіннік часта біў на сцяне, лічачы
  гадзіны, а шэрая зязюля сумна кукавала з адчыненых дзверцаў.
  – Журботны зязюлін голас наводзіць на мяне невясёлыя думкі, – сказаў
  Альберт. – Здаецца, ён гаворыць сэрцу, што і вясна мае сваю горыч, хутка час
  пралятае, хутка міне маладосць, чалавек на схіле свайго жыцця на ўсё глядзіць
  холадна. Мальвіна! Давай карыстацца часам, пакуль яшчэ маладое пачуццё робіць
  нам забавы прыемнымі.
  – Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы, – сказала
  Мальвіна, – калі чалавек на ведае беднасці і мае чым задаволіць усе свае жаданні.
  – Ці ж багацце – найбольшае шчасце?
  – Без гэтага і каханне стыне.
  – Ты любіш, як бачу, грошы? – сказаў Альберт.
  – Хто ж не любіць тое, што абавязкова патрэбна.
  Пачуўшы гэтыя словы, Альберт доўга сядзеў задуманы, нарэшце ўзяў шапку
  і хоча выйсці.
  – Што ж сёння так спяшаешся дадому? – спыталася Мальвіна.
  – Я чалавек не багаты, трэба думаць, як жыць на свеце.
  – Трэба было раней гэтым заняцца.
  – Нездарма голас зязюлі наводзіў на мяне смутак; яна мне нешта
  напрарочыла.
  Сказаўшы гэта, ён імгненна выйшаў.
  Вярнуўшыся дадому, Альберт кінуўся на ложак, але не мог заснуць, – свет
  паўставаў у ягоных марах зусім інакшы, чым раней. Зразумеў нарэшце, што
  сапраўдная прыхільнасць і сапраўднае каханне рэдка бываюць на свеце. Дзе ж
  людскія сэрцы? Розумы толькі пра тое дбаюць, каб апярэдзіць адзін аднаго, гонячыся за марнаю славай, жыць у раскошы, і, ашукваючы блізкіх і саміх сябе, балбочуць пра веру і пра любоў да бліжняга.
  Гэтыя думкі страшна абурылі яго. Знелюбіў усіх знаёмцаў і ранейшых
  сяброў, пагарджаў каханнем, зайздрасць і злосць напоўнілі яго душу.
  Назаўтра Альберт, захоплены страшнаю думкаю, хадзіў самотны па полі.
  
  82
  Нарэшце трапіў у густы лес; там, блукаючы ў ценю высокіх ялін, ад цяжкага
  смутку прыйшоў да роспачы.
  – О! Калі ёсць злы дух, – сказаў сам сабе, – што абагачае людзей, які б
  дапамог мне хоць на кароткі час, – я пакланюся яму цяпер.
  Ледзь ён гэта сказаў – бачыць перад сабою: нехта сядзіць пад дрэвам на
  трухлявым пні, велізарнага росту, нос доўгі, востры, твар шчуплы, румяны, барада і валасы на галаве чырвонага колеру, вопратка хоць і злінялая, аднак
  адсвечвала яшчэ чырвонаю фарбаю; з трывогаю гледзячы на яго, Альберт застыў
  у маўчанні.
  – Убачыў твой смутак, – сказаў незнаёмы, – і гатовы табе дапамагчы. Чаго
  хочаш?
  – Лепшага жыцця. Пакутую ад нэндзы, і сябры мне здрадзілі.
  – Пакланіся цемры, і дух агню будзе табе служыць, верне табе золата і
  сяброў; будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры згубіць цябе.
  – Што трэба зрабіць, каб дух служыў мне?
  – Слухай і адразу выконвай мае парады. Здабудзь кроплю крыві са свайго
  пальца. (Альберт здабывае кроў з пальца.) Яна адна, адна кропля, – сказаў
  незнаёмы, – напоўніць гадзюку ядам. Дык ідзі цяпер з гэтаю крывёю; выходзячы з
  лесу, узыдзеш на гару. Там поўзае гадзюка, якая хацела ўкусіць дзіця, але, перапалоханая крыкам маці, страціла яд і цяпер, выгнаная іншымі гадамі блукае
  адна. Пазнаеш яе лёгка*: жоўты хвост значыць адсутнасць сіл, дай лізнуць ёй
  кроплю твае крыві: умомант займее яд і сіл набярэцца, а потым ідзі за ёй, яна
  дасць табе сваю мудрасць і багацце, убачыш духа ў кожнай іскрынцы агню, а
  слугою тваім будзе Нікітрон, на кожны твой кліч ён народзіцца з полымя.
  Сказаўшы гэта, незнаёмы ўстаў, пайшоў у гушчар лесу і знік з вачэй.
  Праз дзікія бары ідзе Альберт у той бок, у які яму паказаў незнаёмец; выйшаў
  з-пад лясных шатаў, калі быў самы поўдзень; узышоў на вяршыню пясчанае гары, сустракае велізарную гадзюку з жоўтым хвастом, якая, убачыўшы чалавека, не
  мела сілы ўцякаць, а толькі, падняўшы галаву, пазірала вогненнымі вачыма.
  Альберт на бярозавым лістку паднёс ёй кроплю свае крыві; гадзюка праглынула, і
  адразу пачала знікаць жоўтая масць на ёй, а праз паўгадзіны і зусім яна акрыяла.
  Вылечаная гадзюка пакінула гару, паўзе па хмызах і верасе, усё далей і далей
  паглыбляючыся ў лес, і Альберт ідзе за ёю хуткай ступою.
  Калі на захадзе тухла сонца і пачало вечарэць, ён убачыў між дрэў вялікі
  палац, дзе ў кожным акне было відаць святло запаленых агнёў. Гадзюка, хутка
  віючыся па прыступках, трапіла ў вялікую залу-гасцёўню, а з ёю і Альберт; там
  сталы застаўлены ежаю і віном, чуваць чароўная музыка, люстэркі і карціны на
  сценах – у залатых каштоўных асадах. Доўга дзівіўся Альберт на загадкавыя
  
  * Ёсць павер’е люду, што гадзюка, якая страцiла яд, мае жоўты хвост i яе не прымаюць да сябе
  iншыя гадзюкi.
   Нiкiтрон – адзiн з васьмi злых духаў, iмёны якiх: Ярон, Iрон, Кiтрон, Нiкiтрон, Фарон, Фаразон, Лiдон, Сталiдон. Яны прыносяць хваробы, дык людзi на Беларусi пiшуць усе гэтыя
  iмёны з крыжыкамi на хлебе, i хлеб гэты даюць хвораму, каб выгнаць з яго цела духа, якi там
  пасялiўся. Мяркуюць, што гэтыя забабоны прыйшлi ад цыганоў, якiх беларускi люд лiчыць
  звычайна за чараўнiкоў.
  
  83
  дзівосы, разглядаючы ўсялякія аздобы гэтага палаца; пачуўся голас, які запрашаў
  яго сесці за стол, есці і піць – бо ўсё дзеля яго прыгатавана. Пасля вячэры
  з’явілася перад Альбертам гадзюка, трымаючы ў роце залатую манету, падняла
  высока галаву, каб аддаць яго госцю; Альберт узяў; на тым дукаце1 з аднаго боку
  выбіта полымя, а з другога – карона і выява гадзюкі.
  Калі задумліва пазіраў на дукат, зноў пачуў голас: “Пакуль маеш яго, будзеш
  мець золата столькі, колькі захочаш”.
  Гадзюка знікла, і ён адзін застаўся ў гасцёўні; успомніў параду незнаёмага, якога сустрэў у лесе, і, гледзячы на язычок свечкі, што стаяла на стале, паклікаў:
  – Нікітрон!
  Полымя свечкі ўсё вышэй і вышэй падымаецца ўгору, і тут з яго ўзнікае
  высокая лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо стаў
  перад ім чалавек у пунсовай вопратцы.
  – Якія ў пана будуць загады? – спытаўся дух.
  – Хачу імгненна вярнуцца дахаты.
  Альберт ляцеў у небе вышэй гор і лясоў і праз колькі хвілін быў ужо ў сваім
  пакоі.
  Вярнуўшыся дадому, ён выняў з кішэні залаты пенязь, які атрымаў ад
  гадзюкі, і, кладучы яе ў шкатулку, падумаў сам сабе: “Эх, каб была яна поўная
  золата!” – і ў міг вока шкатулка напоўнілася дукатамі. Цешыцца ён, гледзячы на
  скарб гэткі і не верыць, што бачыць тое наяве; доўга стаяў, не адводзячы вачэй ад
  золата, баючыся, каб не знікла яно.
  Бачаць суседзі дзіва нечуванае: Альберт купляе найдаражэйшыя люстры, гадзіннікі, дом яго свеціцца золатам і срэбрам; коні і карэты – шыкоўныя, лёкаі ў
  дарагіх ліўрэях, – быццам меў ён некалькі тысяч душ у маёнтку; запрашае да сябе
  гасцей, дае балі; найдаражэйшых він ў яго невычэрпная крыніца.
  Мальвіна, чуючы пра гэтую неспадзяваную перамену лёсу, дзівіцца, як і
  іншыя: адкуль узяліся ў яго такія вялікія грошы? Доўга спадзявалася, што ён, можа, калі наведае яе; прайшло колькі месяцаў – не прыязджае; перамяніўся ўжо, дарэмна чакаць! У яго душы цяпер – толькі адна пыха.
  Прыйшла восень, доўгія вечары. Альберт, стомлены забавамі, у якіх доўга
  бавіў час з гуртам лісліўцаў, вырашыў застацца дома адзін; сухія бярозавыя дрэвы
  гарэлі ў печы, настольны гадзіннік іграў мелодыю, за сцяною шумеў восеньскі
  вецер; ён сеў перад агнём і, гледзячы на яго, аддаўся марам, думаў пра сваё
  мінулае, пра няўдзячнасць і здраду сяброў, якія некалі кінулі яго, бачачы, што ён
  зазнаў няшчасця і роспачы.
  Калі так пераходзіў ад аднае думкі да другое – успомніў Мальвіну. Памяць
  ярка малявала яму прыемныя з ёю забавы да позняе ночы і той апошні вечар, калі
  голас гадзінніка з зязюляй пачаў тую размову, што давяла яго да невыноснае
  роспачы. Гэтыя ўспаміны абудзілі ў яго сэрцы забытае каханне, і прыйшло
  жаданне абавязкова яе ўбачыць.
  Ужо вырашыў быў ехаць да яе, але крыху задумаўся:
  – О, не! – кажа. – Яна любіць багацце, а я цяпер багаты і ўладар яе пачуццяў; не буду зневажаць сябе сёння так, як некалі. Я пашлю ёй багаты прэзент, і яна
  сама адразу з’явіцца ў маім доме.
  
  84
  Сказаўшы гэта, паклікаў, гледзячы на полымя:
  – Нікітрон!
  Бярозавыя дровы стрэлілі, быццам з пісталета: вугельчык вылятае з печы, круціцца па падлозе, расце ўсё больш і больш, уздымаецца ўгору, ператвараецца ў
  чалавечую постаць, і вось стаіць перад ім вялізны мурын.
  – Слухаю загад, – сказаў ён, гледзячы на Альберта вогненным позіркам.
  – Не хачу бачыць цябе ў такім чорным і страшным абліччы, – сказаў
  Альберт. – Вярніся ў агонь і, выкупаўшыся ў белым полымі, з’явіся да мяне з
  белым тварам, з лагоднейшымі вачыма і ў пекным вобліку маладога чалавека.
  Мурын, як клуб дыму, кінуўся ў печ; праз колькі хвілін адтуль вылецеў язык
  полымя, з якога ўмомант утварыўся юнак і, стоячы, чакаў загаду.
  – Пакуль я напішу ліст да Мальвіны, ты павінен прынесці мне сюды
  дыяментавыя завушніцы, дыяментавыя бранзалеткі і ўбор на галаву з рубінаў і
  дыяментаў.
  Дух, як бліскавіца, вылецеў у вакно, і яшчэ Альберт не дапісаў ліст, а ўжо ўсе
  тыя каштоўнасці ляжалі на стале і ля яго стаяў дух у абліччы юнака.
  Альберт, заклеіўшы ліст, загадаў аддаць яго Мальвіне разам з
  каштоўнасцямі; паслаў коні і карэту сваю, каб тэрмінова прыехала.
  Самотны, шпацыраваў па пакоі; думаў, з якой радасцю яна прыме яго
  дарункі, з якім пачуццём прывітае яго пасля такога доўгага расстання; бо ведаў, што кабета, бачачы маладога чалавека шчаслівым, у багатым уборы, у пышных
  салонах, ставіць яго вышэй за іншых людзей; у гэты час ён Бог у яе вачах.
  Мальвіна сядзела ў сваім пакоі з суседкаю, што прыйшла ў гэты вечар, і
  размаўляла з ёю пра розныя дзіўныя здарэнні. Нарэшце пачалі абгаворваць
  Альберта: адкуль здабыў ён такія вялікія грошы, бо пра гэта разыходзіліся розныя
  чуткі. Адны казалі, што ён недзе далёка ездзіў і выйграў мільёны ў карты, другія –
  што нібыта выкапаў багаты скарб з зямлі, трэція – што навучыўся недзе
  чарнакніжніцтву і стаў багаты, злыгаўшыся са злым духам. Але ўсё гэта былі
  толькі здагадкі.
  Мальвіна расказвала сваёй сяброўцы, як раней Альберт часта наведваў яе, нязменна паўтараючы пра сваё шчырае каханне; успамінала і той апошні вечар, калі холадна даводзіла яму, што без грошай каханне стыне, а ён, разгневаны, імгненна выйшаў з пакоя і больш не вярнуўся.
  У гэты момант яны пачулі, як нейкі шыкоўны экіпаж спыніўся ля ганка.
  Падхапіліся абедзве: бачаць – карэта, а ззаду яе – лёкай. З’яўляецца незнаёмы
  малады чалавек, аддае ліст і багатыя падарункі. Мальвіна глянула ў вочы
  пасланцу, і нейкая трывога нарадзілася ў яе сэрцы. Хацела сказаць яму колькі
  слоў, але не паспела і азірнуцца, – сталася нейкім чынам, што яго ўжо не было ў
  пакоі.
  Яна здзіўлена глядзіць на бляск дарагіх дыяментаў; такога вялікага багацця і
  ў сне не бачыла ніколі; сарвала пячатку з ліста, глядзіць на Альбертаў подпіс; дрыжучы, дачытала ліст да канца і стаіць уражаная: не ведае, што рабіць.
  – Альберт прыслаў мне прэзенты, – сказала яна сваёй сяброўцы. – Піша, каб я
  ў гэтай карэце тэрмінова прыехала да яго. Не ведаю, што мне рабіць.
  – Без сумненняў трэба неадкладна ехаць.
  
  85
  – Ці ж не страчу яго павагі за такі смелы ўчынак?
  – Ён не думаў пра гэта, пасылаючы да цябе коней і запрашаючы ў гэты самы
  вечар прыехаць.
  – Як ён перамяніўся! Раней, калі наведваў мяне, дык кожнае слова яго
  лучылася з нейкай трывогаю, а цяпер такі саманадзейны!
  – Прыслаў багатыя падарункі, – мае права быць саманадзейным. Аднак у
  вялікім свеце не лічыцца ганьбаю, калі хто добра пакарыстаецца багаццем якога
  пана.
  – Дык я еду.
  – І трэба спяшацца. Бо ад нецярплівасці зменіцца яго настрой, і сустрэне не
  добрым вокам.
  Мальвіна паспешіва пачала апранацца; бярэ найлепшую сваю сукенку, сяброўка ўбірае ёй галаву, стараецца, каб усё ёй пасавала. Надзела на сябе і
  дыяменты, што прыслаў Альберт, сядае ў карэту; паўгадзіны ехалі – і ўжо на
  месцы.
  У вітальні сустракае яе Альберт, запрашае ў гасцёўню, дзе ўсё зроблена з
  густам і багацце ззяе паўсюль. Дзівіцца Мальвіна з такое нечаканае перамены яго
  долі. Альберт у яе вачах зрабіўся зусім іншы. Яго постаць і твар набылі дзіўную
  прыгажосць, у яго размовах Мальвіна заўважыла незвычайны розум і
  дасціпнасць.
  Імгненна дарагая садавіна і размаітыя сочывы з’явіліся на сталах; просіць яе
  выбіраць сабе пад густ і ў час гэтае пачосткі расказвае, як у яго прачнулася
  жаданне абавязкова сёння яе ўбачыць.
  Кожнае слова каханага было ёй прысудам.
  – Ці ўспамінала ты хоць калі пра мяне, – спытаўся Альберт, – з тае пары, як
  апошні раз бачыліся з табою?
  – Як жа не ўспамінаць, калі пра тваё шчасце ва ўсіх дамах штодня гавораць?
  – А што гавораць?
  – Рознае, але нічога пэўнага.
  – Няхай людзі мучаць сабе галовы; я ж скажу толькі, што забагацеў, не
  крыўдзячы блізкіх.
  – І я не чула, каб каго-небудзь Альберт пакрыўдзіў.
  Застаўшыся ў пакоі адны, яны размаўлялі, прыпамінаючы ўсё тое, што было
  між імі раней. Гадзіннік на сцяне зайграў мелодыю, і ўжо прабіла поўнач.
  – Ці хочаш, Мальвіна, – сказаў Альберт, – убачыць мой хатні тэатр?
  – Хто ж будзе іграць у тэатры, калі нас толькі двое?
  – Маю актораў, зачыненых у шкатулцы, ураз усе з’явяцца перад табою.
  – Ці не будзе толькі чаго страшнага? Злітуйся, не палохай мяне, цяпер якраз
  поўнач.
  – Думаеш, я такі жорсткі, што магу жартаваць з твае палахлівасці? Не будзе
  аніякага страху, толькі пабачыш цуды, табе незразумелыя.
  Сказаўшы гэтак, ён узяў агатавы крэмень, крэсіва і, стоячы ля яе, пачынае
  высякаць агонь. Нечуваныя цуды бачыць Мальвіна: іскрынкі, што падаюць на
  падлогу, ператвараюцца ў язычкі полымя, а з гэтых язычкоў нараджаюцца дзеці, на іх галовах гарэлі кучары валасоў – як бавоўна ці лён, што ўзяліся агнём; вочы, 86
  як іскрынкі, мігалі чырвоным святлом, і празрыстыя матылёвыя крылцы былі ў іх
  на плячах. Адны лёталі пад столлю, вырабляючы самыя неверагодныя фігуры, другія сваволілі на сталах, канапах, на падлозе, каля люстраў і карцін –
  перакідваліся ў зверанятаў, птушак, жамяру.
  – Ах! Досыць, досыць ужо! – закрычала Мальвіна. – Не магу больш глядзець
  на гэтыя жахі. Нейкі страх мяне забірае.
  – Палахлівае стварэнне! Ці ж іх выгляд мае што-небудзь страшнае? Гэта ж
  купідоны, якіх ты можа, няраз бачыла на карцінах пекнае Венеры.
  – Ах, Альберт! Полымя ў іх на галовах і гэтыя жахлівыя пагляды!.. Кроў мая
  замірае.
  Альберт махнуў рукою, і ўсё знікла. Быццам было гэта толькі ў сне.
  Перапалоханая Мальвіна доўга яшчэ не магла супакоіцца. Ён смяяўся з яе
  палахлівасці. Калі мінуўся страх і скончыліся жарты, яны бавілі час, пераходзячы
  ў размовах ад аднаго да другога, аж пакуль узышла не небе дзянніца.
  Мальвіна, вярнуўшыся дадому, не магла забыць тыя цуды; расказала пад
  сакрэтам сваёй сяброўцы, і, размаўляючы між сабою пра гэта, вырашылі, што ў
  вобліку тых дзяцей з’яўляліся злыя духі. Альберт – чарнакніжнік, і праз гэта
  зрабіўся багаты.
  Такі сакрэт, пераходзячы ад сяброўкі да сяброўкі, у хуткім часе ўжо быў
  вядомы ў гарадах і вёсках; усюды са страхам пра гэта гаварылі.
  Старыя нагадвалі маладым і недасведчаным; каб пазбягалі Альберта і
  сяброўства з ім. У яго доме непрыстойныя забавы, размовы і віно, што пілі без
  меры, нішчылі маральныя і цялесныя сілы ўсіх тых, хто збіраўся там бавіць час у
  ганебных уцехах.
  Прайшоў адзін год, другі. Альберт не шкадуе грошай; усё робіцца паводле
  яго волі; уцехі не спыняюцца. Мальвіна хоць і не сумняваецца ў яго сувязях са
  злым духам, але падпарадкуецца ягоным жаданням.
  Аднаго разу Альберт з гуртам гультаёў пры картах і віне бавіўся да поўначы.
  Гаспадар і госці былі ў гуморы. У жартаўлівых размовах адзін з гэтай грамады
  сказаў:
  – Ці праўда, Альберт, што ты – чарнакніжнік, як сцвярджаюць некаторыя?
  Выкліч перад намі духа. Мы яшчэ яго ніколі не бачылі.
  – Я ведаю, – сказаў Альберт, – хто разнёс пра мяне такія пагалоскі. Але не
  хачу сёння хаваць ад вас гэтага і зараз усё пакажу вам. – Глянуў на полымя свечкі
  і паклікаў: – Нікітрон!
  Са страхам пазіраюць усе на гэты неспадзяваны цуд: полымя свечкі
  выбухнула пад самую столь і нечакана ў паветры ўтвараецца празрыстая хісткая
  асоба, спускаецца на падлогу ў абліччы юнака і чакае Альбертавага загаду.
  – Як найхутчэй ляці да Мальвіны і запрасі яе да мяне.
  Дух вылецеў у вакно; прайшло не больш за паўгадзіны: заходзіць у пакой
  Мальвіна, бледная ад сполаху, і гаворыць дрыготкім голасам:
  – Навошта ты, Альберт, прывёў мяне сюды? Хочаш выставіць адну на посмех
  перад гуртам тваіх бяседнікаў?
  – Не будзеш адна.
  Ён глянуў на карціны з міфалагічнымі німфамі і кажа: 87
  – Вось табе таварышкі.
  І ўмомант голыя німфы ў натуральную чалавечую велічыню, пакінуўшы
  палатно, сышлі са сцяны.
  Усе знерухомелі, са страхам паглядаючы на гэтыя цуды. Перапалоханая
  Мальвіна закрычала страшным голасам і ўпала непрытомная на падлогу.
  – Нікітрон! – паклікаў Альберт. З’явіўся дух, і Альберт загадаў яму аднесці
  Мальвіну дахаты, дзе яна праз колькі хвілін ачулася, лежачы на ложку ў сваім
  пакоі, і дрыжала, успамінаючы тое жудлівае відовішча.
  Суседзям, таварышам і ўсім знаёмым было ўжо вядома, што Альберт –
  страшны чарнакніжнік. Бацькі, сваякі і сябры напамінамі стрымлівалі моладзь, каб яна не мела з ім аніякіх сувязяў і дачыненняў. Старыя людзі стараліся рознымі
  спосабамі выбавіць яго з падману і павярнуць да цнатлівага і пабожнага жыцця.
  Дарэмныя парады і напаміны. У багатым Альбертавым доме штодня поўна
  бязбожнае і распуснае моладзі; ён сам усё больш і больш быў нястрыманы ў
  непрыстойных жадунках і ўчынках; лічыў лухтою любоў да бліжняга, зводзіў і
  ганьбіў жанчын ды дзяўчат рознага саслоўя. Не пераводзілася золата, а перад
  золатам усё цьмее, і гэта яму было даспадобы. Ганаравалі яго лісліўцы і
  таварышы ў забавах, але ад бацькоў, мужчын і пачцівых людзей сыпаліся на яго
  страшныя праклёны.
  Прайшло колькі гадоў; ад усіх гэтых празмернасцяў Альберт захварэў.
  Раскоша, якую піў поўнаю чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў
  сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах.
  Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па
  нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і
  слова не сказаў прыяцелям.
  Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў
  руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна.
  Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на
  свеце.
  Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт
  лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны
  ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць.
  Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў
  там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на
  пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць
  духам.
  – Чаму і цяпер ты незадаволены? – спытаўся чырвоны чалавек.
  – Ні ў чым не маю прыемнасці, нейкі неспакой зацьміў мае думкі.
  – Можа, Мальвіна табе здрадзіла?
  – Мальвіна любіла і любіць багацце; яе каханне мне не патрэбна.
  – Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.
  – Але спакою купіць не магу.
  – Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.
  – Але і ён спакою не можа прынесці.
  – Не ўмеў ты карыстацца шчасцем, а я казаў: будзь хітры і празорлівы, бо
  
  88
  слабасць натуры загубіць цябе. Ужо не грэе ні залатое полымя, ні вогненны дух, ні погляд каханкі.
  – Я пагарджаю ўсім, я хачу здранцвець, быць абыякавым, як труп, халодным, як ледзяная брыла.
  – Дык паслухай апошнюю маю параду: збяры ўсіх сваіх таварышаў і, перш
  чым праб’е на вежы поўнач, ідзі на цвінтар; на магілах убачыш язычкі халодных
  агнёў – прасі іх да сябе на забавы.
  Сказаўшы гэта, ён адышоў на некалькі крокаў і знік.
  Вярнуўшыся дадому, Альберт адразу пастараўся выканаць тое, што яму раіў
  у лесе той дзіўны чырвоны чалавек. Гасцей пакінуў адных, а сам заспяшаў на
  цвінтар. Ноч была ціхая і цёмная, ледзьве відаць былі драўляныя крыжы і дзікія
  камяні, пастаўленыя сям-там на магілах; свяціліся язычкі агнёў, накшталт
  аплытых свечак.
  – Халодныя духі! – сказаў Альберт. – Сёння вас запрашаю да сябе, хачу
  вашай дапамогі, хачу быць падобны да вас і пагарджаць светам.
  Калі сказаў гэта, дык з’явіліся перад ім белыя прывіды волатаў у дзіўных і
  страшных абліччах. Яны кланяліся, прысягаючы, што ахвотна выканаюць яго
  жаданне.
  У доме ў Альберта шум і вясёлыя размовы чуваць у асвечаных салонах.
  Вярнуўся бледны гаспадар, неспакой на яго твары.
  – Што з табою дзеецца, Альберт? Чаму ты такі смутны? Які неспакой хвалюе
  твае думкі? Пра што турбуешся? Сто гадоў раскідваючы скарбы, што дала табе
  фартуна, не зможаш іх усё адно страціць. – Гаворачы гэта, віталі яго адзін за
  адным госці.
  – Хто з нас будзе так доўга жыць?! – сказаў Альберт. – Не затрымае чалавек
  захаду сонца, каб дзень падоўжыць, і весялосць не прыкліча, калі яна прэч уцякае.
  – Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце
  жыць сённяшнім днём, – сказаў адзін з гасцей. – Выпі з намі – змрочныя думкі
  прэч уцякуць.
  – Vіnum cor laetіfіcat!2 – сказаў другі. – Што будзе пасля, навошта думаць
  цяпер.
  
  Нясі віна мне жыва,
  Хай пройдзе дзень шчасліва;
  Душой клянуся, дружа,
  Што мушу ўпіцца дужа!3
  
  – Чакаю запрошаных гасцей, – сказаў Альберт. – Яны ўпершыню наведаюць
  мой дом.
  – Адкуль і якіх гасцей чакаеш?
  – Убачыце і будзеце ведаць.
  – Дык старайся іх прыняць весялей, чым нас. Вып’ем за здароўе гаспадара.
  Пеніцца віно ў келіхах; грымяць віваты:
  – Няхай жыве Альберт!
  Падхмеленыя моцнымі трункамі, яны пахваляліся адзін перад адным: хто
  
  89
  больш выпіць можа; шум і гамана вясёлых гасцей адзываецца ва ўсіх пакоях. Сам
  гаспадар, захоплены вясёлай грамадою, асушыў не адзін келіх моцнага віна. Але
  яно слаба падзейнічала на яго; хвіліннае забыццё дало спачыць думкам, і зноў
  вярнуўся смутак мучыць ягоную душу.
  Поўнач. На далёкай вежы б’е дванаццаць. Прабіў гадзіннік у кутку гасцёўні і
  ледзь дайграў мелодыю – нечакана патухлі васковыя свечкі. Адна толькі лямпа
  свяціла бледна, нібы пакрытая густою імжою. З’явіліся па кутах і пасярод салона
  жахлівыя монстры: велізарныя стварэнні ў белым, вочы гарэлі, як агонь, гангрэнавыя плямы палілі іхнія твары. Учарнелыя шкілеты абапіраліся
  спарахнелымі рукамі на мэблю. Знік гарэлачны чад, перапалоханыя госці з
  крыкам уцякалі з дому, іншыя, знепрытомнеўшы, пападалі на падлогу. Нямы і
  бледны Альберт пазіраў на гэтых пачвараў; дрыготка прабегла па целе і адчуў у
  гэты час, што нейкі холад увайшоў у яго грудзі, і ён застыў увесь ад холаду.
  Зніклі гэтыя страшныя монстры; ачуліся перапалоханыя бяседнікі, але не
  вярнулася цяпло, каб сагрэць Альберта; увесь быў халодны, як кавалак золата.
  Жыў ён яшчэ некалькі гадоў, але ўжо нішто не магло яго адагрэць. Увесну і ў
  летнюю спякоту мароз прабягаў па ўсіх яго жылах. Кажуць, што калі хто сядаў
  блізка ля яго, каб пра што-небудзь пагаманіць, – з вуснаў яго зыходзіў такі холад, што нельга было вытрываць і колькі хвілін.
  Уначы прыходзілі да яго тыя самыя страшныя здані, якіх ён запрашаў да сябе
  з магіл, і часта чуў нейкія дзіўныя галасы, якія клікалі яго па імені “Альберт!
  Альберт!” – не толькі ў змроку, але і сярод белага дня. Пытаўся ён у людзей, што
  яго часам наведвалі, ці не чуе хто-небудзь з іх галасы, што клічуць яго па імені?
  Усе са здзіўленнем адказвалі, што не чуюць аніякіх галасоў.
  Абазнаныя ў сваёй справе медыкі, прывезеныя з далёкіх краёў, параіўшыся, прызначалі яму размаітыя лекі, але руплівасць і веды дактароў не маглі яму
  дапамагчы.
  – Божая кара нарэшце кранула чарнакніжніка і спакусніка, – паўтаралі
  старыя людзі.
  А між простым людам па вёсках і мястэчках хадзілі чуткі, што Альберта за
  бязбожнае жыццё мучаць усе трасцы* разам, ні на хвіліну не даючы яму спакою.
  Найчасцей ён быў самотны; назаўсёды зніклі балі і шумныя забавы; рэдкі
  госць наведваўся, і той, змучаны халоднаю размоваю, стараўся як мага хутчэй
  пакінуць ягоны дом. Пакінулі ўсе. Часам толькі слуга з’яўляўся на голас пана.
  Дзень быў хмурны, шумеў вецер, сонца засланялі воблакі; у Альбертавым
  доме панавала цішыня, нібыта ў якой пустэльні. Чуваць былі галасы крумкачоў, вялікая чарада якіх кружылася ў паветры над палацам. У вечаровым сутонні
  вокны былі нібыта завешаныя чорным мошастам; доўга не гарэў у шыбах
  агеньчык свечкі. Знайшлі яго труп; сканаў, седзячы на крэсле. Рукі і ногі
  здранцвелі, нібыта ад моцнага зімовага марозу.
  – А з Мальвінай, каханкай яго, што сталася? – спытаў Завальня.
  
  * Трасца4, або фебра; люд беларускi думае пра гэтыя хваробы, як пра нейкiх злых iстот цi духаў, што завуць людзей па iменi (часцей увесну). Хто адгукнецца, той мусiць хварэць. Бачаць iх
  часам у воблiку кабетаў i налiчваюць дзевяць сясцёр.
  
  90
  – Мела дыяменты і грошы, лёгка і мужыка знайшла; гадзіннік з зязюляю не
  наводзіў на яе сумных думак. Выехала ў сталіцу і сярод шуму вялікага свету
  забылася пра мінулае і пра Альберта.
  – Заўсёды такая смерць тым людзям, – сказаў дзядзька, – што шукаюць
  шчасця на гэтым свеце, а пра будучае жыццё не дбаюць. Як жахліва памёр гэты
  няшчасны Альберт!
  Арганісты ўстаў з месца і сказаў, гледзячы ў вакно:
  – Некалькі зорак ужо свецяцца на небе, і вецер сціх; заўтра будзе добрае
  надвор’е; перш чым вярнуцца дахаты, мне трэба яшчэ сюды-туды заехаць. Дык
  ты, пане Завальня, дазволь ужо адпачыць падарожнаму. Мне трэба заўтра
  раненька ўстаць.
  Гасцям ужо прыгатавалі пасцелі, пасля пацераў патушылі агонь, і я, думаючы
  пра няшчаснага Альберта, заснуў.
  
  
  КУЦЦЯ
  
  Я прачнуўся і, лежачы яшчэ ў пасцелі, прыпамінаў апавяданні сляпога
  Францішка і арганістага: Плачка, Сын Буры, Вогненныя духі – усе гэтыя цуды
  паўставалі ў маіх думках у дзівосных, самотных і страшных карцінах. Тут
  дзядзька адчыніў дзверы і, гледзячы на мяне, сказаў:
  – Уставай, Янка. Не прывыкай да ляноты; зімовыя ночы доўгія, можна
  выспацца; усе падарожныя яшчэ перад світаннем выехалі; цяпер толькі паны
  спяць да дня; за іх іншыя думаюць і працуюць. Памятай, што ты чалавек бедны, мусіш сам служыць, дык адвыкай ад такіх звычак.
  Завальня надзеў футра, выйшаў на падворак, загадаў парабкам паадкідаць
  снежныя сумёты ад вокнаў і ад сцен спіжарні.
  Я хуценька ўстаў. У хаце было ціха і змрочна; святло слаба прабівалася праз
  шыбы, пакрытыя лёдам і засыпаныя снегам. Уваходжу ў чалядны пакой, там на
  лаве сядзеў сляпы Францішак, а пані Мальгрэта, гатуючы куццю, расказвала яму
  пра сваю гаспадарку: пра курэй розных парод, якіх яна разводзіла, маючы
  велізарнага пеўня на высокіх нагах, але ён быў такі нязграбны, што звычайны
  маленькі пеўнік яго перамагаў і няраз крывавіў; пра гусей, за якімі ўлетку хоць і
  заўсёды добра наглядала, але не магла ўпільнаваць ад лісіц. Расказвала, як аднаго
  разу на возеры паляўнічы адным стрэлам забіў некалькі свойскіх качак, мяркуючы, што гэта дзікія, і з таго часу трэба мець іх на воку, каб далёка не
  адплывалі ад дому.
  Калі так размаўлялі, дзядзька пастукаў у вакно, кажучы:
  – Бачу здалёк: па возеры нехта едзе; здаецца, гэта пан Марагоўскі з дзецьмі
  вяртаецца з Полацка. Загадай каму, васпані, хутчэй навесці парадак у пакоі: дасюль яшчэ падлога не падмецена.
  Імклівыя коні павярнулі з вялікай дарогі, мінулі бераг возера і ўжо ля брамы.
  Дзядзька сустракае гасцей: у возе сядзеў пан Марагоўскі, ля яго – трое дзяцей, ухутаных мядзведжым футрам і абвязаных хусткамі так, што толькі вочы відаць; выбегла з дому пані Мальгрэта, і дзяцей унеслі ў пакой.
  
  91
  На снеданне было пададзена падагрэтае піва; шкаляры, пачуўшы цяпло, зашумелі, як пчолы ў вуллі. Кожны апавядаў пра сваю вучобу, пра таварышаў, настаўнікаў, пра розныя школьныя выпадкі і здарэнні. Сляпы Францішак
  далучыўся да іх, і яны пад сакрэтам расказвалі яму свае вершы, якія вывучылі на
  памяць, каб павіншаваць бацьку.
  Перада мною яны хваліліся ўзнагародамі за экзамены: дасталі са скрыначкі
  абразкі Клаўбера1 розных памераў, крыжыкі і медзяныя медалькі. Шмат расказалі
  вывучанага з альвара і шмат пераклалі з лаціны святое гісторыі.
  Пан Марагоўскі пацвердзіў бацьку, што Стася і Юзіка за стараннасць у
  вучобе і за добрыя паводзіны хвалілі і ўзнагародзілі ксёндз-прэфект і настаўнікі; дзядзька цешыўся гэтым, абяцаў ім пашыць новыя капоты і даць грошай на
  розныя школьныя патрэбы.
  Доўга цягнулася размова пра Красны* полацкі кірмаш. Марагоўскі апавядаў
  пра кошт жыта, аўса і ячменю, пра свойскіх птушак, якіх там шмат адусюль
  прадаецца; пра кошт ільну, пянькі і пра купцоў, што прывезлі з іншых гарадоў
  хусткі, сукно, ядваб, баваўняную крамніну ды іншыя тавары для ўбораў; пра
  знаёмых гаспадароў, што прыехалі па сваіх справах і каб набыць патрэбныя ў
  гаспадарцы рэчы.
  У размовах прайшоў цэлы дзень; сонца схавалася за лес, звечарэла. Некалькі
  суседзяў, што жывуць ля возера Нешчарда, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на
  куццю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе. Пасярод
  пакоя паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і накрылі белым абрусам. На стол
  падалі посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу. Завальня ламаў аплатку з панам
  Марагоўскім, а пасля па чарзе – з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь
  Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не
  зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З
  незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.
  Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых абрадаў свята трымаліся ва ўсіх
  дамах нашага павета. Сёння ўжо не тое! У некаторых паноў змяніліся старыя
  звычаі і парадкі, за што Бог не ўзнагародзіць, і часы ўсё горшыя і горшыя.
  За гэтаю размоваю асобныя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад
  абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці лён, а паненкам прадказвалі
  хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо
  яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам на стале, вешчавала вялікія
  ўраджаі.
  Пасля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі
  метэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны і
  гародніны ўвосень.
  О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднае зямлі! Як кароткае шчасце, як
  прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны –
  наймілейшая забава самотным думкам; па іх, як выгнанніца з раю, сумуе
  
  * Так называецца полацкi кiрмаш, якi адбываецца перад Калядамi.
  
  92
  заклапочаная душа.
  
  
  ДУМ КІ САМ ОТНІКА
  
  На беразе Фінскае затокі, дзівячыся чароўным малюнкам травеньскіх начэй, сядзеў я ад захаду да ўсходу сонца. Не было зорак на небе: белае святло заліло
  нябеснае скляпенне і ўсю марскую прастору. Травеньскія ночы чужое краіны! Вы
  заўсёды былі сведкамі маіх тужлівых і самотных песень, калі тут, на беразе затокі, агорнуты думкамі, успамінаў я горы і лясы радзімае старонкі.
  Гараць залатым полымем вяршыні святынь у сталіцы1; якая цішыня пануе ў
  паветры! Зазваніў гадзіннік з вежы, і моцнае яго гучанне дасягае далёкіх ваколіц
  горада. Човен плыве па спакойнай вадзе, чую вясёлыя песні матросаў; у пышных
  садах гучыць музыка, да позняга часу доўжацца вясёлыя забавы і не скончыліся
  яшчэ прыемныя спатканні пад шатамі паркавых дрэваў.
  Травеньскія ночы радзімых ваколіц! Мілей мне было сустракаць захад сонца
  на беразе Нешчарды, не параўнаеш самую вытанчаную музыку з пяшчотным і
  чароўным спевам салаўёў і самотным голасам зязюль. Дзікія лясы мілей за
  пышныя паркі! Шум вашых галін акунаў мяне ў роздум, у засені вячыстых дрэў
  заўсёды адчуваў я нейкія неразгаданыя таямніцы прыроды. У народных
  апавяданнях сустракаў пачуццё і праўду, адчуваў іх мудрасць і малітвы цэлага
  народа, мілей гэта ў сто разоў, чым халодныя забаўкі ў багатых салонах.
  Мора! Я чытаў пра цябе вершы паэтаў, ціхія і бурапенныя твае хвалі
  параўноўваў з роднымі азёрамі, калі яны зіхацяць, як крышталь, у зарослых
  берагах або шумяць у буру. Калі я быў яшчэ зусім малады, дык упрыгожваў
  людзей дабрынёю і справядлівасцю, а будучае – надзеяю і, быццам у бяспечным
  порце, ціхамірна марыў у той час пра навальнічнае неба і пра велізарныя акіянскія
  хвалі.
  Мора! У тваіх глыбінях быў для мяне іншы свет, шчаслівы і дзіўны, пра які
  столькі я чуў апавяданняў з вуснаў простага люду*. Там жыла калісьці дзяўчына
  Ганна, дачка вялікага Акіяна, каралева духаў, цуд хараства; нябачная моц зямлі і
  мора імгненна выконвалі ўсе яе загады. Цуд дабрыні, яна ацаніла шляхетнасць
  маладога хлопца, які спусціўся на дно і стаў перад вялікім Акіянам, каб
  адслужыць яму за вяртанне свайго бацькі на родную зямлю. Але ён быў слабы
  чалавек і не мог выканаць наказы Пана Мора, і тады Ганна, выручаючы каханага, загадала духам, і за адну ноч з’явіліся палацы з караляў і дарагога жомчугу.
  Ацаніў Акіян дабрачыннасць і мудрасць хлопца, даўшы яму за жонку сваю дачку
  Ганну.
  Мора! Сёння я не так ужо думаю пра цябе. Ты нагадваеш сляпую фартуну: узбагачаеш людзей і кідаеш у бяздонныя глыбіні, няможна расчуліць тваё зімовае
  лона, калі няшчасны ветразь, занесены хваляю далёка ад роднае зямлі, гіне, самотны, на пустэльных берагах вострава ад тугі або ад голаду, і ў яснае надвор’е
  не дрэмлюць на тваім дне ненажэрныя пачвары, паглядаючы з адкрытаю пашчаю
  
  * Змест народнага апавядання пра Ганну, дачку Акiяна.
  
  93
  на марскіх вандроўнікаў. О мора! Ты нагадваеш свет, па якім чалавек ідзе рознымі
  пуцінамі жыцця.
  Хутка зменіцца надвор’е – вецер з усходу; бялеецца над вадою надзьмуты
  ветразь.О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных
  гмахаў! Над горадам вісяць густыя воблакі, а з іх нараджаюцца ўгары дзіўныя
  прывіды, у паветры будуе нехта велізарны замак, валы і сцены акружаюць яго, вырастаюць высокія гмахі і вежы, непадалёк становяцца ў баявы парадак на конях
  волаты-рыцары, а праз колькі хвілін відаць толькі руіны, а ўсё войска
  перамянілася ў клубы дыму; як вужака, прабегла вогненная маланка пасярод
  хмары.
  О, людзі вялікага свету! Гляньце на неба з вашых высокіх і пышных гмахаў, зразумейце гэтыя знакі ў пэўных абрысах аблокаў, якія заўсёды перад вашымі
  вачыма; Божая рука папярэджвае вас, што няма нічога сталага на зямлі, гмахі
  вашы ператворацца ў руіны, моц, багацці, гонар і слава рассеюцца і знікнуць, як
  лёгкі дым у паветры.
  Вясна! Кароткі твой усмех, кароткі твой павеў лагоднага ветрыку, нядоўга
  цешаць вока барвы садоў; вільготныя туманы засцелюць зямлю, паляцяць птушкі
  ў вырай, пачнецца вецер і разнясе жоўтую лістоту па могілках, раскідваючы ля
  ўзножжа цудоўных помнікаў і нямых стодаў, якія стаяць на магілах знакамітых
  людзей; калісьці фартуна на дарозе жыцця сыпала ім кветкі, сёння халодны
  мармур заносіць пяском вецер, і імя іх сканае ў пустэльні нябыту, калі ў жыцці не
  ўвянчалі яны свае галовы каронаю праўды.
  Праўда – пасланніца неба ў гэту юдоль цярпення – ты анёл, вартаўніца і
  настаўніца ў жыцці, асвятляй нас сваімі промнямі, калі праўдзівую веру –
  найдаражэйшы скарб нашых бацькоў, найчысцейшае святло неба – хочуць
  зацьміць туманы вытанчанае мудрасці пыхлівых і хлуслівых філосафаў.
  Калі прырода спіць пад снегам, вые паўночны вецер, мінаюць доўгія цёмныя
  ночы, тысячы агнёў палаюць у вокнах гмахаў, не перапыняецца вясёлае жыццё
  сталіцы, і я, самотны, люблю аддавацца марам, мая думка ляціць далёка, да
  радзімых ваколіц, выклікае з магіл паважаных старых, бачыць іх забавы і чуе
  размовы пра шчаслівыя часіны, пра залаты век, калі чалавек араў сваё поле, будаваў дом сабе і сваім дзецям. Тады ўраджаі былі лепшыя, весела спяваючы, працаваў араты ў полі, у лясах вялося безліч ласёў і дзікіх коз, і паляўнічы лёгка
  знаходзіў звера, і рыбак з пэўнай надзеяй закідаў нерат у ваду.
  Але калі людзі размежылі жалезным ланцугом палі ды лясы, калі кожны
  захацеў стаць багатыром, мець дарагую вопратку і пышныя карэты, – усё
  змянілася на свеце, багатыя пачалі прыгнятаць бедных, і ўгневаны Бог не
  блаславіў людскую працу, змяніліся ўраджаі, мядовая2 раса, падаючы страшнаю
  атрутаю на травы перад узыходам сонца, няраз вельмі шкодзіла жывёле.
  І цяпер яшчэ старыя, апавядаючы маладым аповесці даўніх часоў, успамінаюць дзіўныя знакі на небе, калі на беразе Балтыйскага мора сышліся
  дружыны шведаў з велізарным войскам паўночнага Цэзара3, дрыжала Нарва і
  іншыя фартэцыі ад зброі пераможцаў. Зарыва страшных пажараў, плывучы ў
  аблоках ад марскіх берагоў, няраз апоўначы залівала крывёю неба над усёй
  Беларуссю. Люд, дрыжучы, паглядаў угору, дзе ў хмарах, што дыміліся крывёю, 94
  змагаліся палкі конных і пешых волатаў, і няраз гэты прывід трываў на небе да
  ўзыходу сонца.
  Часта тэмаю іх размоў бывае год Лебяды, калі падчас тае шведскае вайны
  валадырылі па ўсёй Беларусі голад і чума. Зямля тады была без снегу, пагоркі без
  травы падобныя былі да бясплодных стэпаў, паўночны вецер, пралятаючы над
  голымі палеткамі, нібы над пясчанымі стэпамі, змятаў сухую зямлю і забіваў
  сваім дыханнем кволую рунь, ад моцных марозаў трэскалася зямля, гінула рыба ў
  скаваных таўшчэзным лёдам азёрах.
  Прыйшла вясна, ажылі дрэвы і лугі, але сэрца гаспадара працяў цяжкі
  смутак: палі былі пакрытыя лебядою, жытнёвыя каласы раслі за некалькі сажняў4
  адзін ад аднаго, на берагі азёр хвалі выкідвалі мноства нежывое рыбы, голад і
  чума распаўзліся па цэлым краі.
  У вёсках апоўначы пад вокнамі некаторых хацін здараліся незвычайныя і
  страшныя цуды: сонных абуджаў моцны крык дзіцяці, але калі хто выходзіў, каб
  забраць дзіця ў хату, дык нікога не бачыў на панадворку і плачу не чуў, а толькі
  абзываліся каля суседніх дамоў сабакі. Такія выпадкі, часта паўтараючыся, даводзілі ўсіх да найвялікшае роспачы.
  “Кара Божа за цяжкія грахі”, – казаў люд і штодня перад абразом Прачыстае
  Маці заліваўся слязьмі.
  Успамінаюць у размовах сваіх з удзячнасцю і пачуццём і пра Вас, вялікія
  душы, што былі дабрадзеямі Вашым падданым, суседзям і няшчасным землякам: падчас неўраджаю шчодраю рукою давалі Вы дапамогу бедным сялянам, удовам і
  сіротам; люд, гнаны жорсткім лёсам і несправядлівасцю, падтрымлівалі мудраю
  парадаю, уваскрашалі ў сэрцы надзеі, паказваючы Ўсемагутнасць Божую і
  міласэрнасць; ніхто без суцяшэння не выйшаў з Вашага дому, і прыгрэты жабрак, пакідаючы Вашы парогі, з суцехаю ў сэрцы бласлаўляў неба. Не шукалі Вы
  ўзнагароды на гэтай зямлі за дабрачыннасць, не шукалі Вы марнае славы, за якой
  ганяюцца слабыя людзі, як дзеці за цацкаю. Вашы ўзнагароды, Ваша слава перад
  тварам Бога.
  Слынны продак! Магілы твае без аздобы,
  Там ніхто не паставіў слупоў мармуровых,
  Там бярозы рассыпалі цені жалобы
  Па каменні імшыстым ды крыжах хваёвых.
  
  Слынны продак! Бязлітаснай праўды анёла
  Бог пашле, каб твае абудзіліся дзеці;
  І натхніцца тваёй дабрачыннасцю моладзь,
  І вякі залатыя над намі засвецяць...
  
  Днём святога суда свет агорне трывога,
  Збудзіць мёртвых сурма, і зямля скаланецца.
  Слынны продак! Ты станеш тады перад Богам
  У пашане і славе навечна, здаецца.
  
  
  
  95
  ГОСЦІ Ў ХАЦЕ ЗАВАЛЬНІ
  
  Перад Новым годам мой дзядзька, сляпы Францішак і двое суседзяў
  успаміналі мінулыя часы, гаварылі пра ўраджаі і пра няшчасці, якія зазнаў гэты
  край, калі пасеяны хлеб загінуў у полі і жывёла прапала ад пошасці; гутарылі, як
  палепшыць палеткі і сенажаці, як завесці добры статак; пра выгаду, якую можа
  мець з гэтага дбайны гаспадар, і як прышчэпліваць садовыя дрэвы; да полудня і
  папалуднаваўшы, нязменна гаварылі пра гэта. Нарэшце, дзядзька сказаў гасцям:
  – На другі дзень Каляд я гасціў у пана Марагоўскага: шмат там было асоб, якіх я бачыў упершыню, а іх размовы не маглі мяне захапіць; Бог ведае што там
  казалі, пераходзячы ад аднае тэмы на другую; размаўлялі пра сабак і коней, пра
  шчасце і няшчасце ў картах, лаялі і хвалілі сваіх прыяцеляў, перайшлі, нарэшце, да Бібліі. Тут ужо сапраўды паказалі, хто яны: разважалі пра тое, чаго не разумелі, ды, можа, і не чыталі. Пан Марагоўскі не мог вытрываць і папрасіў іх, каб не
  паказвалі дурнога прыкладу моладзі і кабетам. Цудоўна баўлю я сённяшні дзень з
  добрымі суседзямі; нашы размовы не абражаюць Бога.
  – Гэта залатая моладзь новага часу, – сказаў пан Сівоха. – Будзе мароз на
  маладую зеляніну – апамятаюцца, як іх кране ў гневе рука Божая.
  – Я заўважыў, – сказаў дзядзька, – што Янка ў час тых размоў сядзеў моўчкі і
  пазіраў здалёку, зусім не хацеў лезці ў тыя спрэчкі.
  – Памятаю, дзядзечка, словы, якія чуў я ад майго настаўніка: людзі робяцца
  недаверкамі не таму, што бачаць у веры нейкія недарэчнасці, а таму, што, маючы
  бездапаможны розум і прытупленыя распусным жыццём пачуцці, не могуць ні
  адчуваць, ні кахаць, ні разумець праўду рэлігіі, дык я маўчаў, бо якая карысць
  спрачацца з людзьмі, якія маюць такія абмежаваныя веды і пачуцці.
  – Гэта праўда. Яны не разумеюць, што значыць быць добрым чалавекам, а
  думаюць толькі пра заслугі ды гербы сваіх продкаў. Але чаму ж не пераймаць іх у
  даўніх цнотах: даўней шанавалі веру і Бог бласлаўляў жыццё.
  Стась, перапыняючы размову, сказаў бацьку:
  – А хто сёння будзе расказваць гісторыі?
  – Твая чарга, – сказаў той, усміхаючыся.
  – Я, тата, раскажу пра Твардоўскага1.
  – Добра, раскажы пра яго, будзем усе слухаць.
  – О! Я шмат чуў пра Твардоўскага, – сказаў пан Латышэвіч. – Гэта быў вялікі
  чарнакніжнік, але Стась, можа, раскажа нешта новае.
  
  
  
  ТВАРДОЎСКІ І ВУЧАНЬ
  
  – Гаспадар, у якога мы жывём, – сказаў Стась, – апавядаў нам, што
  Твардоўскі хадзіў у школы ў Полацку, вучыўся добра, ды толькі не слухаўся
  настаўнікаў, пакрыёма чытаў забароненыя кніжкі і такім чынам дайшоў да таго, што зусім не баяўся смяртэльных грахоў. Нарэшце навучыўся чарнакніжніцтву і
  душу сваю прадаў злому духу, а прафесары і ксёндз-прэфект нічога пра гэта не
  
  96
  ведалі і зрабілі яго дарэктарам некалькіх шкаляроў з пачатковых класаў.
  Твардоўскі ў вольны ад заняткаў час бавіў даручаных яму вучняў, сяды-тады
  паказваючы ім дзіўныя рэчы. Аднаго дня надвор’е было яснае і ціхае, вучні ў
  пакоі з адчыненага вакна пускалі ў паветра мыльныя пухіры. Твардоўскі, стоячы
  побач, сказаў:
  – Глядзіце! На вашых пухірах д’яблікі лётаюць у паветры.
  І сапраўды, яны ўбачылі, што на мыльных пухірах сядзелі нейкія стварэнні
  накшталт крылатых купідонаў: вочкі маленькія, светлыя, робячы дзіўныя
  грымасы, паглядалі на ўсіх. Адзін перапалоханы шкаляр закрычаў: “Езус, Марыя!” – і ўсё вокамгненна знікла, а пра гэта ані ксёндз-прэфект, ані прафесары
  нічога не ведалі.
  Сярод тых шкаляроў быў Гугон, якога Твардоўскі любіў болей за іншых; на
  праходках за горадам найбольш з ім гутарыў, калі Гугон хацеў што купіць і прасіў
  грошай, ніколі яму не адмаўляў, хваліў яго заўсёды, нібыта той вучыўся лепей за
  іншых.
  Твардоўскі а дзевятай гадзіне вечара, калі вучні клаліся спаць, меў звычку
  выходзіць з дому і да поўначы бавіўся дзе-небудзь у горадзе ў сваіх знаёмых; асобны пакой, дзе ён часам заставаўся адзін, зачыняў на замок; ніхто з калегаў не
  ведаў, якія ў яго былі кніжкі, і Гугону не дазваляў заходзіць туды аднаму.
  Неяк ён выйшаў з дому і, забыўшыся, пакінуў ключ у замку і дзверы
  незачыненыя; а дзесятай гадзіне ўсе пайшлі спаць; Гугон жа не тушыў святла і
  сядзеў адзін; калі прабілі поўнач на званіцы езуіцкага касцёла, а Твардоўскі яшчэ
  не вярнуўся дадому, Гугон убачыў у замку ключ і незачыненыя дзверы.
  Уваходзіць у пакой, на стале бачыць велізарную кнігу ў старасвецкім пераплёце з
  пергамену; глянуўшы ў яе, ён здзівіўся, бо першы раз у жыцці сустрэў белы друк
  на чорнай паперы, і ледзь прачытаў паўстаронкі, з’явіўся перад ім чараваты
  карузлік, вочы свяціліся белым агнём, твар чорны, як вугаль.
  – Навошта ты мяне выклікаў? – сказаў злы дух, гледзячы на Гугона, але таму
  заняло мову ад пярэпалаху. Угневаны шатан выцяў яго і забіў на месцы, а сам
  знік.
  Пасля поўначы Твардоўскі вярнуўся дадому і знайшоў у пакоі мёртвае цела
  свайго прыяцеля і разгорнутую кнігу. Зразумеў усё і хуценька выклікаў да сябе
  шатана.
  – Чаму ты забіў няшчаснага юнака? – спытаўся гнеўна чарнакніжнік.
  – Таму, – сказаў злы дух, – каб не раскрыў тваю таямніцу ўсім, хто не павінен
  ведаць пра яе.
  – Тут трэба было зрабіць іначай, ані ты, ані я ажывіць яго не можам; цяпер
  мяне могуць пакараць як забойцу, трэба затаіць гэтае злачынства, залазь у яго
  цела, будзеш Гугону замест душы, пакуль не прыйдзе яму час паміраць.
  Д’ябал імгненна залез у цела, і Гугон ажыў, але стаў зусім іншы: вочы
  блішчалі, ды гэты бляск быў прыкры; твар у яго быў той самы, ды ў ім было
  штосьці агіднае.
  Прыйшоў у школу; прафесары і аднакласнікі бачылі ў ім нейкую перамену, аднак ніхто не мог дазнацца таямніцы.
  На імшы паводзіў сябе нясціпла, смяшыў іншых, а калі ксёндз падносіў
  
  97
  святое прычасце, дык ён не мог вытрываць і выбягаў з касцёла, прыкладваючы
  хусцінку да носа, нібыта спыняў кроў.
  Калі пакаранні і напаміны не дапамагалі, яго выгналі са школы, і ён заўсёды
  быў вялікі непрыяцель усім езуітам; на ксяндзоў пісаў пасквілі, выступаў супраць
  святое рэлігіі, усім паказваў паганы прыклад, хто толькі з ім пачынаў размову; пасля пакінуў Полацак і невядома дзе згінуў.
  – Брава, Стась, – сказаў пан Сівоха. – Кароткае апавяданне, але добрае.
  Пэўна, сёй-той з нашых маладых панічоў і цяпер яшчэ паўтарае думкі таго д’ябла, што быў у Гугонавым целе.
  – Гэта навука, Стась, – сказаў дзядзька, – што трэба ўнікаць злых людзей.
  Сяброўства з Твардоўскім загубіла Гугона, а шатан мог беспакарана чыніць зло.
  – О! Калі б той пан Гугон, – сказаў Латышэвіч, – у сваім жыцці на гэтым
  свеце быў суддзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?
  У час гэтае размовы пані Мальгрэта прынесла ліст з чаляднага пакоя і
  сказала:
  – Якуш прыйшоў. Вось ліст ад пана Марагоўскага.
  Дзядзька прачытаў і, аддаючы мне, сказаў:
  – Пан Марагоўскі вельмі ласкавы да цябе, просіць, каб ты да яго прыехаў; можаш сабе ехаць заўтра пасля святое імшы і пабыць дзён колькі. Але няхай
  зойдзе сюды Якуш. Гэта чалавек гаваркі; вельмі я ўпадабаў ягонае апавяданне пра
  ваўкалака.
  Калі той зайшоў у пакой, дзядзька загадаў даць яму выпіць, закусіць, а сам
  загаварыў пра гасцей, якіх бачыў у доме пана Марагоўскага. Найбольш дзіўным
  майму дзядзьку здаўся доўгавалосы, худы, вусаты пан Чубкевіч, які заўсёды
  бубнеў пра знакамітасць сваіх продкаў, пра намер ажаніцца, бо яго справы ў
  крытычным стане, і абавязкова трэба шукаць жонку, якая мела б, прынамсі, хоць
  дзвесце душ пасагу.
  Пачуўшы пра Чубкевіча, Якуш пагардліва зморшчыўся і сказаў, ківаючы
  галавою:
  – Няхай бы той Чубкевіч перш глянуў на сябе, чаго вартая ягоная душа.
  Прадаваў маладых хлопцаў і дзяўчат Бог ведае якім людзям, не зважаючы на
  слёзы бедных матак. Памучыў людзей, адкажа перад Богам. Хай бы сабе пашукаў
  Белую Сароку, адпаведная пара была б. Дзіўлюся, што наш пан, які пра сваіх
  падданых клапоціцца, як бацька пра дзяцей, запрашае яго да сябе.
  – Ты раскажы мне, – папрасіў дзядзька, – што гэта за Белая Сарока, пра якую
  згадаў?
  – А ўжо лепей пану пра Белую Сароку распавяду, чым гаварыць пра
  Чубкевіча, няхай яго Бог карае.
  
  
  АПАВЯДАННЕ В ОСЬМ АЕ.
  БЕЛАЯ САР ОКА
  
  Вы, панове, ведаеце акружанае цёмным лесам возера Язна, дзе мяжуюць тры
  паветы: Полацкі, Себежскі і Невельскі. Недалёка ад гэтага возера быў вялікі
  
  98
  маёнтак, жыў у ім пан, якога і цяпер, успамінаючы, называюць Скамарохам, і ён
  меў падданых у тых трох паветах.
  Дык вось той пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлівы і хцівы, да суседзяў ездзіў толькі з прэтэнзіямі, меў грошы і заўсёды
  судзіўся, крыўдзіў бедных, удоў і сірот. Яго падданыя мелі пекла на гэтым свеце.
  Рэдка хто наведваў яго дом. Пры ім неадступна быў вялізны чорны сабака.
  Лёкаі заходзілі ў пакой толькі тады, калі ён свістам даваў знаць, што нехта з іх
  патрэбен.
  Скамароха быў адзін у пакоі. Ён як зазвычай пазіраў у люстэрка, падкручваў
  вус і ўважліва прыглядаўся да свайго круглага твару, што, як расказваюць, быў
  накшталт поўні. Пасля сеў у крэсла, закурыў люльку і задумаўся, а побач на
  падлозе заснуў чорны сабака.
  Між тым, калі ён перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае
  ўладанні, на зямлю апусціўся вечар і шэры змрок. Нечакана над яго жытлом
  павіслі хмары, зашумеў за сцяною вецер і лінуў дождж. У пакоі цёмна, толькі
  цьмяна свяціліся шыбы.
  Ледзь Скамароха ачнуўся ад думак, як бліскавіца асвяціла пакой і ён убачыў, што нейкая дзіўная і страшная постаць стаіць у кутку ля дзвярэй. Пан спалохана
  закрычаў, стаў клікаць да сябе лёкаяў, але грымоты і шум ветру глушылі крык, ніхто не пачуў яго і не прыбег.
  Высокая худая постаць падышла да пана.
  – Не крычы, – сказала яна. – Ніхто не пачуе твой голас, і твой чорны сабака
  моцна спіць.
  – Хто ты і як сюды трапіў?
  – Пачакай крыху і пра ўсё даведаешся, – кажучы гэта, прывід выкрасаў агонь
  і запаліў свечку, якая стаяла на стале перад люстэркам.
  Пры святле Скамароха ўбачыў дзіўнае стварэнне: чалавек на танюсенькіх
  нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі.
  Закрычаў пан дрыготкім голасам:
  – Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух.
  – Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат добрага зрабіць.
  – Чаго ты сюды прыйшоў, ды так ціха, што і сабака не ўчуў?
  – Чуеш шум навальніцы? Я схаваўся тут ад залевы і перуноў, а сабака зараз
  спіць моцным сном і датуль будзе спаць, пакуль я не абуджу яго.
  – Скажы, хто ты?
  – Сядзь у сваё крэсла, супакойся, і ўсё раскажу табе. Я днём адпачываю, а
  пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што
  гавораць, што ядуць і п’юць. Ведаю сакрэт, як наслаць моцны сон на сабак і
  варту; слухаю, пра што гаворыць прасталюдзін і выведваю думкі паноў; маё вока
  хуткае, а слых такі тонкі, што за сцяною (няхай гэта будуць найтаўсцейшыя
  муры) магу чуць шэпт; па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх
  гаварыць паміж сабою і памятаю пра ўсё; заходжу праз маленькую шчылінку, і
  дзверы не скрыпяць, калі я іх адчыняю.
  Скамароха свіснуў, клічучы да сябе людзей, і штурхануў нагою сабаку.
  – Дарэмна свішчаш: ніхто не пачуе. Шуміць вецер, лье дождж, і сабаку не
  
  99
  абудзіш.
  – Чаго ты блукаеш па свеце? Навошта ты ўсё выведваеш?
  – Я – пасланец Белае Сарокі, даведаўся пра твае памысныя думкі і
  прывабныя намеры.
  – І хто ж тая Белая Сарока, якую ты ўспомніў?
  – О! Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар – цуд прыгажосці, постаць
  высокая, велічная; адзенне з дарагіх дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты
  яшчэ ніколі не бачыў; ёй кланяюцца багатыя паны і мудрыя галовы, духі па яе
  загадзе здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла да сябе, і
  яны, як пакорлівыя сабакі, заўсёды гатовыя ёй служыць. Словам, яна мацнейшая
  за ўсіх чарнакніжнікаў. Толькі часам убіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча
  бачыць тых, хто спрыяе ёй; і іх узнагароджвае, узбагачае, робіць шчаслівымі.
  Бледны Скамароха, гледзячы на пасланца, вымавіў:
  – Дзіўныя і незразумелыя рэчы мне гаворыш.
  – Заўтра гэтай парою я буду ў цябе, і Белая Сарока прыляціць пад твой дах
  адпачыць. Пастарайся прыняць яе добра і будзь у размове абачлівы; апоўначы
  лёкаі няхай не заходзяць у твой пакой, няхай першы візіт гэтае пані будзе таемны.
  Ён адчыніў вакно, паглядзеў угору:
  – Хмары разышліся, толькі вецер шуміць. Здаецца, стрэлы перуноў не
  спаткаюць мяне на дарозе, не міне і паўгадзіны, як буду размаўляць пра цябе з
  Белай Сарокаю.
  Сказаў гэта і выскачыў у вакно. Гаспадар бачыў толькі, быццам нейкі чорны
  звер прабег праз панадворак і імгненна знік.
  Доўга Скамароха стаяў, нібыта слуп, сярод пакоя; нейкая трывога апанавала
  думкі, і дрыготка прабегла па целе. Што значыць гэты прывід? Няўжо гэта відма?
  А можа, злы дух хоча ўблытаць яго ў нейкае няшчасце? На сцяне прабіў гадзіннік.
  Скамароха глянуў на яго і ўбачыў, што ўжо поўнач. Свіснуў. Сабака прачнуўся, натапырыў поўсць, вочы загарэліся агнём, і ён, скуголячы, абышоў пакой.
  Прыбеглі лёкаі і, стоячы ля дзвярэй, чакалі панскага загаду.
  – Таму з паўгадзіны, не больш, я клікаў вас да сябе, але аніводзін не з’явіўся.
  Што гэта значыць? Мружыце вочы на святле – спалі, мала вам ночы, гультаі!
  П е р ш ы л ё к а й. Не ведаю, пане, што гэта такое, але на нас напала нейкая
  туга. Мы доўга сядзелі моўчкі, не маглі слова прамовіць адзін да аднаго. Потым
  адчулі ў сабе незвычайны цяжар, стомленыя вочы не маглі глядзець, і мы ўсе
  мімаволі заснулі.
  Скамароха нейкі час стаяў задуманы.
  – А ці мроілася вам што-небудзь у сне?
  П е р ш ы л ё к а й. Мне сніўся дзіўны сон: бачыў старога пана нябожчыка, быццам з ім пераходзіў нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны
  ўвесь час заступалі пану дарогу, нібыта хацелі ўтнуць. Ён, журботны, не кажучы
  мне ані слова, усё далей і далей ішоў сярод нейкіх скалаў. Потым бачыў я
  мясцовасць, зусім не падобную да нашых ваколіц, і нейкія руіны. На захадзе ў
  чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес. Я ўбачыў недалёка ад дарогі
  жахлівых звяроў і закрычаў: “Пане, давайце вернемся дахаты. Нас напаткае
  цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае”. – “О, доўгая і страшная будзе ноч, –
  
  100
   адказаў ён мне, плачучы. – Не хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход
  сонца, гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзься
  ад мяне”. Тут пачвары кінуліся на нас. Я перапалохаўся і страціў прытомнасць, а
  цяпер вось абудзіўся і яшчэ дрыжу ад страху.
  Д р у г і л ё к а й. А мне здавалася, што я хадзіў ля каламутнае рэчкі, а на
  берагах з аднаго і другога боку тырчалі камяні, і яны былі падобныя да нейкіх
  сядзячых людзей у доўгіх брудных апранахах. Потым мне сустрэўся волат, тоўсты, шыракаплечы, вочы страшныя. Хацеў ад яго ўцячы, але ногі мае былі
  нібы закутыя ў кайданы, з месца зрушыцца не мог. Ён падышоў да мяне і выцяў
  так моцна, што я заляцеў амаль на самую сярэдзіну рэчкі. Калі мяне несла вада, я
  крычаў, просячы дапамогі, ды на мой крык толькі камяні адказвалі дзікім смехам, і гул ад іх здзекаў лунаў над берагамі. Пасля я ўбачыў: здалёк мой бацька
  падымаў да неба рукі і маці млела, бо мне не маглі дапамагчы. Затым зноў
  нечаканая перамена: я стаяў над нейкаю прорваю і там мяне зноў спаткаў той
  страшны чалавек. Ён папхнуў мяне ў прорву – і я імгненна прачнуўся ў вялікім
  страху.
  Т р э ц і л ё к а й. Мне снілася бура. Яна зрывала дахі з дамоў, а вецер нёс
  нейкага шатана і скінуў яго перад самым ганкам...
  – Годзе, годзе ўжо слухаць гэтае глупства; шум ветру і вільготнае паветра
  наслалі на вас цяжар і санлівасць, а гарачая кроў абудзіла ў галовах мудрагелістыя
  мроі. Ідзіце да сябе і кладзіцеся спаць.
  Скамароха зноў у адзіноце неспакойна хадзіў па пакоі. Дзіўныя думкі
  снаваліся ў ягонай галаве, жахлівая здань увесь час стаяла перад ім. Уздрыгваў, прыгадваючы яе агідную постаць, але золата любіў так, што хацеў мець яго як
  мага болей, няхай сабе і з шатанавых рук, і прыгажосць Белае Сарокі вабіла яго.
  Хацеў пабачыць яе як найхутчэй і быць у ліку яе прыяцеляў.
  Ён то парывіста хадзіў па пакоі, то задумаўшыся, стаяў як слуп. Браў кніжку і
  адразу кідаў яе ды гладзіў свайго сабаку. Спадзяваўся, што стомленыя думкі
  супакоіць сном, але імгненна ўскокваў з ложка, запальваў святло і думаў усё пра
  адно. Толькі перад узыходам сонца крыху задрамаў, ды і ў тым неспакойным сне
  мроіўся яму пасланец Белае Сарокі.
  Ціхі ранак. Ужо сонца было высока. На пагорках пасвіліся чароды, аратыя
  працавалі ў полі. Пан Скамароха на ложку разважаў пра дзіўны ўчарашні выпадак
  і прарочыя сны. Нарэшце свіснуў. Прыбег лёкай і стаў чакаць загаду.
  – Паспяшайце, каб сёння ўсе пакоі былі як найлепей прыбраныя. Вымыць
  падлогу, сцены і столь добра агледзець, каб не было пылу і павуціны. Таксама
  адпаліраваць мэблю і бронзу; люстры, каб адбівалі найяснейшае святло; абразы і
  шыбы старанна пачысціць, каб былі як новыя. Скажы аканому, каб паўсюль вакол
  маёнтка таксама быў парадак.
  – Пан сёння чакае нейкіх знакамітых гасцей? – спытаўся здзіўлены лёкай.
  – Не твой клопат ведаць, каго чакаю, выконвай, што чуў. Ідзі і гэты мой загад
  перадай іншым.
  Сказаўшы гэта, пан Скамароха выйшаў у парк, доўга хадзіў у задуменні пад
  шатамі ліп, свіснуў, паклікаў сабаку да сябе і пайшоў у поле. Блукаючы паўсюль, нецярпліва чакаў вечара.
  
  101
  Тым часам лёкаі, гаворачы між сабою, дзівіліся нечаканай перамене пана, апавядалі адзін аднаму страшныя сны, якія бачылі ў час учарашняе буры. А між
  тым праца ў пакоях ішла спорна, і перад захадам сонца адпаліраваная мэбля, бронза і люстры былі як новыя.
  Вось ужо і вечарэе. Скамароха загадаў лёкаям вывесці сабаку і каб ніводзін з
  іх не заходзіў да яго, пакуль не пакліча. Самотна ходзячы па пакоі, паліў люльку.
  Пасля адчыніў вакно: усюды панавала цішыня і ўжо колькі зорак свяцілася на
  небе. Запаліў свечку, паставіў на стале – і тут убачыў у куце ўчарашняга госця. На
  тонкіх нагах, вочы, як дзве іскрынкі, кідалі святло, і дзікая ўсмешка прабягала па
  яго брыдкім твары. Перапалоханы Скамароха адскочыў на некалькі крокаў і
  сказаў:
  – Не магу глядзець на цябе без агіды, твой твар мне страшны.
  – Слабыя нервы маеш. Калі пазнаёмімся бліжэй, дык на ўсё будзеш глядзець
  без прыкрасці ды страху і лепш уладкуешся на свеце. Ты добра падрыхтаваўся
  прыняць госцю, зараз яна прыляціць.
  Толькі сказаў гэта – залятае ў вакно сарока, большая і зграбнейшая за іншых
  сарок, пёры на ёй белыя, як снег, вочы чорныя. Апусцілася на стол. Здзіўлены
  гаспадар паглядае на жвавыя і імклівыя рухі прыгожае птушкі. Яна зляцела на
  падлогу – і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні
  зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні. Скамароха аслупянеў, слова вымавіць не
  асмельваецца. Яна ж такімі словамі перапыніла маўчанне:
  – Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы гэтае краіны, тут вельмі
  шмат азёр. Думаю, жыхарам нічога не бракуе?
  – Так, пані, – сказаў з паклонам ціхім голасам гаспадар. – Наш край прырода
  адарыла ўсім, што толькі трэба чалавеку.
  – Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў.
  Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлівых прыяцеляў.
  – Шмат хто будзе мець за шчасце ўбачыць пані.
  – А як маюцца тутэйшыя падданыя?
  – І яны шчаслівыя. На лугах і пагорках даволі травы для вялікіх чародаў.
  Белая Сарока села на крэсла, а пан Скамароха – ля яе. Доўга апавядаў ёй пра
  берагі Дрысы і Дзвіны. Расказваў, хто і як жыве ў ваколіцы, якую славу мае сярод
  суседзяў, якія даходы фальваркаў. Расказваў, як гандлююць з Рыгаю, калі
  разальюцца вясною рэкі, і якая выгада ад таго жыхарам гэтага краю. Размова без
  перапынку цягнулася да поўначы.
  – Я яшчэ наведаю гэты край. І ты пазнаёміш мяне са сваімі добрымі
  суседзямі. А зараз мушу спяшацца дадому: ужо поўнач, а дарога далёкая.
  Сказаўшы гэта, пакланілася гаспадару, імгненна перамянілася ў Белую
  Сароку і вылецела ў вакно.
  Скамароха доўга стаяў здзіўлены і глядзеў туды, дзе схавалася яна ў начной
  цемры. Вярнуўшыся да крэсла, на якім сядзела гэтая прыгажуня, убачыў пасярод
  пакоя яе пасланца. Той трымаў велізарны мех золата.
  – Белая Сарока ахвяруе табе гэты падарунак, каб быў верны сам і іншых
  знайшоў, адданых ёй. Яна наведае твой дом, калі тут ужо будзе некалькі тваіх
  
  102
  суседзяў, сапраўды зычлівых да яе.
  Сказаўшы гэта, пасланец выскачыў у вакно і знік.
  Скамароха самотны хадзіў па пакоі. Дзіўныя мроі снаваліся ў ягонай галаве.
  Багаты ўбор і незвычайная прыгажосць Белае Сарокі і цяпер стаялі ў яго ўваччу.
  Ні на хвіліну не мог забыць пра яе, і ад гэтых думак прапаў сон. Ні на волас не
  заснуў, а ўжо ўсё прачнулася і сонца было высока.
  Свіснуў. На панаў выклік прыбег лёкай, і, скуголячы, ускочыў у пакой чорны
  сабака. Гладзячы сабаку, Скамароха загаварыў да слугі:
  – А што, і сёння, можа, мучылі вас жахлівыя сны?
  – Ах, пане! Нейкая туга напала на нас і гэтае начы, – адказаў лёкай. – Ва ўсіх
  нас сон быў кароткі і неспакойны. Вартаўнікі расказваюць, што чулі яны ўначы, як па вёсках вылі сабакі, рыкала жывёла, і бачылі, як з поўначы, шугаючы
  полымем, ляцеў цмок і іскры сыпаліся з яго; пэўна, нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д’яблам. А аканом казаў, што некаторыя бачылі кабету, якая
  плакала на цвінтары, ды так, што яе голас наводзіў на ўсіх трывогу і смутак.
  Скамароха, крыху змяніўшыся з твару і задумаўшыся, шпарка прайшоўся па
  пакоі.
  – Не кажы больш такое лухты. У вас заўсёды ў размовах нейкія цуды і
  прароцтвы, вы як тыя забабонныя бабы – кожная рэч вас узрушае і пазбаўляе
  спакою. Скажы, каб запрагалі коней, паеду сёння да пана Л. і пана С., а можа, і
  іншых суседзяў наведаю.
  Ездзячы ад маёнтка да маёнтка, ён усюды з захапленнем апісваў прыгажосць, багацце, розум і шчодрасць Белае Сарокі. Са здзіўленнем усе слухалі гэтыя
  апавяданні і рознае пра іх казалі. Некаторыя даводзілі: тут схавана нейкая здрада і
  што заплацяць за яе вялікім няшчасцем. Іншыя радаваліся і прасілі пана
  Скамароху, каб пахваліў іх перад Белай Сарокаю, калі яна другі раз наведаецца ў
  ягоны палац, і з нецярплівасцю чакалі дня, калі змогуць яе ўбачыць.
  Прыехалі да Скамарохі госці. Былі яны ўсе з ліку заўзятых прыхільнікаў
  Сарокі, хоць бачыць яе яшчэ не мелі мажлівасці. З самага пачатку забаранілі
  лёкаям заходзіць у святліцу, каб тыя не чулі сакрэтных панскіх размоваў. Келіхі з
  цудоўным віном стаялі на стале. Скамароха весела апавядаў, якую гаворку меў
  некалі з Белай Сарокаю. Натхнёна і з запалам гаварыў пра яе розум і хараство, даводзячы, што за ўсё жыццё не бачыў, нават на дасканалых і дарагіх карцінах, такіх высакародных і прыгожых кабетаў.
  Гадзіннік прабіў поўнач. Ноч была пагодная, ціхая, і поўня свяціла ў
  адчыненае вакно. Гаспадар наліў у келіхі віно:
  – Вып’ем за здароўе пані, якая ўвесь час была галоўнай асобаю нашых
  прыемных размоў.
  Ледзь сказаў – з хуткасцю бліскавіцы залятае ў вакно Белая Сарока і
  апускаецца на стол пасярод поўных келіхаў. Уражаныя гэтым, усе, гледзячы на яе, паўскоквалі са сваіх месцаў. Нечаканае маўчанне ў пакоі. Зрабіўшы колькі хуткіх
  рухаў на стале, яна глянула на гасцей, лёгка, як вецер, зляцела на падлогу, – і вось
  ужо бачаць усе перад сабою кабету дзіўнае прыгажосці, усю ў дыяментах і
  перлах.
  – Здалёку спяшалася да вас, спадзеючыся знайсці тут зычлівых сваіх
  
  103
  прыяцеляў, – сказала яна. – Не памылілася ў спадзяваннях: бачу, у гэтай грамадзе
  ўсе добрыя сэрцы. Я ўмею ацаніць іх жаданні і буду шчыра думаць пра ваша
  шчасце.
  – Так, пані, – сказаў гаспадар. – Імя Вашай Мосці ўвесь гэты час нязменна
  было на нашых вуснах. Усе, каго пані бачыць перад сабою, найшчырэйшыя вашы
  прыхільнікі і самыя адданыя лёкаі – да скону.
  Затым Белая Сарока села ў крэсла, ласкава размаўляла з кожным госцем, распытвала пра гаспадарку і прыбытак з фальваркаў, выказвала свае заўвагі і
  давала парады.
  Хутка бег у гэтых размовах час. Гаспадар узяў са стала поўны келіх і сказаў:
  – Давайце вып’ем за здароўе нашае пані.
  І ўсе госці з поўнымі келіхамі ў руках закрычалі разам:
  – Няхай жыве Белая Сарока! – І адным глытком выпілі да дна.
  Яна ўстала з крэсла, дзякуючы ўсяму застоллю, пакаштавала віна і паставіла
  келіх на стол. Так амаль уся ноч прамінула ў размовах і віватах.
  Ужо заранка паказалася на небе, заружавеліся воблакі перад узыходам сонца.
  Яна падзякавала гаспадару за гасціннасць, а гасцям за іх зычлівыя пажаданні, перамянілася ў Белую Сароку і вылецела ў вакно.
  Кажуць, што яна гэткім чынам наведвала начамі ўсіх тых, з кім пазнаёмілася
  ў палацы пана Скамарохі, і ўсюды за яе здароўе лілося віно і гучалі віваты.
  У хуткім часе пачалі спраўджвацца прадчуванні простых людзей. Тая
  страшная чараўніца патаемна разаслала ва ўсе бакі шкоднікаў, каб яны крыўдзілі
  бедных сялян. Раскажу панам выпадак, які ў той час здарыўся недалёка адсюль у
  вёсцы Клішкове, там усе пра гэта і зараз успамінаюць.
  Дойныя каровы, усе адразу, пачалі сохнуць, і малако ў іх зусім прапала.
  Бясспрэчна, чары. Па ўсіх ваколіцах былі чуваць скаргі і нараканні, ды не можна
  было ўведаць, адкуль прыйшло тое зло. Выпадкам адзін вартаўнік з Клішкова, перад самым узыходам сонца вяртаўшыся дадому, убачыў, што сарока, белая, як
  снег, вылецела з хаты аднае кабеты, якой пан у той вёсцы пабудаваў новую хату з
  вялізнымі вокнамі. Вартаўнік расказаў гэта іншым. Сталі падазраваць, што там
  жыве чараўніца, пачалі сачыць рознымі спосабамі, каб вывесці на чыстую ваду
  гэта злачынства.
  Нарэшце пра ўсё даведаліся дзіўным чынам. Калі чараўніца на Купалле, схаваўшыся ў дзікім лесе, брала ў прыгаршчы расу і заклікала злых духаў, каб
  яны, збіраючы з усіх ваколіц малако, напаўнялі яе посуд, а нанятая за колькі дзён
  перад тым пахолка, не ведаючы пра намеры свае гаспадыні, павымывала ўсе
  гліняныя збанкі і драўлянае начынне, перакуліўшы, паставіла сушыць. Злыя духі, не ўбачыўшы гэтага, цэлую ноч насілі малако, вылівалі на падлогу, і раніцаю ўся
  вёска ўбачыла, што з-пад чараўніцынай хаты плыве глыбокая малочная рака. Не
  мінула б чараўніцу смерць, ды, калі даведалася пра ўсё, імгненна ператварылася ў
  птушку і адляцела недзе далёка.
  Тады было шмат заломаў у жыце, з’явіліся такія порсткія звяркі, што забіць
  іх было немагчыма, і яны па аборах стрыглі авечак, а мядзведзі, нападаючы
  ўсюды на пчальнікі, нішчылі пчол.
  Яшчэ больш дзіўную рэч скажу панам: паўсюль снавалі такія зграі
  
  104
  ваўкалакаў, што страх было выйсці ў поле.
  – Чаму ты іх называеш ваўкалакамі? – спытаўся дзядзька. – А можа, гэта былі
  сапраўдныя ваўкі, што набеглі з іншых лясоў, ратуючыся ад пажараў? Гэтак
  мядзведзі і іншыя звяры пераходзяць з аднае мясціны ў другую.
  – Ведаю добра, – сказаў Якуш, – што гэта былі ваўкалакі, бо, як расказваюць, шыі ў некаторых з іх былі белыя, чорныя і іншых колераў.
  – А чаму?
  – Таму што яны – людзі, перавернутыя ў звяроў. Якога колеру раней насілі
  хусткі на шыях, такая поўсць на шыях зрабілася.
  – Дзіўныя кажаш рэчы!
  – Але праўдзівыя. Нешчаслівы быў час, наракалі на гора сваё людзі, раздзірала сэрца выццё ваўкалакаў.
  – Што ж потым здарылася з панам Скамарохам і іншымі прыхільнікамі Белае
  Сарокі?
  – Белая Сарока, чуючы людскія праклёны і даведаўшыся ад д’яблаў, што
  стральцы з набітымі стрэльбамі сочаць за ёю, адляцела далёка і больш не
  з’яўлялася ў нашым краі. Але зло, якое яна пакінула, распаўзлося па наваколлі.
  Тыя, што пілі віно за яе здароўе, п’юць слёзы няшчаснага люду. Пан Скамароха
  выехаў з гэтае мясцовасці, і кажуць, быццам ён у палацы Белае Сарокі ў абліччы
  страшнага мядзведзя вартаваў яе незлічоныя скарбы.
  Тут Якуш скончыў сваю аповесць пра Белую Сароку, узяў шапку.
  – Куды спяшаешся? – спытаўся дзядзька. – Ці табе пан казаў абавязкова
  сёння вярнуцца?
  – Пан дазволіў мне зайсці ў карчму на ігрышча, пабачыцца са знаёмымі ды
  павесяліцца. А заўтра перад світаннем, перш чым устануць у маёнтку, абавязкова
  трэба быць дома. Ужо сонца нізка, хутка цямнець пачне.
  – Кланяйся ад мяне пану і скажы, што Янка заўтра пасля святое імшы
  абавязкова ў яго будзе.
  
  АПАВЯДАННЕ ДЗЕВ ЯТАЕ.
  ПАКУТ НЫ ДУ Х
  
  У час размовы Завальні з гасцямі сляпы Францішак сядзеў моўчкі, а калі
  Якуш апавядаў пра Белую Сароку, заглыбіўся ў нейкія журботныя думкі; але па
  твары можна было бачыць, што гэтае апавяданне моцна кранула ягоную душу.
  Дзядзька, каб перапыніць яго маўчанне, сказаў:
  – Пан Францішак доўга ўжо маўчыць, і здаецца, яго нешта хвалюе.
  – У дзяцінстве ўжо скончыліся мае вясёлыя забавы, калі дзень схаваўся ад
  мяне; сярод ночы, якая ніколі не канчаецца, увесь час чую скаргі няшчасных
  людзей: пакуты іншых балюча раняць сэрца таго, хто і сам тое зазнаў.
  – Ат, Бог міласэрны, усяму некалі будзе канец. Янка, папрасі прынесці нам
  гарэлкі і закускі, ужо час падсілкавацца. Наш век кароткі, нап’ёмся водкі.
  Калі выпілі і закусілі, дзядзька сказаў гасцям:
  – Дзякуй Богу, праз некалькі хвілін прыйдзе Новы год; міласэрны Бог
  дазволіў нам сустрэць яго ў добрым здароўі. Пакуль певень праспявае поўнач і
  
  105
  міне апошняя гадзіна года, пан Францішак раскажа нам што-небудзь, калісьці ім
  чутае на свеце, бо ў сваім жыцці ён шмат сустракаў людзей і памятае ўсе размовы
  з імі, а пасля чарга пана Сівохі.
  – Мае апавяданні наўрад ці могуць усім падабацца, бо я памятаю толькі
  сумныя.
  – Яны ў нашым краі ўсе сумныя, – сказаў Сівоха. – І мае гісторыі нікога не
  насмешаць. Няхай пан Францішак пачынае, а я тым часам, можа, што-небудзь
  прыпомню.
  – Згодны, калі ўжо такая воля гаспадара і гасцей, – сказаў сляпы і пачаў
  апавяданне:
  – Гадоў колькі таму ехаў я з Полацка ў Невель; выехаўшы з горада, хутка
  апынуўся сярод лясоў, над галавой шумелі дрэвы, конь мой ішоў паволі – быццам
  з нагружанай фурманкаю па пясчаных пагорках, – я сядзеў, марачы пра сёе-тое, а
  таварыш мой ішоў пешшу. Перапыняючы мае думкі, ён сказаў:
  – Праехалі дваццаць пяць вёрст. Ужо недалёка вёска і карчма Бабавікі, трэба
  каб конь там адпачыў крыху; яшчэ некалькі вёрст – і будзе рэчка і добрая паша; напасвіўшы добра каня, будзем ехаць усю ноч, бо дзённая спякота і нас мучыць, і
  каня мардуе.
  Я ахвотна згадзіўся з яго парадаю.
  Прыехалі ў вёску; мой таварыш завіхаўся каля воза; а я, седзячы ў карчме, слухаў размовы і розныя думкі тутэйшых сялян пра нейкага незнаёмага чалавека.
  Потым завязалася між імі спрэчка: адны даводзілі, што ён, гнаны лёсам, а таксама
  нявінна пакутуючы ад людзей, мусіць туляцца па свеце; іншыя ж называлі яго
  гультаём і шкадлівым чалавекам, з якім страшна сустрэцца. І гэтая іх спрэчка
  такая была гарачая, што даходзіла да бойкі.
  – Ужо каторы тыдзень, – сказаў адзін з іх, – як ён з’яўляецца ў розных
  мясцінах нашае ваколіцы. Нібыта ёсць такія, хто ведае яго, ён бывае ў іх і, забавіўшыся там нейкі час, зноў выходзіць, каб блукаць па гарах і лясах. Ён
  спакойны і лагодны; кажуць нават, што бачылі некаторыя, як, спаткаўшы ўбогіх, даваў ім кавалак хлеба або дзяліў між імі апошнія грошы.
  – Пэўна, ён звар’яцеў, калі апошні кавалак хлеба або апошнія грошы аддае
  іншым, не думаючы пра заўтра; разумны чалавек найперш павінен забяспечыць
  сябе; век пражыць – не поле перайсці, дык няхай кожны думае пра сябе. Якое гэта
  жыццё, калі свае нары не маеш, каб схавацца ад дажджу і буры, – такі чалавек не
  заробіць у мяне і слова добрага.
  Трэці загаварыў да мяне:
  – Едзеш, як бачу, у Невель; будзь асцярожны, каб не сустрэцца з якім
  няшчасцем: у нашых лясах рознае бывае, і пра таго незнаёмага Бог ведае што
  думаць.
  – Я не баюся, – кажу, – скарбаў не вязу.
  – Калі так, то шчаслівае дарогі!
  І ўся грамада, спрачаючыся, выйшла з карчмы.
  Хутка прыйшоў мой таварыш.
  – Каня запрог, – кажа, – паедзем далей, лепей там, ля рэчкі, дзе шмат травы і
  вады, адпачнём болей.
  
  106
  Сказаўшы гэта, ён дапамог мне дайсці да воза.
  Мы былі ўжо на прызначаным месцы; фурманка наша стаяла на беразе рэчкі, таварыш мой павёў каня туды, дзе бачыў болей травы, я сядзеў пад дрэвам; дзень
  набліжаўся да вечара, нада мною тужліва скардзілася зязюля, і непадалёку ў
  кустоўі салоўка не спыняў сваіх пяшчотных і прыгожых песень; я, самотны, акунуўся ў прыемныя ўспаміны.
  – Цудоўны вечар, – сказаў нехта побач, перапыняючы мае думкі.
  – Цудоўны вечар, – адказваю, – ціха ўсюды, і як чароўна вакол спяваюць
  салоўкі.
  – Але, бачу, ты маеш, толькі палову прыемнага, бо чуеш птушыныя спевы, а
  блакіту неба, вясновае аздобы гор і лясоў не бачыш.
  – Даўно туляюся па свеце, не бачачы яго.
  – Прыкра не бачыць свет, але прыкра таксама мець добрыя вочы і бачыць
  далёка.
  – Чалавек не можа бачыць і чуць далей, як яму прырода дазволіла.
  – А ці верыш, што ёсць цуды на свеце? Я не толькі бачу і чую вельмі далёка, але і перакідваюся ў розныя абліччы.
  – Не разумею, як можа чалавек перамяняцца ў розныя абліччы.
  – Не бачыш мяне і ўбачыць не можаш.
  – Хто ж ты такі? Ты тутэйшы ці таксама вандруеш?
  – Я – Пакутны Дух, вандрую да вечнасці шпарчэй за іншых.
  – Нейкі неспакой ляжыць на тваёй душы.
  – Так, неспакой. Пакутнаму цяжка быць спакойным; хворы на ложку глядзіць
  у розныя бакі, каб хоць крыху суцешыць боль, – і я, каб знайсці палёгку, мяняю
  воблік. Раскажу табе пра страшны мой грэх. Калі мяне падманулі надзеі і душа
  акунулася ў смутак, здалося мне, што лятучае зелле1, якое прыносіць спакой і
  шчасце, можна знайсці толькі на могілках; марачы пра яго і шукаючы тую кветку, часам да ночы, як вурдалак, блукаў я між магіл, думаў пра духаў, зайздросціў іх
  шчасцю і спакою, – саграшыў, ах! І, можа, той грэх атруціў кроў маю, расхваляваў
  усе нервы, страсянуў усю маю натуру; у цяжкай немачы цела напружыўся слых і
  вочы зрабіліся, як вочы духа. Бачу і чую далёка – жахлівая хвароба! Не могучы яе
  трываць, мяняю свае абліччы і не знаходжу палёгкі.
  – Што ж ты чуў або бачыў на свеце, – кажу, – што так мучыць душу тваю?
  – Бачыў дзікіх пачвараў, якія рвалі дзяцей і кабет; слухаючы лямант тых
  няшчасных, велізарныя скалы не рушыліся з месца, а водгулле толькі паўтарала
  енкі пакутных ахвяр і змаўкала. Гледзячы на гэтую велізарную сцэну, я сам быў
  пачвараю, я праклінаў зоркі, што абыякава глядзелі з неба на ўсё гэта, і хмары, што не стрэлілі ў пачвараў вогненнымі перуновымі стрэламі.
  Яшчэ скажу табе: людзі-волаты на ўсіх паглядаюць зверху, быццам на
  нікчэмных карузлікаў, мараць пра славу, дрыжаць перад найменшаю непагодаю, ідуць з трывогай і асцярожнасцю па шырокай дарозе, баяцца ступіць на калючыя
  церні; я сустракаў іх, бачыў малыя душы ў велізарным целе; страсянулася ўся мая
  натура, не ведаю, як глядзеў на тых волатаў зверху і пагарджаў іх вялікасцю.
  Вандруючы ў самы поўдзень, калі была наймацнейшая спякота, я сеў пры
  дарозе на траву, каб адпачыць у засені бярозы. Нехта хітры ішоў дарогаю. Я
  
  107
  здалёк убачыў у ім атрутную кроў; ён не ашукаў мяне, хоць набліжаўся ў абліччы
  вужакі, хаваючыся сярод хмызняку і травы. Надзея яго падманула, бо ўжо і я быў
  таксама ў вобліку змяі: глянуў мне ў вочы, але не мог вытрымаць майго позірку: кінуўся ў хмызы і схаваўся ў гушчары лесу.
  Доўгае апавяданне атрымалася б, каб табе пералічыў усе постаці, якія
  неахвотна і з болем мусіў браць на сябе, блукаючы па вёсках, гарадах і мястэчках.
  Калі ў багатых дамах гарэла святло, гучала музыка і вясёлыя забавы, перадавалі з
  рук у рукі келіхі, а пад саламянаю страхою селянін у галечы, галодны, падымаў да
  неба замглёныя слязьмі вочы, я ў абліччы звера хаваўся ад залеваў пад галінамі
  густое яліны, слухаючы, як вецер шумеў у цёмным лесе.
  Бачачы гэтыя перамены ў маёй натуры, некаторыя мяне не зразумелі, называлі неспакойным і дзікім.
  Ціха... чуеш галасы? Крычаць: “Воўк! воўк!” Яны ўбачылі мяне – я ў постаці
  воўка – стрэляць хутка. Бывай! Я схаваюся ў лясных нетрах і пакіну назаўсёды
  гэты край.
  Там, куды ён пабег, пачуўся шум галін, а я думаў, седзячы, пра тую яго
  гаворку, як пра дзіўны сон. Прыйшоў мой таварыш.
  – Ужо сонца нізка, – кажа, – час каня запрагаць. Паедзем далей.
  – Ці бачыў ты ля мяне каго-небудзь?
  – Тут не бачыў нікога, – адказаў ён, – а бачыў – толькі вельмі далёка –
  хтосьці хутка прабег па гары. Не ведаю: ці звер, ці чалавек.
  – Гэта, пэўна, той самы незнаёмы, – сказаў Завальня, – пра якога спрачаліся і
  была бойка ў карчме.
  – Пэўна, ён. Сапраўды Пакутны Дух. Едучы цэлую ноч, я не мог ні на хвіліну
  пра яго забыць і, думаючы, нязменна бачыў яго перад сабою ў размаітых абліччах.
  Успамінаў спрэчкі, якія чуў у карчме, лаянку і розныя думкі пра незнаёмага
  чалавека. Такія вось заўсёды абгаворы людскія! Аднаго пахваламі ўзносяць да
  неба, другога пераследуюць, называючы гультаём і нягодным чалавекам. Адзін
  толькі Бог справядлівы суддзя: прыйдзе канец свету, тады ўбачаць, хто як жыў і
  чаму перакідваўся ў розныя постаці.
  – Апавяданне пана Францішка, – сказаў Латашэвіч, – смутак наводзіць; крый
  Божа мець такі характар. Чулы чалавек ніколі не будзе спакойны і шчаслівы.
  – Усе яго апавяданні такія, – сказаў дзядзька. – Памятаю, апавядаў мне пра
  аднаго, што называў сябе Сынам Буры і туляўся па цэлым свеце, нідзе не
  знаходзячы спакою.
  
  
  ВЕЧАР ПЕРАД НОВЫМ ГОДАМ
  
  Воблакі, нібы туманы, закрывалі неба; моўчкі стаялі ля дома майго дзядзькі
  клёны і бярозы; аснежаныя яліны нагадвалі белыя слупы; вячэрні змрок
  разліваўся ў паветры; у пакоі гарэла на стале свечка. Дзядзька, сляпы Францішак, пан Сівоха і пан Латышэвіч ад апавяданняў перайшлі да размоў пра шчаслівае і
  нешчаслівае жыццё сваіх знаёмых і суседзяў.
  – Вось пражылі мы, дзякуй Богу, і яшчэ год, – сказаў Завальня. – Я
  
  108
  нарадзіўся і вырас у гэтым краі, не падарожнічаў нідзе далёка, аднак досыць
  пабачыў у жыцці; колькі пераменаў розных памятаю! Калі б падняўся з магілы
  хто-небудзь з нашых дзядоў і ўбачыў цяперашнія звычаі, дык не пазнаў бы свае
  радзіны. Яму б здалося, што ўстаў з мёртвых недзе ў чужой краіне, – да якіх часоў
  дажывуць мае дзеці? Не шкадую выдаткаў на выхаванне, раблю што магу, але
  калі выйдуць на свет з-пад вока майго і настаўнікаў, няхай ужо Бог бароніць іх
  душы ад злых і бязбожных людзей.
  – Ат, пане Завальня, – сказаў Сівоха, – мы самі вінаватыя, што д’яблы
  размножыліся ў нашым краі; прычына ўсяму – глупства шляхты, хцівасць і
  нязгода паноў; не буду доўга пра гэта гаварыць: гісторыя ўсім вядомая, да
  сённяшняга дня не забылі гэтых вершаў:
  
  Кошка Цяліцу забіла,
  Жук, Жаба Кошку судзіла,
  А жэ справа была кепска –
  То пшэнесьлі до Вітэбска.
  
  А што зрабілі ў Віцебску? Кошка быў з паноў, дужа прагных да багацця.
  Абараняючыся сяброўскімі пратэкцыямі, не пакінуў, а яшчэ болей пачаў шкодзіць
  усім. Цяліца памёр за праўду, і пра яго заўсёды ўспамінаюць як пра добрага
  чалавека.
  – Так заўсёды ў нас, – сказаў пан Латышэвіч, – за Дзвіною ва Ушачах
  сабраліся на раду...
  – Але досыць ужо пра гэта: калі я такое слухаю, мяне скруха забірае.
  Дойдзем хутка з такімі ўспамінамі да таго, што спаткаем Новы год са слязьмі.
  Тым часам у чалядным пакоі заспяваў певень.
  – Брава, брава! – сказаў Завальня. – Не трэба плакаць: хутка будзе перамена, ледзь пачаўся вечар, а ўжо і певень заспяваў – гэта знак, што ўсходзіцца вецер і
  хто-небудзь з возера завітае да нас. Абы толькі добры чалавек, большай сябрынаю
  будзем сустракаць Новы год.
  Сказаўшы гэта, паводле свае завядзёнкі, ён запаліў свечку, паставіў на
  падваконне і дадаў:
  – Знак, што гаспадар дома і запрашае ўсіх да сябе.
  Сівоха паглядзеў у вакно:
  – Бясспрэчна, будзе хутка перамена надвор’я; аніводнае зоркі на небе, і я
  заўважыў, што ўлетку, калі певень праспявае, як сонца садзіцца, дык ужо назаўтра
  раніцою пасылай касцоў – абавязкова дождж, а тады і тупая каса добра косіць.
  – Дасведчаны
  гаспадар
  на
  кожную
  рэч
  павінен
  зважаць, – сказаў
  Латышэвіч. – Калі напрыканцы снежня і пачатку студзеня бывае бура і снег
  глыбокі, дык улетку багата травы на лугах і буйное збожжа вырасце на ніве. Гэтая
  зіма павінна цешыць гаспадара, бо мароз і паўночны вецер пад глыбокім снегам
  жыта і пшаніцу не вымаразяць.
  – А ў мяне ўлетку пані Мальгрэта даведваецца пра перамену надвор’я, гледзячы на жывёлу, калі тая вяртаецца з пашы. Калі першая ідзе чорная карова, дык абавязкова будзе навальніца, калі ж белая – яснае надвор’е.
  
  109
  У час гэтае размовы ў пакой зайшла пані Мальгрэта.
  – А гэта што такое? – пытаецца, убачыўшы свечку на падваконні. – Ноч
  ціхая, падарожныя не будуць блукаць па возеры.
  – Вашэць не чула, што нядаўна колькі разоў праспяваў певень; вецер можа
  нечакана перамесці дарогу ды так усхадзіцца, што за пяць крокаў нічога перад
  сабою не ўбачыш; у нас здараліся няшчасці: на возеры замярзалі людзі і ніяк
  нельга было ўжо вярнуць іх да жыцця.
  – Дзіўны чалавек! Калі сам любіць бавіцца з мужыкамі, дык думае, што гэта і
  гасцям прыемна.
  Сказаўшы гэтак, яна выйшла, ляпнуўшы дзвярыма.
  – От, кабета, – прамовіў дзядзька, – што ў яе галаве роіцца. Такая іх натура: кожная ганарыцца сваім тытулам. На маю думку, шляхетны той чалавек, які, жывучы на гэтым свеце, выконвае адно прыказанні Божыя.
  – Я ведаў і мужчын слабае волі, – сказаў сляпы, – што хваліліся знакамітасцю
  сваіх продкаў, а самі жылі так, што нявартыя былі чалавечага наймення.
  – Адхіліліся далёка мы ў сваіх размовах; пан Сівоха нядаўна абяцаў нам
  нешта расказаць.
  – Памятаю, – сказаў пан Сівоха і так пачаў апавяданне.
  
  
  АПАВЯДАННЕ ДЗЕ СЯТАЕ.
  ВАЛАСЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ НА ГАЛАВЕ
  
  – У Віцебску сустрэў я на вуліцы доктара з нашага павета пана М. Выпала
  так, што мы абодва прыехалі ў горад са сваім клопатам; пагутарыўшы пра сёе-тое, доктар сказаў:
  – А дзе ты будзеш палуднаваць?
  – Ды дзе Бог дасць, – адказваю. – З грашыма ў горадзе галадаць не будзем.
  – Хадзем у карчму да Карлісана, там заўсёды добра частуюць.
  – А ці не будзе задорага шляхціцу?
  – Не даражэй, чым усюды; а калі крыху і больш заплацім, дык смачней і
  паямо; сабе шкадаваць няварта.
  Згадзіўся. Заходзім у велізарны пакой; было там некалькі асобаў. Яны елі, курылі люлькі, смяшылі адзін аднаго, успамінаючы недахопы і дзівацтвы сваіх
  знаёмых; здзекаваліся з усіх, не шануючы ні кабет, ні старых.
  Седзячы за сталом, здзіўлена паглядаў я на гэтых шылахвостаў: як яны
  выхваляліся сваёй дасціпнасцю, рагаталі так, што звінелі шкляніцы, і глядзеліся ў
  люстэрка, не раўнуючы, як дзяўчаты на выданні.
  – Добра часам і ў карчме пабываць, – сказаў доктар. – Тут людзі смялей
  здымаюць з сябе маскі, і тут найдакладней можна ўбачыць, які хто ёсць.
  Ледзь гэта сказаў, заходзіць нехта высокі, валасы густыя, натапыраныя, вочы
  неспакойныя, твар поўны, бледны, быццам у ім і жоўць і вада. Усе на яго
  паглядзелі; ён сеў на канапу і, хапіўшыся за галаву, заенчыў:
  – Няма ім спакою.
  Пасля папрасіў падаць яму шклянку рому, палову выпіў і, быццам задуманы, 110
  сядзеў колькі хвілін моўчкі; потым падняўся і агледзеў сябе ў люстэрку.
  – О! – кажа, паклаўшы руку на голаў. – Цяпер, прынамсі, не варушацца, змоўклі на нейкі час.
  Усе дзівіліся, а мой таварыш сказаў:
  – Ты, як бачу, нездаровы, мусіць, пакутуеш ад галавы; не думаю, каб ром мог
  дапамагчы, – яшчэ больш нашкодзіць.
  – Хіба прасіў я ў цябе рады?
  – Я доктар, гэта мой абавязак.
  – Доктар, а маіх пакут не ведаеш. Скажы мне лепей, якая смерць лягчэйшая, бо я, не маючы надзеі ачуняць, мушу памерці.
  – Я прысягаў падаўжаць чалавечае жыццё, а не паказваць шляхі да смерці.
  Смерць сама да нас прыйдзе.
  – Смерць сама да нас прыйдзе, твая праўда, але хто пра гэта не ведае?
  – Так, гэтую праўду ўсе ведаюць, ды не ўсе пра яе думаюць.
  – Адным жыццё любае; а хто так, як я, пакутуе, таму няма чаго на свеце
  шкадаваць.
  – Дык на што ты ўсё-ткі хворы?
  – Валасы, валасы атруцілі маё жыццё!
  Калі ён гэта гаварыў, дык за суседнім сталом весела засмяяліся і адтуль
  пачулася:
  – О! Бо былі гэта валасы з прыгожае касы!
  – Не трэба было адразаць; бо без іх сімпатыя, як сарваная кветка, вяне.
  – Надакучылі яму валасы, адрэзаў ножніцамі, а яны ад месяцавага святла
  ажылі.
  – Прыгожа валасы спявалі, ды не ўмеў іх шанаваць.
  – Глядзіце, глядзіце, вунь яму на галаву сонца лягло, і валасы варушацца, як
  жывыя.
  Пачуўшы гэтыя жарты, небарака глянуў гнеўна на бяседнікаў, усхапіўся
  моўчкі з месца і пачаў шпарка хадзіць па пакоі.
  Тыя панічы ўсе разам узялі свае шапкі, і, выходзячы, адзін з іх кажа:
  – Бывай здаровы, пане Генрык! Пі больш рому, і ўсё добра будзе!
  – Вось да чаго дажыўся, – сказаў Генрык, павярнуўшыся до доктара. – Стаў у
  нячулых людзей пасмешышчам, смяюцца з чужога няшчасця, дзе толькі іх ні
  сустрэну, здзекуюцца з балючых выпадкаў майго мінулага, каб павялічыць мае
  пакуты.
  – Надта далікатныя ў цябе нервы, – сказаў доктар, – калі абураешся на
  людзей легкадумных; я, седзячы тут ды слухаючы, як яны перамывалі языкамі
  сваіх знаёмых, добра зразумеў, што гэта за людзі.
  – Калісьці я быў зусім іншы, абыякава слухаў і смех і енк, нішто не кранала
  мяне – валасы, валасы парушылі ўсю маю натуру!
  Змоўк, нібыта прыслухоўваўся да нечага і раптам, паказваючы на свае
  валасы, сказаў:
  – Вось адзін заспяваў і іншыя заварушыліся... хутка закрычаць усе разам. Вы
  не бачыце, што робіцца на маёй галаве!
  Тут ён схапіў шклянку, каб выпіць рэшткі рому.
  
  111
  – Паслухай мяне, – прамовіў доктар. – Папрасі прынесці вады і цукру; змяшай іх з ромам, прынамсі, будзе менш шкоды, ды я раіў бы табе зусім
  адмовіцца ад такіх лекаў.
  Генрык узяў шклянку, стаў перад люстэркам, памацаў рукою валасы, сцепануў плячыма; пасля павярнуўся да доктара, паглядзеў на яго неспакойна і
  кажа:
  – Адмоўлюся, калі вынайдзеш лепшыя лекі, а першую параду прымаю.
  І, папрасіўшы падаць вады, выпіў шклянку пуншу.
  – Раскажы мне пра сваё жыццё; калі б я ведаў прычыну тваіх пакутаў, мо
  прыдумаў бы, чым табе дапамагчы.
  – Можа, ведаеш, як вярнуць назад мінулае?
  – Мінулае вучыць нас, як жыць сёння.
  – Мая хвароба новая, ані простыя людзі інстынктыўна, ані медыкі навукова
  не знайшлі зёлак, каб яе вылечыць; аднак бачу, што ты шчыра хочаш, каб я
  ачуняў; дык раскажу пра тое, што выпала мне перажыць.
  Адзін я быў у бацькоў; усе мае жадункі былі законам, лёкаі кожнага слова
  майго слухаліся, хатні настаўнік выкладаў французскую мову такім чынам, каб я, займаючыся адну гадзіну, не зазнаў ніякае прыкрасці і не затлуміў у сабе вясёлых
  думак, якія цэняць у свеце больш за адукаванасць.
  У пятнаццаць гадоў бацька завёз мяне на адзін год у Рыгу, каб я там вывучаў
  нямецкую і французскую мовы ў лепшых настаўнікаў ды каб пабачыў і даведаўся
  ўсё тое, што спатрэбіцца мне сярод людзей, пра якіх ідзе слава ў свецкіх салонах.
  Грошай бацька пакінуў больш, чым вымагалі мае патрэбы, і я збіраў там
  толькі кветкі вясёлага жыцця, ніхто мне не нагадваў, што ўсё незваротна мінецца, чалавечае здароўе слабое і зменлівае, а весялосць шчаслівых гадоў нагадвае мроі.
  Калі вярнуўся з горада дадому, ад раніцы да вечара бавіў час на ловах. Мой
  бацька не шкадаваў сродкаў на паляўнічых, хартоў і ганчакоў; мне было
  дазволена трымаць столькі лёкаяў, колькі захачу; былі ў мяне добрыя коні, выпісваў модныя карэты.
  Праз некалькі гадоў мяне выбралі ў павятовую ўправу. У горадзе знайшоў
  шмат прыяцеляў; часта ладзіў у сваім доме вясёлыя забавы, сустракаючы з
  гасцямі ўзыход сонца пры віне або за картамі.
  Прайшло чатыры гады. Бацькі мае пакінулі гэты свет, і я вярнуўся дадому з
  намерам заняцца гаспадаркаю. Маёнтак быў увесь у даўгах. З’язджаліся да мяне
  бацькавы крэдыторы і з пагрозамі нагадвалі пра пазыкі, суд вымагаў
  незаплачаныя скарбовыя падаткі за колькі гадоў. Я адчуў небяспеку і тады
  ўпершыню задумаўся пра страшную будучыню.
  – Трэба табе жаніцца, – сказаў мне сусед. – Панна Амелія, дачка камісара, які
  цяпер кіруе маёнткамі пана Г., дзяўчына прыгожая, добра выхаваная, да таго ж я
  чуў, што мае ў пасаг больш за дзесяць тысяч срэбных рублёў: бацька яе назапасіў
  ніштаваты капітал, займаючы пасаду камісара і ўпаўнаважанага, а што не ў
  сваяцтве з тутэйшымі яснавяльможнымі панамі, якія робяць што хочуць падчас
  выбараў мясцовых чыноўнікаў1, – ты на гэта не зважай. У тваім становішчы трэба
  грошы, а не фамільныя сувязі, якія – на маю думку – табе не прыдадуцца.
  Бачу: парада майго суседа – ад сэрца. Я згадзіўся з гэтай прапановаю і
  
  112
  папрасіў яго дапамагчы. Дзесяці тысяч срэбных рублёў (а мо крыху менш) было б
  даволі, каб вызваліць ад прыкрых дамаганняў мой маёнтак. А да таго ж пра
  вартасці камісаравае дачкі я і раней шмат ад каго чуў. Карацей, паехалі мы з
  суседам да яе бацькоў.
  Сустрэўшы першы раз Амелію, сапраўды ўбачыў яе цудоўныя вартасці: стройны стан (мастак мог бы напісаць з яе найпрыгажэйшы абраз), твар сведчыць
  пра лагодны характар, у блакітных вачах ціхая меланхолія і нейкія чароўныя мроі.
  Размаўляючы з ёю пра будучыню і пра зменлівае шчасце гэтага свету, даведаўся: выхавалі яе так, што пакорліва верыла ў прадчуванні і ў неразгаданыя таямніцы
  прыроды. Мой сусед адкрыта расказаў яе маці і бацьку пра ўсе патрэбы майго
  маёнтка; згадзіліся і бацькі, і дачка. Пасля вяселля я быў найшчаслівейшы з
  людзей: прывёз жонку дадому і заплаціў усе пазыкі.
  Ах! Чаму я не даваў веры прадчуванням! Доктар, ці згодзішся з тым, што
  чулая чалавечая душа чуе ў ціхім голасе анёла перасцярогу нашмат лепей, чым
  навукаю і вопытам набытая мудрасць?
  – Заўважаў гэта і я, – сказаў доктар, – але такі інстынкт бывае не ва ўсіх
  людзей.
  – Чаму ж я не хацеў верыць сэрцу чулае Амеліі?
  – У якіх выпадках? І чым гэта ўсё скончылася?
  – Тры гады мы былі шчаслівыя абое, хоць розніца асобных нашых думак і
  ўяўленняў і нараджала часам спрэчкі, аднак заўсёды ўсё канчалася спакойна.
  Амелія, бачачы маю ўпартасць, хутка знаходзіла іншую тэму, абы толькі ўнікнуць
  нязгоды.
  Аднойчы ўвесну, у пагодны вечар мы выйшлі на праходку да блізкага лесу; вакол чуваць былі птушыныя спевы. Амелія па дарозе часта замаўкала і нібыта
  аддавалася нейкім сумным марам.
  – Бачу, – сказаў я, – што нейкае прадчуванне шэпча табе на вуха, бо
  перапыняеш размову і акунаешся ў сумныя думкі.
  – Сапраўды, напаў на мяне нейкі смутак, не ведаю чаму.
  – Спевы салаўёў і зязюль дзейнічаюць на твае нервы.
  – Можа, і так, – адказала яна ціхім голасам.
  У гэты час бачу я, як злева, ідучы праз лес вузенькай сцежкаю, набліжаецца
  да нас нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы
  свяціліся з-пад густых броваў, за плячыма вісеў накрыты старой чорнаю
  сукманаю кош. Цікава было даведацца: хто гэты дзіўны чалавек і адкуль ідзе.
  Параўняўшыся з ім, я спытаўся:
  – Хто ты, дзеду, і адкуль ідзеш?
  Ён, здымаючы з галавы стары пакамечаны капялюш і нізка кланяючыся, сказаў:
  – Жыву на цэлым свеце, шукаю ласкавых да мяне дабрадзеяў і заўсёды
  змагаюся з забабонамі і людскімі выдумкамі.
  Гэты яго адказ мяне вельмі зацікавіў.
  – Як жа, – кажу, – пачалася тая вайна з забабонамі і людскімі выдумкамі?
  – Бо яны не зразумелі ні мяне, ні свае выгады. Я абышоў цэлы свет, ведаю
  ўсе чалавечыя патрэбы, дазнаўся пра самыя пакрыёмыя таямніцы прыроды, хацеў
  
  113
  прынесці палёгку жыхарам гэтага неўраджайнага і ўбогага краю, але яны замест
  узнагароды засыпалі мяне праклёнамі, нідзе не даючы мне прытулку.
  – Што ўсё-такі чыніў ты жыхарам нашае зямлі?
  – Хацеў зрабіць дабро, але за дабрыню сваю два разы мусіў ратавацца
  ўцёкамі. Не магу забыць, хоць ужо прайшло каля дваццаці гадоў. Вынайшаў я
  спосаб здабываць золата, хацеў яго ўдасканаліць і адкрыць тутэйшым жыхарам.
  Пан ***, багаты чалавек, меў непадалёку ад Полацка маёнтак і дом у горадзе, дзе
  сам жыў, і мне адвёў маленькі пакойчык дзеля заняткаў і ўдасканалення мае
  навукі. Там са мною прычыніўся жудасны выпадак: выходзячы, я пакінуў
  незамкнёныя дзверы, а на стале ляжалі ў паперках белыя парашкі, патрэбныя мне
  ў маёй навуцы. Жонка пана *** зайшла ў мой пакойчык, узяла адну паперку з
  парашком, думаючы, што гэта лекі. Пакутуючы ад болю галавы, яна загадала
  падаць шклянку вады, усыпала туды парашок, выпіла і ўмомант памерла. Я не
  быў вінаваты, але, ратуючыся ад суда, мусіў уцякаць адтуль і шукаць прытулку ў
  іншым месцы.
  Перабраўся да пана *** і хацеў паказаць яму свае таямніцы. Апоўначы на
  могілках была ў нас проба, але гэты пан і яго лёкай, які павінен быў дапамагаць, абодва, не маючы сіл вытрываць пробу вялікае справы, самлелі. Баючыся
  пераследу, пакінуў я іх там, на могілках; уцёк, ніколі ўжо не паказваўся ў тых
  мясцінах і вырашыў ніколі не адкрываць людзям сваіх таямніцаў.
  Тут, перапыняючы апавяданне пана Сівохі, Завальня сказаў:
  – Памятаю, нядаўна адзін падарожны расказваў мне пра чарнакніжніка, які
  вучыў пана *** рабіць золата, а лёкай яго – Карпа – насіў пад пахаю яйка, знесенае пеўнем, і выгадаваў цмока; чарнакніжнік, відаць, той самы. Дык, калі
  ласка, апавядай далей, слухаем з цікавасцю.
  – Генрык, заўважыўшы, што мы з доктарам слухаем яго гісторыю, не
  зважаючы на карчомную прыслугу, што, стоячы паблізу, смяялася і пра нешта
  гаманіла, не ўставаў з месца і казаў далей.
  – А што там у цябе ў кашы пад сярмягаю? – запытаўся я.
  – Трусоў, – адказвае, – нясу з сабою; калі які дабрадзей дазволіць мне заняць
  дзе-небудзь самотны дом, дык буду іх там гадаваць, яны хутка расплодзяцца, і я
  буду мець прыбытак з гэтае ўбогае гаспадаркі.
  – Адкрый кош і пакажы нам тваіх трусоў.
  Ледзь адкрыў кош, як Амелія адступіла назад і закрычала ад спалоху:
  – Ах, ах! Якія жахлівыя кажаны! Схавай, схавай іх хутчэй, глядзець не магу
  на гэтых пачвараў!
  Я глянуў на яе са здзіўленнем, бо сапраўды бачыў маладых чорных трусоў, і
  старац, хутка зірнуўшы на яе, сказаў:
  – Прыгледзься, пані, лепей: гэта маладыя чорныя трусы; адно што яшчэ
  малыя.
  І, узяўшы першага-лепшага з іх за вушы, падняў з каша.
  – Ах, ах! Які страшны кажан, злітуйся, не паказвай, схавай яго ў кош, не хачу
  і не магу глядзець на такую брыдоту.
  Думаючы, што прычына гэтага недарэчнага страху нейкі дзіўны капрыз і
  ўпартасць Амеліі, я загадаў старцу, каб ішоў і пераначаваў у фальварку, а раніцаю
  
  114
  яму будзе выдзелены дом. Ён пакланіўся і пайшоў проста ў маёнтак.
  З праходкі вярталіся дадому моўчкі. Амелія была надзвычай усхваляваная, бледная, са слязьмі на вачах. Я глядзеў на яе са здзіўленнем і думаў, чаму яна
  пярэчыла такой відавочнай праўдзе? Я ж на свае вочы бачыў маладых трусоў!
  Нарэшце, парушыўшы маўчанне, сказаў:
  – Дык што, Амелія, і цяпер яшчэ будзеш даводзіць, што той старац нёс у
  кашы кажаноў? Дзіўны капрыз прыйшоў табе ў галаву: здзекавацца са старога
  чалавека, абвінаваціць яго ў хлусні.
  – Не хацела я, – кажа, – вінаваціць яго, але хіба ж не даваць веры сваім
  вачам?
  – Прыкра мне, што ты засмуціла беднага старца, бо заўважыў па яго гаворцы, што гэты чалавек надзелены ад прыроды розумам і адукаваны, шкада толькі, што
  нешчаслівы.
  – Пагляд і твар страшныя… Навошта было яго спыняць, няхай бы ішоў
  далей.
  – Дзівяць мяне твае сённяшнія нечаканыя ўчынкі. Затрымаў я гэтага чалавека
  не на кароткі час; дам прытулак беднаму, і будзе жыць у маім маёнтку, колькі
  захоча.
  Амелія і слова на гэта не сказала. Скончылася наша спрэчка, і мы абое моўчкі
  вярнуліся дахаты.
  Непадалёку ад маёнтка, ля рэчкі, стаяла ў яловым лесе самотная хаціна. Жыў
  там (яшчэ як мой бацька-нябожчык быў жывы) селянін, якому пазней я даў хату ў
  бліжэйшай вёсцы, а поле, якое ён урабляў, далучыў да свае зямлі. Наступнага дня
  я прачнуўся рана, прывёў старца ў тую хаціну, каб меў там прытулак на схіле
  сваіх гадоў. Ён падзякаваў мне і выпусціў з каша сваіх трусоў пасярод хаты.
  Жыў ён самотна. Часам блукаў адзін па полі або пад шатамі лясоў; уначы не
  спаў, паказваўся ў розных мясцінах у чорнай вопратцы, нібы страшны прывід.
  Сяляне, сустракаючы яго ў месяцавам святле, баяліся набліжацца, уцякалі, як ад
  вурдалака, і пра яго па ўсёй ваколіцы хадзілі дзіўныя чуткі. Апавядалі адзін
  аднаму, быццам бачылі апоўначы над яго хацінаю велізарную чараду кажаноў, і
  на ягоны кліч прыляталі туды совы і крумкачы.
  Чуючы такія выдумкі простага люду, я смяяўся, наведваў самотны прытулак
  старца, часам любіў пагаманіць з ім колькі гадзін; увосень слухаў там, як шумелі
  старыя яліны над страхою: углядаўся ў ягоны твар, на якім застыла навек вясёлая
  ўсмешка. На пясчаным пагорку сярод хвояў жыў велізарны выпладак чорных
  трусоў, якія хаваліся пад зямлёю і зноў выбягалі са сваіх нораў. Гледзячы на ўсё
  гэта, адчуваў я ў сабе перамены, і душу агортвалі змрочныя думкі.
  Амелія не хацела яго бачыць і не любіла, калі хто-небудзь успамінаў пра яго; я, наадварот, з прыемнасцю размаўляў з ім, і праз некалькі месяцаў ён атрымаў
  нада мною такую ўладу, што я верыў усяму, што ён казаў.
  У канцы верасня перад самым захадам сонца заходжу ў старцаву хату; восеньскі вецер выў за сцяною, ён, абапёршыся на рукі, пазіраў на сваіх трусоў, якіх было шмат і ў хаце, і на падворку. Убачыўшы мяне, сказаў:
  – Дзіўна, за ўвесь той час, як я жыву ў маёнтку васпана, наведаўшы ўсе
  тутэйшыя мясціны, бачыў у гэтых лясах розныя дрэвы, але дубоў тут паблізу
  
  115
  зусім няма; знайшоў за некалькі вёрст адсюль толькі два стогадовыя дрэвы гэтае
  пароды, а вакол – маладыя дрэўцы, якія – я думаю – выраслі з жалудоў, што
  параскідваў там вецер.
  – Я зусім не зважаў на гэта, – сказаў я. – Дзеля гаспадарчых патрэб у нас ёсць
  і іншыя.
  – На ўжытак прыдатныя вяз і бяроза, але што можа быць цудоўней, як
  бачыць дуброву; гэтыя дрэвы вырастаюць магутныя, і я раіў бы пану, каб цяпер, увосень, загадаў іх выкапаць і пасадзіць усе на пагорку за азярынаю, на якім
  дагэтуль не расце аніводнага дрэва.
  – Шмат гадоў трэба чакаць, пакуль яны вырастуць вялікія, і, пэўна, я не
  пабачу на тым пагорку разлогіх і высокіх дубоў, бо чалавечае жыццё надзвычай
  кароткае.
  Ён зірнуў на мяне сурова, так, што дрыжыкі прабеглі па целе, і, як бы
  здзекуючыся, паўтарыў мае словы:
  – Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пан яшчэ
  малады, мае добрае здароўе, гадоў сто жыцьме на гэтай зямлі і ў засені тых дубоў
  весяліцца з прыяцелямі. Пакінь сумнявацца, ты чалавек – і ўсё павінна служыць
  табе.
  Я паслухаў яго рады. Назаўтра загадаў садоўніку ісці да старца, што жыве
  каля рэчкі побач з яловым лесам, каб той паказаў маладыя дубкі, якія трэба
  перанесці і пасадзіць на пагорку.
  Садоўнік, пачуўшы мой загад, перапалохаўся, змяніўся з твару і сказаў не
  сваім голасам:
  – Адкуль тое пану? Дуб не цвіце, і з пладоў яго няма аніякае карысці; дзеля
  аздобы лепей пасадзіць на пагорку ліпы.
  – Парады твае не прашу, – сказаў я. – Слухай, што табе загадваю, і выконвай.
  – Ад старых людзей я чуў, што той, хто сее жалуды ці садзіць дуб, і года не
  пражыве*.
  – Калі яшчэ раз, – кажу, – пачую гэтую лухту, дык загадаю ўсыпаць табе
  пяцьсот бізуноў. Ідзі рабі тое, што загадана.
  Садоўнік, баючыся далей пярэчыць мне, выйшаў засмучаны і шукаў выпадку, каб прасіць маю жонку: ці не здолела б яна ўгаварыць мяне адмовіцца ад таго
  намеру.
  Увечары, калі я на нейкі час пакінуў дом, ён зайшоў у пакой да Амеліі, са
  слязьмі на вачах укленчыў перад ёю і ўсё расказаў.
  Калі я вярнуўся, Амелія сустрэла мяне з усмешкаю:
  – Генрык, чаму ты вырашыў пасадзіць дубы? Я не бачу ў гэтым ні патрэбы, ні аздобы таксама. Бедны садоўнік прыйшоў да мяне страшэнна засмучаны, кажучы, што перасаджваць дубы – найвялікшае няшчасце, бо гэтае дрэва забірае
  сілы і скарачае жыццё таму, хто яго вырошчвае. Ведаю, што забабоны ад
  невуцтва, але ці ж маем мы права жорстка абыходзіцца з людзьмі за тое, што яны
  
  * Ёсць такая думка ў некаторых мясцiнах Беларусi мiж простым людам, што той, хто пасадзiць
  дуб або пасее жалуды, скарачае сабе жыццё, бо яго сiла пераходзiць да дрэў, якiя ён пасадзiў і
  вырошчвае.
  
  116
  цёмныя, бо неадукаваныя? Трэба неяк адвучваць іх ад дурных забабонаў; усе мы
  людзі, і вялікі грэх чыніць несправядлівасць бліжняму.
  – Як бачу, – сказаў я, гнеўна глянуўшы на яе, – і ты падобная да садоўніка, –
  падахвоцілася глупствы бараніць, але марнае будзе тваё заступніцтва.
  – Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую раду; дык даручы яму самому
  садоўнікава месца, і няхай усё тое зробіць сам, бо ж нічога не робіць днямі, адно
  блукае па полі і лесе.
  – Людзі мае: як хачу, так і будзе.
  Калі я гэта сказаў, з вачэй Амеліі паліліся слёзы, і яна адразу выйшла ў другі
  пакой.
  Садоўнік, бачачы, што яго надзеі не спраўдзіліся, прывёз з лесу маладых
  дубкоў і пасадзіў на прызначаным месцы. Пасля гэтага ўвесь час быў самотны; дарэмна ўсе даводзілі, што дубы не маюць аніякага ўплыву на чалавечае здароўе, аднак ён сох, сілы яго пакінулі і наступнае вясны, як толькі тыя дрэўцы
  зазелянелі, садоўнік сканаў.
  Пасля ягонае смерці, калі я апавядаў старцу пра наіўнасць таго чалавека, пра
  забабоны і пра слабасць яго характару, ён глянуў на мяне, зморшчыўся, як бы
  выяўляючы сваю пагарду, і сказаў:
  – То й добра. Няварта шкадаваць. Маючы безліч дурняў, страціў толькі
  аднаго.
  Другое злачынства гэтага старца парушыла яшчэ больш згоду і мір паміж
  мною і жонкаю. Меўся я пабудаваць новы драўляны дом, ды крыху не хапала
  цэглы на падмурак; каб папоўніць недастачу, выйшаў я ў поле і, ходзячы там, выбіраў добрае месца на цагельню. Старац, спаткаўшыся са мною, паказваючы на
  могілкі і на старую каплічку, якая стаяла навідавоку блізка ад маёнтка, і кажа:
  – На якім неадпаведным месцы зрабіў нехта гэтыя могілкі. З панскага вакна
  заўсёды відаць драўляныя крыжы і каплічка. Во ўжо дзе прыкры краявід!
  Наведваюць пана суседзі, сярод іх шмат маладых ды вясёлых, а гэтыя крыжы і
  каплічка ўсё перад вачыма, кожнага могуць давесці да маркотных думак і
  меланхоліі; раіў бы пану прызначыць сялянам месца пад могілкі дзе-небудзь
  далёка за лесам, каб не так часта чалавечае вока іх бачыла; цэглу з капліцы можна
  пусціць на падмурак, на гэтым жа месцы пасеяць авёс, каб і знаку не было, што
  тут гніюць нечыя косці.
  Я пахваліў добры старцаў густ і яго здольнасці ў вызначэнні характару
  чалавека і таямніц прыроды. Загадаў, каб як мага хутчэй знеслі драўляныя крыжы, сабралі надмагільныя камяні ў крушню, зруйнаваўшы капліцу, звезлі цэглу ў
  маёнтак.
  Дарэмна мае падданыя, сабраўшыся з усіх вёсак, прасілі, каб я не нішчыў
  святыні і не кранаў таго месца, дзе спачываюць астанкі іх бацькоў і сваякоў; дарэмна натурыўся ксёндз-плябан, стараючыся давесці, што я бяру на сваю душу
  вялікі грэх; дарэмна старэйшыя суседзі папракалі мяне, што адступаю ад
  дзедаўскіх звычаяў. Нарэшце Амелія, убачыўшы, што ўсе просьбы і напаміны
  марныя, сказала:
  – Генрык, аднак жа пры жыцці бацькі і дзеда твайго гэтая каплічка і
  могільнік былі на гэтым самым месцы, бацьку і дзеду гэтыя крыжы і магілы не
  
  117
  заміналі і не наводзілі жахлівых думак. Няраз яны там, калі ўзыходзіла ці
  заходзіла сонца, укленчыўшы, старанна маліліся за сваіх памерлых сялян. Такі
  звычай усюды ў нашым краі: могілкі навідавоку або блізка дарогі, каб людзі, сустракаючы вокам крыжы і магілы, тварылі малітвы за душы тых, хто ўжо
  заручыўся з зямлёю. Пэўна, той жахлівы старац даў табе гэтую бязбожную
  параду, але памятай, Генрык, што Бог усё бачыць.
  – Не лезь не ў сваё! – адказаў ёй у гневе. – Я ведаю, што раблю; старац, якога
  ты называеш жахлівым, смяецца з вашае дурноты; занадта вы ўважлівыя да тых, каго ўжо няма на гэтым свеце.
  І гэтак настаяў на сваім. Праз два дні і следу не засталося ад могілак, а цэглу
  з капліцы паклалі ў падмурак новага дома, у які праз пару месяцаў я перасяліўся.
  З гэтага часу пачаў заўважаць, што Амелія яшчэ больш перамянілася. Яе
  вочы і твар заўсёды былі асмужаныя смуткам; казала, што бачыла прывіды ў
  гэтым новым доме, мроіліся ёй страшныя сны, а апоўначы чула часам нейкія
  стогны. Па колькі гадзін раніцай і ўвечары яна малілася, укленчыўшы, і так
  змянілася з твару, што знаёмыя ледзь пазнавалі яе цяпер, хоць і мала мінулася
  часу.
  Калі я расказваў старцу пра жончыны пакуты, ён глянуў на мяне і кажа, ківаючы галавою:
  – Як, пане, яшчэ мала ты ведаеш, што такое кабета! Гэта адны толькі злосць
  ды ўпартасць, бо не можа яна камандаваць мужыком і рабіць паводле свае волі.
  Паведаміў бы пану адзін сакрэт, але няхай ён лепей застанецца вечнаю таямніцаю
  мае душы, бо гаворыць сёй-той, што я вінаваты ў вашых нязгодах.
  – Злітуйся, скажы, бо каго ж гэта цікавіць болей за мужа?
  – Шмат за што ўдзячны пану: зрабіў ён дабрадзейства, даўшы гэты прытулак
  старцу, які прайшоў жахлівымі пуцявінамі жыцця праз усе выпрабаванні, навучыўся халодным сэрцам глядзець і заўважаць усе таямніцы людскіх думак і
  ўчынкаў. Адкрыю пану гэты сакрэт, які ведаю ўжо некалькі месяцаў, нікому пра
  яго не кажучы: у твае жонкі жывыя валасы на галаве.
  – Не чуў яшчэ ніколі пра такія цуды і не разумею, што ўсё гэта значыць.
  – Дык раскажу спярша, якім чынам я гэта даведаўся. Памятаю, з’ехаліся раз
  госці ў маёнтак; дзень быў ціхі і ясны, выйшлі ўсе тады з дому і, цешачыся
  добрым надвор’ем, гулялі ў полі. З панам ішлі два пажылыя мужчыны, і былі вы
  вельмі занятыя нейкай размоваю, а панава жонка ішла наперадзе, акружаная
  моладдзю, што, гамонячы, часта пазірала на яе касу. Калі падышлі да гаю, я, схаваўшыся за дрэвам, таксама зацікавіўся: чаму гэта яны так пільна глядзяць на
  яе касу? Маё вока зоркае, і я заўважыў, што на сонцы валасы ў панавай жонкі
  рухаліся ў касе і па ўсёй галаве. О! Гэту рэч мусіш, пане, мець на ўвазе, бо ёсць
  дзівы і чары на свеце; моладзь заглядваецца, не разумеючы, якою сілаю
  запалілася пачуццё ў іхніх сэрцах.
  – Хіба можа гэта быць? – спытаўся я са здзіўленнем.
  – А то як. Раскажу пану, якім чынам можна ў гэтым пераканацца. Гэта не ўсё, што ў яе жывыя валасы; ёсць яшчэ адзін валасок, які пасля захаду сонца, калі
  змрок ахутае зямлю, крычыць цэлую ноч аж да белага дня, і таму яна можа
  заснуць толькі на кароткі час, часта прачынаецца, вечарамі стогне і плача. Калі
  
  118
  пойдзе ў асобны пакой, дзе мае звычку, укленчыўшы, маліцца, ціха падыдзі і, стаўшы каля яе, прыслухайся добра. А яшчэ лепей паслухай зблізку ў начной
  цішы, як той волас спявае найгаласней.
  Я быў невыказна здзіўлены і неспакойны. Вырашыў: не спаць усю ноч, абы
  толькі даведацца праўды. Увечары, калі Амелія, запаліўшы свечку, пайшла ў
  асобны маленькі пакой памаліцца, я падкраўся на пальчыках да прачыненых
  дзвярэй, прыслухаўся і пачуў піск такі тонкі, нібы камар, гудучы, лётае ля скроні і
  шукае, дзе б утнуць. Слухаў некалькі хвілін, не сыходзячы з месца, і гэтаксама
  ціха зноў адышоў, не чакаючы, пакуль яна дагаворыць свае пацеры.
  Пасля паўночы не клаўся спаць, а ў асобным пакоі за сталом сам-насам
  раскладваў карты, быццам варажбою хацеў вызнаць, ці спраўдзяцца размаітыя
  мае жаданні і намеры. Калі ўсе заснулі і ўсюды зрабілася ціха, я патушыў свечку, заходжу ў спальню, як начны страх; вакно там напалову было зачынена. Амелія, стогнучы ў сне, ляжала ў ложку, каля ног яе, падаючы праз квадрат шыбіны, адбілася месяцавае святло, а ў галовах пачуў нібыта піск мухі, што трапіла ў
  павуціну. Дрыжыкі прабеглі па маім целе. Падумаў сам сабе:”Вось цяпер дазнаўся
  праўды!” – і цэлую ноч і на хвіліну не заплюшчыў вочы. Назаўтра раніцай я
  прыйшоў да старца і ўсё расказаў яму.
  – Верыш, пане, цяпер: я казаў праўду, – прамовіў старац, – але яшчэ не ўсё: трэба зрабіць так, каб гэтыя жывыя валасы не прыцягвалі да сябе юначых вачэй.
  Загадай, пане, сваёй жонцы адрэзаць касу і ўначы, пакуль певень праспявае, прынясі яе да мяне, а я паруплюся, каб ты яшчэ раз пабачыў цуды на свае вочы.
  Не ведала Амелія і нават не падазравала пра нашу ўмову і пра жахлівыя мае
  намеры. Сустрэўшы мяне, сказала спакойным голасам:
  – Што з табою, Генрык? Здаецца, у гэтую ноч бяссонне цябе мучыла? Да
  позняга сам-насам бавіўся з картамі, і на світанні ўжо не было цябе ў доме.
  – Не спаў уначы і раніцай уцёк з дому, бо твае валасы, што крычаць на
  галаве, нідзе мне спачыну не далі.
  – Не разумею гэтае загадкі, бо першы раз чую пра крыклівыя валасы.
  – Рух тваіх валасоў спадабаўся ўсім гасцям.
  – Кажы, Генрык, ясней, – сказала яна, – бо я на такія загадкі не здатная.
  – Скажу і ясней: хачу, каб ты абрэзала валасы; замужняй кабеце прыстойней
  быць з пакрытаю галавою.
  – Дзіўны капрыз убіўся табе ў галаву.
  – Можа, і дзіўны, але справядлівы, – сказаў я. – Не хачу, каб ты ганарылася
  цудоўнаю касою, якая чарадзейскаю сілаю прыцягвае да сябе ўсе вочы; дык будзь
  ласкавая – калі хочаш, каб я быў спакойны – загадай абрэзаць сабе валасы.
  – Разумею цяпер, – сказала Амелія, – усё дзеля твайго спакою.
  Паклікала прыслугу, загадала, каб тая адрэзала ёй касу, і, заліўшыся слязьмі, выйшла ў другі пакой.
  Каля поўначы, маючы з сабою касу Амеліі, я пайшоў да самотнае хаціны
  старца. Ён не спаў: я бачыў, што ў вакне свяціўся агонь. Заходжу ў дом: ён сядзеў
  у одуме каля стала, абапёршыся на руку, быццам паглыбіўся ў нейкія думкі; у
  кутах варушыліся чорныя трусы, вочы якіх гарэлі рубінавым агнём. Ён падняўся з
  месца і кажа:
  
  119
  – А што, зрабіў пан так, як я раіў?
  – Зрабіў усё як належыць, вось жончыны валасы.
  Дастаю з кішэні касу і кладу перад ім на стале.
  – Хутка, пане, – кажа ён, – пабачыш цуды.
  Узяў вялікую драўляную міску, наліў вады, частку валасоў з касы паклаў у
  тую пасудзіну; стаяў, утаропіўшыся на валасы; агонь на стале гарэў цьмяна, нібы
  дагараў, месяц выглянуў з-за чорных воблакаў, засвяціў бледным святлом у вакно, нечакана ўсхадзіўся вецер, лес парушыў сваё глухое маўчанне шумам. Глянуў я
  на старца: здавалася, што яго вусны, бледныя, як у нябожчыка, варушыліся, быццам ён штосьці шаптаў; трывога агарнула мяне, дрыжыкі прабеглі па целе; нарэшце ён сказаў:
  – Падыдзі і глянь, што дзеецца.
  Глянуў у міску – цуда! Жывыя валасы, уючыся ў розныя бакі, нібы п’яўкі, бегалі ў вадзе. Доўга я глядзеў задумана на гэта. Нарэшце ён вынес з хаты
  намочаныя валасы і частку касы і ўсё гэта кінуў у рэчку. І здалося мне, быццам
  бачыў я ў месяцавым святле, што ўсе яны плавалі, звіваючыся, наверсе.
  Пасля гэтае страшнае пробы ён сказаў мне:
  – Будзь, пане, спакойны, ужо валасы не будуць таемнаю сілаю прыцягваць да
  сябе вочы гасцей.
  Пасля гэтага майго ўчынку Амелія доўга ўпотай плакала, і здароўе яе з
  кожным днём горшала, уначы не магла заснуць: як толькі прыплюшчвала вочы, адразу мроіліся ёй нейкія прывіды, што ўставалі з магіл.
  Перад захадам сонца здарыўся страшны выпадак. Амелія сядзела адна ў
  садзе, але калі пачаў насоўвацца вячэрні змрок, упала раса на травы, паветра стала
  халоднае і вільготнае, – вярнулася ў свой пакой. Ледзь ступіла на парог – нема
  закрычала і ўпала, нібы мёртвая; збегліся ўсе, паднялі яе, на твары і кроплі крыві
  не было; паклалі на ложак і з цяжкасцю змаглі вярнуць ёй дыханне.
  Як апрытомнела, расказала, што ўбачыла тады перад сабою таго чорнага
  старца ў жахлівым абліччы: крывавым агнём свяціліся ягоныя вочы, у руках
  трымаў велізарны нож і пагражаў ёй смерцю.
  Калі я ўбачыў стан яе здароўя і што ў яе зусім хворыя нервы, у маім сэрцы
  з’явілася нарэшце літасць. Паслаў хутчэй па доктара.
  Штодня лёталі пасланцы да горада з медыцынскімі рэцэптамі; усё, што
  можна, рабілі, каб падмацаваць яе. Прайшло некалькі дзён; лячэнне было
  безвыніковае, не прынесла ніякае палёгкі, і Амелія яшчэ больш пакутавала і
  слабела.
  Бацькі, даведаўшыся пра небяспечную доччыну хваробу, прыехалі
  пераведаць. Яна хацела, і доктар гэта раіў, каб лячыцца ў бацькоўскім доме.
  Можа, там хутчэй супакояцца яе думкі і лекі будуць лепей уздзейнічаць.
  Пагадзіўся я з гэтым, і Амелія з бацькамі выехала з майго дома, абяцаючы
  вярнуцца, як толькі дазволіць здароўе.
  Праз тры дні атрымаў ліст з чорнаю пячаткаю і ўбачыў там такія словы:
  “Амелія самотнае сваё жыццё закончыла ўчора а пятай гадзіне пасля паўдня”.
  Калі гэта прачытаў, знячэўку ўсе валасы на маёй галаве заварушыліся і
  пачалі страшна крычаць. Люты страх апанаваў мяне, я нарэшце ўбачыў, да якога
  
  120
  няшчасця давёў мяне той жахлівы старац. Хапаю набіты пісталет, бягу з намерам
  забіць яго на месцы… ледзь адчыніў дзверы – з пустое хаты вылецела велізарная
  чарада кажаноў і са страшным піскам пачала кружляць над гэтаю хацінаю і вакол
  дрэў, а старца і яго трусоў ужо і звання не было.
  Пакінуў я свой дом. Страшна ў ім жыць, страшна выйсці ў поле і бачыць лугі, пагоркі і лясы, бо там усюды з’яўляецца перад маімі вачыма чорная, як у д’ябла, постаць жахлівага старца.
  Вось, доктар, споведзь майго жыцця.
  Крыху памаўчаўшы, ён паклаў руку на галаву і, гледзячы ў люстэрка, сказаў:
  – І цяпер валасы варушацца і крычаць. Ну, ці ведаеш, як дапамагчы мне ў
  няшчасці?
  Доктар, стараючыся яго суцешыць, запрасіў да сябе, даў адрас, і мы з ім
  неўзабаве выйшлі з карчмы, а Генрык застаўся там. Праз два дні я выехаў з
  Віцебска і больш яго не бачыў.
  – Жахлівы старац! – сказаў Завальня. – Ці не той гэта шатан, якому
  Твардоўскі загадаў ажывіць цела Гугона? З’яўляецца цяпер у розных канцах
  свету, каб шкодзіць роду людскому.
  – Страшны выпадак расказаў пан Сівоха! У мяне няма такой добрай памяці, –
  сказаў Латышэвіч. – Шмат чуў розных аповядаў, але што сёння пачую, тое заўтра
  забуду.
  
  
  ЦЫГАН БАЗЫЛЬ
  
  Калі мы так гаманілі і кожны выказваў пра апавяданні гэтага вечара сваю
  думку, вецер нечакана пачаў шумець за сцяною ў дрэвах, якія акружалі дом; дзядзька глянуў на свечку, што дагарала на падваконні, і сказаў:
  – Нездарма певень спяваў адразу пасля захаду сонца. Вось ужо і перамена
  надвор’я: усхадзіўся вецер, і цяпер самае галоўнае, каб ясна гарэў агонь у вакне.
  Ён падняўся, замяніў свечку і звярнуўся да мяне:
  – Янка, папрасі пані Мальгрэту, каб прыйшла сюды. Дзіўная гэта кабета!
  Здаралася ў мяне, як і сёння, што госці апавядалі найцудоўнейшыя гісторыі. Я
  слухаю, нібыта прыкуты да месца, а яна не мае да гэтага аніякае цікавасці ды
  яшчэ гневаецца, не хоча заходзіць у гэты пакой, даводзячы, што не толькі
  апавядаць, але і слухаць пра д’яблаў і чары грэх.
  Калі прыйшла пані Мальгрэта, дзядзька прамовіў:
  – Васпані заўсёды самотная, не хацела паслухаць цудоўную аповесць, якою
  нядаўна так прыемна бавіў нас пан Сівоха. Бачыў ён у Віцебску чалавека з
  валасамі, якія крычалі на галаве.
  – Ат, ведаю я вашы гісторыі! Хто дасць веры, каб калі-небудзь валасы
  крычалі?
  – Няхай будзе па-твойму. Васпані не хоча верыць, а ўсё адно папросім пра
  адну рэч: загадай нам прынесці добрае гарэлкі, мёду і прыгатаваць журавін.
  
  121
   Палёнкаю* развітаемся са старым годам і спаткаем новы, а цяпер гэта пітво будзе
  яшчэ прыемнейшае, бо мароз мацнее і вецер паўночны.
  На падворку дзьмуў вецер, на стале палілася гарэлка. Завальня рупіўся, каб
  дадаць неабходную колькасць усялякіх патрэбных прыправаў і добры
  прыгатаваць напой. Пан Латышэвіч гутарыў са сляпым Францішакам. Стоячы
  каля пана Сівохі, Стась і Юзік апавядалі пра сваіх школьных таварышаў, пра
  майскія прагулянкі ў полі ды пра студэнцкі тэатр. Я, гледзячы на блакітны агонь
  гарэлкі, прыгадваў размаітыя гісторыі, якія чуў у дзядзькавай хаце, а найбольш у
  гэты час мне мроілася ў галаве апавяданне арганіста Андрэя пра вогненных духаў.
  Здавалася, з гэтага полымя на кліч адразу б выскачыў Нікітрон.
  Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць у пакой мужчына, якога я ніколі не
  бачыў. Высокі, смуглатвары, чорнавалосы, вочы як дзве жарынкі; апрануты
  коратка, як казак, і бізун за поясам з левага боку.
  – Падаю да ног пана гаспадара-дабрадзея! – гучна абвясціў ён.
  – А! Як маешся, Базыль! Адкуль цябе Бог прыслаў?
  – Далёка быў, дабрадзею! Быў і тут, і там, у маёнтку ксяндзоў дамініканаў
  блізу Гарбачэва. Едучы праз возера, замёрз увесь: моцны мароз і вецер прадзімае
  наскрозь. Убачыўшы агонь у вакне панскага дома, спяшаў сюды як да
  найбліжэйшага месца, дзе можна пагрэцца.
  – А можа, таму, – сказаў Сівоха, – што конь ужо далей бегчы не можа?
  – О, не! Конь мой яшчэ прабег бы мілі1 чатыры.
  – Добра, добра зрабіў, што прыехаў да мяне, будзем разам сустракаць Новы
  год.
  – А цяпер самы час варажыць, – сказаў Сівоха, – дык скажы ўсім нам: каго
  які лёс спаткае ў наступным годзе.
  – Навошта варажыць! Што каму лёс прызначыў, так і будзе. Мне, цыгану, ездзіць з кута ў кут або жыць у намёце сярод поля, а пану – кіраваць гаспадаркаю.
  – А ці шмат у гэтым годзе збыў старых коней і выгандлеваў маладых?
  – У гэтым краі і людзі не горш за цыганоў абазнаныя ў конях: не дадуць
  ашукаць.
  – Скажы ж мне, Базыль, – прамовіў дзядзька, – чаму ты не асядзеш на
  гаспадарцы? Спакайней жыў бы на свеце.
  – Так жылі нашы продкі; пэўна, яны прыкладвалі да скроні жабер-траву і, даведаўшыся будучыню, пагарджалі ўсім і нам такія свае звычаі пакінулі.
  – Што гэта за трава? – запытаўся я. – Ці расце яна дзе-небудзь у нашым краі, ці мо ў іншым якім месцы?
  – Раскажа пасля пра гэтую траву, – сказаў дзядзька, – а цяпер няхай
  пагрэецца. Сядай, пане Базыль, можа, ты яшчэ і не вячэраў?
  – Пра вячэру, дабрадзею, яшчэ не думалі ані я, ані мой конь.
  – Конь не будзе галодны: маю сена, маю яшчэ, дзякуй Богу, і хлеб, каб
  пакарміць падарожнага.
  І Завальня загадаў прынесці цыгану вячэру.
  Базыль, седзячы за сталом, еў з добрым смакам. Калі падхарчыўся, пачаў
  
  * Палёнка – беларуская назва трунку, якi робяць з паленай гарэлкi, журавiн i мёду.
  
  122
  размову пра мінулае, хваліў зычлівасць і лёгкую руку сваіх знаёмых, у якіх некалі
  выгадна набываў добрых коней. Жаліўся і наракаў на сябе, што лёгка верыў
  іншым, а таму меў страты ў гандлі, няраз траціў надзею і адступаўся ад важных
  намераў, не маючы магчымасці быць на конскіх кірмашах у Бешанковічах і Асвеі.
  Хваліў некаторыя мясціны ў Беларусі, а менавіта берагі Дрысы і Дзвіны, дзе
  ён, маючы ўлетку багатую пашу, гадаваў добрых коней, і жыў там часта да позняе
  восені. Апавядаў пра свае зімоўкі і пра зімоўкі іншых цыганоў, як яны, маючы
  ўладу над агнём, раскладаюць велізарнае вогнішча пад саламянай страхою і агонь
  салому не паліць.
  Тым часам палёнка ўжо была гатовая. Завальня паналіваў шклянкі, падвёў да
  стала сляпога Францішка, паставіў перад ім гарачае пітво і іншых гасцей запрасіў
  бліжэй. Кожны з іх, каштуючы, хваліў смак і колер палёнкі, якая ў святле свечак
  мела цёмна-рубінавы колер; і тут пачалася размова пра кошт і якасць мясцовых
  трункаў і замежных вінаў.
  – Як неразумна, – сказаў пан Сівоха, – прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя
  прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае.
  У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку – не пашкодзіць, а
  дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды – адзіныя лекі!
  – Праўда, дабрадзею, – сказаў Базыль, трымаючы ў руках напалову выпітую
  шклянку і пазіраючы ў місу. – Беднае наша жыццё цыганскае! Калі марознаю
  зімою шукаем прытулку ў пустой будове, дзе няма ні печы, ні столі, а толькі
  сцены, і ў тых вецер свішча праз шчыліны, калі пры вогнішчы курчыцца жонка і
  дзеці пішчаць, круцячыся з боку на бок, абы толькі бліжэй да цяпла… О, каб даць
  тады жонцы і дзецям па шклянцы такое палёнкі – забылі б на холад, ім бы салоўкі
  заспявалі ўзімку, нібы цёплай вясною.
  – Гэта праўда, – сказаў пан Латышэвіч. – А што ж казаць пра нашае
  сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк!2 Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць
  сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку
  начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня
  балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары
  езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за
  піўніцаю3, дзе ў велізарных дзежках быў выдатны стары мёд. Ён, глянуўшы на
  мяне, сказаў:
  – Чаму ты змяніўся з твару і такі неспакойны? Відаць, нездаровы?
  – Нездаровы, – адказваю. – Ехаў у непагадзь, а цяпер маю халодны пакой у
  жыда, дык і прастудзіўся.
  – Я вылечу, – сказаў ён.
  Завёў мяне ў піўніцу, наліў велізарны кухаль трайняку. Калі я выпіў, адчуў, што па ўсім целе разлілося цяпло, выступіў пот і прастуда прайшла.
  – Прыемныя лекі! – сказаў Завальня. – Але нядаўна Базыль успамінаў пра
  нейкую дзіўную жабер-траву, якую прыкладаюць да скроні: тут нешта цікавае, зрабі ласку, раскажы нам. Будзем слухаць, не марнуючы часу. Што такое піва і
  
  123
  мёд, ужо даўно ўсе ведаюць.
  – О! Жабер-трава шмат паказвае цудаў, і дзіўныя ад яе дзівосы. Перад ёю
  траціць сілу агонь, чалавечае вока іначай глядзіць на свет і бачыць будучыню.
  Сказаўшы гэта, цыган пачаў сваё апавяданне.
  
  
  АПАВЯДАННЕ АДЗ І НАЦЦАТАЕ .
  ЖАБЕР-ТРАВА
  
  – Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што
  маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль
  сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.
  Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі
  ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і
  перапыніў яго маўчанне:
  – Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая
  будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?
  Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін
  на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў:
  – Не пытайце, пане, ні пра лёс Альмы, ні пра сваю будучыню.
  – Чаму? Хачу ведаць, хачу як найхутчэй сарваць заслону з вачэй.
  – Прыкладзі да скроні жабер-траву*. У такія маладыя гады спадзе з вачэй
  сатканая з пекных колераў заслона, што закрывае ад цябе будучыню.
  – Хачу мець гэтую траву.
  – Маеш шмат цікавасці, але ці столькі ж у цябе адвагі? – спытаўся Шылка.
  – Скажы, дзе расце – дайду і апоўначы, і сярод дзікіх звяроў.
  – Ідзі туды, дзе бачыш з левага боку дзве пясчаныя гары, а ўнізе, на
  імшарыне, растуць дробныя бярозы і вербы. Бераг возера парос густым трысцём, а на тым месцы, адкуль пачынаецца галявіна, убачыш палю: вытыркаецца з-пад
  вады, нібы шчогла, рыбакі зрабілі гэты знак на возеры, каб ніхто блізка гэтага
  месца не лавіў рыбу, бо заўсёды пасля нерат парэзаны, нібыта нажом.
  Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх – ясная, як
  зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон** зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надвор’е і яснае паўдзённае сонца свеціць на
  небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і
  пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.
  Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая
  вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных
  
  * Паводле цыганскiх паданняў, яна расце ў воднай глыбiнi, засцерагае ад пажараў i вучыць
  згадваць будучыню.
  ** Адзiн з васьмi духаў, што мае ўплыў на людзей.
  
  124
  туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.
  Заўтра, калі воблакі не схаваюць сонца і возера будзе спакойнае, як шыба, у
  самую спякоту (дапільнуй гэтую хвіліну) зайдзі ў возера і ідзі пад вадою да самага
  Фаронавага прытулку: ён будзе спаць, абапёршыся на камень, а адкрытая жабер-
  трава – свяціцца на сонцы. Сарві лісцік, але не вяртайся назад, бо трэба перайсці
  ўсё возера. На другім баку, прыклаўшы жабер-траву да скроні, хутка ўбачыш
  дзівы і даведаешся сваю прышласць.
  – Ці ж я рыба, – сказаў Адольф, – каб здолеў перайсці пад вадою ўсё возера?
  – Трымай вось гэта ў роце, і нічога благога з табою не будзе.
  Кажучы так, Шылка даў яму кавалачак нейкае кары.
  Паўдня. Адольф усе глыбей заходзіў у ваду, нарэшце схаваўся зусім.
  Праходзячы там, дзе жывуць нямыя і халодныя стварэнні, ён страчаў дзіўных
  стогаловых і станогіх празрыстых істотаў, якія прачыналіся ад здранцвення, узнімалі плечы і зноў засыналі на дне. Калі падышоў да месца, убачыў жабер-
  траву. Як крышталь на сонцы, адбівалі яе лісцікі яркае святло, а дух Фарон, схаваўшыся ў зеляніне і абапёршыся на камень, адпачываў, нагадваючы вялізны
  куст багавіння. Над ім і над жабер-травою мітусіліся тысячы вадзяных істотаў.
  Адольф сарваў лісцік і, не будзячы духа, пакінуў гэтае месца і пайшоў далей.
  Выбраўшыся з вады, дыхнуў на поўныя грудзі, выйшаў на другі бераг возера, адпачыў на зялёнай лугавіне і, прылажыўшы да скроні халодны лісцік жабер-
  травы, умомант адчуў у сабе перамены: перад яго вачыма з’явіліся зусім іншыя
  краявіды.
  Там, на пагорку, сярод бярэзін стаяў мураваны касцёлік, – а цяпер ад дрэў
  тых толькі пянькі тырчаць з зямлі, касцёл у руінах, без дзвярэй і даху. Дзе была
  вёска – цяпер пустка, дзве толькі засталіся старыя грушы, якія нядаўна ён бачыў у
  садзе. Тут жа, ля яго, некалі каласілася буйное жыта – цяпер тая ніва пакрыта
  дзікаю травою, быццам некалькі гадоў не бачыла ратая.
  Трывога агарнула яго сэрца; адышоўся ад возера і пайшоў далей аглядаць
  тую ваколіцу, якую колькі дзён таму перамераў нагамі са стрэльбаю за плячыма, і
  ўсюды бачыў вялікія перамены.
  Зайшоў далёка, забыўся, якой дарогаю вяртацца, а сонца ўжо нізка. Ідучы
  хуткай ступою, пазіраў, ці не сустрэнецца дзе чалавечае жытло, каб адпачыць, пераначаваць ды распытаць, у які край заблукаў.
  Калі дзень ужо патух і густы змрок лёг на лагі, Адольф падышоў да зусім
  незнаёмае вёскі. Каля аднаго дома грала музыка, скрыпач і дудар выціналі вясёлы
  танец, а некалькі маладзёнаў скакалі на вольным паветры.
  Адольф, стаўшы непадалёку, глядзеў на танцораў. І тут ён пачуў, як колькі
  пажылых незнаёмых людзей так гаманілі між сабою:
  – Ці не сорам ім скакаць? – сказаў першы. – Цяпер такія цяжкія часіны!
  Усюды нястача.
  – Думаеш, яны маюць душу? – кажа другі. – Кажуць часам добра, а робяць
  зусім інакш, не разумеюць, што гэта кара Божая.
  Сустрэча гэтая так уразіла Адольфа, што ён не мог ім і слова сказаць. Хутчэй
  пакінуў гэтую мясціну, абмінуў усе хаты і заначаваў у карчме пры вёсцы.
  На ўзыходзе сонца ён падрыхтаваўся да падарожжа, паведаміў гаспадару, дзе
  
  125
  жыве, і запытаўся ў яго, якою дарогаю трэба яму вяртацца дадому.
  – Першы раз чую пра гэты край, – адказаў той, – відаць, пан жыве дзесьці
  далёка ад нас.
  Здзіўлены Адольф пачаў распытваць вяскоўцаў і ад усіх чуў тое самае, што
  ўжо паведаміў яму карчмар. Тады падрыхтаваўся да далёкага падарожжа: купіў на
  некалькі дзён ежы і з кульбакаю за плячыма пайшоў далей, кіруючыся на
  поўдзень.
  Тым часам надвор’е перамянілася. Загрымела ў небе, і Адольф убачыў
  чорныя хмары, падзьмуў вецер; не бачачы блізка ля дарогі чалавечага жытла, ён
  паспяшаўся ў лясны гушчар, каб хоць пад шатамі ялін схавацца ад залевы.
  Бачыць там нейкага старога. Сядзеў ён на спарахнелым пні, угары шумелі
  хвоі, а на галаве яго вецер кудлаціў белыя валасы. Падышоў бліжэй і, угледзеўшыся добра, пазнаў цыгана Шылку. Стары падняўся і, кланяючыся, сказаў:
  – Дзень добры, пане Адольф!
  – Ах! Гэта ты, Шылка! Ледзь пазнаў цябе. Чаму ты так хутка пастарэў?
  Колькі дзён таму назад бачыў цябе, дык не меў ты яшчэ сівізны на галаве, а
  цяпер – валасы як малако.
  – Не, пане Адольф, не колькі дзён таму. Ужо мінула больш за дзесяць гадоў, як ты мяне бачыў. Скажы, паніч, куды ідзеш?
  – Не ведаю, дзе мой дом, дзе я цяпер, куды выведзе гэтая дарога, і неба
  хаваецца за хмары, і навальніца над галавою.
  – Не хутка будзе такое добрае надвор’е, якое было тады, як я апавядаў табе
  пра жабер-траву і пра духа Фарона. Панскі дом далёка, знаёмыя і прыяцелі ўжо
  рэдка ўспамінаюць тваё імя, мяркуюць, што даўно развітаўся ты з гэтым светам.
  – Скажы ж мне, Шылка, якою дарогаю ісці мне дахаты?
  – Ідучы праз гэты дзікі лес, убачыш тры дарогі. Злева і справа – шырокія
  шляхі, а між імі – вузкая і ўтравелая сцежка, што ідзе праз камяністае поле і
  цёмныя пушчы. Не бойся ісці далей па гэтай вузкай сцежцы, не глядзі на шырокія
  дарогі злева і справа. Раскажу, што сустракаюць людзі, якія едуць і ідуць туды, каб падарожнічаць з выгодамі.
  Леваруч цудоўныя малюнкі чаруюць вока. Зелянеюць пагоркі, на дрэвах
  даспявае салодкая садавіна, лугі раскашуюць духмянымі краскамі, азёры
  спакойныя і ясныя, як люстэркі, у вадзе люструюцца воблакі і дрэвы, што растуць
  на беразе, звіняць крыніцы, чыстыя, як крышталь, і гамоніць ад подыху лагоднага
  ветрыку лістота ў пекных гаях.
  Але там на лугах і ў гаях гуляюць русалкі, на галовах у іх пекныя вянкі з
  валошак, вусны іх каралавыя, вочы ясныя, доўгія валасы падаюць на плечы, яны
  ветліва страчаюць вандроўнікаў. Адны з іх – легкадумныя, заўсёды вясёлыя, скачуць і спяваюць, вабяць да сябе, смешаць жартоўнаю гаворкаю, завабліваюць у
  цёмныя лясы; заблукаўшы там, няшчасны падарожны ніколі не выйдзе на дарогу.
  Іншыя – маркотныя, у вачах меланхолія, словы іхнія хвалююць, пяшчотныя песні
  раняць сэрца, як страла, акунаюць думкі ў смутак і, давёўшы гэтымі чарамі да
  роспачы, уцякаюць прэч.
  Праваруч – высокія горы, а на іх – велічныя замкі, там шмат золата і срэбра, 126
  гаспадары гэтых гмахаў пагарджаюць беднасцю і пакутамі, але і самі пакутуюць, бо апоўначы ў іх салонах скачуць шкілеты, мучачы лютым страхам і гасячы ўвесь
  бляск велічы.
  Дык бывай, пане, не магу я ісці з табою, бо кіруюся ў супрацьлеглы бок.
  Сказаўшы гэта, Шылка закінуў за плечы кульбаку і пайшоў павольнаю
  ступою.
  Адольф заходзіць у лес. Дзень быў хмурны, вецер шумеў у густых галінах; юнак задумліва ўспамінаў мінулае, якое здавалася яму ўчарашнім днём. Выняў
  лісцік жабер-травы, які нёс з сабою загорнуты ў паперу, падзівіўся з незразумелае
  яго сілы, пашкадаваў, што адважыўся ісці ў падводную краіну да духа Фарона, убачыў, да чаго давяло яго жаданне ведаць будучыню, схаваў зноў свой лісцік, уздыхнуў і пайшоў далей.
  Прыйшоў на тое месца, пра якое апавядаў Шылка, і, не глянуўшы на дзве
  шырокія дарогі справа і злева, пайшоў вузкаю сцежкаю праз камяністыя палі і
  цёмныя пушчы.
  Ішоў самотны, не меў каму і слова сказаць. Рэдкі чалавек насмеліцца ісці
  праз гэтае месца; бачыць толькі, як перапалоханы дзікі звер хаваецца ў гушчары, чуе толькі стук дзятлаў на сухіх хваінах і крыкі соек.
  Прыйшоў вечар. Змардаваны дзённым падарожжам, Адольф прылёг на
  пагорку і, паклаўшы галаву на камень, заснуў. Спаў моцна, але нядоўга; ледзь
  заранка ўзышла на небе, заспяшаўся, каб дзе-небудзь напаткаць чалавечую хаціну
  і пераначаваць пад страхою.
  Ідучы далей, узышоў на гару, але і адтуль не ўбачыў нідзе людзей, адно
  густы, як імгла, дым падымаўся недалёка за бярозавым гаем. Ледзь падышоў да
  таго месца, як выходзіць з гаю нейкая кабета – высокага росту, у белай сукні, твар
  заліты слязьмі, і, трымаючы ў руцэ меч, спыняецца каля дарогі1.
  . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
  . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
  Заспяваў певень.
  – Вось цяпер ужо не на перамену надвор’я, – сказаў дзядзька. – Самая
  поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госця. Але якімі навінамі ён нас
  пацешыць?
  Сказаўшы гэта, ён наліў у шклянкі палёнкі, і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасця
  ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.
  Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:
  – Мы не ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і
  не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!
  – Ат, пан Латышэвіч, успамінаючы пра смерць, псуе нам добры настрой.
  Такое рабіць няварта, – сказаў Базыль. – Аж на мяне напаў смутак, і здаецца, быццам і не піў нічога. Навошта казаць цяпер пра такія рэчы? Я – цыган, маю
  адно каня, а яшчэ не хачу ехаць на той свет.
  Сказаўшы гэта, ён наліў сабе яшчэ шклянку і выпіў, зычачы ўсім здароўя і
  гумору.
  – Базыль, як я заўважыў, – сказаў Сівоха, – чалавек чуллівы, яго кранае
  
  127
  кожнае слова, аднак трэба памятаць, што ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
  – Праўда, не закончыў. Можа, калі-небудзь закончу.
  Дзядзька зноў наліў шклянкі і, падаючы адну сляпому Францішку, сказаў:
  – Пан Францішак сёння ўвесь час задумлівы і журботны. Выпі з намі. Жадаю
  вам і дзецям вашым шчасця. Няхай неба блаславіць усіх добрых людзей, пашле
  нам ураджай і шчаслівыя дні.
  
  
  ЯСНАСЦЬ НА НЕБЕ
  
  Нечакана зыркае святло ўдарыла ў вакно і асвяціла пакой. Усе змоўклі, перапалоханыя гэтым раптоўным дзівам, пасля выскачылі з хаты, думаючы, што
  недзе ў суседзяў пажар. Убачылі на небе такую зыркую яснасць, што ледзь вока
  трывае; разлілася яна кшталтам велізарнае ракі. Палі, лясы і горы, пакрытыя
  снегам і асветленыя агністым небам, мелі дзіўны і захапляючы выгляд. Хмары, распаленыя чырвоным полымем, ляжалі на даляглядзе; здавалася, што там тонуць
  у пажарах велічныя гмахі і стромкія вежы. Доўга моўчкі стаялі і паглядалі мы на
  гэты дзіўны і страшны малюнак неба; нарэшце яснасць вогненнае ракі пачала
  цьмець і нікнуць у паветры; патухлі хмары, і сутонне зноў ахінула неба і зямлю.
  – Дай Божа, – сказаў дзядзька, вярнуўшыся ў хату, – каб гэты знак нам
  спрыяў. За сваё жыццё трэці раз бачу падобнае дзіва, і заўсёды ў той год, калі
  бачылі такія пажары на небе, бывалі нейкія неспадзяванкі.
  – Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, – сказаў пан Латышэвіч, – і часта
  апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі
  біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак
  жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.
  – Беднасць у нашым краі – не навіна, – сказаў Сівоха. – Прыйдзе вясна, і
  рэдкі селянін, сеўшы за стол, пакладзе хлеб перад сабою і будзе мець, чым засеяць
  поле. А гэтая заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё
  незразумелае ў нас заўсёды – знак няшчасця. Будзьма больш ашчадныя і
  руплівыя. Хто працуе і просіць Бога, той і сам жыве заможна, і людзям дапамагае.
  Сляпы Францішак уздыхнуў:
  – Мы сустракаем і праводзім усе гады з адной і той самай песняй. Свет нам –
  пілігрымка, а неба – напамін. Летам, калі я чую гром, што скаланае ўсю зямлю, думаю пра Ўсемагутнасць Творцы і пра Ягоную міласэрнасць. Няхай будзе Яго
  воля. Наша будучыня – у Яго руках.
  – Я чуў некалі такое апавяданне*, – сказаў Сівоха. – Летам пасля захаду сонца
  перад нядзеляю ноч была ціхая і пагодная. Парабкі пагналі коні на начлег. Адны
  сяляне пасля дзённае працы гаварылі пра сваю гаспадарку, іншыя спявалі, вяртаючыся з паншчыны. Раптам убачылі ўгары дзіўнае відовішча: на ўсю сваю
  прастору раскрылася неба і быццам бы сярод гэтага святла бачылі анёлаў, адзенне
  якіх было бялейшае за снег, а вакол галавы – німб, яснейшы за сонца. Усе ўпалі
  ніцма, і хто маліўся шчыра, таму Бог такія шчодрыя даў дарункі, што ўсё жыццё
  
  * З апавяданняў люду.
  
  128
  тыя людзі не ведалі нэндзы.
  – Чуў і я гэтую гісторыю,– сказаў Завальня. – На маю думку, праўдзівую і
  шчырую малітву заўсёды неба пачуе. Але дзе ж Базыль? Ён яшчэ не закончыў
  свайго апавядання.
  Агледзеліся ўсе – але Базыля ўжо ў пакоі не было.
  – Пэўна, заваліўся спаць, – абазваўся Сівоха, – бо я даўно заўважыў, што ён
  ледзь сядзеў і ўсё пачынаў драмаць. Але, пане-гаспадару, час бы і нам ужо
  адпачыць. Заўтра не цэлы дзень спаць: трэба быць на святой імшы.
  – Але ж апавяданне пра жабер-траву не закончана.
  Сказаўшы гэта, дзядзька выйшаў і загадваў прыгатаваць гасцям ложкі.
  Патушаны агонь. Усе моцна спяць.
  
  
  ТАВАРЫШ У ПАДАРОЖЖЫ
  
  Усюды прырода дзіўная, прыгожая і разнастайная, чаргуюцца навальніцы і
  пагодныя дні. Здзіўлены пілігрым пазірае на змрочныя, вясёлыя і дзікія малюнкі
  пагоркаў і лясоў, страчае людзей, якія, разумеючы яго думкі і пачуцці, радыя
  падзяліцца з ім цяжкай сваёй тугою; усюды ёсць шчасце і нядоля; усюды
  незразумелая наканаванасць вядзе нас па розных дарогах жыцця. Чаму ж чалавек
  заўсёды сумуе па сваёй роднай зямлі, як дзіця па маці?
  Такія думкі агортвалі мяне, калі на адзіноце падарожнічаў праз палі і цёмныя
  лясы далёка ад Бацькаўшчыны. Было ўжо каля паўдня – чыстае неба, ціхі дзень, спёка. Знябожаны падарожжам і сонцам, я сеў каля дарогі ў засені бяроз.
  Непадалёку звінеў крынічны струмень, лашчылі мяне лёгкія подыхі ветрыку, што
  плыў з поля. Аддаўшыся марам, я ўспамінаў прыгоды мінулых гадоў і не
  заўважыў, як нехта падышоў да мяне – высокага росту – клунак на плячах, смуглы
  ад сонца і ветру твар, худы, змучаны цяжкім падарожжам. Пачаў ён так:
  – Прыемна адпачываць тут, у засені бяроз каля крыніцы?
  – Цяжка ісці ў такую спякоту, – адказваю. – А да вёскі ці да якой-небудзь
  аўстэрыі1, магчыма, яшчэ далёка.
  – Найлепей ісці, калі сонца схіліцца да захаду і абзавуцца спевамі саловак
  лясы, а цяпер усюды глуха: і птушкам дакучае спёка.
  – Куды ты ідзеш? – запытаўся я ў незнаёмца.
  – Туды, далёка, – паказаў ён рукою.
  – Будзеш мне спадарожнікам, бо і я таксама іду ў той бок.
  – Добра! Але, здаецца, бачыў цябе калісьці. Ці не на берагах Дзвіны? Можа, мы землякі?
  – Мо і так. Бо там прамінулі найшчаслівейшыя дні майго жыцця.
  – Я – Севярын, – сказаў вандроўнік. – Смутак і час змянілі мой твар, і
  вясёлыя думкі назаўсёды развіталіся са мною. Сёння я ўжо не той. Такія вось
  пуцявіны нашыя.
  – Успамінаю цяпер: ты вёў некалі рэй у вясёлых забавах.
  – Пакуль не глянуў вакол сябе. А як убачыў і ўсё спасціг – вандрую па свеце і
  нідзе не знаходжу спакою.
  
  129
  – Пуцявіны нашага жыцця, – сказаў я, – як пуцявіны жахлівых сноў.
  – І цяжка дачакацца світання, якое б абудзіла ад гэтых страшных крозаў.
  – Ці даўно, – пытаюся, – бачыў родныя пагоркі і лясы?
  – Нядаўна, – адказвае, – пераведаў той край. Бачыў: пагоркі на сваім месцы, а
  лясы разрасліся яшчэ болей. Шмат! Шмат перамен! Змрочны час, неўраджайныя
  гады, зніклі вясёлыя забавы сялян, і ў полі не пачуеш песні аратага ці пастуха.
  Толькі Плачка на могілках сумным голасам кранае душы тых, хто ідзе блізка таго
  месца.
  – Калісьці былі лепшыя часы. Люба было бачыць строі і забавы людзей на
  свяце або на вяселлі.
  – Ці памятаеш? – спытаўся Севярын. – Вёску на беразе рэчкі Обалі, ці
  памятаеш? Калісьці там заможны гаспадар Лукаш выдаваў дачку замуж. У той час
  мы абодва цікавіліся народнымі забавамі і вясельнымі песнямі. Усяго там хапала
  гасцям: багата было ежы і пітва. Памятаеш гэтую песню:
  
  – Наехала гасцей,
  Поўный двор, поўный двор.
  Выбірай, Марынка,
  Каторый твой, каторый твой.
  – Да што ў сінім,
  На каню сівым, –
  То сват мой.
  А што ў атласе,
  Ў жоўтым паясе, –
  То дзевір мой.
  Пышна ўбраный,
  А конь буланый, –
  То свёкір мой.
  Конь вараненькій,
  Сам маладзенькій, –
  То мілый мой.
  
  Самі словы гэтае песні праўдзіва малявалі дабрабыт мінулых часоў: людзі
  калісьці мелі ядвабныя хусткі, вопратку з добрага сукна, пекныя паясы, рослых і
  добра ўкормленых коней, мелі ўсё дзеля аздобы і выгодаў, былі шчаслівыя. А
  цяпер глянеш вакол – смутак бярэ за сэрца. Дом Лукашоў стаіць пусты, без
  дзвярэй і вокан, здзічэлі вішні, засохлі яблыні, якія ён сам некалі прышчапіў, сад
  без гаспадарскага нагляду парос дзікаю травою. Рэчка Обаль не змяніла свайго
  шляху, у тых жа берагах спяшаецца да Дзвіны, але вусны людзей даўно ўжо
  кранала ўсмешка, на бледных і змрочных тварах адбіваюцца маркотныя думкі. Я
  пытаўся: дзе тыя старыя, што славіліся ў гэтых краях дабрынёю і ветлівасцю? Іх
  дзверы заўсёды былі адчынены суседзям і вандроўнікам, у сваіх дамах ладзілі
  вясёлыя забавы; ніколі не адмаўлялі яны бедным, удовам і сіротам, – іх няма.
  Адно ўспаміны засталіся пра гэтых дабрадзеяў.
  – Шмат наш край, – сказаў я, – зазнаў розных перамен шчасця і няшчасця; 130
  знікнуць тыя чорныя хмары і цёмная бура, дасць Бог, закрасуе вясна, прыйдзе
  заможнасць і на нашы лугі ды палі.
  – Шмат праўды ў народных паданнях, – сказаў Севярын. – Памятаю, у
  Полацкім павеце ў гаворцы сялян пра схаваныя ў зямлі скарбы пачуў я такую
  гісторыю, якая добра стасуецца з нашай сённяшняй размоваю
  У Сітнянскіх лясах недалёка ад рэчкі Страдань ёсць пагоркі, якія нібыта
  насыпалі самі людзі. Кажуць, там быў калісьці горад, разбураны ворагамі; а праз
  некалькі стагоддзяў на тым месцы стаяў маёнтак. Жыў у ім пан; імя яго –
  Дамінік – і дасюль яшчэ памятаюць людзі. Там, на гары, блізу маёнтка, правалілася зямля. Заўважыўшы гэтае дзіва, слугі адразу ж далажылі пану. Той
  загадаў памераць глыбіню, але найдаўжэйшая жэрдка не дастала да дна гэтае
  прорвы. “Там мусяць быць багатыя скарбы, – сказаў пан. – Хачу паслаць у тую
  падземную схову; няхай хто-небудзь, спушчаны на вяроўцы, з ліхтаром у руках
  агледзіць тыя цёмныя лёхі”. Але калі ўбачыў, што ўсіх апанаваў страх і не было
  ахвотнікаў выканаць яго волю, паслаў аднаго свайго чалавека, кажучы, што калі
  не паслухаецца, дык загіне і на зямлі.
  Той мусіў выконваць панскі загад. Калі апынуўся на самым дне ямы з
  ліхтаром у руках, убачыў адчыненыя дзверы, скляпенне на слупах, усюды
  магільная ціша; са страхам мінае ён пусткі і ўрэшце заходзіць у велізарны пакой.
  Тут, асветленая агнём ліхтара, зіхацелі на сценах срэбным і залатым бляскам
  зброя і розныя аздобы. На крэсле каля стала спала кабета, паклаўшы галаву на
  правую руку. Доўгія валасы бязладна падалі на плечы, на бледным твары відаць
  былі слёзы, яе чорны ўбор быў знакам цяжкае жалобы, ля яе ног спалі велізарныя
  страшныя мядзведзі. І яшчэ бачыў Дамінікаў пасланец незлічоныя скарбы ў
  адчыненых жалезных скрынях.
  І пакуль на ўсё гэта паглядаў спалохана – прачнулася кабета і кажа:
  – Ты шукаеш скарбаў у гэтым падземным палацы?! Ад вашае хцівасці нідзе
  мне няма спакою.
  Пасля яе слоў прачнуліся лютыя звяры. Гарэлі іх страшныя вочы, і
  тапырылася поўсць на спіне.
  – Прабач, пані, – залямантаваў той бедны чалавек. – Я не хачу скарбаў, але
  воля раз’юшанага пана паслала мяне ў гэты падземны палац. Я мусіў выканаць
  загад, бо загінуў бы за непаслушэнства.
  Кабета супакоіла велізарных звяроў, вочы яе заліліся слязьмі, і сказала яна
  засмучаным голасам:
  – О, нешчаслівыя! Яшчэ не выкінулі са свайго сэрца пыхі і лютасці. Памёр
  бы ты на гэтым месцы, калі б прыйшоў сюды па сваёй волі. Дарую табе, ідзі і
  скажы жорсткім людзям: “Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не
  змякчыць вашае сэрца, гэтыя зямныя дарункі ўзбагачаюць тых, хто ў іншым
  чалавеку бачыць бліжняга свайго і брата”.
  Так, адпачываючы пад шатамі дрэваў, доўга размаўлялі мы пра зменлівасць
  лёсу: як некалі Бог блаславіў працу продкаў, шчодрыя былі ўраджаі на палях і
  велізарныя статкі пасвіліся на пагорках; як пасля беднасць і голад распаўзліся па
  цэлым краі; пра цяперашнія ўраджаі і пра людскія пакуты, пра старых, што
  выправіліся ў вечнасць, і пра тых, што шукаюць шчасця ў далёкіх чужых краях.
  
  131
  Сонца хілілася да захаду. Севярын устаў, падрыхтаваўся ісці і сказаў:
  – Хадзем далей. Пакуль сонца сядзе, буду табе таварышыць. А там прыйдзем
  на месца, дзе разыходзяцца дзве дарогі, яны нас і разлучаць.
  Ідучы лясамі і палеткамі, Севярын апавядаў мне пра ўсходнія і паўднёвыя
  краіны, якія прыгожыя краявіды сустракаў там, у далёкіх краях, якія вялікія
  чароды пасуцца ў стэпах і на гарах, як зямля, не вымагаючы вялікае працы, кожны
  год узнагароджвае багатым ураджаем, і пра выгоды тамтэйшых жыхароў.
  У размовах хутка праляцеў час. І вось я ўжо бачу перад сабою могілкі, каплічку, драўляныя крыжы і дзве дарогі: адна ў густы лес, другая – далей праз
  палі і пагоркі.
  – Тут і канец нашае супольнае вандроўкі і нашым размовам, – сказаў
  Севярын, сеўшы на магільны камень. Ён глянуў у неба і аддаўся нейкім
  маркотным думкам. І мяне апанаваў смутак. У гэты час мы абодва нагадвалі
  журботныя магільныя помнікі.
  Хавалася на захадзе за рубінавым воблакам сонца, неба было пагоднае, рэчка
  свяцілася здалёку, як люстэрка, паветра такое ціхае, што чуваць было, як дзесьці
  пераляталі начаваць на далёкае возера качкі, зайграла ў пушчы музыка лясных
  птушак, заспяваў чароўным голасам салавей у блізкім хмызняку.
  – Як шчыра ўся прырода цешыцца вясною ў такое ціхае надвор’е, – сказаў
  Севярын. – Чалавеку не дадзена сапраўднае весялосці: багатыя, калі сонца сядае, маркоцяцца, што як адзін дзень, так і цэлае жыццё іх міне, схаваецца ад іх
  назаўсёды, смерць забярэ ў іх уцехі і вясёлыя забавы. Бедныя засмучаюцца, калі
  сонца ўзыходзіць, – што абудзіла іх да пакутаў і працы. А той, хто зазірнуў у
  таямніцы людскога жыцця, узважыў, ацаніў іх жаданні і пачуцці, заразіў свой
  розум, прытупіў зрок, – вандруе па свеце, не бачыць зоркі-надзеі; шлях усюды
  высыпаны цернямі, і пад ранішнім сонцам абыякава паглядае гэты чалавек на
  магілы.
  Вось ужо і скончыўся дзень, на лагі апусцілася смуга і змрок ахутаў зямлю.
  Вось і канец нашага кароткага падарожжа, вось і канец нашым размовам. Сёння
  не так як некалі – развітваемся ля магілы, убачымся пасля смерці.
  Сказаўшы гэта, ён паціснуў мне руку, пайшоў шпарка сваёю дарогаю і хутка
  схаваўся ў пушчы, якая, як чорная хмара, хавала далягляды.
  Яшчэ нейкі час я моўчкі, як помнік, пастаяў над магілаю і самотны пайшоў
  далей з цяжкім смуткам на душы.
  
  У СМУТКУ
  
  Сціжмы зорак уверсе то гаснуць, то ззяюць,
  Хмары ночы схавалі нябёсаў скляпенні,
  У цямрэчы усё навакол патанае,
  Мне ж заснуць не даюць даўніх дзён маіх цені.
  
  Гэй, сябры! Мы жылі шчаслівейшай парою,
  Сёння ж церні і глогі жыццё уздымае;
  Колькі люду шукае на свеце спакою,
  
  132
  След крывавы гаркоты у сэрцы трымае.
  
  Той няшчасны, і гэта яго прызначэнне,
  Хто чытае у сэрцах і годнасць, і ваду,
  Хто навек успаміны свае і імкненні
  Затаіў у грудзях, як атрутнага гада.
  
  Гэты свет яму дзікай пустэльняй здаецца,
  Ні душу, ані вока няма чым спатоліць;
  Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б’ецца
  У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.
  
  
  НАДЗЕЯ
  
  Адчыняецца чорнае хмары заслона,
  Абшар нябёс бялее там, на ўсходнім краі,
  І, як запаленая лямпа ў хмарах сонных,
  Ярчэй за іншыя нам гэта зорка ззяе.
  
  Вясляр, стамлёны штормам ў водах Акіяна,
  Плыве пад зоркаю надзеі без трывогі;
  Пяскамі Афрыкі вандруюць караваны,
  Што, ў неба глянуўшы, выходзяць у дарогі.
  
  О, зорка! Да цябе заўжды узносіць вочы
  Блукалец, што камень тугі нясе у сэрцы,
  Калі жалобы хмара светач думкі змрочыць,
  Часінай буры супыніўшы ў паняверцы.
  
  Дарма халодны розум шчасця дзесь шукае,
  Дарма магутны розум лічыць слуг бясконца;
  Сумленнага прадбачнасць акрыляе,
  Што ўночы зоркі, тое ўдзень запаліць сонца.
  
  
  БОГ
  
  Ранак высвеціў поле і бор напаўсонны,
  А на ўсходзе аблокі гараць, як рубіны;
  Шмат чуваць журавоў над вазёрным затонам
  І ў зялёнай гушчэчы хароў салаўіных.
  
  Божа! Колькі падзякі Табе у прыродзе!
  Загадаеш, і краскай вясна нас вітае,
  
  133
  Загадаеш, як слотная восень прыходзіць
  І у вырай вандроўнае птаства злятае.
  
  А даброты Твае ўсе стварэнні зазналі,
  Там, дзе моры пяскоў пад адвечнай спякотай
  Там, дзе моры ільдоў назаўсёды паўсталі,
  Ёсць апека Твая над найменшай істотай.
  
  На дарогах жыцця церні раняць глыбока.
  Спі ж, вандроўнік самотны, ў пустэльным спакоі,
  Бачыць гадаў атрутных тут Божае вока,
  І Ягоны анёл назаўсёды з табою.
  
  
  РАДА
  
  Быў змрочны дзень у палове сакавіка, на панадворку падаў мокры снег.У
  хаце дзядзька размаўляў з рыбаком Родзькам пра рыбацкую ўдачу, пра гаспадарку
  ды пра клопаты бедных сялян, якім не будзе чым сёлета сеяць, калі палеткі
  вызваляцца з-пад снегу. Я падчас тае гаворкі думаў пра падарожжа і марыў, што ў
  чужых краях зусім іншы свет, пякнейшыя краявіды, прыгажэй цвітуць лугі, больш
  багатыя ўраджаі на палетках і людзі стакроць шчаслівейшыя. Дзядзька парушыў
  мой одум, кажучы:
  – Янка доўга гасцяваў у пана Марагоўскага, бываў і ў іншых дамах заможных
  нашых суседзяў, палюбіў іх ветлівасць, пасябраваў з сім-тым з маладзёнаў і
  нібыта назаўсёды з імі развітаўся; заўсёды маркотны, задуманы і гэтай вясною
  хоча нас пакінуць, мяркуючы, што дзесьці там, у далёкіх краях, багацце плыве
  ракою.
  – Я не шукаю багацця, – адказваю,– а хачу пазнаёміцца з думкамі і жыццём
  людзей у тых далёкіх краях; у маладосці трэба вучыцца, трэба пабачыць свет.
  – Убачыш, зазнаеш і спасцігнеш, што і там, дзе зямля шчодра адорвае
  земляроба, дзе лясы цвітуць накшталт зямнога раю, – людзі ўсюды такія самыя, там толькі шчасце, дзе чалавек жыве так, як Бог загадаў: працуе рупліва і без
  хцівасці, не забывае бліжніх і спадзяецца на лепшае. У нашым краі доўгая і
  зменлівая зіма, часам мокрая, часам марозная і завейная, у лагчынах вада, а на
  пагорках паўночны вецер нішчыць пшаніцу і жыта, аднак жа дбайнасць і праца
  можа перамагчы ўсё. Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую
  пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю
  добрыя сенажаці, завёў жывёлу, цяпер, дзякуй Богу, і палеткі родзяць. Паны, што
  маюць прыгонных, марнуюць багацце на карэты, уборы і карты; няраз вясною, калі ім бракуе грошай, ідуць да шляхціца Завальні. Хто працуе і спадзяецца на
  Бога – можа і тут быць шчаслівы і спакойны.
  – Я гэта добра ведаю, дзядзечка, але, жывучы ў гэтым краі, не чую і не бачу, што дзеецца на свеце, быццам вочы мае заслоненыя. Сумнае такое жыццё.
  
  134
  – Вось што такое навука! Ужо неспакойны, хочаш яшчэ больш даведацца і
  лятаеш думкамі недзе там, далёка, хочаш бачыць вялікі свет, і таму цесна табе тут
  з намі, хочаш, як птах, вырвацца з клеткі.
  Родзька маўчаў і ўважліва слухаў гэтую размову. Нарэшце, глянуўшы на
  мяне, сказаў:
  – Нашы продкі не зайздросцілі багатырам, што жылі недзе там, у далёкіх
  краях, яны мелі ежу і вопратку са свае працы, а цяпер хцівасць прывяла злых
  духаў, каб здабывалі грошы з-пад зямлі, а таму смутныя гады і смутнае жыццё.
  – Родзьку, – сказаў я, – нязменна мрояцца злыя духі, а ўсё ж такі сам іх не
  бачыў.
  – Ці ж людзям не верыць? – сказаў рыбак. – Паніч, пэўна, не чуў, што
  здарылася на Сітнянскім возеры, а пра тое шмат хто апавядаў.
  – Не ведаю, што там было.
  – То я раскажу. Каля таго возера з аднаго боку вёска Сітна і дарога з Полацка
  на Невель, а з другога – густы і цёмны яловы лес. Летам у ціхае надвор’е
  схавалася сонца і зоркі паказаліся на небе; сяляне, вярнуўшыся з поля, завіхаліся
  ля хат і чуюць раптам, як нехта за возерам, каля самага берага, за цёмным лясным
  гушчаром, спявае. І так моцна ды вусцішна, што чароды перапалоханых качак
  падняліся ў паветра, звяры, выгнаныя з лесу, беглі па палях і пагорках, а сабакі
  скуголілі, нібыта перад вялікім няшчасцем. Жыхароў гэтае вёскі апанавала
  трывога, і дрыготка працінала іх целы, бо выразна пачулі словы тае песні: І Сітна маё,
  І Глубокая маё,
  І Скобрыя маё,
  І Шэвіна маё,
  І Язна маё,
  І Няшчыдра маё,
  І Няведра маё,
  І Невельское маё.
  Як маё, дак маё і ўсё маё.
  
  Так спяваў нехта не адзін раз з вечара да самае паўночы – называючы ў гэтай
  песні не толькі азёры, але і ўсе рэчкі. Ісці туды, каб даведацца, хто гэта так
  жахліва спявае, усе баяліся. Нарэшце адзін смялейшы рыбак адважыўся; узяў
  дубовы кій, некалькі камянёў і ўвечары, калі той толькі пачаў спяваць, падышоў і
  з-за дрэва ўбачыў, што нехта, вопраткаю і тварам зусім падобны на асташа –
  барада шырокая, твар круглы, вялікі, у скураным фартуху, – сядзеў на гнілым пні
  і крычаў на ўсё горла. Думаючы, што гэта сапраўдны асташ спраўляе свае
  чарадзейскія абрады, рыбак сказаў:
  – Не прыўлашчай сабе нашыя азёры і рэчкі, – і з усяе моцы шпурнуў камень, трапіў чараўніку ў самы бок.
  – Ах, ах! Паламаў мне скабы! – закрычаў шатан і кінуўся ў ваду: ускалыхнулася ўсё возера, і хвалі пачалі плёскаць у берагі. Рыбак спалатнеў і
  затрымцеў ад страху. Але і шатан з таго часу ўжо больш ніколі не спяваў, 135
  прысвойваючы сабе нашы азёры і рэчкі.
  – О! Каб такім чынам, – сказаў дзядзька, – можна было пакараць усіх злых
  духаў, што шкодзяць людзям!
  – Спалохаўся каменя шатан, – сказаў Родзька, – але ёсць яшчэ на небе
  перуны страшнейшыя за яго. А таму, паніч, не пакідай нашую зямлю: будуць
  лепшыя часіны і лепей будзе жыць між сваіх.
  – Часы мяняюцца, і ў людзях перамена, – сказаў дзядзька. – Даўней наша
  моладзь не ведала і ведаць не хацела, што там дзеецца дзесьці ў далёкіх краінах, жылі ўсе спакойна і шчасліва; цяпер і на адукаваных нападае нейкі смутак: ледзь
  закончыў вучобу – ужо яму самотна, пакідае родныя палеткі, выпраўляецца ў
  далёкае падарожжа, мяркуючы, што чужы вецер развее яго неспакойныя думкі.
  Маю сыноў, і ім, пэўна, гэты мой дамок будзе цесны, уробленыя маёю працаю
  палі і гэтыя гаі не задаволяць іх жаданняў; не буду, аднак, пярэчыць ім, абы толькі
  Бог падмацаваў іх сэрцы любасцю да бацькавых звычаяў.
  – Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас
  зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей.
  Родзька ўздыхнуў, узяў шапку і сак, у якім прынёс рыбу.
  – Спяшаешся дахаты? Аднак яшчэ не так позна, – сказаў дзядзька.
  – Ужо схавалася сонца, неба змрочнае, ноч будзе цёмная – трэба спяшацца.
  – Цяпер вялікі пост, калі зловіш што-небудзь, не забывай на мяне.
  
  
  ПАДАРОЖНЫЯ
  
  Як было ўжо зусім цёмна, усхадзіўся і шумеў за сцяною моцны вецер; падаў
  мокры снег.
  – Нешчаслівы той падарожны, – сказаў дзядзька, – якога заспела гэтая
  завейная ноч пасярод возера. Дарога цяпер цяжкая, ды і яе можна згубіць, блукаючы ў такой цямрэчы.
  Прамовіўшы гэта, ён паставіў запаленую свечку на падваконні, але
  ўбачыўшы, што мокры снег наліп на шыбы і ўсё вакно белае, быццам
  замураванае, паклікаў да сябе парабка і загадаў:
  – Запалі свечку ў ліхтары, прымацуй яго да доўгае жэрдкі і добра, каб не
  сарваў вецер, прывяжы да брамы; выходзь часцей з хаты і, як пачуеш галасы
  падарожных, адразу паведамі мне: ноч цёмная і завейная – лёгка можа спаткаць
  няшчасце.
  Калі парабак прымацоўваў ліхтар, Завальня надзеў футра і сам выйшаў з
  дому прасачыць, каб усё было зроблена хутка і як мае быць.
  Праз гадзіну на панадворку пачалі скуголіць сабакі, і хоць выў вецер ды
  шумелі густыя дрэвы вакол дома, можна было, аднак, пачуць галасы падарожных
  на самым беразе возера, і доўга на адным месцы паўтараліся крыкі, як быццам
  людзей там нешта трымала. Дзядзька паслаў парабкаў на дапамогу. Вада падмыла
  багністы бераг возера, і першы конь з цяжкім возам, збіўшыся з дарогі, трапіў на
  тое месца і ўваліўся ў ваду. Ды так, што яго ледзь выцягнулі ўсе разам на бераг.
  Пасля гэтага заязджае на падворак некалькі белых ад снегу вазоў. Выпраглі
  
  136
  коней; падарожныя зайшлі ў хату. Дзядзька, каб іх сагрэць і падмацаваць, кожнаму наліў ёмісты кілішак гарэлкі і загадаў даць вячэру, з умоваю, каб кожны
  з іх расказаў байку або гісторыю са свайго жыцця.
  Пасля вячэры дзядзька прыладзіўся на ложку, я – каля яго, парабкі паселі на
  лаве. Адзін з тых падарожных – ужо ў вяку, з бледным тварам, але ў моцнай і
  стройнай постаці відаць была фізічная і маральная моц – пачаў сваё апавяданне.
  
  
  АПАВЯДАННЕ ДВАНАЦЦАТАЕ.
  СТОГАДОВЫ СТАРЫ І ЧОРНЫ ГОСЦЬ
  
  У маладосці я ведаў старога, які жыў па суседству з намі; зваўся ён Гараська, быў сапраўды старасвецкі чалавек. (Цяпер такіх людзей няма ўжо ў нашым краі.) Прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр, але жыццё і смерць яго былі такія дзіўныя
  і так запалі ў маю памяць, што, здаецца, нібыта ўчора ўсё гэта бачыў.
  Жонка і ўся яго сям’я даўно ўжо выбраліся на той свет, адзін толькі ўнук быў
  яму памочнік у штодзённай працы на полі, а нанятая кабета гатавала есці і
  даглядала адзіную карову, якой досыць было травы вакол самотнага дома, што
  стаяў на пагорку і быў цераз за поле вярсту ад нашае вёскі.
  Гараська добра памятаў сваю маладосць. У святы або ўвечары, калі вернуцца
  з поля аратыя і касцы, ён прыходзіў да нас і, седзячы на прызбе, апавядаў, як жылі
  даўней нашыя продкі, – проста, без прыдумак і ўсялякіх пышных аздобаў; палеткі
  і авечыя чароды задавальнялі ўсе іхнія жаданні; не зайздросцілі яны жыхарам
  далёкіх краін, не ішлі да іх набываць багацце, бо не мелі ў тым патрэбы, без таго
  былі шчаслівыя і спакойныя.
  У восемдзесят гадоў ён быў яшчэ не змардаваны працаю, – з сошкаю на полі
  і з касою на сенажаці апярэджваў маладых. Сілу меў нечалавечую. Калі не было
  добрага ўлову, складваў нерат ў човен і, несучы яго на плячах, пераходзіў з усімі
  сваімі прычындаламі на другое возера. У такой сіле і заўсёды з добрым здароўем
  прычакаў соты год жыцця і быў яшчэ моцны, як вячысты зялёны дуб.
  Прыйшла маркотная восень. Доўгімі і цёмнымі вечарамі ўся наша сям’я, сабраўшыся пры лучыне, рабіла тое, што адпавядае гэтай пары года. Мой бацька
  плёў нерат, кабеты пралі, а я гнуў абручы да розных дзежак. У часе работы
  пачалася гаворка пра старога Гараську.
  – Чаму гэта, – сказаў мой бацька, – Гараська так даўно не быў у нас? Добры
  стары, калі з ім размаўляю, час ляціць хутка і прыемна. О! Як бы я хацеў, каб ён
  прыйшоў да нас – барзджэй мінуўся б гэты восеньскі вечар.
  Ледзь сказаў так – бачым дзіва дзіўнае: дзверы не адчыняліся, а Гараська
  стаіць пасярод хаты. Са страхам глядзім на яго. Ён стаіць моўчкі нерухома, твар
  яго смутны і выказвае штосьці незразумелае, уся постаць лёгкая і, здаецца, вышэйшая, чым зазвычай. З кожнаю хвілінаю ён робіцца ўвачавідкі лягчэйшы ды
  танчэйшы і растае ў паветры. Ува ўсіх нас апусціліся рукі, дрыготка прабегла па
  целе, пазіраем адно на аднаго, не разумеючы, што ўсё гэта значыць. Нарэшце мой
  бацька перапыніў маўчанне:
  – Трэба будзе заўтра даведацца, што дзеецца ў Гараськавай хаце, ці здаровы
  
  137
  ён? Гэтая здань прадказвае нешта благое.
  Толькі сказаў гэта мой бацька, – заходзіць у хату сусед, хата якога стаяла на
  другім баку вуліцы, і такую апавядае гісторыю.
  Таго вечара былі ў яго госці. Пасеўшы на лавах, госці і гаспадары гаманілі
  пра сёе ды тое... Нарэшце пачалася гаворка пра некаторыя апавяданні Гараські, як
  ён згадваў сваю маладосць, даўнейшых паноў і даўнейшае жыццё. Раптам
  адчыніліся дзверы, нібыта разнасцежыў іх моцны вецер, суседаў сын падбег да
  парога і толькі хацеў зачыніць – зайшоў Гараська, нікому не пакланіўся, ціха, як
  цень, падышоў да стала і зноў вярнуўся ў сенцы. Насупраць, у другую палову
  хаты, таксама адчыніліся дзверы, і ён зайшоў туды. Дзівіліся ўсе, не ведаючы, што
  гэта такое; узялі запаленую лучыну, каб пасвяціць, бо цёмна было, але не знайшлі
  там аніводнае жывое душы. Устрывожыліся ўсе, дзеці і жанчыны баяліся выйсці
  за дзверы.
  Пасля гэтага апавядання яшчэ некалькі чалавек прыйшлі да майго бацькі і
  таксама расказвалі цуды пра старога Гараську, які гэтаксама шмат да каго
  заяўляўся. Нехта бачыў яго і ўдзень: сядзеў на прызбе самотны і задуманы, а калі
  падышлі да таго месца – нікога не знайшлі.
  – Заўтра нядзеля, вольны дзень, – сказаў сусед. – Пасля святое імшы пойдзем
  усе і даведаемся пра Гараськава здароўе. Стогадовы стары хоць на выгляд дужы і
  здаровы, аднак у такім вяку бывае лёгкая і хуткая перамена.
  Наступнага дня перад самым полуднем мой бацька, я і іншыя людзі з нашае
  вёскі наважылі ісці да Гараські, і толькі падышлі да дзвярэй, як заходзіць яго ўнук
  і кажа:
  – Дзед паслаў мяне прасіць усіх вас, каб вы сёння яго пераведалі.
  – Як ён маецца? Ці здаровы? – спытаўся мой бацька. – Засумавалі ўжо ўсе без
  ягоных гісторый, нават турбавацца пачалі, ці здаровы.
  – Здаровы. Праўда, цяпер больш маўчыць, нейкі задуманы і апошнім часам
  шмат працаваў.
  – Што ж ён там рабіў? – спытаўся сусед. – І на каго ж гэта працаваў?
  – На сябе.
  – Што ж ён усё-такі рабіў?
  – Убачыце, калі пераведаеце.
  – Ну, дык хадзем, не бавячыся доўга, – сказаў мой бацька. Там задаволім
  нашую цікаўнасць.
  І ўсе выйшлі за дзверы.
  Заходзім у Гараськаву хату і бачым: стаіць пасярод пакоя на двух зэдліках
  дубовая труна. У хаце ўсё прыбрана, падмецена і лавы чыста вымытыя. Гаспадар
  у новым палатняным адзенні і ўвесь белы, як лебедзь. Сустракаючы нас на парозе, сказаў:
  – Проша, проша ў маю хату. Запрасіў сёння вас да сябе паказаць вам дом
  вечнасці, які сабе збудаваў сваімі рукамі. Хутка думаю перабрацца ў гэтую
  вечную хату.
  – О! Яшчэ дзеду моцны, – сказаў мой бацька, – можа, раней каго-небудзь з
  нас пахаваеш.
  – Малады можа, а стары мусіць паміраць, але яшчэ пачакаем пра гэта
  
  138
  гаварыць. Сядайце, дарагія госці, рады буду пабавіць з вамі час у мілых размовах.
  Сказаўшы гэта, ён запрасіў усіх нас сесці за стол. Унук прынёс гарэлку, а
  наймічка паставіла перад намі розныя пачастункі. Гараська, сеўшы ля нас, прымушаў піць і есці, а сам не крануў ані ежы, ані пітва.
  – Як гэта сталася, дзеду, – спытаўся адзін госць, выпіўшы кілішак гарэлкі, –
  што ты ўчора з хаты не выходзіў, а людзі цябе ўсюды бачылі?
  – Быў і ў мяне ў хаце, – сказаў бацька. – Я, дзеці і жонка – усе добра бачылі: твая постаць з’явілася пасярод пакоя і ўмомант знікла.
  – Заходзіў і да мяне. Не пакланіўся ані гасцям, ані гаспадару, а потым хутка
  выйшаў у сенцы і схаваўся ў цёмнай палове хаты, а там цябе і з агнём не знайшлі.
  Гараська неспакойна глянуў на гасцей, твар яго спахмурнеў. Крыху
  падумаўшы, стары сказаў:
  – Будуючы сабе гэты дом, я думаў пра вас, душа мая вас адведвала, успамінаў мінуласць, і дух мой лётаў па тых ваколіцах, дзе я нарадзіўся, вырас, хадзіў па жыццёвых пуцявінах, зазнаў шчасце і гора, вясёлыя і сумныя гады, але
  ўсё гэта мінулася, як сон кароткі.
  – Але, пэўна, і не снілася старасвецкім людзям, – сказаў мой бацька, – тое, што мы цяпер зазналі; паны любілі гаспадарыць, і лепей было за сённяшняе.
  – Шмат якім панам глядзеў я ў вочы, – сказаў стары, – адгадваў іх думкі, выконваў загады, дагаджаючы ўсялякім іх жадункам. За мае паслугі, дзякуй Богу, мне верылі і давяралі. Нашы вёскі калісьці колькі разоў перапрадавалі, шмат тут
  было гаспадароў, і кожны кіраваў па-свойму, ды за тым часам яшчэ жылі нішто
  сабе. А вось калі пан З. па смерці сваіх бацькоў запанаваў у гэтым маёнтку
  Казуліне, усе мы зазналі гора. Хацеў здзівіць суседзяў сваёй раскошаю: прывозіў
  дарагія кветкі і садовыя дрэвы з далёкіх краін; ездзіў у шыкоўных экіпажах; трымаў мноства лёкаяў, а парадку ў доме не было; збіраліся госці, пілі дарагое
  віно; штогод выдаткі былі большыя за прыбытак з маёнтка. Дык і пачаліся
  крыўды і рабункі.
  – Дрэнны будзе з гэтага канец, – казалі абазнаныя людзі пану З., але ён не
  слухаў добрае рады, больш да душы былі яму намовы несумленных людзей, якія
  карысталіся з ягонае някемнасці.
  У той самы час з’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – дзіўны
  чалавек. Я забыў яго прозвішча, але твар як сёння бачу: худы, заўсёды бледны, нос велізарны, бровы густыя, пагляд як у вар’ята, вопратку меў чорную, доўгую і
  нейкую дзіўную. Не выпадала мне ў жыцці нікога ў такім уборы бачыць. І гэты
  госць, як неадступны цень, нязменна быў з панам З., хваліў ягоныя ўчынкі, маўляў, ён бавіцца і весяліцца, як і належыць сапраўднаму пану – нашчадку
  знакамітых продкаў, абяцаў паказаць яму нейкія цуды і адкрыць крыніцу
  бяздоннага багацця, апавядаў пра цуды, што дзеюцца дзесьці на краі свету; кпіў з
  нашых звычаяў і завядзёнак, якія нам дасталіся ад продкаў. Былі такія паны, што
  ўхвалялі яго думкі, а лёкаі і сяляне пракліналі яго і з пагардаю называлі чорным
  госцем.
  Мінае год, мінае другі, і робіцца ўсё горш і горш. Сяляне пана З. дазвання
  згалелі, кінуўшы хаты, блукалі па свеце і шукалі сабе спажывы; ды і ў панскім
  доме панавала бяда; суседзі і знаёмыя, едучы па блізкіх дарогах, міналі наш
  
  139
  маёнтак. Чорны госць прыходзіў толькі часам, раіў прадаваць людзей і такім
  чынам збіраць грошы. Паслухаўся пан, шмат вывез моладзі ў далёкія краі, але і з
  гэтага не забагацеў, а госць той чорны хутка знік.
  Даймалі пана праз суд крэдыторы, вымагаў нясплочаныя за колькі гадоў
  падаткі ўрад. Суд апісаў маёнтак і перадаў яго апекуну, а пану З. дазволілі мець
  пры сабе да паслуг адно лёкаяў. Сярод іх быў тады і я. Мы жылі ў далёкім
  фальварку; пан быў самотны. Праз колькі месяцаў я заўважыў у ім дзіўныя
  перамены. Почасту ён гадзінамі сядзеў моўчкі на адным месцы, часта задуманы, нібыта ў роспачы, хапаўся за галаву і размаўляў сам з сабою, ходзячы па пакоі, не
  спаў ад захаду да ўсходу сонца.
  Аднаго разу акурат апоўначы пачуў я панаў голас, убачыў агонь у вакне; падумаў: кліча каго-небудзь з нас – і заходжу ў пакой. Пан гаворыць сам з сабою
  так гучна, быццам з некім спрачаецца. Здзіўлены, я доўга глядзеў на яго, а ён мяне
  не заўважаў. Нарэшце я сказаў:
  – Пачуў панскі голас і падумаў, што клічаш каго з нас, а пан быў самотны і
  размаўляў сам з сабою.
  Ён зірнуў на мяне неспакойным вокам і сказаў, паказваючы рукою на сцяну:
  – Самотны? А гэта хто?
  Бачу: на сцяне цень у рост чалавека, нос доўгі, валасы натапыраныя – пазнаю
  чорнага госця. Апанаваў мяне страх, дрыготка скаланула цела, стаю на месцы, як
  скамянелы, а цень той пасунуўся па сцяне да дзвярэй і знік.
  – Пайшоў. Не дае мне спакою, – сказаў пан, – а ты ідзі, няма табе тут чаго
  рабіць.
  Я выйшаў адтуль, увесь агорнуты страхам; здавалася, што той страшны цень
  стаіць перада мною, і я ўсю ноч не мог заснуць. А калі апавядаў іншым пра той
  жахлівы прывід, ніхто мне не верыў, усе смяяліся, кажучы, што я перапалохаўся
  свайго ценю, але я думаў іначай і забыць гэтага не мог.
  Прайшло колькі тыдняў. Пан заўсёды быў самотны і неспакойны. Аднаго
  разу ўвечары ён сказаў мне:
  – Сёння я блага пачуваюся. Пасля вячэры адразу прыходзь і будзеш спаць
  тут, бо, можа, здарыцца якая патрэба, а ты ў сваім пакоі моцна заснеш і мяне не
  пачуеш.
  Я паслаў сабе пасцель на падлозе, патушыў агонь. Ноч была ціхая і ясная, свяціў месяц. Пан не мог заснуць: уздыхаў, уставаў, сядаў і зноў клаўся. Доўга я
  чуў кожны яго рух і толькі заснуў – моцны голас абудзіў мяне. Усхопліваюся і
  бачу: пан, седзячы на ложку, гучна гаворыць як бы сам з сабою, але я той гаворкі
  зразумець не мог. Поўня свяціла ў самае вакно, бледнае святло разлівалася па ўсім
  пакоі так, што ўсе рэчы можна было добра бачыць. Раптам я заўважыў жахлівы
  цень у рост чалавека, што быў на сцяне насупраць самага ложка і, павярнуўшыся
  тварам да вакна, рухаўся, нібы жывы. Нос доўгі, валасы натапыраныя – пазнаў
  чорнага госця. Ахапіў мяне люты страх і я, як непрытомны, ускочыў з месца і
  закрычаў:
  – Кажы, пане, запаліць агонь!
  – Навошта запальваць агонь, – сказаў пан. – Цяпер яшчэ толькі поўнач.
  – Гэты жахлівы цень палохае мяне, – адказваю.
  
  140
  – Не табе, а мне не дае ён спакою.
  Сказаўшы гэта, ён устаў з ложка і паходжваў па пакоі, а мне загадаў не
  сыходзіць з месца. Тут заспяваў певень. Цень пасунуўся па сцяне да дзвярэй і
  знік. Пан сядзеў нерухомы, як камень. Я лёг на сваё месца і пазіраў на яго; дрыжыкі прабягалі па маім целе, і да самага світання я ўжо не заснуў.
  Аднаго разу той жахлівы цень з’явіўся на сцяне апоўдні пры ясным сонцы. Я
  заўважыў на твары ў пана страшную перамену: ён быў бледны, як навец, і, шпарка
  ходзячы, казаў нейкія няўцямныя словы.
  Я, перапалоханы, ледзь змог прамовіць:
  – Загадай, пане, паклікаць ксяндза, каб прачытаў малітвы і свянцонаю вадою
  пакрапіў сцены. Відаць, гэты дом доўга стаяў пусты, вось нячысцік тут і
  пасяліўся. Або нейкі чарнакніжнік выклікаў яго сюды, каб ён нас мучыў не толькі
  ўначы, але і ўдзень.
  Пан здзекліва глянуў на мяне і сказаў:
  – Стары дом, можа, няраз ужо крапілі свянцонаю вадою. Не з тваім розумам
  сюды лезці.
  Неяк, калі заходзіла ўжо сонца, пан, вярнуўшыся смутны са шпацыру, зайшоў у пакой, сеў і ашчаперыў рукамі галаву.
  – Пэўна, у пана моцна галава забалела? – пытаюся.
  – Так шуміць у галаве, – сказаў ён, – што даўно ўжо ніякага паратунку няма.
  – Параіў бы пану, як вылечыцца, ды не ведаю, ці паслухае мяне пан.
  – Паслухаю, калі што добрае скажаш.
  – Кажуць, што калі мучыць шум у галаве, найлепей пастаяць ля самае
  званіцы, паслухаць касцельных званоў, як на імшу звоняць, потым зайсці ў
  святыню, укленчыць перад алтаром, шчыра памаліцца і паслухаць святую імшу.
  Такім чынам шмат хто вылечыўся. Няхай і пан паспрабуе*.
  Ён глянуў на мяне, і здзеклівая ўсмешка з’явілася на хваравітым твары.
  – Табе гэтыя лекі, можа, і дапамаглі б, а мяне касцельныя званы не вылечаць.
  – Я шмат бачыў няшчасцяў і страшных дзіваў, жывучы на гэтым свеце, –
  сказаў стары. – Але гэтае самае жахлівейшае. Не вытрымаў пан, памёр ад
  несупынных пакутаў.
  Сказаўшы гэта, ён схіліўся перад абразом Божай Маці і ціха маліўся, а ўсе
  госці моўчкі глядзелі на яго.
  Ужо вечар. Сонца схавалася за лесам. Гараська, закончыўшы малітву, глянуў
  у вакно: на небе свяцілася адна вячэрняя зорка. Ён нейкі час сачыў за ёю. Сляза
  пакацілася па Гараськавым твары. Нарэшце, павярнуўшыся да гасцей, сказаў:
  – Хутка ляціць час у размовах з добрымі сябрамі. Так і ўсё жыццё наша
  мінаецца. Колісь у маладыя гады любіў я глядзець на гэтую вячэрнюю зорку, там
  шукаў у смутку надзеі і ўцехі.
  Ён запаліў васковую свечку, паставіў яе ля труны і казаў далей:
  – Збудаваў сабе дамок без дзвярэй і без вокан. Тут адпачну спакойна, сон мой
  не перапыніць ні смутак, ні трывога, ні клопаты. На Бога мая надзея.
  Сказаўшы гэта, стары паставіў труну на падлогу і хацеў легчы ў яе.
  
  * На Беларусi i цяпер яшчэ просты люд лечыцца так ад шуму i iншых хвароб у галаве.
  
  141
  – Што ты робіш! – закрычаў адзін з гасцей, хапаючы яго за руку. – Навошта, здаровы і моцны, лезеш у дамавіну? Прыйдзе пара, самі цябе туды пакладзём. А
  пакуль тое, жыві і радуйся сонейку!
  – Але больш ты ўжо не вырасцеш, – сказаў мой бацька. – А цяпер, бачым, труна акурат па табе. Не нагадвай нам, што некалі цябе страцім. Давай пагамонім
  лепей пра тое, што было даўней.
  – Хачу адпачыць пасля працы. Ужо ноч, зоркі свецяцца на небе, – сказаўшы
  гэта, Гараська лёг у труну.
  Стоячы вакол, глядзім на яго: твар смяртэльна збялеў, і вочы закрыліся.
  – Досыць, досыць гэтае пробы. Падымайся, – сказаў мой бацька, беручы яго
  за руку.
  – Уставай, уставай, Гараська! – крычалі госці.
  Хацелі падняць яго з труны, але як убачылі, што ён ужо нежывы, пабялелі
  ўсе і доўга стаялі вакол у здранцвенні.
  – Дзіўны стары, – сказаў Завальня, – ведаў, што жыве апошнія гадзіны і, развітваючыся з гэтым светам, запрасіў да сябе ў гасціну знаёмых, каб у іх на
  вачах пайсці ў свой вечны дом. Пэўна, ён усё жыццё памятаў пра смерць, за гэта ў
  старасці літасцівы Бог і абвясціў яму часіну свайго суда і міласэрнасці. А вось той
  чорны госць, што не даваў спакою пану, ужо трэці раз з’явіўся на сцэне ў нашых
  гісторыях. Не спіць злы дух, усюды шкодзіць людзям і заўсёды сябруе з тымі, хто
  забывае пра бліжніх сваіх. То кара Божая.
  Паслухаем жа цяпер, што твой таварыш скажа.
  
  
  АПАВЯДАННЕ ТРЫНАЦЦАТАЕ.
  ЧАРАЎНІК АД ПРЫРОДЫ І КОТ ВАРГІН
  
  – Бывалі цуды даўней, – сказаў другі падарожны, – чуў і я ад старых пра
  незвычайных людзей. Апавяданні пра аднаго з іх наймацней захаваліся ў маёй
  памяці.
  Жыў у нашым краі просты селянін Тамаш. Пра яго казалі, быццам
  нарадзіўся, маючы ўсе зубы, а калі вырас, не вучачыся чараваць, ведаў усе
  сакрэты чараўнікоў, нячысцік ад яго не мог схавацца: у кожнай перамене, у
  любым абліччы – ён заўсёды яго бачыў і пазнаваў. Да ўсіх людзей ён меў
  прыязнасць, ведаў нейкія сакрэтныя словы, якімі перамагаў злога духа, дапамагаючы пакутным і нешчаслівым людзям. Змучаныя цяжкай хваробаю
  паны, калі вучоныя дактары і дарагія лекі не давалі ім палёгкі, пасылалі па
  Тамаша, і той нейкім таемным словам хутка вяртаў ім здароўе і спакой. Раскажу
  пра некалькі такіх выпадкаў.
  Аднаго разу пан Н. вярнуўся з горада і прывёз дадому ката. Дзе і як яго
  набыў – я не чуў, толькі ведаю, што кот той быў незвычайны. Калі пан занёс яго ў
  пакой і пасадзіў на падлогу, усе сямейнікі абступілі госця і здзіўлена глядзелі, як
  той паважна пахаджваў па хаце, падыходзіў, варкочучы, да кожнага і з усімі быў
  такі ласкавы, быццам гадаваўся ў гэтым доме.
  Пан Н. сказаў жонцы:
  
  142
  – Глянь, Антося, які цудоўны кот, вялікі, поўсць блішчастая, увесь чорны, як
  вугаль, вочы гараць. Ды гэта сапраўдны кашэчы кароль Варгін*. Ледзьве здабыў
  гэтую найвялікшую рэдкасць.
  Кот ускочыў на стол. Пані пагладзіла яго рукою, ён прымружыў вочы, выгнуў дугою чорную спінку і, муркаючы, пахаджваў па стале. Пані ўзяла яго на
  рукі: пекны, ласкавы кот быў ёй да душы.
  Кот гэты атрымаў усялякія выгоды: піў смачнае малако, спаў на мяккай
  пасцелі, на кліч “Варгін!” бег да пані, бавіў яе, і ўсе яго любілі.
  Прайшоў месяц, прайшоў другі. Кот быў фаварытам цэлага дому і жыў як
  сапраўдны кашэчы кароль. Але праз некалькі месяцаў усе пачалі заўважаць
  нейкую перамену ў пані: у яе з’явіліся дзіўныя капрызы, ніхто не мог адгадаць, чаго яна хоча; нудная, неспакойная, сварлівая, карала без віны пакаёвак і лёкаяў, лаяла суседак, крычала на мужа; ва ўсім маёнтку адзін кот быў добры і шчаслівы.
  “Што гэта такое? – думае сам сабе пан Н. – Такая нечаканая перамена ў
  Антосі”.
  Параіўся са старымі і дасведчанымі людзьмі. Усе пагадзіліся на тым, што
  пані хворая, бо часта плача, наракае, хапаецца за галаву, нібыта мучыць яе моцны
  боль, і падае на ложак. Хворай ніхто не мог дагадзіць. Толькі кот спакойна
  варкатаў ля яе.
  – У яе напэўна спазмы, – сказаў пан. – Трэба клікаць доктара.
  Прыязджае доктар, пасылае па лекі, лекі дарагія, выдаткі вялікія, а рады
  няма. Задумаўся доктар, не можа паставіць дыягназ, дык пан Н. запрашае яшчэ
  некалькі медыкаў. Сабраліся, пагаманілі між сабою, перамянілі лекі – але і гэта не
  памагло, бо ніхто з іх не мог зразумець хваробу.
  Калі ўжо дактары з усёй сваёй навукай не далі палёгкі (хворая зрабілася яшчэ
  больш слабая і неспакойная), знаёмыя і суседзі параілі пану паслаць па Тамаша.
  – Тамаш, – казалі, – нарадзіўся з зубамі, умее ад прыроды лячыць сілаю слоў.
  Трэба верыць у таямніцы і ў цуды, хоць і не спасціг яшчэ іх чалавечы розум.
  Паслухаў пан Н. і паслаў па чараўніка.
  Пані ляжала на пасцелі, каля яе сядзела паручнікава жонка, што прыехала
  тым часам пераведаць хворую; пакаёўкі стаялі ля дзвярэй, кожную хвіліну
  гатовыя выканаць загад, і чорны кот сядзеў, варкочучы, побач.
  Заходзіць пан з Тамашом, кот глянуў на чараўніка агністым вокам, натапырыўся, пырхнуў і скочыў пад ложак.
  Тамаш, гледзячы на хворую і мовячы свае таемныя словы, падышоў да яе.
  Пані, убачыўшы чараўніка, усхапілася ўгневаная з ложка і толькі раскрыла рот, каб нешта сказаць, як рой восаў вылецеў з яе вуснаў і разляцеўся па пакоі. Яны
  джалілі ўсіх і блыталіся ў валасах у людзей. Кот, жахліва лямантуючы, бегаў па
  сталах, кідаўся на вокны і сцены. Нарэшце схаваўся за грубкаю і пранізліва
  мяўкаў. Страх агарнуў усіх, пані ўпала на ложак. Чараўнік адчыніў дзверы, і ўся
  тая куслівая жамяра знікла.
  – Няхай цяпер хворая крыху адпачне, – сказаў Тамаш. – Праз колькі гадзін
  
  * На Беларусi можна пачуць гiсторыю, у якой кашэчы кароль завецца Варгiн, пеўневы –
  Будзiмiр, мышыны – Паднор.
  
  143
  будзе зусім здаровая.
  – Скажы, Тамаш, з чаго пачаліся тыя страшныя пакуты мае жонкі? Адкуль і
  як у яе ў галаве завяліся тыя восы? Дактары не маглі вызначыць яе хваробу.
  – Няма тут нічога дзіўнага, – адказаў Тамаш, – пані любіла бавіцца* з катом, і
  ён сваім нячыстым варкатаннем распладзіў у яе галаве, як у гняздзе, атрутных
  восаў.
  – Кот?! Варгін?! – закрычаў пан. Ці можа такое быць? Такі пекны, такі
  лагодны звярок; усе яго любілі, і ўсё ў яго было.
  – Раю пану быць асцярожным. Каты, асабліва чорныя, маюць атруту.
  Сказаўшы гэта, ён узяў шапку і выйшаў з пакоя.
  – Павесіць ката! – закрычаў пан Н., і гэты, поўны гневу загад, перапалохаў
  усіх. – Паклікаць сюды каго-небудзь, няхай выцягне ката з-за грубкі. Павесіць
  яго!
  – Сорам, – сказала пані паручнікава, – даваць веры чараўніку, які тут нас усіх
  сваім шарлатанствам падмануў. Хіба маглі ад гэтага ката нарадзіцца атрутныя
  восы ў галаве; не чыні, пан, такой жорсткасці – я яго забяру з сабою. Кот рэдкі, і
  ён у маім доме, пэўна, ніякае шкоды не ўчыніць.
  – Павесіць ката неадкладна! – крычаў пан Н. у гневе.
  Заходзіць у пакоі лёкай, шукае за грубкаю ката, але таго там ужо не было.
  Пан і лёкай агледзелі ўсе куты, глядзелі пад сталамі і пад ложкамі, шукалі за
  мэбляй і нідзе Варгіна знайсці не маглі. Дзверы і вокны былі зачыненыя, як ён
  уцёк? Стаяць здзіўленыя: кот як праз зямлю праваліўся.
  Пані ўжо была здаровая і спакойная. Ва ўсёй ваколіцы дзівіліся з гэтага
  здарэння. Дактары кпілі з людское прастаты; але люд верыў у сілу Тамашовых
  слоў, ішоў да яго па параду і заўсёды меў палёгку ў пакутах. Пані паручнікава
  хацела мець Варгіна ў сваёй хаце, дужа шкадавала, што не ведае, дзе гаротнік
  хаваецца ад несправядлівага панскага гневу.
  Аднаго разу, бавячы час дома з суседкамі, так апавядала гасцям пра ката
  Варгіна:
  – Я не бачыла нічога пякнейшага, як той незвычайны звярок: чорны як
  вугаль, поўсць бліскучая, гладкая, мяккая – як аксаміт; касматы хвост як у собаля, вочы, поўныя агню, гараць, як свечкі; сам велізарны. О! Калі б магла дзе-небудзь
  такога ката знайсці – дорага заплаціла б за такую рэдкасць.
  Падчас гэтае размовы забягае Зося, старэйшая дачка пані паручнікавае, і
  крычыць:
  – Ах, мама! Які велізарны кот сядзіць у вітальні!
  Адчыняюць дзверы і бачаць у цёмным куце чорнага ката – вочы зіхацяць, як
  свечкі. Гаспадыня адразу пазнала Варгіна і ледзь сказала: “Варгін!”, як ён, варкочучы, падышоў да яе. Пані ўзяла яго на рукі, занесла ў пакой і пусціла на
  падлогу. Варгін паважна пахаджваў па пакоі, а дзеці і госці, стоячы вакол, глядзелі са здзіўленнем і хвалілі незвычайнага ката.
  – Табе, Зося, трэба клапаціцца, каб Варгін быў заўсёды накормлены і
  дагледжаны, – сказала паручнікава. – Цешыць мяне, што ён з’явіўся ў маім доме.
  
  * Беларусы вераць, што жамяра ў галаве заводзiцца да варкатання катоў.
  
  144
  Тут такое няшчасце, якое ён зазнаў нядаўна ў доме ў пана Н., яго не напаткае. Ці
  ж праўда, што такі прыгожы кот мае атруту і шкодзіць сваім варкатаннем?
  Колькі тыдняў Варгін быў найшчаслівейшы з катоў: меў добрае малако, усе
  яго любілі, а найбольш дзеці. Яны кідалі кату мячык, а той спрытна лавіў яго
  лапамі, бегаў з дзецьмі па пакоі, скакаў па крэслах, сталах і канапах, гуляў з
  малымі ў садзе, забаўляў іх, лазячы па дрэвах. Пасля забаў і праменадаў ён ляжаў
  з дзецьмі на траве пад шатамі густых ліп; а калі вяртаўся ў пакой, яго сустракала
  Зося, брала на рукі, гладзіла белаю ручкаю, і няраз шчаслівы Варгін, варкочучы, засынаў у яе на каленях.
  Нарэшце дзіўныя перамены заўважаюць усе: дзеці, раней спакойныя, цяпер
  лезуць на сталы, на камоды, страшна крывелюцца, часам мружаць вочы, як совы, баючыся святла, глядзяць, як пачвары, выкрыўляюцца целам, кідаюцца ў вокны, бягуць да вады, усіх лаюць. Зося зусім змянілася. Часам разгневаецца на ўсіх, сядзіць смутная, наракае на ўсіх людзей і на цэлы свет, а часам – занадта вясёлая, танцуе адна, кружляе па пакоі, пляце лухту; зрабілася легкадумнаю, пераборліваю, ніхто ёй дагадзіць не можа.
  Аднаго дня пані паручнікава бавілася з гасцямі, дзеці коўзаліся на падлозе, Зося павярнулася колькі разоў у пакоі і села ў куце, самотная і сумная, а Варгін
  прымайстраваўся ў фатэлі і варкатаў, прымружыўшы вочы.
  – Дзіўныя перамены бачу я ў тваім доме, – сказала прыяцелька пані
  паручнікавае, – дзеці, а асабліва твая старэйшая дачка, непадобны да саміх сябе.
  Чула я пра чорных катоў, што яны вельмі шкодзяць. Ці не Варгін гэта іх заразіў?
  У такім няшчасці, як кажуць людзі, дактары не дапамогуць. Прасі Тамаша. Ён
  адзін можа вылечыць.
  Калі сказала гэта, то кот Варгін завішчаў некаціным голасам, скочыў у вакно
  і вокамгненна знік.
  Паручнікава пабялела, і ўсіх гасцей ахапіў страх. Раскрыліся ў маці вочы, зразумела яна сваю памылку і нешчаслівыя вынікі яе. Хутка пасылае карэту па
  Тамаша, просячы, каб паспяшаўся і ўратаваў яе ад няшчасця.
  Прыехаў Тамаш. Маці расказала яму пра бяду, што прыйшла ў дом. Чараўнік
  глянуў на паненку, на дзяцей, паціснуў плячыма і кажа:
  – Будзь, пані, спакойная, хоць дзеці ўжо хворыя, але яшчэ не позна: з іх галоў
  лёгка можна выгнаць пачвар, што завяліся ад кацінага варкатання.
  Ён загадаў паставіць усіх дзяцей пасярод пакоя, а сам, наблізіўшыся да іх, прашаптаў таемныя словы.
  Страх агарнуў усіх, хто глядзеў на гэта: з дзяцей сыпаліся нейкія дробныя
  страшныя і дзіўныя звяркі, накшталт жаб і мышэй, поўзалі па пакоі і шукалі
  сховаў у шчылінах, пранізлівы іх піск закладаў людзям вушы. З галавы ж паненкі
  Зосі выляталі матылі размаітых памераў і расфарбоўкі, мітусіліся пад столлю, а
  маці, гледзячы на гэта, дрыжэла ад страху і была як непрытомная. Тамаш, бачачы
  яе пакуты, махнуў рукою, і адразу зніклі матылі і ўсе пачвары.
  Нарэшце Тамаш, каб яшчэ больш супакоіць расхваляваную маці, запэўніў, што дзеці яе не захварэюць больш на гэтую немач, калі яна не забудзе цяперашніх
  пакут і будзе пільнаю, баронячы дзяцей ад гэткіх забаваў.
  Калі пасля чараў дзеці пайшлі ў свой пакой, а Тамаш узяў шапку, каб ісці
  
  145
  дадому, прыехаў суддзя Дадэмуха, чалавек багаты і, кажуць, разумны, бо ўсе
  суседзі і знаёмыя заўсёды ў яго прасілі рады ў судовых справах. Пан суддзя
  зайшоў у пакой, прывітаўся з гаспадыняю, зірнуў на Тамаша і сказаў:
  – А гэты чараўнік чаго тут?
  Пані паручнікава расказала пра няшчасце, якое яна зазнала ад чорнага ката.
  Дадэмуха смяяўся да ўпаду, слухаючы пра такія цуды, і сказаў, звяртаючыся да
  Тамаша:
  – Добры ты круцель. Я няраз чуў пра твае чары, але сцеражыся, каб не зазнаў
  праз іх бяды.
  – Аднак я нікому зла не зрабіў, – адказаў Тамаш.
  – Людзей ашукваеш.
  Госці і гаспадыня, баронячы Тамаша, даводзілі, што ў тых цудах, якія яны
  бачылі на свае вочы, не было ніякага ашуканства.
  – А дзе ж усё-такі той Варгін? – спытаўся суддзя. – Хачу яго пабачыць. Гэта
  звер незвычайны. А можа, пані паручнікава, не жадаючы мець у сваім доме ката, што, як люты вораг, учыніў ёй столькі гора, дазволіць мне ўзяць яго сабе? Я
  люблю такія рарытэты. Чуў гісторыі, што дзесьці ў пекных садах каты апавядалі
  байкі і розныя старыя паданні, прыязджалі туды багатыя паны і князі, каб
  пабачыць і пачуць такія цуды. І гэты кот у мяне не менш здзівіў бы ўвесь свет, творачы сваім варкатаннем рознакаляровых матылёў, жамярыц і розных звяркоў.
  З далёкіх краёў прыязджалі б да мяне паглядзець на такія дзівосы.
  – Ахвотна аддала б пану суддзю, але ж ён уцёк у вакно.
  – Ах! Як шкада, – сказаў Дадэмуха, а павярнуўшыся да Тамаша, дадаў: – Ці
  не можаш ты злавіць яго якімі чарамі і прывезці мне?
  – Можаш, пане, узяць яго і цяпер з сабою.
  Толькі Тамаш гэта сказаў, як раптам з’явіўся кот Варгін. Змоўклі ўсе і
  дзівіліся на яго. Кот стаяў ля печы, натапырыўшы выгнутую дугою спінку; кашлаты хвост, як вужака, звіваўся на падлозе, вочы гарэлі, як два распаленыя
  вугельчыкі.
  – Да яго страшна падысці, – сказаў суддзя. – Пэўна, ён быў жорстка
  пакараны, што так гневаецца. Але ж які велізарны кот!
  – Бяры, пане, цяпер смела, потым толькі будзь асцярожны.
  Суддзя Дадэмуха загадаў лёкаю занесці ката ў карэту і сам, трохі
  забавіўшыся, развітаўся з пані паручнікавай. Тамаш таксама заспяшаўся дахаты.
  Прайшло няшмат часу. Дзіўныя гісторыі пра пана суддзю папаўзлі па павеце.
  Што з ім зрабілася? Абрыд усім, усіх падазраваў, што раяць яму дрэннае, зычаць
  злое, хочуць яго загубіць, выдумляюць нейкую страшэнную здраду, штовечар
  аглядаў зброю, набіваў стрэльбы і пісталеты, уначы не спаў, быццам баяўся
  нейкага нападу. Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў
  лёкаяў, ва ўсім яго доме не было жывое душы, якая чулася б у бяспецы і спакоі.
  Толькі кот Варгін, найлепшы прыяцель, седзячы ля яго, свяціў вачыма і
  нязменным варкатаннем бавіў пана. А найбольш мроілася пану суддзі, нібыта ўсе
  маёнткі ў Полацкім і Невельскім паветах належалі калісьці яго фаміліі. Апрыкраў
  жыхарам, выклікаючы іх у суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некалі раскашавалі яго продкі: добра пілі, добра елі, жылі пышна, як
  
  146
  сапраўдныя паны.
  Аднаго дня за нейкаю патрэбаю прыехала да пана Дадэмухі некалькі
  чыноўнікаў. Не ведаю, што там было, але кажуць, пан суддзя быў на той час
  вясёлы, гасцей прымаў ласкава. За жартамі і размоваю адзін з іх убачыў на фатэлі
  ката Варгіна.
  – А гэта ж той самы кот, які некалі быў у доме пана Н. і пані паручнікавае, і
  там быццам бы ад яго варкатання завяліся ў галовах восы, матылі і розныя звяркі.
  Вучоныя дактары не маглі даць рады, а Тамаш, шэпчучы нейкія сакрэтныя словы, вылечваў усіх.
  – Га, га, га! – рваў смехам бакі пан суддзя. – Ці можна верыць такой лухце!
  Ужо колькі месяцаў гэты кот заўсёды са мною, аднак я зусім здаровы і ніводзін
  паразіт не дакучае мне ў галаве.
  – Аднак, пане суддзя, – сказаў, жартуючы, другі госць, – ці не кот гэты параіў
  распачаць справу аб маёнтку з панам ротмістрам Ц. Мне здаецца, што гэта
  закончыцца анічым, бо я не бачу ў патрабаваннях пана ніякае слушнасці.
  – Гэты кот не вучыўся праву, – сказаў суддзя. – Я сам ведаю, што раблю.
  – Я не бачыў ніколі таго Тамаша, – сказаў адзін з гасцей. – Ці не можна
  паклікаць яго сюды? Здаецца, недалёка дзесьці жыве. Няхай бы пашаптаў свае
  чарадзейскія словы, можа, і мы ўбачылі б якія цуды.
  – Пэўна, хочаце даведацца, – сказаў, смеючыся суддзя, – ці ёсць у мяне ў
  галаве якая-небудзь жамяраў Каб задаволіць вашу цікаўнасць, зараз пашлю па яго.
  Няхай прыйдзе і лечыць мяне самога. Убачым, ці здолее нас ашукаць сваім
  шэптам.
  Калі суддзя загадаў лёкаю ісці па Тамаша, кот пырхнуў, скочыў з крэсла і, седзячы пад сталом, дзікім і неспакойным варкатаннем выказваў свой гнеў. Яго
  вочы гарэлі агнём, на спіне і хвасце тапырылася поўсць; здавалася, кот бачыць
  перад сабою ворага.
  – Варгін баіцца Тамаша, – сказаў нехта з гасцей. – Толькі ўспомнілі імя, ужо
  спакою яму няма.
  Суддзя ўзяў яго на рукі, пасадзіў каля сябе, гладзіў, каб супакоіць, але вочы ў
  ката ўсё адно гарэлі, і поўсць тапырылася на спіне і хвасце.
  Неба закрылі воблакі, а зямлю зацьміў вячэрні змрок. У доме ў пана суддзі
  гарэлі свечкі і не перапыняліся размовы і спрэчкі аб розных судовых справах.
  Гаспадар імпэтна даводзіў законнасць усіх сваіх юрыдычных патрабаванняў, сцвярджаў, што павінен абавязкова дамагчыся свайго, што не пашкадуе на гэта
  выдаткаў, каб завалодаць маёнткамі сваіх ворагаў, а іх прымусіць жыць на
  жабрачым хлебе.
  Знячэўку здзіўляе ўсіх нечуванае дзіва: кот вырастае да сабакі і вые лютым
  сабачым голасам. Гаспадар і госці, уражаныя гэтым, акамянелі. Ад спалоху не
  маглі і слова вымавіць.
  Адчыніліся дзверы, зайшоў Тамаш. Кот скочыў і з такім імпэтам сігануў у
  вакно, што зламаная рама ўпала за сцяною, шыбы разляцеліся на друзачкі, і ён
  знік у начным цемрыве.
  Тамаш падышоў да гаспадара, і калі той глядзеў на яго як непрытомны, пачаў
  казаць чарадзейныя словы. І тут можна было ўбачыць яшчэ страшнейшае
  
  147
  відовішча: з усіх адтулін з галавы пана суддзі выляталі пухіры накшталт мыльных
  бурбалак і, лопаючыся пад столлю, перамяніліся ў жахлівых пачвараў – тут і
  крылатыя гадзюкі, і цмокі, і іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў.
  Усё гэтае страхоцце лётала над галовамі, на падлогу падалі косці і галовы
  нябожчыкаў. Ад жаху ўсе самі нагадвалі трупаў, што паўставалі з магіл. Нарэшце
  Тамаш махнуў рукою: усе тыя гадзюкі, цмокі і шкілеты зніклі – і ён сам выйшаў
  за дзверы, пакінуўшы гаспадара і гасцей анямелымі ад страху.
  Праз выламанае вакно вецер кранаў полымя свечак на сталах, недзе ў далёка
  заспяваў певень, і гадзіннік выбіў поўнач. Гаспадар і госці пасля доўгага маўчання
  нарэшце апрытомнелі. Яны пабачылі на свае вочы цуды, ад якіх яшчэ бегалі ў іх
  па спінах мурашкі, і цяпер паверылі ў сілу Тамашовых слоў, якіх слухаюцца нават
  духі. Суддзя Дадэмуха са слязьмі на вачах прызнаўся, што ўсе яго намеры і
  вымогі былі несправядлівыя, і прысягнуў, што жыцьме з усімі ў згодзе і
  сяброўстве і не прымусіць болей сваіх бліжніх плаціць непатрэбныя выдаткі.
  Тамаш шмат дапамагаў у няшчасці і простым сялянам. Немагчыма нават усё
  расказаць. Шкада толькі, што ён пакінуў нашу старонку і пайшоў у край далёкі.
  – Якая
  прычына, – спытаўся
  Завальня, – што
  ён
  пакінуў
  сяброў
  і
  бацькаўшчыну?
  – Розныя пра гэта засталіся думкі між людзей. Кажуць, нібыта некаторыя
  паны і вучоныя лекары даводзілі ўсім, што слова – вецер, які не можа ані
  дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць, што ўсе чалавечыя хваробы яны ўжо
  даследавалі, вывучылі і ў аптэках кожны знойдзе патрэбныя яму лекі, што такіх
  атрутных шкадлівых катоў на свеце няма, што Тамаш ашукваў усіх, творачы
  цуды, і карыстаўся з людское наіўнасці. Нарэшце дайшло да таго, што чараўніку
  пачалі чыніць розныя ўціскі. Ён уцёк і схаваўся ад непрыяцеляў.
  Іншыя ж даводзяць, што быццам і сябры яго нават згадзіліся з думкаю
  вучоных галоў і крычалі: “Не словы нам патрэбны! Пакажы нам зёлкі, мы самі
  збяром іх і будзем сябе лячыць”. Тамаш ведаў моц кожнае травы і тым дагаджаў
  сябрам, што па лугах, балотах, берагах рэчак і азёр збіраў зёлкі, вучыў, якое з іх
  атрутнае, а якое – лекавае, расказваў, дзе якая трава расце і як яе карыстаць. Так, дбаючы пра сваіх прыяцеляў, у травені, калі весяліцца ўся прырода, спяваюць
  птушкі ў полі і ў гаях, задуманы Тамаш блукаў па родным краі, збіраючы травы і
  кветкі. На захадзе сонца на даліне сярод лёгкае, празрыстае смугі ён убачыў
  русалку незвычайнае прыгажосці; на галаве яна мела сплецены з кветак вянок, на
  валасах зіхацелі кроплі расы, сукенка, белая, як снег, была высыпаная размаітымі
  кветкамі. Яна, спяваючы чароўным голасам, забавіла Тамаша да сябе. Ён пайшоў
  за ёю і не вярнуўся дахаты.
  – А ці з’яўляўся яшчэ дзе-небудзь той кот Варгін? – спытаўся дзядзька.
  – З’яўляецца і цяпер. Нядаўна ў нашым маёнтку, калі паніч з людзьмі
  прыйшлі апоўначы да афіцыны, дык убачылі ў першым пакоі велізарнага чорнага
  ката. Дзверы і вокны былі зачыненыя, і ўсе дзівіліся, якім чынам ён туды залез.
  Калі хацелі яго злавіць і выкінуць, кот, ратуючыся, не зрабіў аніводнага шораху, а
  як лёгкі вецер пералятаў цераз сталы, шафы і канапы, нідзе не затрымліваючыся.
  Нарэшце сеў у куце і, калі яго акружылі, каб схапіць, – імгненна знік. Усіх
  агарнула трывога, і дрыжыкі пабеглі па целе.
  
  148
  Часам у навальнічную ноч, калі вецер вые за сцяною, можна пачуць жахлівае
  варкатанне таго ката, і цяжкая туга лажыцца на душу; бачаць сяды-тады апоўначы
  яго агнёвыя вочы, нібы дзве свечкі; трывожна тады на сэрцы. Але не ўсе даюць
  веры гэтым страхам. Толькі просты люд моліцца, просячы Бога, каб збавіў ад таго
  нячысціка.
  – Бура на падворку, – сказаў дзядзька, – шуміць вецер за сцяною, замятае ўсе
  дарогі снегам, заўтра не паедзеце вельмі рана, ды і няма вам патрэбы спяшацца: хлеб і сена, дзякуй Богу, маю, дык можам яшчэ нейкі час пагаманіць, пакуль
  певень заспявае.
  Што ж нам раскажа цяпер ваш трэці таварыш?
  
  
  АПАВЯДАННЕ ЧАТЫРНАЦЦАТАЕ.
  ДЗІЎНЫ КІЙ
  
  Трэці падарожны быў яшчэ малады, вусы і барада былі ў яго кароткія і
  мяккія; твар паказваў на моцнае здароўе і добрую памяць. Пачаў ён так:
  – Я нічога яшчэ не сустрэў у жыцці такога, што было б вартым асаблівае
  ўвагі, але чуў некалькі гісторый, якія апавядаюць у нас у доўгія зімовыя вечары; адну з іх – пра дзіўны кій – раскажу пану.
  Калісьці ў багатага чалавека служыў малады працавіты і пачцівы парабак
  Алешка. Быў ён дбайны, паслухмяны і стараўся ва ўсім дагадзіць свайму
  гаспадару. Гады тры праслужыў ён без усялякіх спагнанняў. На чацвёртым годзе
  за ўсю сваю працу атрымаў толькі тры талеры і пайшоў з імі шукаць іншае
  службы.
  “Як цяжка жыць на свеце беднаму чалавеку, – думаў, ідучы. – О! Калі б я меў
  грошы, шмат на свеце добрага зрабіў бы; ёсць людзі, змучаныя старасцю і
  калецтвам, якія і працуючы не могуць зарабіць сабе ні грошай, ні хлеба. Я іх
  забяспечыў бы, каб маглі спакойна жыць да самае смерці”.
  Калі гэтак падумаў, убачыў жабрака. Той быў без рукі, змучаны падарожжам
  і голадам. Алешка дастаў талер, даў бедаку і пайшоў далей.
  Прайшоўшы крыху яшчэ, заўважыў сляпога, якому быў за павадыра
  дзесяцігадовы хлопчык. Сляпы просіць, каб злітаваўся над яго калецтвам. Алешка
  дастаў другі талер і аддаў жабраку.
  Ідучы далей, убачыў трэцяга старца, зусім згорбленага, барада і валасы на
  галаве белыя як снег; успёршыся на кій, дрыготкім голасам прасіў той міласціну.
  Алешка выняў апошні талер і, аддаючы яго жабраку, сказаў:
  – Бяры мой апошні талер. Сёння ён мне не трэба, але не ведаю, які лёс
  выпадзе мне заўтра.
  – Не турбуйся за заўтрашні дзень, – сказаў жабрак. – Аддаю табе гэты кій; ён
  служыў маёй старасці, і ты, калі будзеш мець якую-небудзь патрэбу, падымі да
  неба той канец кія, якім абапіраешся на зямлю, і адразу зробіцца ўсё, што ты
  захочаш.
  Сказаўшы гэта, ён аддаў кій, а сам імгненна знік.
  Алешка доўгі час стаяў задуманы, разважаў пра дзіўную здань у вобліку
  
  149
  беднага старца, пра таямнічую сілу кія, які трымаў у руках, і, агорнуты гэтымі
  думкамі, пайшоў далей.
  Бачыць перад сабою лес, спавіты дымам – нібы густым туманам.
  Падыходзіць бліжэй: страшны пажар у пушчы, полымя, гнанае ветрам, запальвае
  галіны высокіх хвояў. Ласі і дзікія козы, ратуючыся ад агню, кідаюцца ў ваду і
  плывуць на другі бок возера, сяляне ў роспачы дарэмна спрабуюць утаймаваць
  імклівае полымя, якое ўжо дасягае палеткаў і пагражае паглынуць усе пасевы.
  Алешка згадаў старцавы словы і падняў канец кія ўгору. Умомант пажар
  ачах, нібыта заліты вадою. Толькі чорныя клубы дыму падымаліся ў неба. Людзі
  здзіўлена глядзелі на гэта, а Алешка пайшоў далей.
  Раптам пацямнела, схавалася сонца ў аблоках, з-за гор паднялася страшная
  хмара і засланіла палову неба, бесперапынна ўспыхвалі бліскавіцы, і стралялі
  адзін за адным перуны, падзьмуў вецер, жывёла ўцякала з пашы, страх ахапіў усіх
  сялян.
  Алешка падняў кій да неба – клубы чорных воблакаў вецер разнёс у розныя
  бакі, і навальніца не ўчыніла аніякае шкоды.
  Калі сонца выпаліла ў полі працу земляробаў, высахла трава на лугах і
  паплавах, Алешка чароўным кіем выклікаў з далёкіх краёў хмары, і шчодры
  дождж ажывіў зямлю.
  Шмат ён дапамагаў бедным і нешчаслівым, і людзі дзякавалі лёсу.
  Нарэшце Алешка пайшоў у далёкі край, дзе за лясамі, за водамі, за гарамі
  ёсць велізарная краіна, у якую страшны чарнакніжнік заслаў злых духаў і
  ператварыў яе ўсю ў жахлівую пустэльню.
  Колькі дзён і тыдняў Алешка з кіем у руках ішоў далей і далей, мінаў вёскі і
  гарады, мінуў велізарныя з даўніх часоў не кранутыя сахою пусткі і прыйшоў на
  месца, дзе хавалася ў цёмных лясах утравелая дарога. Там ён убачыў велізарнага
  асілка. Найвышэйшыя бярозы ледзь маглі вершалінаю дастаць да яго шырокіх
  рамёнаў; ён адною рукою вырываў з зямлі стогадовыя дубы і, перанёсшы іх на
  новае месца, саджаў зноў у зямлю. Калі ўбачыў вандроўніка, пагрозліва закрычаў:
  – Чаго ты прыцягнуўся ў гэтыя цёмныя лясы? Загінеш, як нікчэмны чарвяк.
  – Я не такі палахлівы, як табе здаецца, – адказаў Алешка і ўзняў канец кія ў
  неба.
  Зашумеў лес, і ў міг вока ўпалі велізарныя дрэвы, вырваныя з зямлі, нібыта
  прайшла па іх страшная бура. Сам асілак, пакараны незразумелаю сілаю, паваліўся, як стогадовы дуб, на дол і папрасіў літасці.
  – Хто ты і што робіш у гэтай глухой пустэльні? – спытаўся Алешка.
  – Тут недалёка мяжа царства Вялікага Чарнакніжніка, – сказаў асілак. – Я
  Дубіна*, яго лёкай, вартую гэтыя цёмныя лясы, а цяпер хачу служыць табе.
  – Устань і вартуй лясы, але не нападай на вандроўнікаў, а дапамагай ім.
  Сказаўшы так, Алешка пайшоў далей.
  Ідзе праз цёмныя бары, бачыць перад сабою толькі хвоі, а над сабою – неба, сустракае толькі дзікага звера, часам адзываецца здалёку пугач. Калі прайшоў
  
  * Дубiна, Пруд, Гарыня – гэта асілкі паганскіх часоў. Яны засталiся ў памяцi люду i згадваюцца
  ў асобных казках як і Баба Яга, Купала, Чур ды iншыя багi.
  
  150
  цёмныя пусткі, нечакана адкрылася яго воку велізарная даліна, пасярод якой
  плыла шырокая рака, зарослая па берагах густым чаротам, і, бегучы з розных
  бакоў, уліваліся ў яе ручаіны. На высокім беразе сядзеў асілак, падобны да
  велізарнае скалы. На яго галаве раслі такія цвёрдыя валасы, што вецер не мог
  варухнуць іх. З-пад носа тырчалі велізарныя вусы; ён закідаў іх на самую
  сярэдзіну ракі і выцягваў вялікія рыбіны, што былі яму за ежу. Калі гэтая пачвара
  ўбачыла Алешку, дык закрычала:
  – Чаго ты прыцёгся сюды? Ані човен рыбацкі, ані дзікі звер не пераплывалі
  гэтае ракі. Толькі птушкі бяскарна могуць ляцець у той бок; загінеш тут праз сваю
  дурную смеласць.
  – Я не баюся тваіх пагрозаў, – адказваў Алешка і ўзняў кій у неба.
  Завірылася вада, і рака, нібыта падаючы з высокіх гор, пачала змываць
  імкліваю плынню берагі. Паваліўся асілак, як скала, падмытая вадою. Скарыўся і
  папрасіў літасці.
  – Ты хто? Навошта, жывучы тут адзін, забараняеш хадзіць іншым? –
  спытаўся Алешка.
  – Тут недалёка мяжа царства Вялікага Чарнакніжніка. Я Пруд, яго лёкай, вартую гэтую рэчку, каб ніхто не пераплываў яе. А цяпер хачу служыць табе.
  – Устань, можаш лавіць рыбу ў гэтай рацэ, але не чапай вандроўнікаў, не
  забараняй пераплываць на той бераг, а нешчаслівым дапамагай. А цяпер пакажы
  мне брод.
  Калі так сказаў, супакоілася вада, а Пруд перакінуў вус на другі бераг.
  Алешка прайшоў па ім, нібыта па плывучым мосце, падняўся на высокі бераг і
  рушыў далей.
  Неўзабаве ўбачыў ён перад сабою вяршыні велізарных гор, што ўздымаліся
  над усёй зямлёю, нібыта хмары перад рабінаваю ноччу. Падышоў бліжэй і ўбачыў
  асілка, які быў мацнейшы і страшнейшы за Дубіну і Пруда. Гэты магут збіраў
  горы і скалы ў адно месца і, стаўляючы іх адна на адну, будаваў мур, які быў ужо
  вышэй за аблокі. Убачыўшы вандроўніка, ён закрычаў страшным, бы грымоты, голасам так, што задрыжала ўся ваколіца.
  – Куды ідзеш, небарака? Не пералятае праз гэтае месца ні арол, ні сокал, і
  воблакі далей не плывуць. Загінеш, як нікчэмны чарвяк.
  – Я не баюся тваіх пагрозаў, – адказваў Алешка і ўзняў кій у неба.
  Абваліліся скалы і горы, скаланулася зямля. Перапалоханы асілак зваліўся на
  дол і папрасіў літасці.
  – Ты хто? Каму ты служыш, носячы гэтыя скалы і горы на плячах? Навошта
  трэба гэтая сцяна, вышэйшая за аблокі?
  – Я Гарыня, лёкай Вялікага Чарнакніжніка. Тут мяжа яго царства. Ён не
  любіць птушак, хмар і ветру, хоча патушыць на небе сонца і зоркі, каб была вакол
  толькі цемра, але табе само неба спрыяе, ты мацнейшы за майго гаспадара, а таму
  я хачу кінуць гэтую цяжкую працу, служыць табе і ісці туды, куды ты пашлеш.
  – Хадзем у царства Вялікага Чарнакніжніка, будзеш мне паказваць дарогу.
  І вось бачыць Алешка перад сабою смутную краіну, дзе знямела ўся прырода; ані звера, ані чалавека. На пагорках узвышаліся руіны старых замкаў, а ў далінах
  відаць былі нейкія скамянелыя постаці, падобныя да жабракоў у сумным одуме, 151
  дзе-нідзе ў тумане стаяць на грудах ніцыя бярозы, а над зацвілаю вадою –
  самотныя вербы. У некаторых мясцінах былі чорныя лясы, але аніводная птушка
  не абзывалася ў тых лясах, толькі паўсюль лёталі крумкачы.
  Чорныя птушкі сабраліся ў чараду і віселі над лесам, нібы чорная хмара.
  Цёмны туман з усёй прасторы аддаляўся ўсё далей і далей, і з яго ўтвараліся
  дзіўныя і страшныя постаці – нібыта войска на конях плыло ў паветры і, як дым, гінула воддаль.
  – Што гэта за здані? – спытаўся Алешка.
  – Гэта сілы Вялікага Чарнакніжніка, якія слабеюць ад ветру, што блукае па
  свеце.
  – Што гэта за нямыя камяні, якія здалёк нагадваюць скамянелых людзей?
  – То жыхары гэтае зямлі, ніцыя бярозы і вербы над вадою – іх жонкі, маткі і
  сёстры. Ты моцаю свайго кія можаш адчараваць іх.
  Алешка падняў кій у неба – павеяў лагодны ветрык, неба распагодзілася, разлілося вясенняе святло, зашумеў лес, ажылі дрэвы, зазелянелі пекнымі барвамі; нечакана ў паветры і ў гушчарах загучалі птушыныя песні, людзі, што былі
  падобныя на камяні, уздымалі рукі і вочы да неба. Ніцыя бярозы ды вербы на
  берагах рэчак перамяніліся ў прыгожых кабет і хадзілі па квяцістых лугах, звінелі
  крыніцы, рэкі ды азёры свяціліся, як люстэркі, вёскі ды замкі напоўніліся людам.
  Хутка ўвесь гэты край заквітнеў.
  Алешка пасяліўся там, ажаніўся з прыгожай і багатаю князёўнаю. Было
  гучнае вяселле ў палацы, які свяціўся золатам і срэбрам. Сабралася шмат князёў, графаў і іншых знакамітых гасцей. Некалькі дзён і начэй гучала музыка, і я там
  быў, мёд, віно піў і весела гуляў.
  – Добрае апавяданне, – сказаў Завальня. – За тры талеры, ахвяраваныя
  жабракам, вызваліў увесь край ад няшчасця і сам стаў шчаслівы. Але яшчэ не
  поўнач, можа, што раскажа нам і чацвёрты ваш таварыш?
  
  
  ГАСПАДАРЧЫЯ КЛОПАТЫ
  
  – Рады быў бы расказваць пану да ўзыходу сонца якія апавяданні або
  гісторыі, калі б на душы было спакайней. Не мінулае, а прышласць кранае мне
  сэрца, толькі гэтым думкі і занятыя, і цяжка гаварыць пра нешта іншае.
  – Мусіць, чакаеш нейкае бяды, калі так маркоцішся, – сказаў дзядзька.
  – Ужо сакавік. Блізка вясна, а гэтая пара года ў нашым краі не ўсіх цешыць, сяму-таму і ўначы спачыну не дае.
  – Увесну не адзін гаспадар дбае, каб падчас сяўбы было чым сеяць. Пэўна, і
  твае клопаты пра гэта.
  – У нас адна бяда не ходзіць, няшчасці з розных бакоў нападаюць на чалавека
  так, што ўсё з рук валіцца і няма надзеі калі-небудзь адпачыць пасля цяжкае
  працы. Мой сын, жывучы цэлую зіму ў горадзе, зарабіў дзесяць срэбных рублёў.
  За гэтыя грошы я цяпер у Полацку купіў насення. Дзякуй Богу, маю што пасеяць.
  Але хто будзе араць ніву? Хто пойдзе на паншчыну? У сям’і толькі тры мужчыны
  робяць, аднак я сам мушу кожны год выжыльвацца, бо сыноў маіх пасылаюць
  
  152
  недзе далёка зарабляць грошы, ад якіх хата не мае аніякага прыбытку. Не ведаю, ці змагу сёлета сам працаваць, бо здароўе дрэннае і сіла слабее, а наняць
  парабка – не маю грошай.
  – Не ведаю, адкуль гэтая хцівасць завялася ў нашым краі, – сказаў дзядзька. –
  Паны хочуць мець усе выгоды, а на гэта грошай ніколі не хопіць. Я заўсёды
  паўтараю ўсім: зямля задаволіць усе патрэбы. На яе павінны звяртаць мы ўсю
  нашу ўвагу, яе павінны старацца палепшыць. Жылі б, як нашы добрыя гаспадары: з аборы і з поля маюць невычэрпны скарб, жывуць добра і людзям дапамагаюць.
  Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо
  кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было шмат талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго досыць і жылі спакойна.
  – Так і наш стары пан паўтараў часта, каралеўства яму нябеснае, уся воласць
  яго забыць не можа. Ведаў ён пра кожнага гаспадара ў сваім маёнтку, як хто
  працуе, як хто рупіцца пра зямлю; дбаў пра сваіх сялян, заўсёды думаў, як
  палепшыць ім жыццё. Тады кожны меў увесну столькі насення, колькі яму трэба.
  У гэты момант пачалі брахаць сабакі на панадворку і нехта моцна пастукаў у
  браму. Дзядзька адразу паслаў парабка адчыніць.
  
  
  АРГАНІСТЫ АНДРЭЙ
  
  Адчыняюцца дзверы, заходзіць у пакой Андрэй, увесь зацярушаны мокрым
  снегам. Атрасаючы шапку і адзенне, кажа:
  – Пахвалёны Езус Хрыстус! Мір гэтаму дому.
  – На векі вякоў. Аман. І таму, хто гаворыць. Але, відаць, пане Андрэй, –
  сказаў дзядзька, – што на дварэ няма спакою.
  – Няхай Бог бароніць, што там дзеецца: дождж, снег, вецер, завіруха; едучы
  праз лес яшчэ паўбяды было, але як выехаў у поле, згубіў дарогу і загінуў бы, пэўна, калі б не ўбачыў таго ліхтара, што свеціць цяпер над брамаю пана Завальні.
  Убачыўшы гэтае святло, дзякаваў Богу, што блізка ўжо порт, дзе можна схавацца
  ад буры.
  – Я ўдзячны, што не забываеш пра мяне, – сказаў дзядзька. – Гіне зімовая
  дарога, хутка прыйдзе той час, калі буду жыць тут як пустэльнік: рэдка хто мяне
  адведае.
  У часе гэтае размовы падарожныя і парабкі – усе разам – пайшлі ў чалядны
  пакой.
  – Я перапыніў прыемныя забавы, пэўна, госці апавядалі пану Завальню
  розныя цікавыя гісторыі.
  – Няхай ужо адпачываюць, – сказаў дзядзька. – Вецер шуміць на падворку –
  цяжка пачуць спеў пеўня, а можа, ужо і поўнач.
  – Яны ехалі па возеры? Думаю, лёд яшчэ моцны. Я цяпер вяртаюся дахаты і
  заўтра таксама буду ехаць цераз Нешчарду.
  – Лепей іншай дарогаю, хоць гэта і далей, але бяспечней, бо на самы бераг
  ужо цяжка выехаць. Конь у гэтых падарожных уваліўся ў ваду, ледзь выцягнулі
  яго ўсе разам. Аднак падарожнаму трэба сагрэцца і пад’есці. Янка, папрасі панну
  
  153
  Мальгрэту, каб згатавала госцю вячэру. У мяне ёсць выдатная рыба. Сёння
  прынёс рыбак Родзька, добры чалавек, не забывае пра мяне.
  – Я чуў, нібыта Родзька чараўнік; пра гэта такая гісторыя ходзіць між
  людзьмі.
  Недалёка ад Гарадзецкай гары, дзе рэчка ўпадае ў возера, Родзька часта
  перад захадам сонца закідваў нерат і заўсёды з поўным чоўнам рыбы вяртаўся
  дахаты. Адзін рыбак, які жыў там недалёка, пазайздросціў ягонаму шчасцю, паскардзіўся, што Родзька ловіць рыбу ў чужой частцы возера, і такім чынам
  забараніў яму плаваць блізка каля тых берагоў. Родзька прыгразіў, што пакарае
  зайздросніка так, што той не толькі ніякае карысці ад возера мець не будзе, але і
  такое ўбачыць страхоцце, што давеку не забудзе. Так і выйшла. Той рыбак пасля
  захаду сонца ў ціхае і яснае надвор’е выплыў на возера і закінуў нерат. Цягне яго
  з вады, цешыцца і думае, што злавіў добрую чараду ляшчоў, і тут бачыць у нераце
  жахлівых пачвар: велізарныя галовы, вогненныя вочы, з піскам і крыкам б’юць
  скуранымі крыламі па вадзе, а некаторыя ўзляцелі ў паветры і лётаюць над яго
  галавой. Задрыжаў рыбак, валасы ўздыбурыліся, крычаў як непрытомны. Пэўна, выпаў бы з чоўна і патануў, але суседзі, пачуўшы крык, паспелі яму на ратунак.
  – Не вер, пане Андрэй, такім плёткам, гэта – відавочная хлусня. Родзька
  добры і пабожны чалавек, я маю пэўныя доказы: ён новым нератам не пачне
  лавіць рыбу, аж пакуль ксёндз свянцонаю вадою не пакрэпіць. У святы дзень
  заўсёды бывае ў касцёле, у Гарбачове і ў Расонах. Калі адбываліся набажэнствы
  падчас Юбілею, Родзька як найлепей сябе паводзіў і быў на святой споведзі.
  Акрамя таго, вядома ўсім, як ён не любіць асташоў – вось гэта ўжо сапраўды
  бязбожныя чараўнікі.
  Пасля дзядзька апавядаў пра сяброўства асташоў са злым духам і пра ўсё тое, што чуў пра іх ад Родзькі. Пакуль закончылася размова, сабралі на стол.
  Павячэраўшы, Андрэй сказаў:
  – Дзякуючы гаспадару за гасціннасць, перад сном добра было б расказаць
  што-небудзь цікавае, але тым часам анічога мне на памяць не прыходзіць. Дык
  ахвярую пану кніжку, цікавейшую і карыснейшую за ўсе апавяданні. Гэта віленскі
  каляндар на гэты 1817 год. Тут прачытаеш шмат разумных рэчаў, карысных і
  цікавых. Тут ёсць парады гаспадару, тут сакрэты, якіх, пэўна, яшчэ пан Завальня
  не ведаў. Напрыклад, як ахаваць капусту ад вусеняў, як бяліць палатно, як
  гадаваць свойскіх птушак і як гатаваць воцат, як палепшыць розныя садовыя
  дрэвы. Апрача таго, ёсць тут загадкі, показкі, апавяданні.
  – Вялікі дзякуй. Гаспадару гэтая рэч вельмі патрэбная. Там пішуць і пра
  змены надвор’я, хоць і не заўсёды ўдала, аднак жа часам каляндар вельмі
  дапамагае сваімі парадамі адносна сенажаці і жніва. Але раскажы, пане Андрэй, што значаць гэтыя фігуркі: бык, леў, рак, паненка, шалі, блізняты – заўсёды
  сустракаю іх у календарах, а не разумею, навошта яны тут патрэбныя.
  – Гэта знакі на небе, пад якімі нараджаюцца людзі і якія маюць уплыў на іх
  жыццё. А ўрэшце, не ведаю добра: усе школы не канчаў і па небе яшчэ не
  падарожнічаў. Янка гэта павінен ведаць лепей.
  – У гэтым годзе будзе зацьменне сонца, – сказаў дзядзька, чытаючы каляндар
  далей.
  
  154
  – Зацьменні сонца людзі прадказваюць, – адказаў Андрэй, – але не могуць
  прадказаць тое зацьменне, якое можа акунуць іх сэрцы ў смутак.
  – У цябе ёсць нейкія непрыемныя весткі? – спытаўся дзядзька.
  – Вельмі непрыемную вестку пачуў ад ксяндза-пракуратара. Сумная вестка, але мушу паведаміць пану Завальню. Дай Божа, каб яна не спраўдзілася.
  І нешта сказаў па сакрэту.
  Бачу смутак на дзядзькавым твары, перапынілася размова, доўга ён сядзеў, апанаваны нейкімі думкамі. Нарэшце прамовіў:
  – Час ужо і спаць, можа, прысніцца што-небудзь лепшае. Ужо, пэўна, поўнач
  мінулася.
  Прынеслі ложак у пакой. Андрэй, стомлены дарогаю, хутка заснуў. Дзядзька
  даўжэй, чым звычайна, шаптаў вячэрнія малітвы і патушыў агонь, калі певень
  заспяваў ужо другі раз.
  
  
  АД’ЕЗД
  
  Вясна. Веяў цёплы ветрык, грэў сонечны прамень, з кожным днём цямнеючы, раставаў на Нешчардзе лёд. Пуста на ўсім возеры. У паветры лёталі толькі белыя
  крачкі; ручаі збягалі з пагоркаў, шумела, заліваючы ўсю абалонь, рака, вада
  пакрывала прыбярэжныя лугі і лясы; высокія бярозы і вербы люстраваліся ў
  чыстым крышталі. Над палямі спявалі жаўрукі, а ўдалечыні адзываліся
  жураўліныя крыкі.
  У канцы красавіка зямля ўбралася зялёным кілімам. Ужо пастух выгнаў на
  пашу статак, ужо араты працаваў да захаду сонца. Ясным днём захаплялі вока
  пекным краявідам горы і лясы, увечары адзываліся ў гаях птушыныя хоры і
  чароўныя песні салаўёў, уначы на берагах Нешчарды раскладвалі вогнішчы
  рыбакі; крычалі ў густым чароце качкі і вадзяныя куры.
  Сярод весялосці прыроды, сярод добрага надвор’я я быў журботны, мае
  думкі азмрочыў смутак; адведваў палеткі і лясы, развітваючыся з веснавою
  роднаю зямлёю; будучыня паўставала ў маіх думках як далёкая, дзікая і страшная
  пустэльня, дзе мяне могуць спаткаць прорвы, звяры і гадзюкі.
  Калі сонца хілілася да вечара, дзядзька, вяртаючыся з поля, паклікаў мяне да
  сябе і сказаў:
  – Чаму ты такі змрочны і задуманы?
  – Думаю пра дарогу.
  – Калі ты збіраешся пакінуць наш край?
  – Хацеў бы заўтра. Ужо наважыўся, і няхай усё споўніцца хутчэй, апрача
  таго, такое вясновае надвор’е – найлепшы час для падарожнікаў.
  – Не трымаю, калі ўжо вырашыў. Будзеш мець заўтра каня і прыпасы на
  дарогу, але цяпер, перш чым назусім ад’едзеш з гэтага краю, пабудзь у пана
  Марагоўскага, пана Сівохі і ў сляпога Францішка. Едзеш у той бок, і ад дарогі
  недалёка трэба будзе ад’язджаць; яны любяць цябе, шчыра зычаць шчаслівага
  жыцця.
  Раніцай, калі ўсё ўжо было прыгатавана, пан Завальня сказаў: 155
  – Янка! Я паўтару табе напамін, які калісьці сам чуў ад свайго бацькі: “Ідзі ў
  свет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Апека Творцы цябе не пакіне.
  Служачы, будзь адданы і працавіты, калі зазнаеш няшчасце, цярпі, у бядзе не
  паддавайся роспачы, памятай, што на свеце няма нічога вечнага, толькі на небе ад
  стварэння свету свецяць тыя самыя зоркі і тое ж самае сонца.
  Калі спаткаеш дзесьці там шчаслівейшых ад нас людзей, калі ў вёсках і ў
  гарадах у іх заўсёды песні, музыка і вясёлыя забавы, калі ўся зямля нагадвае
  пышны сад і штогод добра ўзнагароджвае земляробаў, не забывай пра пакуты
  сваіх землякоў, няхай твая малітва да Бога лучыцца з іх малітвамі. Можа, калі-
  небудзь і нашыя дзікія пушчы і лясы загучаць вяселлем, Бог магутны і міласэрны.
  Праз шмат гадоў, можа, калі-небудзь наведаеш гэты край, ужо, пэўна, не
  ўбачыш тых старых людзей, з якімі столькі разоў размаўлялі ў маім доме, і мяне
  ўжо на свеце не будзе; магілу маю, можа, хто-небудзь пакажа табе. Бывай здаровы
  і памятай гэтыя мае словы”.
  Праз гадзіну ўжо схаваўся ад мяне высокі лес, што акружаў сядзібу майго
  дзядзькі, схавалася чыстае люстра і зялёныя берагі возера Нешчарды.
  
  156
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  
  ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І
  КАБЕТА ІНСЕКТА
  
  Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе
  чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як
  найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку
  прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і
  вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую
  гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.
  Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот
  з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць.
  Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць
  адпачыць з дарогі да наступнага дня.
  – Проша, проша, – шчыра адказаў ён. – Цяпер дзень доўгі, можна не
  спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ
  сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.
  Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і
  насцярожана пазіралі на мяне.
  – Не палохайся, – кажа гаспадар, – чалавека яны не чапаюць, але дзікіх
  звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы
  такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на
  суседскія аборы.
  Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з
  бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы
  Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: “Klauber Svulpsіt”1 і гравіраваныя некалі
  ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнацыя Лаёлы, Андрэя Баболі2, Францішка
  Ксаверыя3 і іншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам і
  лысінаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны і сям-там апалены.
  З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмі; старэйшая дачка, якая
  звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе
  надзяліла так шчодра, што каштоўныя аздобы і ядваб да яе прыгажосці нічога
  
  157
  дадаць не змаглі б. З вялікай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслівую сям’ю.
  – Ты з нашага павета ці з далёкіх краёў ідзеш? – спыталася гаспадыня.
  – Мне з дзяцінства знаёмыя ваколіцы Полацка, але, шукаючы долі, я пражыў
  шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якія вялікія змены бачу, толькі
  горы і лясы захавалі свой даўні выгляд.
  – А як даўно пакінуў родны край?
  – Ужо таму васемнаццаты год.
  Гаспадар, пазіраючы на мяне, кажа:
  – Здаецца, што я цябе колісь бачыў у гэтых краях, але прозвішча не магу
  ўспомніць.
  Я назваў яму прозвішча, ён з радасцю схапіў мяне за руку і сказаў:
  – Я З...4, мы былі калісьці школьнымі таварышамі.
  І тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслівае мінулае, пра маладых таварышаў і
  настаўнікаў полацкіх школ, пра знаёмых, хто дзе і як жыве, хто і калі пакінуў
  бацькаўшчыну, пра старцаў, якія ўжо выбраліся да вечнага дому нашага.
  Пасля пан З... зняў з шафы драўляны бюст і сказаў:
  – А гэтага Дзядка ці памятаеш? Даўней ён лепш выглядаў, калі, высунуўшыся з-за сцяны праз вузкае вакенца, даваў нам парады і перасцярогі, цяпер можаш бачыць на яго твары, колькі ён мусіў выцерпець, пакуль трапіў
  сюды да мяне, ён для мяне дарагая памятка. Гледзячы на яго, я ўспамінаю тыя
  мудрыя перасцярогі і паўтараю іх сваім дзецям. Гэты мой маленькі сынок добра
  ведае, што дазваляе і што забараняе Драўляны Дзядок.
  – О! Гэты Дзядок мусіў прайсці па страшных пуцявінах пасля развітання з
  кляштарным дахам, жорстка яго свет прывітаў: галава прасвідраваная, вочы
  выкалатыя, вусны апаленыя; людзі не любяць праўды, але, напэўна, ён, вандруючы па свеце, быў нямы і нікога не абражаў напамінам.
  – Людзям цяжка дагадзіць, можа, пакутаваў за тое, што маўчаў. Раскажу пра
  яго вандроўкі і пра іншыя дзіўныя здарэнні, пра якія чуў ад асоб, што жывуць з
  намі па суседству. А цяпер падарожнаму трэба падхарчыцца.
  Сабралі стол, падалі гарэлку і закуску; Анэля дастала з паліцы спелыя
  маліны, якія сабрала ў садзе, і цудоўныя яблыкі. Тут пан З... хваліў свае садовыя
  дрэвы, якія сам садзіў і прышчапляў. Калі ветлівы гаспадар частаваў і
  падахвочваў мяне вячэраць, адчыніліся дзверы, абапіраючыся на кій, заходзіць
  стары, галава і вусы белыя. Быў гэта калісьці вялізны і дужы мужчына, але цяжар
  гадоў пахіліў яго высокую постаць.
  – Як маешся, пане Ротмістру, у добры час зайшоў. Рэкамендую табе мілага
  госця, некалі калега мой школьны, далёка дзесьці вандраваў і цяпер праз шмат
  гадоў наведаў сваю бацькаўшчыну. Будзем бавіць разам вечар у прыемных
  размовах, знойдзецца пра што гаварыць пасля такое доўгае ростані.
  Прайшло няшмат часу, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату, стары пан
  Ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:
  – Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, а цяпер без яе і жыць не
  могуць, якія перамены ў свеце.
  Пан З... паставіў шклянку на стол.
  – Слухай цяпер, – сказаў мне, – раскажу табе пра дзіўныя здарэнні з
  
  158
  Драўляным Дзядком.
  Дзеці, хоць, можа, не раз чулі гэтае апавяданне, поўныя цікавасці, прымайстраваліся ля бацькі.
  
  
  ШТО ЗДАРЫЛАСЯ З ДРАЎЛЯНЫМ ДЗЯДКОМ
  
  У Полацку, калі езуіцкія муры перабудоўвалі паводле новага загаду5, выкінулі разам з друзам усё тое, што было бескарыснае і непатрэбнае, асуджаны
  быў і гэты бедны Дзядок на такую ж знявагу; засыпаны вапнаю і пабітаю цэглаю, ляжаў ён непадалёку ад тых муроў, колер валасоў і твару ягонага ўжо змяніўся ад
  дажджоў і спёкі; работнікі, нанятыя расчышчаць тыя мясціны, выкапалі яго з-пад
  друзу і прынеслі да свайго гаспадара-купца,мяркуючы, можа, на што-небудзь яму
  спатрэбіцца. Купец задумліва глядзеў на гэтага Дзядка і вырашыў, што гэта, мусіць, бюст нейкага вялікага чалавека, паклікаў да сябе фактара6 жыда Залмана, пытаючыся, што значыць гэты драўляны бюст; можа, ён мае рысы князя або якога
  даўнейшага мысляра.
  – Ведаю добра, – усміхаючыся, сказаў Залман, – што ні князь гэта, ні мудрэц, але гэтая галава, калі выглядвала з-за муру, то гаварыла, і кажуць, што часам і
  вельмі разумна, я яе сам бачыў.
  – Гаварыла? Што за ліха, драўляная галава! Пэўна, нейкія тут чары?
  – А можа, і чары, навошта яна табе, аддай мне, я за яе заплачу.
  – Хочаш, як бачу, мяне ашукаць. Лухту мелеш: драўляная галава гаварыла, быць гэтага не можа.
  Падчас гэтае размовы жыда з купцом падышоў хтосьці, апрануты па новай
  модзе, можа, які чыноўнік або настаўнік, і, гледзячы на Драўлянага Дзядка, кажа:
  – Гэта галава грэцкага філосафа Сакрата, я чытаў пра яго і бачыў яго партрэт, падобны на гэты твар. Ён шмат пакутаў прыняў ад сваёй жонкі Ксантыпы і за
  праўду, якую гаварыў свету, спазнаў гора.
  Купец, радуючыся, што знайшоў такі скарб – бюст вялікага Сакрата, пра
  розум якога некалі чуў, адагнаў жыда ад Дзядка і вырашыў мець яго ў вёсцы ў
  сваім доме і, часам гаворачы пра Сакратавы пакуты, нагадваць учынкі свае жонкі, бо яго жонка Яўхімія была падобная да Ксантыпы.
  Ужо праз колькі дзён Драўляны Дзядок з купцом пераехалі ў вёску, што была
  за некалькі дзесяткаў вёрст ад Полацка, гаспадар унёс яго ў хату, з гонарам
  паказвае сваёй жонцы, тлумачачы ёй, што гэта бюст слаўнага грэцкага мудраца.
  Яўхімія глянула на Дзядка скоса:
  – Гэтае страшыдла драўлянае з барады і носа падобнае на цябе – ці варта
  было цягнуць яго з сабою.
  Дарэмна муж пераконваў, што гэта вялікі рарытэт, і ўжо нешчаслівы Дзядок
  мусіў быць выкінуты з дому і начаваць пад голым небам, але, на шчасце, прыйшоў сусед і прыяцель; ён супакоіў Яўхімію і давёў ёй, што гэты твар нічога
  агіднага ў сабе не мае, можа быць, гэта бюст нейкага пустэльніка або манаха, які
  некалі жыў пабожна, а таму варты пэўнае павагі.
  Яўхімія нарэшце згадзілася пакінуць у хаце гэтага Дзядка, аднак не раз
  
  159
  плявала на яго, называючы страшыдлам, і заўсёды пазірала гняўлівым вокам.
  Гаспадар растлумачыў свайму прыяцелю, што гэта бюст славутага мысляра
  Сакрата, і яго памясцілі на сцяне між двух вокнаў.
  Уначы, калі ўсе спалі і яшчэ не праспяваў певень, Яўхімія з крыкам
  усхопліваецца з ложка, будзіць мужа, каб хутчэй запаліў агонь, бо той Драўляны
  Дзядок напалохаў яе і яна ўся дрыжыць з пярэпалаху; муж падхапіўся, здзіўлены
  гэтым выпадкам, і запаліў святло.
  – Гэты драўляны дзед, – сказала Яўхімія, – усю ноч сніўся мне ў жахлівых
  абліччах, я ўцякала ад яго праз дзікія лясы і багну, а ён гнаўся за мною з
  паходняю і хацеў мяне скінуць у нейкую вогненную прорву; калі абудзілася ад
  гэтага сну, дрыжучы ад страху, убачыла яго ў месяцавым святле на сцяне, зіхацелі
  яго вочы і ён люта пазіраў на мяне, ах! злітуйся, вынесі гэтае страшыдла прэч.
  Муж, прыгадваючы, што некалі яму жыд расказваў, думаў сам сабе: “А можа, і праўда, што ў ім схаваныя нейкія чары”, аднак, нічога пра гэта сваёй жонцы не
  мовячы, узяў Дзядка са сцяны, занёс у пякарню, паставіў на печ, а Яўхіміі казаў, што той сон і грозныя вочы Дзядка прымроіліся ёй ад неспакойных думак, аднак
  жа святло гарэла ўсю ноч, і Яўхімія заснула спакойна толькі перад світаннем.
  А Дзядок, забыты ў пякарні на печы, праз некалькі тыдняў пачарнеў ад дыму, які там штодня стаяў пад столлю цэлаю хмарай. Праз нейкі час купцовы
  парабчанкі і яшчэ некалькі дзяўчат з тае вёскі знялі Дзядка з печы, каб напалохаць
  парабкаў, якія пасля вячэры ў цемры павінны былі ісці спаць на сена.
  Апярэджваючы іх, дзяўчаты паспяшалі да аборы, абкруціўшы прасцінаю куль
  саломы, з якога наверсе тырчала галава Дзядка, і хацелі яго паставіць, нібы
  пудзіла, ля сцяны, але тут нечакана каля іх пачаўся незвычайны шум, і вочы
  Дзядка засвяціліся агнём; дзяўчаты з крыкам разбегліся,некаторыя пападалі
  непрытомныя на дарозе, іншыя ўскочылі ў дом, бледныя, быццам нежывыя: даведаўшыся пра гэтае здарэнне, пабеглі ратаваць самлелых, ледзь вярнулі іх да
  жыцця. Куль саломы і Дзядка знайшлі ля сцяны. Яўхімія крычала, што ў ім
  сядзіць д’ябал, гаспадар і іншыя мужчыны даводзілі, што дзяўчатам усё гэта
  прымроілася, бо яны палахлівыя, аднак жа Дзядок ужо не вярнуўся ў хату, кінуты
  ў адрыне, ён ляжаў там на сырой зямлі.
  Разнеслася вестка пра такую праяву па ўсёй ваколіцы. Карчмар Усвойскі, што жыў за пяць вёрст ад купца, чуючы такія апавяданні пра Драўлянага Дзядка, не даваў ім веры. Праслужыўшы гадоў пятнаццаць лёкаем у двары пана Н., ён
  прачытаў некалькі раманаў, перакладзеных з французскае мовы, і ўжо ўсе
  незвычайныя здарэнні былі яму зразумелыя, цуды і чары ён называў глупствам.
  Аднак жа, захацеўшы ўбачыць Драўлянага Дзядка, прыехаў да купца, пайшлі яны
  ў адрыну, знайшлі тую галаву, што валялася ў цёмным куце; паверхня яе пачала
  ўжо плеснець ад вільгаці, гаспадар даводзіў яму, што гэта галава Сакрата, які
  гаварыў свету праўду і якога ненавідзела жонка. Усвойскі даў веры, бо і сам няраз
  чуў, як расказвалі пра гэтага славутага грэцкага філосафа; і прасіў купца, каб
  аддаў яму Дзядка, абяцаючы аддзячыць гарэлкаю або чым іншым; купец на гэта
  згадзіўся, бо ведаў, што яго жонка ніколі з галавою нешчаслівага мудраца не
  змірыцца.
  Усвойскі прывёз яго ў сваю карчму, паставіў у куце на лаве за доўгім сталом
  
  160
  і кожнаму, хто прыходзіў да яго выпіць кілішак гарэлкі, з гордасцю паказваў
  Драўлянага Дзядка, даводзячы, што з твару ён зусім падобны да даўнейшага
  мысляра Сакрата, які пакутаваў і памёр за праўду.
  Мінула некалькі тыдняў. У святы дзень сабралася ў карчме шмат земляробаў
  і лёкаяў з маёнтка пана Н. Пасля захаду сонца, ужо ў змроку, п’яным парабкам
  заманулася пасваволіць і пажартаваць з Усвойскага. Дык калі карчмар на нейкі
  час выйшаў з хаты, яны ўзялі таго Дзядка, прасвідравалі зверху ў дзвюх мясцінах
  галаву, налілі туды вады і пракалолі вочы шылам; вадзяныя кроплі, не раўнуючы, як слёзы, беглі па твары, і заплаканага Дзядка зноў паставілі ў куце за сталом.
  Ледзь Усвойскі зайшоў у карчму, яны паказваюць на Дзядка:
  – Глядзі, твой Сакрат плача, відаць, не даеш яму гарэлкі або пакрыўдзіў чым
  іншым.
  Калі карчмар, дзівуючыся, пазіраў на Дзядка, на панадворку сабакі, падняўшы морды, пачалі выць, рыкала жывёла ў аборы, куры, злятаючы з
  курасадні, неспакойна, з крыкам бегалі па зямлі, вецер шумеў ля карчмы, усіх
  апанавала вялікая трывога, працверазелі ўсе і маліліся, аж пакуль гэта не
  супакоілася. Я чуў таксама, што, калі гэтыя свавольнікі вярнуліся ў двор, пан
  невядома з якое прычыны быў раз’юшаны і загадаў за тое, што доўга бавіліся ў
  карчме, пакараць іх розгамі.
  Усвойскі агледзеў Дзядка і расказваў усім пра гэтае здарэнне, просячы
  кожнага, каб не чыніў яму ніякай знявагі; прайшло некалькі месяцаў, усё
  забылася, і сам карчмар, прымаючы ў сябе суседзяў і стрыечнікаў і добра
  падвесяліўшыся, забыў пра ўсё і кажа да Драўлянага Дзядка:
  – Ты гарэлкі з намі не п’еш, выкуры хоць цыгару, мне падараваў некалькі
  прыезджы пан, табе не пашкадую.
  І ўсунуў запаленую цыгару Дзядку ў губы; тут забягаюць суседзі і крычаць, што страха ў карчме гарыць; працверазеў карчмар, выбеглі госці, сабраўся люд, разабралі дах і ледзь уратавалі будынак.
  Трымаў гэта ў сакрэце Ўсвойскі, думаў, як бы пазбавіцца ад Дзядка, але
  баяўся з ім абысціся недалікатна – кінуць у агонь або ў ваду, бо ўжо зазнаў, як ён
  карае за крыўду. Чакаў толькі выпадку, калі будзе хто мець ахвоту яго набыць, але тым часам трымаў яго ўжо не ў куце за сталом, а заўсёды зачыненага ў шафе.
  У тых самых мясцінах на ўсход за лесам жыў пан Хапацкі, які меў колькі
  падданых сялян, быў нейкі час асэсарам, а потым падсудкам, вучыўся некалі ў
  школах, і так вывучыўся, што не верыў ні ў што і з усяго кпіў.
  Аднаго разу, едучы на лёгкай брычцы, ён наведаў карчмара, з якім здавён
  меў агульны камерцыйны інтэрас, бо праз яго збываў і набываў коней, да якіх быў
  вялікі аматар. Усвойскі, хочучы збыць з рук Драўлянага Дзядка, дастаў яго з
  шафы і, ставячы на стале, кажа:
  – Глядзі, пане суддзя, які я маю рарытэт. Няхай пан здагадаецца: да каго гэты
  твар падобны?
  Хапацкі, паглядзеўшы, кажа:
  – Нейкі мужык лысы ды барадаты.
  – Не, пане суддзя, гэта не мужык, гэта бюст вялікага некалі мысляра Сакрата, я гэта ведаю лепш. Вялікія сакрэты і цяпер яшчэ хаваюцца ў гэтай галаве, ведаю
  
  161
  пана даўно і толькі на знак мае павагі і прыхільнасці магу гэты рарытэт уступіць
  яму, – і падрабязна расказаў пра ўсё, што здарылася ў купца і ў яго карчме.
  Хапацкі смяяўся да слёз, слухаючы гэтыя авантуры, і дзівіўся з людское
  прастаты і дурасці. Пасля дастаў з кішэні табакерку.
  – Ну, Дзядок, – кажа, – гневаўся за цыгару, а я цябе пачастую добрым
  тытунём.
  Гэтак кажучы, засыпаў у нос Дзядку шчопці табакі.
  – Што робіш, пане суддзя, далібог, каб з гэтага не было кепскага!
  – Не палохайся, ён за гэта не разгневаецца: гэта ж галава, як кажаш, славутага мысляра Сакрата, а мудрыя галовы любяць тытунь, бо гэта дапамагае ім
  мысліць.
  Усвойскі перажагнаўся і таемна маліўся, баючыся, каб не прычынілася чаго-
  небудзь у яго карчме.
  – Не бойся, у мяне Дзядок не будзе сваволіць, бо я і сам не менш ведаю за
  Сакрата. Ну, развітайся з ім, пане Ўсвойскі.
  Ён сеў у брычку, паклаў Дзядка на калені, сцебануў каня і знік за павароткаю, а карчмар яшчэ доўга стаяў і глядзеў яму ўслед.
  Гэта было гадзіны за паўтары пасля паўдня. Маёнтак пана Хапацкага за
  лесам, ад карчмы не больш за чатыры вярсты, але – дзіўная рэч! – конь бег і бег, мінаў пагоркі і лясы, пан бачыў увесь час незнаёмыя краявіды, праязджаў паўз
  вёскі, маёнткі і палеткі, аднак нідзе не мог убачыць свайго жытла, сустракаў
  падарожных, хацеў у іх даведацца, у які край заехаў, ды конь так шпарка бег, што
  немагчыма было перамовіцца ні з кім хоць словам.
  Сонца схавалася за горы, ужо вечар, дарогу ахутаў шэры змрок, конь увесь у
  пене, ішоў ужо ціхай ступою. Хапацкі думаў пра тое, каб трапіць у вёску, пераначаваць там і дапытацца дарогі. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабілася такая цёмная, што на крок перад сабою нічога не ўгледзіш, да таго
  ж і дождж лінуў; нешчаслівы вандроўнік не ведаў, што чыніць, ды тут пры святле
  бліскавіцы ўбачыў каля дарогі маленькую будову. Былі гэта могілкі, і здаўна там
  стаяла драўляная каплічка. Хапацкі зварочвае з дарогі, каб схавацца ад
  навальніцы. У ціхім месцы за сцяною паставіў каня, сам заходзіць у каплічку і
  чакае ў куце, пакуль праміне гэтая бура. Пасля дастаў з кішэні табакерку і толькі
  адчыніў яе, як у святле нечаканае бліскавіцы ўбачыў над табакеркаю нейкую
  вялізную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню.
  Перапалохаўся пан, выпусціў з рук табакерку, выбег за дзверы і, не зважаючы на
  дождж і вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткім часе
  разышліся тыя хмары, і ён на ўсходзе ўбачыў дзянніцу і непадалёку на пагорку
  вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што ішлі з косамі на луг. Ад іх даведаўся, што ён паблізу Віцебска, некалькі дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў
  прыйшоў на могілкі, знайшоў каня і брычку на месцы, а табакерку ў каплічцы на
  зямлі, аднак Дзядка там не было, і пан не памятаў, дзе і якім чынам яго згубіў; праз колькі дзён пан Хапацкі вярнуўся дахаты і з таго часу вельмі добра запомніў, што ёсць рэчы незразумелыя і яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.
  Амаль год пра Дзядка хадзілі дзіўныя весткі; казалі, што нейкі пілігрым, носячы яго ў руках, з’яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў людзей дабрачыннасці, 162
  нагадваў ім, каб яны шанавалі даўнія звычаі і традыцыі сваіх продкаў, каб не
  адступалі ад праўдзівае веры. Слухмяных і пабожных людзей ён бласлаўляў, ад
  разбэшчаных і адступнікаў уцякаў.
  Іншыя расказвалі, што перад заходам сонца была аднаго разу дзіўная праява, бачылі яе пастухі і аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да
  анёла, вянкамі цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, і калі
  цікаўныя людзі захацелі падысці бліжэй, дык тая кабета, як бы дух які, аддалялася
  ад іх – ні равы, ні густыя хмызы ёй не заміналі, узышла на возера і, нібы белы
  воблак, узнялася над чыстай вадою і знікла. Шмат такіх дзівосаў апавядалі.
  Цяпер раскажу, якім чынам пасля доўгае і дзіўнае вандроўкі гэты Драўляны
  Дзядок трапіў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагі госцю, пры
  любых няўродах адзін толькі лён найчасцей можа задаволіць нашы патрэбы, калі
  Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамінулым годзе было ў мяне шмат гэтага
  тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусі, вязуць
  Дзвіною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым інтэрасам прыехаў да купца, каб
  збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялікі беспарадак, ягоная жонка Яўхімія ад
  вялікага пярэпалаху і гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькі
  гадзіну назад вярнуўся дадому і, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусім у
  гэтым не вінаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб
  прычыне такой жончынай трывогі. Ён мне паведаміў, што галава мысляра
  Сакрата немаведама як з’явілася ёй перад вакном і цяпер ляжыць за сцяною.
  Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, і прасіў мяне, каб я абавязкова
  забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён і вярнуўся дахаты.
  Праз нейкі час пачуў такую гаворку між суседзяў:
  – Яўхімія, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбіла яго і хацела пакінуць
  назаўсёды, а можа, мела яшчэ і прыяцеля, які яе да гэтага падбіваў. Дык калі муж
  быў у ад’ездзе, яна збірала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакінуць мужу
  пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно і ўбачыла драўляную галаву таго
  Дзядка; невядома, адкуль і якім чынам з’явілася тая перад вакном. Яўхімія
  закрычала ад страху і самлела. Пачулі ў другім пакоі сямейнікі, прыбеглі на
  ратунак, ледзь прывялі яе да прытомнасці, скінулі Дзядка з вакна, каб ён другі раз
  не трапіў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, і тут пачалася жахлівая бура, але
  добра, што не ўдалося ёй пакінуць свайму мужу пусты дом.
  Ужо другі год маю ў сябе гэтага Дзядка, і, дзякуй Богу, усё ідзе шчасліва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.
  Калі пан З... закончыў расказваць, абазваўся Ротмістар:
  – А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Інсекту і пра
  гэтага Дзядка, бо цяпер казалі, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамі. Так, яна
  ўжо адпакутавала за свае грахі. Раскажу, што ад іншых чуў, а ці гэта праўда, не
  мой клопат.
  
  
  
  
  
  163
  
  КАБЕТА ІНСЕКТА
  
  Даўней жыла ў нашым краі багатая пані. Я не памятаю яе прозвішча, але гэта
  неістотна. Дык вось тая пані здзекавалася са сваіх падданых і лёкаяў, забыла пра
  веру і хрысціянскія абавязкі, ёй здавалася, што чалавек – гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як і кожная рэч, і што яна мае права чыніць над людзьмі што захоча.
  Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае іхняе працы пускала на
  раскошу. А людзі ў той час разлучаліся з душою ад голаду. Яна хадзіла ў дарагім
  ядвабе і дыяментах, а яе падданыя не мелі чым накрыцца ад холаду і ветру; калі
  хто завінаваціўся ў чым – кара была неміласэрная, ды яна часта і без віны жорстка
  карала. Пані так лютавала, што загаралася гневам, калі дзяўчына з яе воласці
  захоча замуж за чалавека вольнага і багатага. Адразу гэтую гаротніцу садзіла ў
  кайданы, быццам тая ўчыніла нейкае страшнае злачынства.
  Так жывучы, гэтая зласлівая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а
  сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалі жорсткае панаванне, ды і здароўе
  пачало слабець. Бачачы свой блізкі скон, яна перамяніла свае звычкі, зрабілася
  пабожнаю і міласэрнаю, давала міласціну жабракам, адпісала нейкія грошы на
  кляштары ў Полацку, абы маліліся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе і дазволіў доўга
  жыць на свеце. Зазванілі ва ўсіх касцёлах, сабраўся люд, абвясцілі пра гэта з
  амбона, паляцелі ў неба малітвы пабожных людзей і весткі пра святыя ахвяры.
  Залагоджаны малітвамі вернікаў, Бог злітаваўся над грэшніцаю, дазволіў доўга
  жыць на гэтай зямлі і чакаў пакаяння.
  Пані пражыла гадоў сто, ды не толькі не змянілася на лепшае, але гнеў і
  жорсткасць яшчэ болей выраслі ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакінуўшы свае хаціны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, і лёкаі
  разбягаліся, кленучы сваю пані. Суседзі яе ненавідзелі, ніхто не хацеў адведаць, ніхто не хацеў яе сустрэць ці нават наблізіцца да яе жылля. А гнеў нішчыў яе
  цела, выпетрала ад злосці, і постаць яе дзень пры дні змяншалася.
  Доўга так жывучы, забытая людзьмі, яна сохла і пакрысе змяншалася, ужо
  была падобная да хворага карузліка, пасля на немаўля, робячыся ўсё
  шчуплейшаю. Нарэшце перамянілася ў нейкую дзіўную Інсекту, з аднаго і
  другога боку выраслі ў яе доўгія празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць
  гарэла ў яе сэрцы.
  Прамінула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў абліччы
  нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзіў да яе жытла, дык бачыў, як яна
  вылятала адтуль з жахлівым крыкам і адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.
  Прыехаўшы здалёку, новы дзедзіч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калі суседзі расказалі яму пра напады страшнае Інсекты, ён загадаў адчыніць усе
  вокны, акурыць дымам пакоі, і дарэмна тая, з жахлівым піскам і крыкам
  кідаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусіла ляцець у
  сад і схавацца між дрэваў. Але злосць кіпела ў яе сэрцы, і яна хацела што б там ні
  было выгнаць новага гаспадара з дому.
  Лёкаі пана А. расказвалі, што апоўначы чуцён шум і нейкі піск пад падлогаю
  
  164
  і па кутах, часам з’яўляюцца страшныя здані і нейкія звераняты, падобныя да жаб
  і жукоў з чорнымі кашэчымі галовамі і зіхоткімі, як іскры, вачыма; калі хто
  падыдзе, яны ўмомант знікаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзіркі або ў
  шчыліны ў сцяне; і што гэта абавязкова мусяць быць злыя духі. Яны раілі пану, каб запрасіў ксяндза і пасвянціў дом. Пан смяяўся і казаў, што гэтыя дзівы – ад
  іхніх забабонаў, бо дасюль ён нічога такога не бачыў.
  Праз некалькі дзён апоўдні неба было пагоднае. Пан А. адчыніў вокны і
  сядзеў адзін, задумаўшыся, у пакоі. Тут залятае Інсекта, кружыцца па пакоі, у
  пісклявым яе голасе чуваць страшная лаянка і праклёны. Яна села перад панам на
  стале – ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногі і рукі сухія, падобныя на
  пчаліныя, і сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальніцы, кружляе вакол галавы пана
  А. і ўжо хоча ўбіцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю і баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную
  пачвару дымам і зачыніць вокны.
  Прайшло некалькі дзён. Калі пан А. чытаў у садзе пад ліпаю раман, зноў
  з’явілася тая Інсекта. Пырснула кроплю нейкай атруты, якая прапаліла старонкі і
  вопратку пана. Інсекта, віючыся ля галавы, лаяла і кляла яго пісклявым чалавечым
  голасам. Увесь дрыжучы з пярэпалаху, пан А. ускоквае ў пакоі і доўга думае, як
  пазбыцца гэтае жахлівае пачвары.
  Пры кожным зручным выпадку Інсекта помсціла яму. Аднаго разу, калі пан
  верхам аб’язджаў свае палеткі, яна, лётаючы побач, пранізлівым крыкам спудзіла
  каня, які наўскапыт паляцеў праз равы і пагоркі і скінуў гаспадара. І той ляжаў
  скрываўлены, без дыхання, пакуль не падбеглі аратыя. Яны прынеслі пана дахаты, і лекар ледзь выратаваў яго ад смерці.
  Па ўсёй ваколіцы разышліся гэтыя чуткі, толькі і гаварылі пра злую кабету, якая перамянілася ў страшную Інсекту. Усе суседзі шкадавалі пана А., але ніхто з
  іх не пераведаў хворага, бо ўсе баяліся падысці да яго маёнтка.
  Калі пан А. ачуняў і думаў, як пазбыцца праклятае Інсекты і злых духаў, з
  якімі яна, пэўна, пасябравала, ён успомніў параду сваіх лёкаяў і вырашыў
  запрасіць каплана і пасвянціць дом. Дык пасля захаду сонца, калі Інсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней і ўначы паехаў у Полацак.
  Раніцаю пасля святое імшы сустракалі яго знаёмыя, з цікавасцю распытвалі
  пра дзіўную Інсекту і пра нешчаслівы выпадак, калі яго скінуў конь, бо ўжо пра
  гэта чулі і ў горадзе.
  Калі прыйшоў у кляштар і расказаў, што з ім прычынілася, усе дзівіліся.
  Ксёндз, чалавек пабожнага жыцця, кажа:
  – Гэта, напэўна, злыя духі і нейкая чараўніца, якая зусім выраклася Бога; трэба пану А. дапамагчы, паклапаціцца пра яго спакой і пра яе душу.
  І тае ж раніцы пан А. з ксяндзом, не баючыся нападу Інсекты, выправіліся
  дадому.
  Прыехалі ў маёнтак. Ксёндз, прачытаўшы свае малітвы, пачаў крапіць
  святою вадою пакоі. Страх успомніць, што там рабілася. Са страшным піскам і
  сыканнем з усіх кутоў пасыпаліся страшыдлы: матылі, у якіх заместа крылаў
  вырасталі з бакоў вогненныя языкі; тоўстыя чэрві, што дыхалі дымам, быццам
  пухіры ўзнімаліся ўгору; крыклівыя цвыркуны і крылатыя гады лёталі над
  
  165
  падлогаю.
  – Гэта грахі чараўніцы, – сказаў ксёндз. Ён загадаў адчыніць вокны.
  Жахлівыя стварэнні з піскам і сыканнем адляталі і ніклі ў паветры.
  Калі свянцонаю вадою выслабанілі дом ад страшыдлаў, пан А. завёў ксяндза
  ў сад, адкуль вылятала тая шкадлівая Інсекта. Там, калі каплан адмаўляў святыя
  пацеры, у кустах агрэсту абазваўся пісклявы голас, у якім чуліся кленічы і розныя
  блюзнерствы, а пасля нараканні, енк і плач. Сабраўся ўвесь двор паглядзець на
  гэтыя дзівы, ксёндз, кропячы свянцонаю вадою кустоўе, загадаў ёй вылецець
  адтуль і сесці на ліпавай галінцы. Яна імгненна, як страла, вылецела і села на
  ліпавым лісціку. Усе дзівіліся на яе: у гэтай Інсекце лёгка можна было ўгледзець
  жаночую постаць з крыльцамі. Ксёндз зняў яе з лісціка, пасадзіў у шкляны слоік і
  занёс у пакой.
  Ужо без страху глядзелі ўсе зблізку на гэтую маленькую пачвару: доўгія
  валасы спадалі з галоўкі, якая была не большая за звычайную гарошыну; іскрынкамі блішчалі завушніцы ў вушах, і нешта ружавела на шыі, нібыта
  ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам
  такога самага колеру; твар бледны, відаць было, што ў гэтыя хвіліны курчылася
  ад гневу.
  Наступнага дня пані Інсекта з ксяндзом прыехалі ў Полацак. Бачылі гэтае
  дзіва ўсе ў кляштары, і жыхары натоўпамі прыходзілі паглядзець на нечуваныя
  цуды. Кідалі ёй ежу ў шкляны слоік, але Інсекта сядзела моўчкі і не каштавала
  нічога; увесь гэты час была нямою, толькі відаць былі яе гнеў і неспакой.
  – Трэба цяпер падумаць пра яе душу, – сказаў ксёндз і панёс яе ў слоіку ў
  зацішны куток кляштара, дзе быў доўгі калідор: з аднаго боку Архітэктанічная
  зала, з другога – музей; непадалёку ад гэтае залы пазіраў з муру, нібы з вакенца, драўляны бюст філосафа Сакрата. Ксёндз паклаў кабету Інсекту на філосафаву
  галаву і перад шматлікімі гледачамі чытаў ёй малітвы і гаварыў на духоўныя
  тэмы. Але што рабілася з галавою Сакрата! Страх успомніць! Яна ў той час была
  падобная на запаленую бомбу, кідалася сюды-туды; спалатнелі ўсе, хто блізка
  стаяў. Баючыся, каб яна не раскалолася і не зашкодзіла гледачам, ксёндз
  безупынку чытаў малітвы і вучыў пра міласць Пана Бога і пра любасць да
  бліжняга.
  Штовечар адбываліся такія адправы дзеля гэтае Інсекты. І яна дзіўна
  выглядала з тою нешчасліваю Сакратаваю галавою. Страх апаноўваў кожнага, хто
  толькі праходзіў гэтым калідорам. Драўляны бюст, ад якога раней чулі столькі
  парад мудрых і пабожных, бэсціў і лаяў, не разбіраючыся, усіх прахожых.
  Шкаляры баяліся падысці да Драўлянага Дзядка, бо ўжо ён быў ім не зычлівым
  настаўнікам, а зацятым ворагам.
  Гэтыя навукі і малітвы доўжыліся некалькі месяцаў. Нарэшце трапіла іскра
  веры і міласэрнасці ў сэрца той кабеце Інсекце, і драўляны бюст угаманіўся і
  палагаднеў. І ўжо з вуснаў Інсекты зляталі словы, поўныя боязі Божае і
  міласэрнасці да бліжняга. З’явілася яна аднойчы ксяндзу ў пекным абліччы, падобная да анёла, німб вакол чароўнага твару, сукенка бялейшая за снег. Яна
  падзякавала за малітвы, навукі і клопаты дзеля яе і ў міг вока знікла. Ксёндз
  укленчыў перад алтаром і дзякаваў небу за вяртанне і збаўленне гэтае душы.
  
  166
  Калі пан Ротмістар скончыў, панна Анэля і малыя дзеткі пана З., аддаўшы
  бацькам “дабранач”, пайшлі ў другі пакой памаліцца нанач.
  – Цікавую рэч расказаў пан Ротмістар, – сказаў гаспадар. – Пра такое
  здарэнне з Дзядком, калі галава мудраца была прыстанкам няшчаснае грэшніцы, я
  яшчэ не чуў. Вось і новае апавяданне да жыццяпісу Драўлянага Дзядка.
  Да позняга вечара гаварылі мы пра мінулыя часы, пра школьных таварышаў, пра знаёмых – жывых і тых, што ўжо спачываюць у магілах. У размовы нашы
  нязменна запляталіся смутак і надзея. Нарэшце пан Ротмістар узяў свой кій і
  шапку і хацеў ісці дахаты, але гаспадар пакінуў яго начаваць. Патушылі агонь, і я, ушчэнт стомлены пешаю вандроўкаю, моцна заснуў7.
  
  
  ПРАХОДКА Ў ПОЛІ
  
  Адпачынак мой быў прыемны, хоць і кароткі. Прачнуўся я на світанні. Пан
  Ротмістар яшчэ спаў, і я, баючыся парушыць яго спакойны сон, ляжаў і разважаў
  аб прыгодах Драўлянага Дзядка і кабеты Інсекты. Мне здавалася, што тая галава, пазіраючы на мяне, нагадвала пра пакуты, якія чакаюць чалавека на яго жыццёвай
  пуцявіне, тая кабета-грэшніца з’яўлялася ў маіх марах то ў абліччы страшнае
  Інсекты, то як пекны анёл у промнях, казала маёй душы, што толькі вера, міласць
  да Бога і да бліжняга – шлях да сапраўднага жыцця.
  Думаючы пра гэта, я не заўважыў, як прамень ранішняга сонца зазірнуў у
  вакно. Пачуўся голас гаспадара. Ён падняўся раней усіх і даваў парабкам загады
  на дзень.
  Спеў пастуха ўжо адзываўся з пашы. Прачнуўся пан Ротмістар; калі мы
  апраналіся і ён думаў пра дом, а я – пра далейшае падарожжа, зайшоў пан
  Зямельскі, павітаўся і загаварыў да мяне:
  – Чаму ты так рана ўстаеш? Ісці такую дарогу – цяжкая праца, трэба добра
  адпачыць. Відаць, думаеш, што я дазволю развітацца з намі сёння? Пагасцюеш у
  мяне колькі дзён, бо калі ад’едзеш далёка на поўнач, Бог ведае, ці ўбачымся, хіба
  толькі на тым свеце. І пана Ротмістара прашу застацца на сёння з намі, бо ёсць у
  яго доме каму кіраваць гаспадаркаю.
  Я паслухаўся гаспадара, і пан Ротмістар пагадзіўся з ім.
  Галасы дзяцей, што ўжо прачнуліся, даляталі з другога пакоя; абазвалася
  гітара, пачуўся цудоўны мілагучны спеў. Гэта быў голас Анэлі. Яна кожнае
  раніцы, як анёл, што вітае новы дзень, усхваляла Божую Ўсемагутнасць і спявала
  пад гітару:
  Калі ўзыходзіць дзянніца,
  Усе да Цябе павяртаюць лікі,
  Спявае кожная істота:
  Слаўся, Божа вялікі!8
  Думка мая разам з гэтай суладнасцю адляцела да неба, і ў тую раніцу я
  маліўся са слязьмі на вачах.
  Неўзабаве ўся сям’я сабралася разам. Паснедаўшы, мы ўсе выйшлі ў поле; пан Зямельскі завёў нас у густы гай, дзе ля кожнага дрэва было відаць дбайнага
  
  167
  гаспадара, і гэты лес быў падобны да пекнага саду. Пан распавядаў нам, што
  некалі тут была пустэча, але ягонаю рупнасцю праз колькі гадоў зашумеў тут гэты
  гай. І там і тут між зараснікаў асушаныя лугавіны з сакаўной высокаю травою і
  размаітымі духмянымі кветкамі. Старэйшы сын пана Зямельскага, прыпамінаючы
  ўчарашняе апавяданне пра кабету Інсекту, паказваў пану Ротмістару злоўленую
  жамярыцу, пытаючыся, ці такая была кабета Інсекта. Іншыя дзеці збіралі лепшыя
  кветкі і аддавалі іх Анэлі, а тая аздабляла дзіцячыя галоўкі вянкамі.
  Няспешна шпацыруючы і адпачываючы часам ў засені густое бярэзіны, мы
  бавілі час у прыемных размовах. Пасля полудня таксама аглядалі гаспадрку, аж
  пакуль сонца не схілілася да захаду, не ўпала раса на травы і парабкі з косамі і
  граблямі не вярнуліся з сенажаці.
  Увечары, калі ўся сям’я зноў сабралася разам, гаспадар запытаўся ў пана
  Ротмістара, ці не памятае ён якую-небудзь старую аповесць, ці, можа, чуў яшчэ
  што з апавяданняў пра Драўлянага Дзядка.
  – Калі быў яшчэ студэнтам у Полацку, – сказаў пан Ротмістар, – я любіў
  слухаць апавяданні. Гаспадар мае кватэры доўга служыў пры кляштары езуітаў.
  Ён часта расказваў незвычайныя гісторыі, якія сам чуў ад іншых. Гэта былі
  прароцтвы Драўлянага Дзядка асобным шкалярам. Некалькі тых апавяданняў я і
  цяпер яшчэ памятаю.
  
  
  ШКАЛЯР ЛЮЦЭФУГА
  
  Некалі ў Полацку быў надзвычай лянівы да вучобы шкаляр. Ён часта ўцякаў
  з калегіі, цягаўся па розных краях, няраз, зазнаўшы голад і холад, пасля доўгае
  вандроўкі мусіў вяртацца ў бацькоўскі дом. Хоць і ведаў, што за такія ўчынкі
  будзе пакараны і зноў трапіць пад нагляд настаўнікаў, але ўцякаў пры кожным
  зручным выпадку. Бацька гэтага вучня быў чалавек небагаты і хацеў хоць не
  маёнткамі, дык, прынамсі, навукамі ўзбагаціць сваё дзіця. Колькі разоў адвозіў
  яго з дому ў горад, і калі словы-напаміны не дапамагалі, плаціў таму, хто
  згаджаўся быць сыну за неадступнага вартаўніка, не пакідаючы яго ні ў працы, ні
  ў адпачынку. Пад такім наглядам Люцэфуга мусіў студыяваць навукі, хоць усё
  адно ленаваўся. Прырода ўзнагародзіла яго здольнасцямі, і ён мог бы быць
  найлепшым вучнем, але быў першы толькі па свавольствах і непаслушэнстве.
  У апошнія дні ліпеня ў полацкіх школах пачыналіся вакацыі. Шкаляры пасля
  іспытаў, перш чым раз’ехацца па дамах, гуртам прыходзілі пагутарыць з
  Драўляным Дзядком. Кожны пытаўся ў яго пра сваё. Адны хацелі ведаць, што
  думаюць настаўнікі пра іх стараннасць і паводзіны, другія – ці перавядуць іх
  пасля вакацый у вышэйшы клас, ці ўзнагародзяць кніжкаю ці абразкамі за
  стараннасць і поспехі ў навуках.
  У гурце гэтых вучняў быў і той нядбайны шкаляр.
  – Скажы, Дзядок, – пытаецца ён, – як мае стараннасць і паводзіны ацанілі
  настаўнікі і ці перавядуць мяне ў наступны клас?
  Дзядок адазваўся журботным голасам, падобным да грымотаў з далёкае
  хмары:
  
  168
  – О! Люцэфуга! Люцэфуга! Ты як абрыдлы прусак, што хаваецца ад дзённага
  святла пад падлогаю або ў цёмнай шчыліне; засмучаючы бацькоў і настаўнікаў, ты і не думаеш выпраўляцца. Святло навук і цнатлівасць – гэта праваднікі на
  шляхах жыцця, без гэтага ліхтара ты будзеш блукаць сярод цемры і ніколі не
  даплывеш да Порта Спакою душы і шчасця.
  Усе студэнты, што стаялі вакол, са смехам гучна паўтаралі: “Люцэфуга!
  Люцэфуга!” – і з гэтага часу ён не меў сярод таварышаў іншае мянушкі, апрача
  тае, якую атрымаў ад Драўлянага Дзядка.
  Угневаны, ён пакінуў сваіх сяброў і, бегучы цёмным кляштарным калідорам, мармытаў сам сабе:
  – Пустая драўляная галава плявузгае лухту, дае недарэчныя мянушкі, каб
  толькі пасмяяцца. О! Калі б я меў камень у кішэні, то яго лысая галава зазнала б
  гора!
  Як і раней, бавіўся ён з прыяцелямі, а калі яму нагадвалі прароцтва Дзядка і
  называлі Люцэфугаю, казаў:
  – Не навукі даюць чалавеку шчасце, а Фартуна; шмат хто не пакутаваў над
  кніжкамі, а жыве на свеце, раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не
  забараняючы, – вось пра што я мару.
  Прайшло чатыры гады. Бацькі яго памерлі, і, Люцэфуга вылецеў у свет, як
  матылёк, шукаючы ўцех і весялосці; ён пералятаў з кветкі на кветку, збіраючы
  толькі атруту; сустрэў шмат падобных да сябе люцэфугаў і з радасцю пабратаўся з
  імі. Усё больш і больш прыкрае было яму дзённае нябеснае святло, ён
  заплюшчваў вочы, спаў дзень навылёт, а ўначы са сваімі прыяцелямі гуляў у
  карты, а тыя спрытна вызвалялі яго кішэні ад грошай і почасту даводзілі
  Люцэфугу да нэндзы.
  Выбраўся ён урэшце ў свет, некуды далёка, у вялікі горад. Там хутка
  знайшоў знаёмствы і ўваход у дамы, куды частыя шумныя забавы вабілі адусюль
  моладзь. Тут сустрэлася яму нейкая панна Аўрэля, худая, тонкая, бледная, пустая
  і легкадумная (бо дбала толькі пра тое, каб быць лёгкаю, зграбнаю, найменей
  мець цела і як вецер лётаць у салонах). Доўгія бяссонныя ночы яна бавіла на
  балях і пагулянках. Там лёгка скакала вальс, нястомна лётала над падлогаю; рой
  залётнікаў заўсёды акружаў яе. Уставала з пасцелі, калі сонца хілілася да вечара.
  Сустрэў Люцэфуга яе на нейкім бале і ўзяў на вока; даведаўся яшчэ, што панна
  Аўрэля мае ўласную вёску і вялікія грошы. Маёнтак і грошы – рэчы, вядома, патрэбныя.
  Аднаго разу на світанні вярнуўся ён дадому, зачыніў вокны, але не мог
  заснуць: Аўрэля стаяла ўваччу. Думаў, як лёгка яна таньчыць, якая зграбная, вясёлая, сапраўды эфірная нейкая, а яшчэ, здаецца, і характарам падобная да яго.
  О! Калі бы ён меў такую жонку, быў бы найшчаслівейшы з людзей, вечнае
  каханне і згода панавалі б між імі. А да таго ж – маёнтак і грошы. І ён вырашыў: што б там ні было, паведаміць ёй пра сваё каханне і прасіць яе рукі.
  Люцэфуга дабіўся свайго, ажаніўся з Аўрэляю. Каханне і згода былі між імі
  цэлую восень і зіму. Час весела ляцеў у тэатрах і канцэртах, ездзілі на балі і самі
  прымалі гасцей. Ён па сваёй завядзёнцы гуляў у карты да самага світання, а яна
  захапляла моладзь лёгкасцю ў танцах, жывым сваім характарам і вясёлымі
  
  169
  размовамі.
  Вясною яны прыехалі ў вёску, каб вечарамі прагульвацца пад ясным небам, адпачываць у засені ліп, слухаць салаўіныя і жаўруковыя спевы. Але, ах! Гэтаю
  вясною напаткалі Люцэфугу найвялікшыя пакуты і ляснулі ўсе яго надзеі.
  Увечары, на захадзе сонца, выйшлі яны прагуляцца ў поле. Неба было
  пагоднае, паветра ціхае. Ідучы недалёка ад лесу, размаўлялі пра сваіх знаёмых.
  Аўрэля захоплена казала пра аднаго маладога кавалера, які быў надзвычай
  спрытны ў танцах, Люцэфуга хваліў свайго сябрука, што, гуляючы ў карты, ніколі
  не прайграе. Між імі ўсчалася спрэчка, і калі Аўрэля, даводзячы сваё, усё больш і
  больш злавалася, – нечакана зашумеў лес і вецер засвістаў над полем. Аўрэля, гэтая лёгкая паветраная істота, як пяро, узляцела і хутка, так што нельга было яе
  стрымаць, падымалася ўсё вышэй і вышэй. І вось ужо ляціць над бярозавым гаем, муж глядзіць на яе, ломячы рукі, і не ведае, што яму рабіць.
  Аўрэля ляціць разам з ветрам, нібы лёгкі матыль. Люцэфуга бяжыць праз
  палеткі, лясы і горы з надзеяю, што, можа, яна затрымаецца дзе-небудзь на
  вяршыні гары ці на высокім дрэве. Людзі рознага звання, што праязджалі
  непадалёк, паглядалі на гэта са здзіўленнем. Адны смяяліся, другія спачувалі
  Люцэфугу, але ніхто не мог яму дапамагчы.
  Муж бег, пакуль яшчэ мог бачыць яе здалёк, але калі ноч апусцілася на
  зямлю, Аўрэля знікла з вачэй. Бедны Люцэфуга спыніўся сярод цёмнага лесу, чуе
  вакол сябе толькі савіныя галасы, не ведае, у які бок падацца; хадзіў усю ноч, і
  гэты лес, здавалася яму, не меў нідзе канца. Змардаваны, ён сеў пад дрэвам, глянуў на зорнае неба, успомніў прароцтва Драўлянага Дзядка. Цяжкі сум лёг яму
  на сэрца:
  – Дзе Аўрэля? Ці яна жывая? Ці вернецца калі да мяне? – уздыхнуў, і слёзы
  паліліся з вачэй.
  Так і блукаў ён без сну цэлую ноч па лесе. На ўсходзе пачало світаць, зарумяніліся аблокі. Люцэфуга, бачачы дзённае святло на небе, крыху супакоіўся.
  Вырашыў ісці на ўсход. Калі сонца ўжо было высока, пачуў голас касцельных
  званоў, і яны вывелі яго з лесу да чалавечага жытла.
  Гэтая вёска яму незнаёмая, далёка зайшоў ён ад свайго дому; заходзіць у
  сялянскую хату, твар яго самотны, бледны, нявыспаны, змучаны начным
  блуканнем. Люцэфуга расказваў гаспадару пра сваё няшчасце, той доўга слухаў і
  здзіўляўся, што кабета была такою лёгкаю і паляцела з ветрам. Гаспадар
  задаволена глянуў на сваю жонку, што завіхалася па гаспадарцы, злітаваўся, запрасіў госця адпачыць і паабяцаў адвезці дахаты.
  Люцэфуга вярнуўся ў жончыну вёску. Усюды пуста. Няма Аўрэлі. Паслаў
  людзей паўсюль, каб даведаліся пра яе. Пасланцы вярнуліся без аніякае весткі.
  Разышлася пагудка па ўсёй ваколіцы, і нават у горадзе было вядома, што
  Люцэфугава жонка паляцела з ветрам. Адны спагадалі яму, другія, чуючы такія
  дзівы, рвалі ад смеху бокі.
  Ён не выходзіў з дому, усё разважаў, што рабіць. Аднаго разу сядзеў увечары
  самотны ў пакоі: шэры змрок і маўчанне былі яму сябрамі. Тут забягае лёкай і
  паведамляе, што прыехаў нейкі пасланец з лістом. Ён глянуў на яго з невыказнай
  радасцю: ліст быў падпісаны рукою Аўрэлі.
  
  170
  Люцэфуга прачытаў ліст і застыў як скамянелы. Аўрэля жывая, але каханне, што яна мела да мужа, страціла назаўсёды. Піша, што закончыла паветранае
  падарожжа за пяцьдзесят вёрст ад свайго дому, жыве цяпер у маёнтку даўняга
  свайго прыяцеля і вяртацца да мужа, у якога характар і погляды зусім іншыя, чым
  у яе, не думае. І таму яна рупіцца аб разводзе, не шкадуючы на гэта аніякіх
  грошай.
  Люцэфуга хутка страціў жонку, маёнтак і ўсе надзеі; прыяцелі і знаёмыя, што
  прыязджалі да яго на гасціны і на начныя забавы, бачачы яго няшчасным, пагарджалі ім і здзекаваліся з яго. Не маючы сіл трываць гэтыя здзекі, ён схаваўся
  назаўсёды ад усіх знаёмых.
  Мінула колькі гадоў. Пра Люцэфугу ніхто нічога пэўнага не чуў. Успаміналі
  толькі яго вяселле і развод. Пасля пайшлі пагалоскі, што жыве ён на гэтым свеце
  без усялякае мэты, узненавідзеўшы ўсё пад небам, праклінае сённяшні дзень і не
  верыць у будучыню.
  Праз нейкі час кожны, хто ішоў па калідоры езуіцкага калегіума ў Полацку
  ля Архітэктанічнае залы, чуў голас Дзядка. Той паўтараў:
  – О! Люцэфуга! Люцэфуга!
  Пачуўшы гэта, шкаляры і настаўнікі смяяліся, гаворачы між сабою, што
  Драўляны Дзядок праз столькі часу згадаў пра Люцэфугу.
  Надышла поўнач. Шмат хто ў кляштары езуітаў яшчэ не спаў. Чуючы нейкі
  незвычайны шум на калідоры, людзі павыходзілі з келляў, каб даведацца, што там
  чыніцца, і бачаць: стаіць ля сцяны ў слабым месяцавым святле нейкае страшыдла
  на мностве лапаў. Перапалоханыя, яны разбегліся і расказалі ўсё іншым. Пасля
  ўсім гуртам з запаленымі свечкамі выйшлі другі раз, але гэтае страшыдла, аслепленае святлом, ужо некуды знікла. Але лёскат і шум па-ранейшаму
  адзываўся ў цёмным калідоры. Перапалоханыя, усе сядзелі ў сваіх келлях і да
  відна не маглі заснуць.
  Ранкам, збіраючыся адусюль, манахі апавядалі адзін аднаму пра тыя начныя
  жахі. Езуіт-брамнік казаў, што гэтае начы ён чуў на калідоры нейкі дзіўны лёскат, а пасля нібы енкі і падземныя стогны. Калі ён выйшаў з келлі, убачыў жахлівыя
  дзівы: нейкая пачвара сунулася па калідоры, быццам човен па вадзе, і мноства
  лапаў з аднаго і з другога боку падымаліся і апускаліся, нібы вёслы.
  Перапалоханы, ён закрычаў:
  – Усё жывое славіць Пана Бога!
  Страшыдла імгненна знікла, а ён, запаліўшы свечку, ноч навылёт прамаўляў
  пацеры.
  Дзіўнае відовішча бачылі некаторыя вучні, калі познім часам, не
  запальваючы святло, сядзелі ў сваіх келлях. Шмат хто, чуючы нейкі неспакой і
  страх, павярнуўшыся, заўважаў ля сябе страшыдла, якое адразу ж знікала; збіраліся ўсе ў адну грамаду, і ніхто ўжо не начаваў у келлі адзін.
  Але і ўдзень было адно вусцішнае здарэнне. Нейкі музыка, што служыў пры
  езуіцкім касцёле, раней калісьці сябраваў са студэнтам Люцэфугаю. Гэты музыка
  быў адзін у пакоі, калі гадзіннік прабіў паўдня; ён на флейце развучваў духоўныя
  п’есы славутых кампазітараў. Потым склаў ноты, стаў спінаю да вакна і па памяці
  іграў варыяцыі, якія яму прыходзілі ў гэты час у галаву. І тут бачыць, як у
  
  171
  цёмным куце з-пад падлогі вылазіць прусак, паўзе на сярэдзіну пакоя, спыняецца, пачынае надзімацца і расці. Пасля з-пад чорнай скарлупіны з’яўляецца чалавечая
  галава і страшнымі вачыма пазірае на музыку. Музыка пазнае Люцэфугаў твар; перапалоханы, выпусціў з рук флейту, скочыў ад вакна, а сонечны прамень
  стрэліў праз шыбу на страшыдла, і яно імгненна знікла. Музыка выскачыў з пакоя
  і, бегучы па калідоры, крычаў:
  – Люцэфуга! Люцэфуга!
  Усе са здзіўленнем глядзелі на яго, распытвалі, што з ім, але ён, бледны, як
  труп, маўчаў і дзіка аглядаўся. Прайшло шмат часу, перш чым ён апрытомнеў і
  расказаў пра тое страхоцце.
  Яшчэ колькі начэй паўтараліся гэтыя жахі. Нарэшце ксёндз-рэктар загадаў
  запаліць у асобных мясцінах кляштара грамнічныя свечкі, ды так, каб іх святло
  разлівалася па калідорах. Такім чынам вярнуўся спакой, і Люцэфуга больш не
  з’яўляўся.
  Калі Ротмістар расказваў такое, дзеці стаялі ля бацькі, і адзін з іх заплакаў.
  Бацька спытаўся малога, чаму той плача.
  – Баюся Люцэфугі, – адказаў сын.
  Тады пан Зямельскі загадаў ім усім ісці па сваіх пакоях, памаліцца і класціся
  спаць.
  Малыя дзеці разам з маці і паннай Анэляй, пажадаўшы добрае ночы бацьку і
  гасцям, выйшлі.
  – А мы яшчэ пасядзім, – сказаў гаспадар, – Ротмістар ведае шмат цікавага пра
  Драўлянага Дзядка, няхай расказвае нам яшчэ што-небудзь.
  – Вы чулі, як Драўляны Дзядок прарочыў студэнту Люцэфугу, – прамовіў
  Ротмістар, – а цяпер раскажу, што прадказаў ён гордаму Філосафу.
  
  
  ГОРДЫ ФІЛОСАФ
  
  Дык вось, быў у тыя часы ў Полацку шкаляр, якога калегі і знаёмыя звалі
  толькі Філосафам, – з тае прычыны, што найбольшую прыхільнасць ён меў да
  гэтага прадмета. Мала яму было аўтараў, дазволеных у школах. Ён імкнуўся
  розным чынам набыць або прачытаць забароненыя ды антырэлігійныя кніжкі
  французскіх філосафаў. Чытаў ён звычайна ўначы, калі ўсе спалі, а ўдзень і
  ўвечары апавядаў прачытанае сваім калегам і пачынаў з імі дыспуты, у якіх з
  вялікім трыумфам перамагаў.
  Даведаўшыся пра гэта, прафесура і ксёндз-прэфект колькі разоў неспадзявана
  прыходзілі да яго ў пакой, рабілі заўвагі, забіралі кніжкі, на яго вачах кідалі іх у
  агонь, а самому прызначалі кару. Але праз гэта ён адно зрабіўся асцярожны, добра
  хаваў забароненыя кніжкі і пасля прачытання нікому нічога не расказваў.
  Калі ён закончыў курс навук, меўся вярнуцца дахаты і здзівіць свет сваёй
  адукаванасцю; развітаўшыся з настаўнікамі, ён з прыяцелямі пайшоў да
  Драўлянага Дзядка.
  – Скажы, галава мудрага Сакрата, – пытаецца, – ці шмат філасофскіх твораў я
  ўжо прачытаў?
  
  172
  – Шмат, шмат, – адказаў Дзядок, – а яшчэ больш прачытаеш, але ў канцы
  жыцця будзеш найдурнейшы і памрэш дурнем.
  Усе, хто там быў, засмяяліся. Шкаляр жа раззлавана плюнуў.
  – Лухту вярзе пустая драўляная галава, – сказаў ён і пайшоў.
  Пасяліўшыся ў вёсцы, ён не шкадаваў грошай на сваю бібліятэку. Купляў
  філасофскія творы на розных мовах без разбору. Моладзі, якая часта збіралася ў
  яго, каб паслухаць пра высокія матэрыі, ён апавядаў пра цуды, тлумачыў
  таямніцы прыроды, якіх сам не разумеў, і быў вядомы там як вучоны чалавек, сапраўдны філосаф.
  Ён знайшоў сабе яшчэ асістэнта, нейкага чужаземца (таксама філосафа), добра яму плаціў і стварыў усялякія выгоды. А той, хвалячы яго, называў геніем у
  філасофіі і, карыстаючыся з яго легкавернасці, дадаваў да свае дурное філасофіі
  яшчэ і блюзнерствы.
  Хутка малады філосаф заганарыўся, лічыў сябе за выдатную асобу, пазіраў
  на ўсіх людзей, як глядзяць з горнае вяршыні на мурашак.
  Аднойчы ў нядзелю, пасміхаючыся, Філосаф запытаўся ў свайго таварыша:
  – А ці паедзем мы сёння ў касцёл?
  – Што там рабіць у касцёле, хіба, можа, табе трэба з кімсьці пабачыцца?
  – Я хацеў бы сустрэць сяго-таго з суседзяў і запрасіць іх да сябе.
  – То добра. На гэта шмат часу не трэба.
  Прыехалі на імшу. Святыня поўная вернікаў. Філосаф выскачыў з карэты, заходзіць у касцёл, і калі стаў пасярод натоўпу – дзіва нечуванае! – дзе ягоныя
  шырокія плечы і высачэзны рост? Вокамгненна стаў ён такі маленькі, як
  драўляная дзіцячая лялька. Хто стаяў блізка – пазналі яго і пазіралі адны са
  страхам, другія – з насмешкаю. І ўсе прэч адступаліся ад яго. Ён жа, сам
  перапалоханы, не памятаючы, што з ім дзеецца, хуценька ўцёк са святыні Божае, прыбег да карэты, дзе знайшоў свайго таварыша, расказаў пра гэты дзіўны
  выпадак. Сябар смяяўся да слёз і даводзіў, што ўсё гэта ад таго, што нервы
  разгуляліся, ці ад нейкае іншае хваробы. Аднак пасля гэтага выпадку Філосаф
  больш у святыню не заходзіў і вярнуўся дахаты ўстурбаваны.
  Па ўсім Полацкім павеце простыя людзі, апавядаючы пра гэта адзін аднаму, казалі, што Філосаф цяжка правініўся перад Панам Богам.
  Праз некалькі дзён запрошаныя суседзі сабраліся ў Філосафа. Сярод гэтых
  гасцей была моладзь, якая вельмі ўпадабала гаспадаровы разважанні; кожнае
  слова, узятае ў старажытных аўтараў, у яе разуменні было найвышэйшай
  мудрасцю. Госці дзівіліся з яго грунтоўных ведаў; пра што толькі Філосаф ні
  расказваў, мудрыя яго заўвагі захаплялі ўсіх. І гаспадар быў трыумфатарам, бо
  мог і растлумачыць любую таямніцу.
  Быў пагодны дзень, неба яснае, усе госці выйшлі ў поле на шпацыр, і
  гаспадар з імі. Паветра чыстае, вока цешылася маляніўчым наваколлем, на
  пагорках пасвіліся шматлікія чароды, на спакойным возеры плавалі качкі і белыя
  гусі, у гаях адзываліся птушыныя спевы, на лугах і жоўтых ад квецені ліпах гулі, снуючы сюды-туды, працавітыя пчолы; ясны дзень і пекныя краявіды захаплялі
  ўсіх. Філосаф разважаў пра размаітыя з’явы жыцця. Урэшце – пра чалавека, што
  ён ёсць частка самога Бога, што душа яго, заглыбіўшыся ў даследаванні, разумее
  
  173
  ўсе цуды, бачыць усе таямніцы. Добрыя ўчынкі ён называў анёламі, а грэх –
  нячыстым духам ці шатанам.
  У час гэтых разважанняў галава яго вокамгненна схавалася пад капелюшом, зацьмілася ў вачах, і зніклі ўсе малюнкі прыроды. Філосаф зрывае капялюш, і
  госці бачаць перад сабою жудаснае відовішча: не было ў яго галавы, толькі над
  шырокімі плячамі вісеў на тонкай шыі нейкі шарык накшталт макавае галоўкі.
  Задуманыя, стаяць усе, бледнасць на тварах, неспадзяванае дзіва перапалохала
  гасцей, усім мову пазаймала.
  Доўга ўся гэтая сябрына маўчала. Філосаф, круцячыся на адным месцы, нейкім пісклявым голасам мармытаў няўцямныя словы. Ледзь вырываліся з
  грудзей яго ўздыхі, а калі падняў рукі ў неба, імгненна ўбачылі над яго плячыма
  звычайную чалавечую галаву.
  Госці паглядалі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць, а яго
  сябар-асістэнт смяяўся да слёз, даводзячы, што тое дзіва здарылася ад сонечнае
  спёкі, і раіў усім вярнуцца дахаты, бо шпацыр у спякоту не спрыяе здароўю.
  Усе паверылі, што бачылі звычайную рэч, і пераканалі гаспадара, што ўсё
  гэта ад прыліву крыві. А хутка і забыліся пра ўсё. Філосаф жа па-ранейшаму
  трымаўся сваіх поглядаў і нязменна трыумфаваў.
  Ён не пакінуў займацца ашуканствам, а пасля асмеліўся нават надрукаваць
  свае разважанні, што супярэчылі рэлігіі і здароваму розуму, у часопісе. Яго
  старыя суседзі, якім гэта чытаў, папярэджвалі:
  – Пакінь свае памылкі; вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і
  спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за
  праўду веры? Бог яе сам аб’явіў у Евангеллі, і гэтая мудрасць, як сонца нябеснае, асвятляе цэлы свет і кажа пра таямніцы. Чалавечы розум няхай супакоіцца, бо
  гэта за мяжою яго разумення. Памылковыя думкі вядуць народ да бяды, а веру –
  да ганенняў.
  Аднак усе парады і напаміны былі марныя.
  На змярканні Філосаф, вяртаючыся са шпацыру, мінаў пагорак, дзе ў засені
  некалькіх бяроз стаяла старая драўляная каплічка, узвышаліся камяні і пахіленыя
  крыжы на могілках. Там ён убачыў некалькі сялян, што, укленчыўшы, маліліся за
  душы памерлых. Філосаф здзівіўся іх прастаце. “Бедныя людзі, – падумаў сам
  сабе, – вераць, што жыхары таго свету чуюць іх ці патрабуюць ад іх малітвы”.
  Ледзь падумаў так, як агарнула яго нейкая трывога, а калі заспяшаўся дахаты, убачыў нечакана, што побач з ім ідзе велізарны шкілет. Гэта так яго напалохала, што, вярнуўшыся дадому, ён доўга быў як непрытомны. Дарэмна стараўся
  пераканаць яго прыяцель, што гэта адбылося з якойсьці самай звычайнай
  прычыны. Здаралася колькі разоў, што ўвечары той шкілет заходзіў у ягоны пакой
  і станавіўся ля стала. Тады Філосаф пранізлівым крыкам склікаў да сябе ўсіх, хто
  быў у доме. Калі заплюшчваў вочы, каб заснуць, здавалася яму, што страшны
  крывасмок, абапіраючыся спарахнелай рукою, навісаў над яго тварам і жахліва
  заглядваў яму ў вочы; пранізліва крыкнуўшы: “Труп, труп!” – Філосаф
  усхопліваўся з ложка. Доўгі час бачачы такія відовішчы, ён зусім перамяніўся: пабляднеў з твару, саслабеў і заўсёды меў неспакойныя думкі. Да таго ж асістэнт, засмучаны гэтымі пераменамі, пакінуў яго і выехаў у нейкія далёкія краіны.
  
  174
  Раней Філосаф быў моцны духам, ні ў што не верыў; цяпер прымхі мучылі
  яго душу і даводзілі да роспачы. Калі часам пачуе сярод начное цішы стогны
  ўдода або журботныя савіныя крыкі, рабіўся надзвычай устрывожаны, чакаў
  якого-небудзь няшчасця ў доме. Заскуголіць сабака на панадворку – ён бяжыць
  паглядзець, у які бок павернута сабачая пыса, бо, на яго думку, там жахлівы
  пажар знішчыць вёску або выпаліць лес. А яшчэ больш раздражняліся яго
  аслабленыя нервы, калі бачыў, што, скуголячы, сабака не падымае галавы, а
  нібыта чуе нешта пад зямлёю. Роспач агортвала яго, бо гэта вешчавала смерць
  камусьці ў яго доме. І ён, не могучы пазбавіцца ад гэтага страшнага прароцтва, тут жа загадваў запрагаць коней і ўцякаць у горад або куды-небудзь да знаёмых ці
  суседзяў. Са страхам апавядаў ім, што здарылася ў яго доме, і тыя марна стараліся
  пераканаць яго, што трывога ягоная дарэмная.
  Дзіўны ўплыў на Філосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, і Філосаф не мог
  сядзець у тым пакоі, куды лілося з неба бледнае месяцавае святло.
  У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не
  раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалі; цешыў яго
  добры ўраджай, і меў ён надзею ў гэтым годзе на вялікія даходы з маёнтка.
  Нечакана пачуў ён у пакоі стрэл, нібыта з пісталета, які скалануў усе ягоныя
  нервы. Філосаф адскочыў ад вакна і ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду
  з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькі яго перапалохаў, што праз
  некалькі дзён ён памёр.
  Гаспадар загаварыў да мяне:
  – Памятаеш, калі мы хадзілі ў школу, колькі было моладзі рознага характару
  і здольнасцяў? Цяпер раз’ехаліся па свеце. Думаю, між іх ёсць шмат люцэфугаў і
  гордых філосафаў. Гора нам, калі такі заняў месца ў духоўным або грамадскім
  кіраўніцтве.
  – Цяпер жалезны век, – сказаў я, – чалавек лёгка робіцца горшы.
  – Сапраўды, век жалезны, – прамовіў Ротмістар. – Знікае спакойнае і вясёлае
  жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзін аднаго, часта чуеш стогны і скаргі. О, як
  добра прарочыў гэта Драўляны Дзядок аднаму з маіх калегаў, які быў надзвычай
  арыгінальнага нораву і ў весялосці пераступаў усе межы; калі даходзіў да такога
  стану, то кожная рэч у яго марах малявалася ў абліччы нейкіх дзіўных веліканаў.
  Імя яго – Севярын. Я за характар называў яго Летуценнікам. Раскажу вам пра
  дзівосную гульню яго фантазіі.
  
  
  ЛЕТУЦЕННІК СЕВЯРЫН
  
  Быў ён з лепшых вучняў, любілі яго настаўнікі, ён часта атрымліваў
  узнагароды, меў вялікую ахвоту вывучаць замежныя мовы і нядрэнна ўжо
  гаварыў на некалькіх. А чытаў найбольш паэзію: ідыліі Фэакрыта9, Геснера10, Шымановіча11 яго зусім ачаравалі. Паўсюль ён бачыў Аркадзію, а ўсе людзі ў
  ягоным уяўленні былі наіўныя і шчырыя пастушкі. Калі ён выходзіў на шпацыр за
  горад, дык у ручаях бачыў наядаў, на лугах скакалі німфы, а ў засені дрэваў з-пад
  зялёнага вэлюма ўсміхаліся яму дрыяды. Словам, усюды сустракаў ён
  
  175
  старажытны залаты век грэкаў, не ведаў, што ёсць бяда на свеце, быў заўсёды
  вясёлы сам і весяліў іншых.
  Аднаго разу, калі настаўнікі з вучнямі агледзелі музей, дзе былі розныя
  дзівосныя рэчы і карціны славутых мастакоў, і, спыніўшыся перад Драўляным
  Дзядком, загаварылі з ім, Севярын, налавіўшы поўную жменю мух, падбягае туды
  і пытаецца ў Дзядка:
  – Адгадай, Дзядок, што ў мяне ў руцэ?
  Дзядок патрос галавою і кажа:
  – О нешчаслівы! Ты будзеш выгнаны з раю сваіх мар, пойдзеш крамяністаю
  дарогаю, і нікчэмныя інсекты ў вобліках страшыдлаў будуць гнацца за табою.
  Севярын жа выпусціў мух, засмяяўся і пабег.
  Пасля курса навук Летуценнік пакінуў горад, вылецеў у свет, як птушка з
  клеткі, калі вясна ўбірае лугі і дрэвы пахкімі кветкамі. І ён, бедны, думаў, што
  гэтая вясна будзе яму вечнаю. Але як хутка надышла панурая восень!
  Спачатку толькі ва ўяўленні бачыў ён пекных багінь на лугах і ў гаях, нарэшце спаткаў іх і ў свеце. Гэта была панна Адэля, з маёнткам, прыгожая і з
  добрымі манерамі. Гэтай асобе Севярын аддаў сэрца, і Адэля была яго адзінаю
  мараю. Кахаў ён гады чатыры. Не буду тут апісваць шчаслівыя і нешчаслівыя
  хвіліны; гэтыя гісторыі заўсёды падобныя адна да адной, хоць і малююць іх
  розныя пісьменнікі па-рознаму. Не буду ні хваліць, ні ганіць жанчын, бо ўсе дочкі
  Евы такія і мусяць быць такімі, якімі іх стварыла прырода. Скажу толькі, што
  вужака золата і ганарлівасці звяла Адэлю, яна здрадзіла Севярыну і выйшла за
  іншага.
  Першае каханне, да таго ж яшчэ нешчаслівае, – найвышэйшая навука, пасля
  якое чалавек з увагаю пачынае чытаць кнігу свету, таямніцы сэрца, адносіны
  сяброў і блізкіх. Адсюль пуцявіны чалавечага жыцця бяруць накірунак на поспехі
  і няўдачы. Тут ён сустракае няраз насмешлівыя вочы і нясталае сяброўства.
  Зразумеў і Севярын, што свет не рай, а людзі не анёлы.
  Пасля гэтага здарэння зрабіўся ён самотны, усе ягоныя мары былі жахлівыя, уцякаў ад людзей, мілай была яму адзінота, найпрыемнейшы быў яму малюнак
  неба, і то толькі тады, калі ў чорных хмарах адзываліся грымоты, выў вецер, шумелі лясы і хвалі на возеры. У нікчэмных жамярыцах пазнаваў ён постаці
  шкадлівых людзей, мроіў і расказваў пра дзівы. Усе, хто ведаў Севярына, жартавалі з яго і называлі вар’ятам.
  Калі я вандраваў у тых краях, дзе ён жыў, дык адведаў яго як сябра свайго
  дзяцінства. Заходжу ў пакой і бачу, што сядзіць ён самотны, задумлівы, бледны, вопратка і валасы збэрсаныя.
  – Як маешся, Севярын?
  Ён устаў, абуджаны ад сваіх мрояў, і доўга, не пазнаючы, глядзеў на мяне. Я
  назваўся.
  – А! Даўно чакаю! – прамовіў ён, паціснуў мне руку і пасадзіў ля сябе, а сам
  зноў аддаўся мроям і сядзеў як нямы.
  – А ўжо колькі гадоў прайшло, – перапыніў я маўчанне, – як развіталіся мы з
  маладымі нашымі прыяцелямі і настаўнікамі. Шчаслівыя былі часіны! Ці
  ўспамінаеш цяпер тыя даўнія забавы, размовы, майскія праходкі, прыемныя мары
  
  176
  і жарты, у якіх ты заўсёды вёў рэй?
  – Мае мары і жарты зніклі назаўсёды. Цяпер у мяне іншыя погляды: тады
  чалавек мог бы зрабіцца шчаслівы, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў
  яго пясок і нічога не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце.
  – Як ты перамяніўся! – здзівіўся я. – Няўжо табе абрыдла ўсё пад сонцам?
  – Усё. Расказаў бы шмат, але баюся, бачыш: усюды вакол нас лётаюць мухі.
  Бачыш, гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае вакно. Яны
  ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як
  молімся. А бачыш слёзы на маіх вачах? Іх ты раней ніколі не бачыў, вось якая
  перамена са мною. Але паслухай, што раскажу табе. Ты не зважаў, якія гэтыя мухі
  страшныя? Я сяджу тут самотны, у гэтым ціхім маім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іх
  рознай формы: адны круглыя, шырокія, з крывавымі плямамі, другія – сухія, з
  востраю бародкаю і доўгімі валасамі. І ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва.
  – Вялікая розніца, – сказаў я, – у тваіх мроях. Раней цябе захапляла паэзія
  грэкаў і шчырае каханне патрыярхальных часоў, цяпер жа ў цябе фантазія нейкая
  журботная.
  – Але слухай, яшчэ табе штосьці скажу, – прамовіў ён, – пра гэтых нягодных
  мух. Я любіў чытаць паэтаў, любіў некалі і пісаць. Прыйшло мне ў галаву сказаць
  у вершах пра свае пачуцці, якія былі ў мяне да свае сям’і і да Адэлі, якую шчыра
  кахаў. Я паслаў ёй свае песенькі, з якіх яна магла б зразумець маю сапраўдную
  прыхільнасць. Яна прачытала, паклала на стале, але і там мухі, якія, не маючы
  што рабіць, лёталі ўсюды, здзекаваліся з маіх пачуццяў, звінелі датуль над вухам
  Адэлі, пакуль яна зусім не забыла пра мяне і мае вершы. Ды яны і цяпер не даюць
  мне спакою, і цяпер, калі што-небудзь напішу, усё абсмяюць і запэцкаюць, гэтыя
  прыкрыя мухі.
  – Гэтыя мухі, на якіх ты так скардзішся, былі і будуць...
  Тут ён перапыніў мяне, схапіў за руку:
  – Ці бачыў ты калі саранчу?
  – Саранчы ў нашым краі няма, – адказваю. – Яна на ўсходзе. Нападае там на
  лугі і засеяныя палеткі.
  – Не бачыў ты, – кажа, – гэтую вялікую тоўстую жамяру. А на ёй – іерогліфы.
  Хто ўмее, той выразна прачытае такія словы: “К а р а Б о ж а я ”. А ці ж кара Божая
  толькі там, недзе далёка на ўсходзе, а не ў нас? Пайшлі ў поле, я табе пакажу
  саранчу.
  Ён вывеў мяне на бераг імклівае рэчкі, дзе ўспененыя хвалі шумелі між
  камянёў: мінуўшы лугі, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелі на высокім
  беразе ў засені алешыны. Севярын задумліва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля
  ветрык, зашумелі дрэвы; ён ачнуўся ад сваіх думак і сказаў мне:
  – Я часта наведваю гэтыя мясціны, люблю адзін сядзець тут і прыгадваць
  мінулае. Успамінаю ўсе размовы, якія меў некалі з Адэляю, хоць яна зусім пра
  мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалі.
  Раптам паказаў рукою на ваду:
  
  177
  – Глядзі, глядзі! Вось ляціць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае і ўсё жарэ ў паветры і на зямлі. Яшчэ што скажу: ніколі
  яна не гіне, як шатан, з’яўляецца ў розных абліччах. Калі пажоўкнуць трава і
  лістота на дрэвах, павее халодны восеньскі вецер, яна падае на ваду, скідае з сябе
  крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла і там жарэ ўсё, што сустрэне.
  Прыйдзе вясна – у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю
  пашчаю, як лятучы цмок, і каго напаткае – знішчае. Завалодала гэтая пачвара
  зямлёю і вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Ці не яна заразіла чалавечыя сэрцы, што людзі прыгнятаюць адзін аднаго.
  – Нейкая чорная меланхолія, – сказаў я, – зацьміла твае думкі, усё бачыш ты
  ў пачварных вобразах. Нешчаслівы, з такімі думкамі ніколі не прычакаеш спакою.
  – Вось і не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнічаць. Далёка ў
  чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзікім лесе буду
  жыць спакойна, пра Адэлю нават і не ўспомню, бо паміж намі будзе вечнасць.
  Вечнасць!..
  – І родны край забудзеш?
  – О, не! – адказаў ён. – Калі не вярнуся на Бацькаўшчыну і памру недзе
  самотны на вяршыні гары ў чужым краі, крукі занясуць туды мае косці; усё ж
  лепей быць пасля смерці з птушкамі, а не з чарвякамі.
  Я быў там цэлы дзень; блукалі з ім па гарах і лясах, і ён несціхаючы гаварыў
  пра свае мроі. Затрымаў мяне і на ноч. І ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялі. А
  ўначы ён часта ўсхопліваўся з ложка, уставаў і хадзіў па пакоі, дык і я спаў не
  шмат, бо кожную гадзіну мой сон перапыняўся.
  Наступнага дня, калі мы прачнуліся, сонца было ўжо высока. Ён прывітаў
  мяне з крыху весялейшым тварам, распытваў пра маіх знаёмых, пра суседзяў, пра
  мяне самога, ці часта я быў дома пасля таго, як мы развіталіся пасля школы, якія я
  наведаў краіны і як жыў? Ён дзякаваў мне, што пераведаў яго, а калі я сказаў
  запрагаць коней, каб раней выехаць, ён міла ўпрошваў мяне застацца на абед. І я
  не мог адмовіць яго шчырай просьбе.
  Пасля абеду Севярын прынёс найлепшага віна, якое меў з даўняга часу.
  – Давай вып’ем, – сказаў ён. – Гэта апошняе развітанне, убачымся ўжо хіба
  што на тым свеце.
  Пасля загадаў запрэгчы коней, далёка правёў мяне і развітаўся са слязьмі.
  І сапраўды, гэта была апошняя сустрэча. Хутка я даведаўся, што Севярын
  пакінуў той дамок, дзе некалі жылі ягоныя бацькі, выехаў назаўсёды, і цяпер ніхто
  не ведае, дзе ён. Ці жыве яшчэ, ці, можа, памёр ужо ў чужым краі і між чужога
  народа.
  
  
  ПРЫВІДЫ
  
  Пан Зямельскі загаварыў да мяне:
  – Вось так і мой даўні сябар пакінуў Бацькаўшчыну, і васемнаццаць гадоў не
  ведалі мы, дзе вандраваў ён па свеце. Мы часам верым, што недзе там, далёка, лепшы край і лепшыя людзі. Бог яго ведае, нашы бацькі жылі і тут спакойна, нам
  
  178
  жа наканавана іншая доля. Аднак я, дзякуй Богу, пражыў свае маладыя гады там, дзе нарадзіўся. Можа, дасць Бог, і косці мае тут спачнуць.
  – Што да мяне, дык я шмат вандраваў; калі б захацеў расказаць пра сваё
  жыццё, дык успамінаў бы ўсю гісторыю слаўных войнаў Напалеона. Не мроі
  прымушалі мяне туляцца па ўсім свеце са зброяй у руках, не прага таннае славы, а
  надзея, што некалі буду цешыцца ўспамінамі мінулых маіх спраў і спакойна
  памру сярод сваіх землякоў. Але Бог наканаваў інакш. Мой сын туляецца недзе ў
  чужой зямлі, жыць засталося мне няшмат, ужо, пэўна, яго не пабачу...
  Сказаў так стары Ротмістар і слёзы паліліся з ягоных вачэй. Гэта засмуціла
  мне сэрца і думкі.
  – Бог вялікі і Ўсемагутны, – сказаў я, – і на яго трэба спадзявацца.
  Да нашае размовы дамяшалася маўчанне. Ротмістар, выціраючы хусцінкай
  слёзы нарэшце абазваўся:
  – Праўда, хто верыць, той сустрэне цуды.
  І тут перад нашымі вачыма з’явіўся дзіўны прывід. Стаіць высокая кабета, сукенка яе белая, як снег, твар гожы, як у анёла, на галаве вянок са свежых ружаў, на руках трымае Драўлянага Дзядка. Мы аслупянелі, а яна вокамгненна знікла.
  Глухое маўчанне. Глядзім адзін на аднаго, не адважваючыся вымавіць слова.
  Так мы сядзім нейкі час. Нечакана адчыняюцца дзверы і заходзіць у наш
  пакой гаспадыня.
  – Што такое? – дзівіцца яна. – Цэлую ноч гамоніце, не чуеце, што ўжо другія
  пеўні праспявалі, мусіць, хутка пачне днець.
  – Пан Ротмістар, – сказаў Зямельскі, – так захапіў нас сваімі апавяданнямі, што мы зусім забылі пра сон, а да таго ж, толькі што ўсе мы тут бачылі дзіўны
  прывід: нейкую кабету з кветкамі на галаве, і Дзядок такі ж, як наш, быў у яе ў
  руках.
  – У сне і я бачыла цуды, пра якія ніколі не думала наяве. Снілася мне нейкая
  прыгожая раніца, было так ціха, што валасы і не варухнуліся на галаве, на небе ні
  хмурынкі, узыходзіла сонца, і было яно не сляпучае, але разлівала вакол святло, нібы з чыстага золата. Сабралася шмат люду, усе моўчкі, нібы чакаючы кагосьці, паглядалі на ўсход. Тут з вышыні зляцеў анёл, стаў на ўсходзе, ударыў рукою па
  сонцы, і зазвінела па ўсёй зямлі, быццам ударыў нехта ў звон. Гэтыя зыкі праніклі
  ў чалавечыя сэрцы. Укленчылі ўсе, і я старанна малілася. Да мяне падышоў стары, зусім падобны да нашага Драўлянага Дзядка, і кажа: “Маліся!”
  Пасля мне здавалася, што я адна блукала ў полі, бачыла на небе рэдкія
  аблокі, і яны былі белыя, як снег; адно воблака ўпала на зямлю перада мною, я
  падняла яго і бачу, што на ім штосьці напісана, але што – прачытаць не магу. Зноў
  падыходзіць да мяне той самы Дзядок і кажа:
  – Я табе прачытаю, слухай і запамінай. Тут напісана: “Бог справядлівых
  уславіць перад светам”.
  Тут я прачнулася і больш заснуць не магла. Пачула, што вы яшчэ гамоніце, і
  прыйшла расказаць сон.
  Сказаўшы гэта, яна выйшла.
  Ротмістар уздыхнуў і сказаў:
  – Вялікая міласэрнасць Божая! – і, ходзячы па пакоі, пачаў гаварыць пацеры.
  
  179
  Закончылася размова. Пасцелі падрыхтавалі нам у гэтым самым пакоі.
  – Не спяшайцеся заўтра рана ўставаць, – сказаў гаспадар. – Свеціць дзянніца
  на ўсходзе, ноч была бяссонная, няхай нам гэты дзень аддзячыць.
  Пажадаўшы добрае ночы, ён выйшаў з пакоя.
  
  
  РАЗВІТАННЕ
  
  Я прачнуўся, глянуў у вакно: ясны сонечны прамень, прабраўшыся праз
  шчыліну ў аканіцы, асвятляў пакой. Ротмістар, ходзячы з кута ў кут, шаптаў
  пацеры, глянуў на мяне і сказаў:
  – Хутка поўдзень. Спалі мы добра, бо і я таксама нядаўна прачнуўся, а час
  ужо дадому. – Ён выйшаў, паклікаў лёкая, загадаў адчыніць вокны, і я як хутчэй
  пачаў прыбірацца: за ўсё маё падарожжа яшчэ не выпадала мне ні разу так позна
  ўставаць.
  У хаце было ціха. Лёкай паведаміў, што пан і пані з работнікамі ў полі і
  дзяцей забралі з сабою, каб тут незнарок не перапынілі наш сон.
  Мы пайшлі з Ротмістрам у поле, а адтуль з гаспадаром і ўсёй яго сям’ёю
  вярнуліся дахаты.
  Пасля снедання пан Ротмістар развітаўся з гаспадаром і гаспадыняю і, паціскаючы мне руку, прамовіў:
  – Жыву я далёка ад тваіх родных мясцін. Дык хоць успамінай мяне, пра
  нашы начныя размовы, пра сны і прывіды. Можа, ужо і не сустрэнемся, бо мне
  недалёка да магілы.
  Пан Зямельскі з жонкаю і дзецьмі і я правялі Ротмістра аж да мяжы з
  суседзямі.
  Гаспадыня з дзецьмі вярнулася дадому, а мы ўдвух пайшлі аглядаць гаі і
  засеяныя палеткі. На праходцы пан Зямельскі шмат мне расказваў, дзе ў яго якая
  зямля, дзе якое трэба сеяць збожжа і як уводзіць у сялянскую гаспадарку новыя
  спосабы працы, якія не вельмі ўдаліся ягоным суседзям.
  – Гаспадарка, – сказаў ён мне, – вымагае не прыдумак розных, а досведу і
  руплівасці; хто працуе, таму і Бог дапамагае. Шмат у нас ходзіць праектаў, як
  разводзіць жывёлу і палепшыць зямлю. Нашы продкі жылі на гэтай зямлі
  спакойна і заможна. Гаспадару, які славіць Бога, усяго хапае. Няхай у яго і
  спытаюць, якім чынам палепшыць зямлю і як развесці жывёлу.
  Калі мы ішлі па беразе возера, ля якога даспявала ранняя грэчка, Зямельскі
  пляснуў рукамі – і з нівы, нібы хмара, паднялася вялікая чарада дзікіх качак.
  – Ад іх, – сказаў ён, – адна шкода. Азёраў і рэчак шмат, і столькі гэтых качак
  развялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нівы, што блізка ля вады.
  Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзікіх
  птушак і драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне
  цудоўны авёс. Дык мядзведзь за некалькі начэй знішчыў усё, пакінуў толькі
  здратаваную салому. Гэты звер не толькі нападае на жывёлу і пчол, але і нівы
  пустошыць. У мяне добрыя сабакі. Яны вартуюць жывёлу ад ваўкоў і мядзведзяў, а вось засеяны палетак немагчыма ўпільнаваць ад шкоды.
  
  180
  Так мы, ідучы, размаўлялі. Павеяў вецер, і далёка за лесам абазваўся гром.
  Глянулі мы ўгору: велізарная хмара з усходу падымаецца над лесам, маланка, як
  вужака, прабегла колькі разоў праз нябеснае чарноцце. Мы паспяшалі туды, дзе
  работнікі зграбалі сена. Ледзь паспелі скончыць і вярнуліся ўсе дахаты, як сонца
  схавалася за хмараю, пацямнела, усхадзіўся вецер, жывёла бегла хавацца ў хлявы, гусі, выцягваючы шыі і махаючы крыламі, нібы ветразямі, з крыкам уцякалі з
  поля.
  Раптоўны дождж з градам сек у вокны. Ускінулі на вуголле свянцоныя зёлкі, і ўся сям’я, укленчыўшы, прасіла Бога быць міласэрным. Шум дрэў і залевы, стрэлы грому наганялі страх. Але хутка моцны вецер разагнаў хмары. Скончылася
  навальніца, блакітнае неба і сонца паказаліся з-за аблокаў.
  Гаспадар выйшаў у поле і хутка вярнуўся вясёлы.
  – Дзякуй Богу, навальніца не нарабіла шкоды. Дробны дожджык ідзе, няхай, работнікі адпачнуць у хаце.
  Дзень хіліўся да вечара. Я расказваў сваім землякам аб прыгодах, што
  здараліся ў маім жыцці, як пакінуў Беларусь. Усе з цікавасцю слухалі пра дзівосы
  паўночнай сталіцы, пра тэатры, канцэрты, пра норавы жыхароў. Але найбольш іх
  займалі небяспечныя марскія падарожжы, буры, малюнкі гор і берагоў чужых
  краін.
  – Я ніколі не меў ні ахвоты, ні цікавасці наведаць чужыя краіны, – сказаў
  гаспадар. – Заўсёды мяне захаплялі тыя памятныя вершы, якія некалі ў Полацку ў
  езуіцкім тэатры спяваў хлопец, іграючы на гуслях:
  Шчаслівы, хто ад спрэчак далёкі,
  Як і ў тыя, мінулыя рокі,
  Не сядзіць, а старанна працуе,
  Дык яму ва ўсім вечна шанцуе.
  – Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве ў вёсцы з працы рук сваіх. Анэля, вазьмі
  гітару і заспявай песеньку, якую я склаў, прыгадаўшы, як у школьныя гады пісалі
  мы вершы.
  Анэля настроіла гітару і заспявала, як вясновая птушка, мілагучным і
  прыемным голасам:
  Славяцца дрэвы красою
  Ў пушчы у нашай і ў гаі.
  Там салавейка вясною
  Цэлую ночку спявае.
  Ў лузе на пашы багатай
  Статкі жывёлы пасуцца.
  Грэчкі ў нас ніва за хатай –
  З мёдам там пчолкі снуюцца.
  Як гаспадар на палетку
  З неразагнутай спіною,
  Бог тут дарадца і сведка –
  Жыта сцяною.
  Нетры лясоў бласлаўляе
  Наш паляўнічы руплівы.
  
  181
  Рыба ў азёрах гуляе,
  І рыбалоў тут шчаслівы.
  Пасля гэтае песенькі шмат яшчэ пан Зямельскі расказваў пра сваю
  гаспадарку, аб продажы сена, жыта, аўса і іншых дарункаў зямлі. Гаспадыня
  хваліла пароду жывёлы, а менавіта авечак, якія мелі доўгую і мяккую воўну.
  Апавядала аб прыбытках ад продажу малака і свойскіх птушак. Панна Анэля
  дастала з куфра белы і тонкі, як паркаль, кужаль; гаварыла, што бацька, на яе
  шчасце, штогод засявае адну ніву льном, з якога пад яе наглядам ткуць палатно, і
  яна штогод прадае частку яго ў горадзе і за гэтыя грошы купляе сабе на ўборы ў
  краме паркаль і ядваб.
  Некалькі дзён бавіў я ў прыемных размовах у доме пана Зямельскага, увесь
  час адчуваючы ветлівасць і шчырасць сэрцаў усёй ягонае сям’і. Я быў невыказна
  шчаслівы. Час той прамінуў як найпрыемнейшы сон.
  Узышло сонца, пагодны ранак, час у падарожжа. Пасля снедання я развітаўся
  з усімі са слязьмі на вачах, а памяць пра іх назаўсёды засталася ў маёй душы12.
  
  
  182
  
  
  
  
  
  
  ДУША НЕ Ў СВАІМ ЦЕЛЕ
  
  Разлеглы абшар Валыні1 ў большай частцы пакрыты лясамі, на захадзе ж
  вачам адкрываюцца стэпы і зусім іншыя краявіды. Праз ваколіцы і мястэчка
  Цуднаў2 плыве Цецераў; на заходніх і ўсходніх берагах гэтае рэчкі ўздымаюцца
  высокія дзікія скалы, нібыта руіны даўніх часоў, і здаецца, што іх накшталт
  сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае і ўрадлівае
  зямлі. Ад Цуднава аж да межаў Падолля3 – паўсюль улетку можна бачыць нівы, засеяныя буйною пшаніцаю; тут зямля без вялікіх намаганняў аратага дае багаты
  плён. Хоць жыхары гэтых ваколіцаў забяспечаны ўсім, што толькі трэба дзеля
  іхніх выгодаў, аднак і сярод іх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як і ўсюды; няма праўдзівага шчасця, няма раю на гэтай зямлі.
  Халера, цяжкая азіяцкая хвароба, ахапіла ўсходнюю частку Еўропы і ў 1847
  годзе, пераходзіла з месца на месца, імкнучыся на поўнач і на захад; і гэтай кары
  Божай паўсюль папярэднічала надзвычайная трывога. У пачатку чэрвеня 1848
  года4, у самую спёку, з’явілася яна на Валыні і была ў асобных мясцінах
  жудаснаю; у мястэчку Цуднаве і ў ваколіцах пасля гэтае страшэннае бяды шмат
  засталося няшчасных удоў і сірот.
  Увосень, калі небяспека тае страшнае эпідэміі знікла, у доме шляхціца Н.
  сабраліся суседзі, і сярод іх пан Зянон, які, вандруючы па гэтым краі, пазнаёміўся
  з ветлівым гаспадаром. У гэтай грамадзе пачалася размова пра халеру, пра
  нябожчыкаў і пра тых, хто ачуняў; госці, нібыта мараходы на беразе пасля
  жахлівае марское буры, успаміналі сяброў і знаёмых, што зніклі ў вірах, і тых, каму Бог дазволіў выплыць на бераг, каб яшчэ працягваць пілігрымку свайго
  жыцця.
  – Шкада Саматніцкага, – прамовіў адзін з гасцей. – Добры быў чалавек! Як ён
  стараўся дапамагаць тым, хто пакутаваў ад гэтае хваробы, а сам памёр без
  догляду, бо жыў у адзіноце на хутары, дзе толькі дрэвы шумяць над дахам.
  – Адкуль, Мацею, у цябе такія весткі? Саматніцкі і цяпер жыве на тым жа
  хутары, я нядаўна сам яго бачыў.
  – Я ведаю, што хтосьці там жыве, але не ён, бо знаў яго добра. Быў гэта
  мужчына высокага росту, светлавалосы, досыць прыгожы, а гэты – зусім іншы, ростам значна меншы, худы, чарнявы і, здаецца, нават старэйшы.
  – Гэта Саматніцкі. Праўда, ніжэйшы, іншы з твару, бо ён цалкам перамяніў
  цела, а як гэта сталася, ведаю толькі я.
  
  183
  – Дзіўныя рэчы ты апавядаеш, пане Мікола, – сказаў гаспадар. – Усім нам
  цікава ведаць, якім гэта чынам можа чалавек змяніць сваё аблічча.
  – Рэч немагчымая, незразумелая, надзвычайная і нечуваная, але так было.
  – Аднак растлумач жа нам гэтую загадку! – закрычалі ўсе госці. – Бо ніхто з
  нас адгадаць яе не можа.
  – І я таямніцу не зразумеў ва ўсіх дэталях, але пра тое толькі раскажу, што
  бачылі, і пра тое, што ён сам нядаўна расказваў.
  У часе тае лютае халеры, ведаеце самі, Саматніцкі быў смялейшы за саміх
  лекараў, рызыкаваў, на любы кліч ляцеў, абы толькі даць ратунак людзям: хворых
  націраў нейкімі таямнічымі лекамі і штосьці даваў выпіць, ды такія гэта мела
  добрыя вынікі, што аніводзін не памёр з тых, каго ён наведаў.
  Цуднаўскі мешчанін, адзін з маіх знаёмых, расказаў мне пра такое дзіўнае
  здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзіне, і зараз жа
  з’явіліся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага
  цудоўнага лекара прасіць дапамогі. Калі ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым відовішчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў
  Саматніцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукі і ногі былі не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлі, рухалася, і
  здавалася, што нейкая нябачная сіла кідала гэты труп ва ўсе бакі. Мешчанін хацеў
  ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: “Пачакай хвіліну, спачатку трэба, каб ты маё
  цела намазаў лекамі і выратаваў ад пошасці, тады буду гатовы ісці з табою”. Праз
  колькі хвілінаў цела стала на ногі, здаровы Саматніцкі аправіў на сабе вопратку і
  сказаў: “Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе”. І
  сапраўды, таемнымі сваімі лекамі ён выратаваў яе за пару гадзін.
  А вось якім чынам гэты дзіўны лекар, што засцерагаў сябе і ратаваў іншых, трапіў у вялікае няшчасце. Пэўнага дня, калі ён, маючы намер ісці да хворых, намазваў сваё цела, каб засцерагчыся ад пошасці, адна асоба, якую ён моцна
  кахаў, недзе ў далёкім краі цяжка захварэла на халеру. Саматніцкі гэта ўбачыў, бо
  кажуць, што душа, калі яе не абцяжарвае цела, далёка бачыць і чуе. Быў ён вельмі
  ўзрушаны, і нават забыўся, што з целам ягоным можа здарыцца няшчасце, калі не
  схаваць яго ў зацішным кутку. Пакінуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як
  хутчэй паспець з таемнымі лекамі. Пасля выратавання мілае яму асобы і вяртання
  дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзі знайшлі ды пахавалі, лічачы, што ён памёр ад пошасці. Няшчасны Саматніцкі без цела быў нябачны, нікому не
  мог і слова сказаць, бо, чуючы ягоны голас, усе жагналіся ад страху, мяркуючы, што здань з імі размаўляе. Не маючы мажлівасці даведацца пра сваё цела, ён
  блукаў доўгі час незаўважаным, нарэшце знайшоў на дарозе нейкі труп, з якога
  толькі што душа вылецела, прымусіў сваімі таемнымі лекамі цыркуляваць кроў, улез у чужое цела, вярнуўся на свой хутар і цяпер жыве там самотна: ніхто яго не
  пазнае, усе лічаць яго нябожчыкам.
  – Лепш бы зрабіў, – прамовіў гаспадар, – калі б ужо адышоў назаўсёды на той
  свет, чым блукаць па зямлі ў чужым целе.
  – Хоча ці не хоча, – сказаў Мікола, – аднак мусіць пакутаваць на зямлі і
  чакаць, пакуль праб’е гадзіна, прызначаная Богам.
  Калі яны так размаўлялі, адчыніліся раптам дзверы, і ўвайшоў незнаёмы: твар
  
  184
  цёмны, пануры, зусім бяскроўны, аніякага пачуцця на ім, нос тонкі, пакрыты
  сухою скураю, вусны без колеру, вочы без выразу, і, здаецца, імгла нейкая іх
  ахутала. З плячэй незнаёмца спадаў сурдут, ахінаючы яго схудалае цела.
  – Так, пане Мікола, – пачаў ён працяглым і манатонным голасам, – я той
  самы Саматніцкі, пра якога ты толькі што казаў. Чужое цела – цяжар мне на
  гэтым свеце, не варта яно маіх клопатаў, але вочы душы далёка бачаць і вушы
  далёка чуюць: ведаю, пра што ты цяпер гаварыў; дзякуй, што пра мяне ўспамінаў; чалавек у маім стане не сустрэне на зямлі ні знаёмых, ні сяброў.
  Усе моўчкі пазіралі на маркотную, нябачаную дагэтуль постаць. Маўчанне
  парушыў Мікола:
  – Ратуючы іншых ад смерці, ты сам трапіў у большае няшчасце, чым смерць.
  – Ніхто з іх не вінаваты, што я так пакутую.
  – Я калісьці ў Вільні ведаў Саматніцкага, – сказаў Зянон. – Можа, ты маеш
  там кузена?
  – Гэта я сам, але не такі, якім быў колісь.
  – Ці даўно жывеш у гэтым краі?
  – Ужо некалькі гадоў; і туды, дзе быў, не вярнуся: цяпер ніхто мяне там не
  пазнае. І яна не пазнае, – не паверыць, не пашкадуе, смяяцца будзе, як з вар’ята.
  – Шмат розных выпрабаванняў было ў тваім жыцці?
  – Даследчык шукае таямніцы, бяда шукае даследчыка. Зяноне, калі верыш, што я той самы, якога ты знаў колісь у Вільні, прыйдзі заўтра ў маю хаціну – у
  мяне ёсць пра што расказаць і пра што прасіць. Бывайце. Думайце пра мяне, як
  вам заманецца.
  Пасля ягонага адыходу госці ў задуменні пазіралі адзін на аднаго, не
  разумеючы, што гэта значыць: з гаворкі здаецца ён тым самым Саматніцкім, знешнасць жа зусім іншая.
  – Бачыце,
  суседзі? – прамовіў
  Мікола. – Як
  вам
  гэты
  госць?
  Усё
  спраўджваецца, аб чым я вам нядаўна казаў: твар, вусны, нос, вочы, валасы і ўсё
  тое, што мае гэтае цела, – не ягонае ўласнае, але ён той самы Саматніцкі, бо і сам
  сябе так назваў і тое, што я казаў, пацвердзіў.
  – Але здаецца, – сказаў Мацей, – што яго не прынялі на тым свеце, дык мусіў
  зноў вярнуцца на зямлю, бо ён нібы нябожчык. Няма ў ім жыцця.
  – Дзіўны госць, – сказаў гаспадар. – Я не затрымліваў яго, бо, кажучы шчыра, ягоны прыход, быццам з таго свету, выклікаў у мяне нейкае незразумелае
  пачуццё.
  Увесь той вечар суседзі гаманілі пра Саматніцкага.
  
  * * *
   Дзень быў восеньскі, неба хмурнае, шумелі дрэвы над счарнелым дахам
  
  хутара, вецер падымаў у паветра жоўтую лістоту. Саматніцкі нерухома сядзеў ля
  акна, нібы драўляны ідал. Зянон зайшоў у хату, спыніўся і доўга глядзеў на
  гаспадара, нарэшце, каб абудзіць яго, госць папытаўся голасна:
  – Як маешся, пане Саматніцкі?
  І той раптоўна, нібы сон адагнаўшы, ускочыў з месца і прамовіў:
  – Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывітаў такога добрага госця, бо быў у
  
  185
  гэты час вельмі далёка.
  – Пэўна, дзесьці ў далёкай мінуласці, прыемна сяды-тады той край думкаю
  адведаць.
  – Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мінулае і сучаснасць заўсёды
  аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мілаю ўсмешкаю бавіцца ў сябрыне
  вясёлых гасцей – гэты расказвае ёй, што чуў, той – што прачытаў, які новы твор
  выйшаў з друку, пра знакамітых пісьменнікаў, пра літаратурную славу, як
  круціцца то сюды, то туды Кола Фартуны, што дзеецца ў вялікім свеце. І ніхто
  там пра мяне не ўспомніў, і Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне –
  ні слоўца.
  – Гэта звычайная рэч: час сцірае надпісы на цвёрдым мармуры, а людскую
  памяць лёгкі ветрык развее, малая хмарка заслоніць.
  – І я гэтага хацеў, ды лічыў, што ў далёкіх краях новыя мясціны, маляўнічыя
  краявіды ды выпрабаванні зменяць мае думкі і жаданні: пабываў у стэпах, бачыў
  цуды, узіраўся ў таямніцы прыроды, – аднак хмары і стэпавыя вятры не развеялі, не засланілі маіх успамінаў.
  – Ты не перамяніў сваіх пачуццяў, але, пэўна, скарыстаў розныя адкрыцці
  гэтага краю, які раней не ведаў; хацеў бы і я штосьці даведацца з гэтых
  адкрыццяў.
  – Якія выгоды я меў тут? Бачыш, які я цяпер? Калі я трапіў у гэты край, то
  ўпадабаў лагодны клімат, разлогі ўрадлівых ніваў, раскошу расквітнелых садоў, ветлівасць і дабрыню жыхароў. Аднак праз некалькі месяцаў захацелася мне
  болей пазнаць: я перш-наперш прагнуў пабыць ва Умані5, пабачыць пекны
  Сафіеўскі сад, так услаўлены ў паэзіі Трамбецкага6, бо ён у маім уяўленні
  маляваўся зямным раем; я вандрую, як звычайна, без вялікіх выдаткаў, і
  напрыканцы траўня пабачыў ужо разлеглыя стэпы Ўкраіны. Знаёмячыся з
  вуліцамі горада Умані, я згадваў пра тыя страшныя зверствы, якія чыніліся тут у
  часе нападу гайдамакаў.
  Шукаючы сад, я даведаўся ад тамтэйшых жыхароў да яго дарогу і пайшоў
  туды праз высокую браму прыгожай архітэктуры, заўважыў сажалку, якая з двух
  бакоў была закрытая гарыстаю мясцовасцю, лясным гушчаром і зіхацела ў цішы, нібы люстра. Паўзіраўшыся на статуі з белага мармуру, што стаяць ля вады, я
  пайшоў правым бокам далей, любуючыся шторазу новымі краявідамі; прыемна
  глядзець на расквітнелую ўвесну прыроду, а тым больш, калі яе мастацтвам, стараннем і выдаткамі даводзяць да ідэальнае прыгажосці; там усё ў той час
  вабіць чалавечае вока. Бачыў высечаныя ў дзікіх, зарослых лесам скалах гроты, бачыў гаманкія крыштальныя воды на імшыстым дзікім каменні, бачыў
  аграмадны граніт, што ледзь трымаецца на абломках скалы, палохаючы людзей, бачыў у чыстай крыніцы рыбу, якая зіхацела золатам і срэбрам. Там лугі і ўзгоркі
  ўкрыты прыгожымі кветкамі, у кустах чуваць пошчак салаўёў, бачыў там чароўны
  палац Псіхеі ды прыгожы востраў багіні Каліпсы; там сустрэнеш усё, што толькі
  можа стварыць уяўленне паэтаў.
  Самотны, блукаў я па зацішках гэтага саду. Дзень быў ясны, і ўсё квітнела, нібы ў раі, толькі мае думкі ахапіла скруха. Будучае і мінулае, быццам дзве
  чорныя хмары, віселі перада мною і за мною, нейкае журботнае прадчуванне
  
  186
  ўпляталася ў мае мары; я хацеў бачыць толькі цярноўнік, лічачы, што на адно
  толькі тое і нарадзіла яго прырода, каб я спыняў на ім свой позірк праз усю
  пілігрымку майго жыцця.
  Сказаўшы гэта, Саматніцкі замоўк, і здавалася, зноў здранцвеў: знерухомела
  ягоная постаць, і на твары, быццам драўляным, не было аніякага руху. Зянон, не
  бачачы прыкметаў жыцця, пазіраў на яго з трывогаю; нейкі час яшчэ доўжылася
  маўчанне, нарэшце, нібы абудзіўшыся з летаргічнага сну, той пачаў зноў
  апавядаць:
  – Быў я далёка, але і там спаткаў ля кветак калючы цярноўнік. Аднак вярнуся
  да свайго апавядання. Прысеўшы і абапёршыся рукою на дзікую скалу, я аддаўся
  сваім тужлівым мроям; раптам нейкі жыд з сухім, панурым, змучаным тварам, худы, у доўгай вопратцы, набліжаючыся да мяне, сказаў:
  – Я – музыка, без інструмента граю на габоі; падарожнічаў па многіх краінах, і ўсюды маё гранне прымалі з вялікім захапленнем. Можа, пан дазволіць зайграць
  яму што-небудзь?
  – Грай, што табе падабаецца, – адказваю.
  Ён скрывіў вусны, прыціснуў праваю рукою надзьмутыя грудзі, па твары
  прабеглі канвульсіўныя дрыжыкі – зайграў нейкі жалобны марш. Слухаючы
  гэтую журботную музыку і гледзячы на канвульсіі твару і на ягоныя грудзі, я не
  мог заставацца абыякавым: аддзячыў як мог і папрасіў, каб не граў болей, не
  падрываў сваё здароўе; ён узяў плату, аднак зірнуў на мяне так, быццам быў
  пакрыўджаны.
  – Ты ведаеш лепш за мяне гэты сад, – кажу, – ці ёсць тут кусты цярноўніку?
  – Навошта шукаць кусты цярноўніку, – адказвае, – глянь уверх, над галавою
  расце велізарнае дрэва.
  Я ўзняў вочы ўверх і ўбачыў высокую акацыю з вялікімі вострымі калючкамі; я хацеў яму нешта сказаць, але ўжо музыкі каля мяне не было.
  Нейкі час я яшчэ блукаў па садзе, забіраўся ў цёмныя гроты, узіраўся ў
  струмені вады, у дзікія граніты, у мармуровыя статуі; нечакана пачало цямнець, зашумеў вецер у гушчары дубоў; убачыўшы на небе хмары, я паспяшаўся
  вярнуцца ў горад.
  Зяноне, людзі рознымі шляхамі ідуць да Вечнасці, але пра ўсё, што бачылі і
  перажылі на гэтай зямлі, пра свае забавы, мары, пра шчаслівыя ды нешчаслівыя
  сны, якія мроіліся ім у падарожжы таго жыцця, яны расказваюць наступным
  пакаленням.
  Заснавальнік Сафіеўскага саду, валодаючы велізарнымі маёнткамі, мільёнамі
  лічачы свае скарбы, не ведаючы пакутаў жабрацтва, не думаючы ні пра што
  іншае, як толькі пра прыемныя забавы, хацеў гэты сад з яго крышталёвымі водамі
  і квяцістымі далінамі зрабіць пенатамі грэцкіх багіняў; і гэта сталася сярод
  разлеглых стэпаў Украіны, дзе раней воку не было за што зачапіцца.
  Ёсць за некалькі міляў ад Умані і за некалькі вёрстаў ад мястэчка Тэпліка
  яшчэ адзін сад – Гайнароўскі, як назвалі яго тутэйшыя жыхары. Заснавальнік
  гэтага саду, пан Гайнар, пасяліўшыся ва ўкраінскіх стэпах, інакш глядзеў на свет.
  Ідучы праз панурую пустыню жыцця, не марыў ён ні пра залаты век, ні пра рай на
  зямлі, не збіраўся нікога здзівіць чароўным краявідам, не дбаў пра славу; іншыя ў
  
  187
  яго былі думкі, іншая мэта.
  Вандруючы там і чуючы няраз жарты, розныя меркаванні і дзіўныя
  апавяданні пра той сад, я наважыў паглядзець усё ўласнымі вачыма, пазнаёміцца з
  гаспадаром і зразумець ягоныя думкі.
  Сярод стэпу відаць каля вады высокія дрэвы адзінокага хутара; наблізіўшыся
  да гэтае мясціны, я не заўважыў аніякае агароджы, не спаткаў аніводнага
  чалавека, нават сабака не абазваўся каля самотнае хаціны, а ў цяні садовых дрэваў
  паўсюль панавала ціша, толькі часам шумелі кранутыя ветрам галіны. Ля самага
  ўваходу, у вішняку я заўважыў некалькі пчаліных калод, каля іх адпачываў у
  засені дрэваў нейкі чалавек, побач на траве сядзеў хлопец: заўважыўшы мяне, ён
  адразу ж разбудзіў гаспадара. Быў той ужо ў гадах, апрануты ў белую палатняную
  вопратку, худы, твар шчуплы, смуглы; з-пад густых броваў праніклівым вокам ён
  пазіраў на мяне; падышоўшы да яго, я папрасіў дазволу агледзець сад і
  пазнаёміцца з мясцовасцю.
  – Мой сад, – сказаў ён, – нагадвае дзікі лясны гушчар, тут аніводзін краявід
  не прывабіць вока.
  – Наследаванне прыродзе, – адказаў я, – больш слаўны занятак, чым усялякія
  вытанчаныя аздобы.
  – Пра іх я зусім не думаў, у мяне іншыя намеры.
  – Значна больш можа быць карысці ад таго, што абвесціць Вышэйшая думка і
  Вышэйшае імкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы
  гэты край, хацеў бы запомніць тое, што не сустрэнеш у іншых мясцінах.
  – У іншых мясцінах – іншыя патрэбы ў жыхароў; дык я буду тлумачом маіх
  думак, бо не разумеючы іх, людзі рознае мяркуюць і дамышляюць. Ды тут вельмі
  вузкія і стромкія сцежкі, я пайду паперадзе, буду правадніком.
  Я ішоў за ім у засені асінаў; вузкая сцяжынка, нібы ў лабірынце, вілася перад
  намі, з абодвух бакоў былі глыбокія канавы і ямы, берагі якіх зараслі густымі
  кустамі лазы і густою высокаю травою; у асобных мясцінах была відаць пакрытая
  зялёнаю цвіллю вада, а ў іншых, зацененых густымі галінамі, велізарныя п’яўкі
  снавалі сюды-туды; нейкая імгла вісела над панурай і дзікаю прастораю; у
  паветры была надзвычайная вільгаць, быццам пасля нечаканага дажджу, хоць
  дзень быў спякотны.
  – Праца ці прырода, – запытаўся я, – надалі гэтым мясцінам такі пануры ды
  дзікі выгляд? І якія могуць быць з гэтага выгоды?
  – Глянь на неабсяжныя стэпы Ўкраіны і шырокія засеяныя нівы – тут
  урадлівая і шчодрая зямля, але ад клімату часта бывае недарод. У гэтых мясцінах
  пануюць вятры і незвычайная гарачыня, сонца выпальвае не толькі пасевы, але і
  травы ў нізкіх ярах, ды так, што няма пашы, і ўлетку жывёла без корму і вады. Я
  працаваў шмат гадоў, капаючы гэтыя ямы і канавы, саджаючы дрэвы і кусты, каб
  затрымаць вільгаць; і ўжо шмат зрабіў, вада з майго саду, разліваючыся далей, забяспечвае патрэбы ваколіцы і мястэчка Тэпліка. Чалавек, які нязменна ідзе да
  мэты, не толькі зямлю, але і атмасферу можа змяніць; гэтая вільготная імгла, якую
  ты бачыш зараз у маім панурым садзе, збірае дажджавыя хмары з усходу і захаду
  ды поіць вільгаццю сасмяглыя стэпы: глядзі, і цяпер над нашымі галовамі
  скупчыліся цёмныя воблакі і не рушацца з месца; удалечыні відаць яснае сонца, а
  
  188
  мы тут – у засені.
  Так апавядаючы пра свае думкі і намеры, ён вёў мяне ўсё далей і далей
  вузкімі сцежкамі ў дзікім лабірынце; там, дзе шырокая канава адмяжоўвала гэтыя
  мясціны ад стэпу, я заўважыў нейкі лёх, што вёў пад зямлю, уваход у яго быў
  прыкрыты густымі кустамі.
  “Навошта патрэбна гэтае цёмнае падзямелле?” – спытаў я. “Тут, – адказаў пан
  Гайнар, – лёх і падземны пераход з аднаго месца ў іншае; яны служаць не толькі
  дзеля ахалоджвання паветра ды збірання вільгаці, але і іншая. Ды няхай таго
  ніколі не будзе. Ты чытаў пра страшэнныя зверствы Гонты і Жалезняка, ведаеш
  пра напады ягоных гайдамакаў, якія лілі кроў па ўсёй Украіне; у выпадку такіх
  нападаў лабірынт і таемныя лёхі ў маім садзе могуць служыць схованкаю для
  няшчасных жыхароў. Але гэта толькі пры нагодзе; хадзем далей, пакажу яшчэ, зробленае мною”.
  Мы выйшлі на больш адкрытую мясцовасць у другой частцы саду, спыніліся
  каля квадратнае сажалкі, што мела ў шырыню і даўжыню блізу дзесяці сажняў, а
  празрыстая вада была цёмна-жоўтага колеру, накшталт задымленага тапазу; тут я
  ўбачыў кусты нейкіх раслін, з вельмі цёмнай зелянінай.
  – Тут фармуюцца мінеральныя воды, – працягваў расказваць гаспадар, – хоць
  яны цёмна-жоўтага колеру, але празрыстыя, як найчысцейшы крышталь, і няма ў
  іх тых страшных істот, што можна ўбачыць праз павелічальнае шкло ў кожнай
  кроплі звычайнае вады. Жыхары Ўкраіны часта наведваюць Адэсу: адны, каб
  прадаць пшаніцу, а іншыя – дзеля марскіх ваннаў; збываючы прадукты, маюць
  карысць, а вось шукаючы здароўя на берагах Чорнага мора, – толькі множаць
  непатрэбныя выдаткі: падарожжа няблізкае і салёная вада мала дапамагае хворым, а гэтая крыніца будзе выратоўваць ад усіх немачаў; я добра ведаю гэтую
  мясцовасць.
  – І я, – кажу, – маю намер у гэтым годзе наведаць Адэсу, але толькі з
  цікаўнасці.
  – Едзеш у Адэсу? Я вельмі рады гэтай нагодзе, бо хачу паслаць туды сёе-тое; вазьмі, калі ласка, адну невялічкую рэч.
  – З вялікаю ахвотаю, калі не зойме шмат месца.
  – Невялікія рэчы няшмат займаюць месца.
  Сказаўшы гэта, пан Гайнар паклікаў да сябе хлопца, загадаў яму прынесці
  чатыры маленькія бутэлечкі і папяровае пудэлка, пасля павёў мяне ўглыб яру; мы
  ішлі між кустоў ды высокае травы; у засені гушчару з-пад узгорка выцякалі дзве
  чыстыя крынічкі, нібы дзве стужкі з чыстага срэбра, і праз колькі крокаў зноў
  хаваліся пад зямлёю. Спачатку ён напоўніў дзве бутэлечкі з аднае крынічкі, усыпаў нейкіх парашкоў – і вада раптоўна стала сапфіравага колеру, пасля з
  другое крынічкі наліў астатнія дзве бутэлечкі, і, калі сыпнуў іншы парашок, вада
  набыла прыгожы кармінавы колер; потым добра закаркаваў усе чатыры бутэлечкі
  і падаў мне са словамі:
  – Калі будзеш у Адэсе, пазнаёмішся там з панам Рыльцам; гэта чалавек
  вельмі вучоны, ён прысвяціў сваё жыццё даследаванням таямніцаў прыроды. Я
  пасылаю яму дзве бутэлечкі гэтай каляровай вадкасці, а дзве з такою ж вадою
  вазьмі сабе; вялікая ад іх карысць і вялікая хаваецца ў іх таямніца; аднак
  
  189
  даведаешся пра гэта не ад мяне, а ад пана Рыльца.
  Мы яшчэ доўга хадзілі па берагах іншае сажалкі, на якой былі маленькія
  астраўкі, засаджаныя дрэвамі. Пан Гайнар апавядаў мне пра розныя гатункі
  траваў, якія выраслі ў ягоным садзе, пра іх чарадзейную сілу. А калі сонца
  схілілася за небакрай, я развітаўся з садам, падзякаваўшы гаспадару за ласкавы
  прыём і абяцаючы аддаць пану Рыльцу давераныя мне вадкасці.
  Пакінуўшы ўкраінскія стэпы, я завітаў на Падолле; у гэтым краі ёсць усё, што
  патрэбна для жыцця. Тут і там дзівосная прырода, прыгожыя краявіды: у гарах
  зелянеюць дубровы і густыя грабавыя лясы, гаі нагадваюць сады з пладовымі
  дрэвамі, на шырокіх і ўрадлівых нівах гайдаюцца, быццам на моры, хвалі каласоў, квітнеюць даліны, зарослыя буйною травою, свецяцца, як люстры, ставы
  празрыстае вады, каля якіх бялеюцца вёскі і пышныя маёнткі, на берагах рэчак
  уздымаюцца сцены і піраміды скалаў, нібы рэшткі руінаў велізарных
  старажытных замкаў.
  Зяноне, трэба пабываць там, трэба паглядзець той край, зірнуць на высокія і
  скалістыя берагі Буга і Днястра, дзе прырода адбудавала аграмадныя гмахі з
  велізарных каменных камлыгаў, пад якімі чарнеюць пячоры і лёхі – вечнае жытло
  цемры, вечныя сховы начных духаў; трэба пабачыць тыя скалістыя, дзікія ды
  таямнічыя руіны, вяршыні і схілы якіх пакрываюцца панурымі ценямі густога
  кустоўя; там усюды адкрываюцца вачам дзівосныя краявіды. На берагах гэтых
  рэчак добра думаецца, там госці вядуць размовы пра гістарычныя здарэнні, пра
  фантазію люду, пра розныя навуковыя адкрыцці ад часоў патопу аж да нашых
  дзён.
  Я ўпершыню быў у гэтым краі – невядомы нікому і сам ні з кім не знаёмы. Я
  адзін вандраваў па берагах Буга і Днястра,і, самотны, няраз змардаваны
  падарожжам і дзённаю спёкаю, перад захадам сонца, абапёршыся на абломак
  скалы, узіраўся ў чарадзейныя і таямнічыя краявіды і туга распірала мае грудзі, вока блукала бязмэтна, а думка ляцела далёка-далёка, каб спаткаць позірк Адэлі, у
  якім адлюстроўваецца яе чыстая душа, што мае болей хараства і прывабнасці, чым усе цуды прыроды.
  Пасля гэтага Саматніцкі зноў нейкі час сядзеў нерухома, нібы ў ім ужо не
  было іскрынкі жыцця; Зянон глядзеў на яго колькі хвілінаў, потым, каб абудзіць з
  гэтага летаргічнага стану, запытаўся:
  – І ў тым зямным раі не знайшоў ты забыцця?
  Ён раптоўна прахапіўся і сказаў:
  – І ў пакутах не знайду.
  – Я б хацеў пабачыць той гожы край.
  – Хто мае душэўны спакой, той усё бачыць у прыгожых колерах.
  – Ці доўга ты быў на Падоллі?
  – Першымі днямі верасня я падаўся далей, ішоў праз дзікія і пустыя стэпы.
  Зазнаўшы шмат невыгодаў і смутку, я дабраўся да Чорнага мора, да Адэсы.
  Адэса – горад, пабудаваны па новай модзе: вуліцы шырокія, ходнікі для
  пешаходаў зручныя, дамы і касцёлы пекнае архітэктуры; наведваючы парты, рынкі ды розных гандляроў ва ўсіх кутках горада, я хацеў як хутчэй пазнаёміцца з
  панам Рыльцам, але ні ад каго не мог даведацца, дзе ён жыве. Нават і жыд-фактар, 190
  добра ўзнагароджаны, пытаючыся і адных і другіх, не змог мне дапамагчы; я ўжо
  пачаў адчайвацца, мяркуючы, што не пабачу яго і не даведаюся пра таямніцу
  каляровых водаў, якія я так старанна захоўваў у часе доўгай і цяжкай вандроўкі.
  Паблізу мае кватэры на грэцкай вуліцы быў тракцір7, дзе штодня і ва ўсялякі
  час можна было бачыць мяшчан, якія збіраліся дзеля камерцыйных інтарэсаў.
  Бываў і я там, і, як у тэатры, любіў прыглядацца да прадстаўнікоў розных
  народаў; у кожнай грамадзе, за кожным сталом гучала іншая мова, вялася гаворка
  па-нямецку, па-грэцку, па-італьянску.
  Чытаючы пры гарбаце газеты, я слухаў перамовы купцоў, камісіянераў ды
  рознагалосыя апавяданні чужаземцаў. І вось зайшоў чалавек з задумлівым тварам, сярэдняга росту, каржакаваты, густабровы, і хоць з выгляду яму было за
  пяцьдзесят, хоць яму можна было даць за пяцьдзесят гадоў, выглядаў ён здаровым
  і дужым. Незнаёмец загадаў прынесці гарбаты, расклаў перад сабою паперы, на
  якіх было нешта намалявана, абапёрся на руку і, узіраючыся ў тыя паперы, паглыбіўся ў думкі; некаторыя, заўважыўшы гэта, падыходзілі да ягонага стала, з
  цікаўнасцю пазіралі на малюнкі ды на чалавека і адыходзілі, адны са здзіўленнем, іншыя з усмешкаю. Ён жа, падумаўшы нейкі час, пацёр лоб і прамовіў:
  – Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у
  будучым – будуць іншыя.
  Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач
  і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў
  з ім:
  – Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?
  – Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з
  гэтым краем.
  – Не магу, – кажу я, – знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.
  – Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго
  шукаеш? – сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо
  нешта выпытаць.
  – Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для
  пана Рыльца.
  – Я – Рылец, – паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. – Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя
  каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне
  будзе даведацца пра ўсё падрабязна.
  Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру.
  Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не
  даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.
  Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і
  ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было
  некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на
  адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з
  закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гадамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды
  птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на
  другім стале – кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку: 191
  – Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне – малюнак бурлівага мора; я люблю
  тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на
  чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію
  нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага8, з якім ніхто
  не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць
  Мальчэўскага9 “Марыя”; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага10, народныя песні
  Падуры11; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага12, яго аповесць “Юля
  Патоцкая”, дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на
  польскую мову – у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам
  пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб
  развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца – даследаванне прыроды
  мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія
  акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось
  сапфіравая – гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць – вада
  агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава
  ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і
  цудоўную іх моц.
  Потым мы доўга яшчэ размаўлялі з панам Рыльцам пра Ўкраіну, пра Гайнара
  і ягоны сад і пра мае вандроўкі па Падоллі. Ён прыгадваў даўнія знаёмствы ў тых
  краях, апавядаў пра розныя здарэнні ў сваім жыцці, якім чынам трапіў у Адэсу і
  якая выпала яму тут доля; так размаўлялі мы да позняга вечара.
  На другі дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з
  каляровым пяском і рознымі акамянеласцямі, якія тоўк, перабіраў, аддзяляў ад іх
  нейкія часткі ды раскладаў на стале. Ён папрасіў мяне дапамагчы. Я прасяваў
  пясок, прамываў дробныя часткі вапны ды перасыпаў іх у шкляныя слоікі; так
  доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калі ўжо звечарэла, мы селі
  каля вакна, нібы адпачыць; асенні вецер шумеў у густой акацыі, хвалявалася
  мора, а пан Рылец, пазіраючы на чорныя валы, што разбіваліся аб бераг, так пачаў
  гаварыць:
  – Гэтыя салёныя хвалі, разбушаваўшыся колісь, выйшлі з высокіх берагоў, залілі ўсю прастору зямнога шара і пакінулі вадзяных істотаў на вечны ўспамін у
  тоўшчы зямлі, у вапнавых скалах і на высокіх гарах. Даследчыкі, сустракаючы
  гэтыя дзівы, бачаць сляды мінулага жыцця і паглыбляюцца ў таямнічую
  мінуўшчыну; і кожны з іх паводле свайго разумення стараецца прачытаць ды
  вытлумачыць гэтыя іерогліфы; час мераюць яны тысячагоддзямі; сягаюць у
  самую сівую даўніну, каб розумам ахапіць усе варункі існавання гэтага свету. Але
  дарэмныя іхнія намаганні: глыбіні зямлі, горы ды скалы – гэта трупы мінулых
  стагоддзяў, халодныя і нямыя, яны не раскажуць ім ні пра пачатак, ні пра поступ
  стагоддзяў, ні пра перамены ў жыцці, ні пра канец свой; каб убачыць даўно
  мінулы свет, трэба ўваскрэсіць, ажывіць даследаваць яго таямніцы, знайсці
  пачатак і канец усяго. У кожную эпоху прырода – непрачытаная кніга; шчаслівы, хто добра разгледзеў свет, у якім жыве, і ўваскрэсіў частку мінуўшчыны; каб
  расказаць пра ўсе цуды – мала слоў у чалавечай мове.
  З паўгадзіны размаўлялі мы пра розных істотаў, што жывуць на сушы, у моры
  
  192
  і ў паветры, пра тое, як змянялася іхняя форма, чаму зніклі асобныя віды, рэшткі
  якіх можна знайсці толькі ў тоўшчы зямлі, у бурштыне і ў вапнавых скалах. Пасля
  пан Рылец падняўся з крэсла, запаліў дзве свечкі, выняў з шафы шкляныя слоікі
  рознае формы і памераў, парашкі паклаў на стол (адны з іх былі з нейкім
  металічным бляскам, іншыя – з крышталёвым, яшчэ былі шэрыя, чорныя, чырвоныя) і сказаў мне:
  – Цяпер будзем даследаваць таямніцу ды моц каляровых вадкасцяў, што ты
  прывёз мне ад пана Гайнара: убачыш іх моц, убачыш цуд ўваскрашэння істотаў, якія тысячы гадоў ляжалі некранутыя ў сваіх скалістых магілах; убачыш і такіх, што чалавечае вока не заўважае, а мікраскопы ледзь толькі прыкмячаюць іхні рух
  ды форму.
  Сказаўшы гэта, ён выйшаў за дзверы і хутка вярнуўся з хлопцам, якому было, можа, крышку болей за пятнаццаць гадоў: бледнатвары, нос сплюснуты, тоўстыя
  губы, густыя, як шчацінне, натапыраныя валасы.
  – Гэта мой лёкай, глухі і нямы, – сказаў гаспадар. – Увогуле, мне такі і
  патрэбны: не чуе маіх размоваў і не раскажа тым, каму гэта не трэба ведаць; я
  рады, што знайшоў сабе такога памочніка.
  Ён загадаў хлопцу напоўніць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў
  даследаванні. Спачатку паставіў на стол міску, у якой была салёная марская вада і
  дзве запаленыя свечкі; я падступіўся бліжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут
  рабіцца. Вучоны сыпнуў у міску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая
  складалася з акамянелых ракавінаў ды іншых марскіх істотаў; нейкі час ён моўчкі
  ўзіраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым уліў туды некалькі кропляў
  сапфіравае вадкасці – і, ў місцы нечакана заварушылася, забурліла; праз колькі
  хвілінаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасці і сказаў:
  – Глядзі цяпер.
  Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі
  свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных
  колераў снавалі сюды-туды.
  – І ў моры цяпер шмат што змянілася, – патлумачыў ён, – рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.
  Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху
  вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды
  нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені
  тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі
  кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў
  паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды
  яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады – выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне.
  А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы
  свяціліся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец
  сказаў:
  – Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з’явілася і атрута
  смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца
  невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку
  свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць
  
  193
  гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім
  пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.
  Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім
  зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою – і на папяровым аркушы, як на
  воблаку, з’явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя
  рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і
  сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:
  – Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць
  вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх
  прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя
  жаданні, іншыя мары.
  Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец
  усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці – рэч
  немагчымая.
  – Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, – працягваў далей
  вучоны, – ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых
  матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што
  перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым
  светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна – чысты агонь, і святло
  гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен
  уваскрашаць яе хоць на кароткі час – гэтая навука ў самотным маім жыцці
  найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў
  грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё
  скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, – добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут
  ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на
  вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.
  Мы так размаўлялі аж да поўначы; і я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не
  мог заснуць: перад вачыма стаялі гады, жывая жамяра ды матылі.
  На другі дзень я падняўся рана, паставіў на стол дзве бутэлечкі гайнараўскіх
  водаў, пачаў глядзець на іх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра іхнію моц, якую не так даўно бачыў у дзеянні; з прыемнасцю марыў пра таямніцы, пра цуды, якія можна паведаміць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкія мары
  авалодвалі мною і падчас праходкі па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не
  прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямніцы свету, можа
  скончыцца вялікаю бядою, вялікімі пакутамі.
  Сказаўшы гэта, Саматніцкі некалькі хвілінаў сядзеў як скамянелы, пасля
  раптоўна крануўся з месца і зноў пачаў гаварыць:
  – Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая – шчаслівыя кабеты! Яны не
  сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямніцаў прыроды; іх
  прывабліваюць прыгожыя строі, вясёлая забава, новае сяброўства...
  
  194
  Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца.
  Ішоў туды пешкі; было сем гадзін: на цёмных вуліцах сям-там цьмяна свяцілі
  ліхтары; неба было пагоднае, толькі халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы
  да ягонае хаціны, пачуў я страшны шум марскіх хваляў, а ў вокнах заўважыў
  святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчыніў
  дзверы – і тут дзіўнае відовішча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага
  росту, сталых, шосты – пан Рылец стаялі ля стала, трымаючы ў руках поўныя
  келіхі нейкага пітва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалі: “Няхай
  славіцца Саламандра!” Яны перакулілі келіхі, а мне здалося, што выпілі чыстае
  полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:
  – Ты спазніўся і не выпіў з намі полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу
  якое – звяно, а ўваскрашэнне і жыццё – бясконцы ланцуг.
  Сказаўшы гэта, ён наліў келіх, падпаліў яго, і я, усклікнуўшы: “Няхай
  славіцца Саламандра!”, выпіў, абы не адрознівацца ад іншых гасцей і дагадзіць
  волі гаспадара.
  Потым пан Рылец дастаў з шафы каляровыя вадкасці Гайнара, загадаў
  нямому хлопцу наліць медны ды іншы посуд вадою і ў прысутнасці сваіх гасцей
  зноў пачаў з зямлі і патоўчанае вапнавае скалы ўваскрашаць ракавіны, гадаў, матылёў ды іншую жамяру; калі ўсе са здзіўленнем убачылі ажыўленыя
  дапатопныя істоты, ён загадаў змяніць ваду, прынесці лісця з дрэваў і травы.
  – Паглядзім цяпер на сучаснасць, – сказаў ён, – адна вадкасць чырвонага
  колеру пакажа нам найдрабнейшыя істоты лепей, чым самыя дасканалыя
  мікраскопы.
  Ён уліў адну кроплю ў медную пасудзіну з марскою вадою, і там на нашых
  вачах з’явілася мноства дзіўных і жахлівых істотаў, якія ўвачавідкі павялічваліся; потым даставаў адтуль страшэнных пачвараў, клаў на стол: яны нагадвалі рыб, марскіх звяркоў, яшчарак і кракадзілаў. Гэта ж учыніў потым з крынічнаю
  вадою – іншыя з’явіліся монстры. Расклаўшы на стале лісце з дрэў і траву, ён
  пакрапіў усё чырвонаю вадою, і тут паказаўся нябачны свет у надзвычайных, фантастычных постацях: крылатыя цмокі, сфінксы, кентаўры і гідры пачалі
  кружыць па шырокім стале; трывога працяла сэрцы гледачоў.
  Гэтыя і іншыя выпрабаванні доўжыліся да самае поўначы, пасля пачалася
  гаворка пра развіццё розных навукаў і разгляд твораў нямецкіх ды сучасных
  польскіх філосафаў; доўга разважалі пра Трантоўскага13, Быхаўца14, Бохвіца15 ды
  іншых; найбольш мне запомніліся словы пана Рыльца:
  – Я з большым задавальненнем чытаю старажытных грэцкіх філосафаў; яны
  шчыра шукалі святла праўды, і часам асобным з іх удавалася хоць здалёку
  ўбачыць прамень вечнага святла. Цяпер, калі нябеснае сонца Евангелля свеціць
  усяму свету, яны блукаюць у цемры і самі не ведаюць, чаго шукаюць; назвалі
  чалавечую душу часткаю Бога, а яна ж – стварэнне Божае, як і іншыя ўсе душы.
  Гэтыя размовы доўжыліся да позняе ночы, а калі прабіла дзве гадзіны, закончыліся літаратурныя забавы, і мы ўсе разам выйшлі; я адзін вяртаўся дахаты
  па пустых і цёмных вуліцах, думаючы пра ўсё тое, што бачыў і што чуў.
  У часе майго знаходжання ў Адэсе я яшчэ некалькі разоў наведваўся ў дом
  пана Рыльца, бо мяне цешыла ягоная таварыскасць і вучоныя размовы; калі перад
  
  195
  выездам з горада я прыйшоў да яго апошні раз, каб развітацца ды падзякаваць за
  ласку, ён, даючы мне дзве бутэлечкі са спіртавым настоем, дзве з алеямі, некалькі
  сваіх парашкоў, перасцярог:
  – У цябе цяпер воды Гайнара і ўсё, што патрэбна для даследавання
  прыроды – уваскрашай жа мінуўшчыну, выклікай з магілаў памерлыя істоты; вывучай таямніцы ўсіх мінулых стагоддзяў і цяперашняга свету, – і ўсюды
  ўбачыш цуды, якія іншым і не сніліся; убачыш руку Творцы, але не пераступай
  межаў, не даследуй дух, бо тут патрэбна вышэйшая сіла, тут патрэбна
  яснабачанне; не забывай, што ты чалавек, не аддаляйся ад свайго цела без волі
  Таго, хто цябе з ім злучыў, і вокам твае душы не ўзірайся ў іншую душу, якая
  створана, як і твая.
  Зяноне! Я не паслухаўся, пакінуў без увагі гэтыя перасцярогі, зрабіў інакш; той скарб, які ёсць у мяне, тую моц каляровых водаў я выкарыстаў на іншае; я
  забыўся пра мінулае і пра будучае, хацеў ужо сёння быць у раі ў гэтым жыцці, на
  гэтай зямлі хацеў бачыць Духа ў постаці анёла; я пазнаў Адэлю, яна стала для мае
  душы тым богам, тым ідэалам, якога шукаў на гэтым свеце; блукаючы ў стэпах і
  па дзікіх скалах на беразе Цецерава, думаў я пра яе, пра яе марыў; душа мая без яе
  спакойнаю быць не можа, я аддзяліўся ад цела, забыўся пра сваё цела, забыўся і
  пра зямное жыццё, – загубіў сябе. Зяноне, у далёкім краі, калі хто з маіх даўніх
  знаёмых запытаецца пра мяне, скажаш, што жыве, ды жыццё яго жахлівае. Але і
  сам я хутка пакіну гэты край ды пакіну гэтае чужое цела дзе-небудзь на чужой
  зямлі.
  Саматніцкі замаўчаў; Зянон пазіраў на яго з жалем у сэрцы; не мог нагадаць
  яму пра надзею, бо ягоная надзея згасла назаўсёды; паабяцаў толькі выканаць тое, што ён прасіў, і зноў выправіўся ў падарожжа.
  
  196
  
  
  
  
  ДАВЕРЫЦЬ ТАЯМНІЦУ СЭРЦА
  Пасляслоўе
  Адзін з пачынальнікаў Новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі значную частку
  свайго жыцця пражыў у Пецярбургу. З далёкай паўночнай сталіцы ён здолеў убачыць Беларусь.
  Увасабленнем любові да роднага краю стаў літаратурны твор – зборнік “Шляхціц Завальня, або
  Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаны па-польску дзеля адукаваных землякоў, пазнаёміць якіх з філасофіяй ды гісторыяй свайго народа і меў на мэце аўтар.
  Год нараджэння Я. Баршчэўскага, нягледзячы на шматгадовыя намаганні даследчыкаў, высветліць пакуль не ўдалося. У навуковых працах сустракаем і 1790, і 1794, і 1796. Паходзіў
  Я. Баршчэўскі з беднай беларускай шляхты. Яго бацька быў уніяцкім святаром у Марогах
  (сёння – Мурагі Расонскага раёна), невялічкай вёсцы (засценку) на беразе Нешчарды. З
  дзяцінства будучы літаратар выхоўваўся пад уплывам езуітаў, якія апекаваліся уніяцкаю
  царквою і давалі адукацыю уніяцкім светарам. Я. Баршчэўскі таксама апынуўся ў Полацкай
  езуіцкай калегіі. Дапамогі ад бацькоў ён не меў, дык мусіў зарабляць на жыццё і вучобу, выхоўваючы дзяцей заможных гаспадароў. Там, у калегіі, выславіўся Я. Баршчэўскі як паэт, вершапісца. Тры яго юначыя творы па-беларуску (вершы “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка
  занята?” і “Гарэліца”, а таксама гутарка “Бунт сялян”) захаваліся і былі надрукаваны ў 40-я гг.
  ХІХ ст.
  Нешматлікія біяграфічныя звесткі, якія Я. Баршчэўскі пакінуў у сваіх творах, гавораць пра
  тое, што паэт закончыў вучобу ў Полацку, адолеўшы шосты, перадапошні клас – клас
  філасофіі – неўзабаве пасля вайны 1812 г. Ён меў званне кандыдата акадэміі ды збіраўся
  працягваць вучобу ў Віленскім універсітэце. Нават ужо накіраваўся ў Вільню, але ў апошні
  момант прыняў прапанову свайго знаёмага і заняўся гувернёрствам, а пасля па невядомых
  прычынах перабраўся ў сталіцу Расійскае імперыі. Зусім верагодна, што гэта адбылося ўвесну
  1817 г. Па пратэкцыі знаёмых Я. Баршчэўскі ўладкаваўся на дзяржаўную службу; дзякуючы
  працы ў Марскім міністэрстве падарожнічаў да берагоў Францыі і Англіі.
  У 20-я гг. у жыцці Я. Баршчэўскага адбылася яшчэ адна надзвычай важная падзея: сустрэча ў Пецярбургу з Адамам Міцкевічам, які чытаў вершы суайчынніка з-над возера
  Нешчарда, хваліў іх і сваёй рукою паправіў некаторыя.
  Пра многія акалічнасці жыцця Я. Баршчэўскага 30–40х гг. можам ведаць з лістоў да Юлі
  Корсак у маёнтак Рудня, што каля Невеля. Паэт расказваў пра невыноснае для яго жыццё ў
  Пецярбурзе, пра тое, як ён з нецярплівасцю чакае лета, вакацый, каб ехаць у Рудню.
  Хоць Я. Баршчэўскі ў другой палове 30-х гг. і не надрукаваў аніводнага твора, аднак пісаў
  даволі шмат. На працягу 1837–1839 гадоў у шаснаццаці лістах іх было змешчана
  васемнаццаць – больш за 700 вершаваных радкоў. Сёе-тое будзе пазней надрукавана ў
  альманаху “Niezabudka”, але большасць так і застанецца ў рукапісным архіве Я. Баршчэўскага, неадшуканым да сённяшняга дня.
  Зусім верагодна, што напрыканцы 30-х – пачатку 40-х гг. Я. Баршчэўскі сустракаўся ў
  Пецярбургу з Тарасам Шаўчэнкам.
  
  197
  Увосень 1839 г. пецярбургскія студэнты, што паходзілі з Беларусі, Літвы і Польшчы, дамовіліся аб стварэнні друкаванага выдання. Назвалі яго “Niezabudka”, як напамін пра родны
  край, ды звярнуліся да Я. Баршчэўскага з просьбаю прыняць на сябе абавязкі выдаўца
  альманаха. І паэт, апрача свае штодзённае выкладчыцкае працы, клапатліва пачаў збіраць
  падпіску. Ён меў шмат знаёмых у Пецярбургу, нават сярод арыстакратаў, але надзвычай
  прыдаліся сувязі ў Беларусі. Сярод падпісчыкаў на зборнік бачым імёны Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Рамуальда Падбярэскага, кампазітара Антона Абрамовіча.
  У альманах Я. Баршчэўскі змяшчае шэраг сваіх вершаў, элегій, санетаў, а таксама баладаў
  паводле беларускіх народных легендаў ды паданняў – “Русалка-спакусніца”, “Дзве бярозы”,
  “Дзявочая крыніца”, “Зарослае возера”. З’яўленне гэтых твораў сталася значнай падзеяй у
  тагачасным літаратурным жыцці. Балады Я. Баршчэўскага з іх падкрэслена рэгіянальным, полацкім каларытам выклікалі захопленыя водгукі ў тагачаснай перыёдыцы: крытыкі
  рэкамендавалі Я. Баршчэўскаму перадаць змест беларускіх паданняў прозаю.
  Так нарадзілася ідэя зборніку “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных
  апавяданнях”, які справядліва называюць галоўнаю справаю Я. Баршчэўскага. Кампазіцыйна
  “Шляхціц Завальня” складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных
  навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Усё звязвае паміж сабою прысутнасць слухача
  ды каментатара шляхціца Завальні – прыём вядомы са старажытнасці.
  Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка
  Завальні – Янкі. А вось даручыўшы ролі асноўных апавядальнікаў розным асобам – сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, – пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з
  насельнікамі Беларусі, што належаць да розных сацыяльных пластоў, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час сукупнасць апавяданняў дазваляе выводзіць асноўную ідэю твора –
  любоў да роднага краю, пашана да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам
  усіх пластоў грамадства.
  У “Шляхціцы Завальні” пісьменнік закранае шэраг пытанняў, звязаных з беларускаю
  нацыянальнаю думкаю. Пра гэта сведчыць спроба геаграфічнага апісання краю, ягонае гісторыі
  і нават эканамічнага стану. Але з большаю паўнатою Я. Баршчэўскі падае своеасаблівасці
  нацыянальнага характару беларуса, ягоны светапогляд, раскрывае ўнутраную прыгажосць
  ягонае душы. Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь – гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды больш
  шчаслівае, чым сённяшні дзень; гэта край, насельніцтва якога – асобны народ – можа і павінен
  жыць без дыктату з боку суседзяў. Жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў, а не па
  звычаях ды парадках іншых народаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае
  мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны. Гонар за продкаў здольны
  ўмацаваць сэрцы мужнасцю, здольны надаць адвагі ісці сваім, а не паказаным суседзямі
  шляхам.
  Найбольш яскрава ідэю кнігі Я. Баршчэўскага выяўляе сімвалічны вобраз Плачкі. Толькі
  згадаўшы пра Яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданні), Я. Баршчэўскі робіць Плачку
  цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Цяпер Яна так ці інакш будзе з’яўляцца ў кожным
  апавяданні, а адно з іх – шостае – цалкам прысвечана гэтай гераіні. Плачку бачаць толькі ў
  Беларусі, на месцах вялікіх бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі краю. Яна плача па
  сваіх дзецях, якім не можа “даверыць таямніцу свайго сэрца”. Просты люд з прычыны
  прыгнечанасці не можа зразумець Плачку. А паны і шляхта пагарджаюць сіратою ў сялянскім
  строі. Край свой яны самі аддаюць пад уладу шыкоўнай Белай Сарокі ды вартуюць яе багацці ў
  мядзвежым вобліку, звязваюцца з чарнакніжнікамі, наводзяць асташоў, якія нішчаць прыроду
  ды псуюць норавы людзей.
  Амаль усе апавяданні маюць алегарычную накіраванасць. Я. Баршчэўскі звярнуўся да
  жанру прытчы, бо ў тагачаснай грамадскай атмасферы толькі з дапамогаю алегорый, іншасказанняў можна было ўплываць на чытача (больш дакладна – толькі літаратурны твор
  прытчавага характару мог трапіць да чытача).
  
  198
  Я. Баршчэўскі пісаў, што “не пераймае формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія”, бо сапраўды не мог ісці іх шляхам: тыя тэмы і праблемы, якія стаялі
  перад еўрапейскімі літаратурамі, не былі актуальнымі для Беларусі. Зусім верагодна, што ён
  мог напісаць мастацкі твор (ці шэраг твораў), дзе б расказаў бы пра жыццё беларускага
  грамадства. Перадусім, ён добра ведаў гэтае жыццё: як у асяроддзі пецярбургскіх беларусаў, так
  і на Бацькаўшчыне. Але проста расказаць пра тое, што ён ведаў, Я. Баршчэўскаму было мала.
  Стварэнне літаратурных тэкстаў накшталт заходнееўрапейскага прыгожага пісьменства было
  неактуальным для Беларусі, для краю, які не меў дзяржаўнасці, над якім вісела пагроза поўнае
  асіміляцыі. Зусім відавочна, што патрыёт роднага краю Я. Баршчэўскі мусіў шукаць шляхі
  дзеля звароту да розуму ды сэрцаў сваіх суайчыннікаў.
  Паэтыка
  прытчы
  Я. Баршчэўскага
  падпарадкоўваецца
  законам
  сярэднявечнае
  хрысціянскае прытчы; звычайна адсутнічае апісальнасць мастацкае прозы заходнееўрапейскага
  тыпу: прырода і рэчы выкарыстоўваюцца надзвычай рэдка, дзеянне характарызуецца амаль
  поўнаю адсутнасцю дэкарацый.
  У пераважнай большасці выпадкаў героі прытчаў Я. Баршчэўскага не маюць “характару”.
  Паводле законаў прытчы героі звычайна не маюць і партрэтнае характарыстыкі. Але
  Баршчэўскі напачатку малюе партрэт героя, якога пазней чытач можа пазнаць па двух-трох
  штрышках.
  Напрыклад: “З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер
  яшчэ памятаю аблічча, твар ды адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба
  драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго –
  чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць пан ці ксёндз; ніхто не ведаў, ці быў ён
  свецкі, ці манах які, з панам размаўляў не нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што быў
  гэта чарнакніжнік…”. Калі аўтару ў іншай прытчы патрэбны зноў гэты герой, дык ужо можна
  даць і карацейшую ягоную партрэтную характарыстыку: “Чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі”. Або: “Нейкі згорблены старац у
  чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў”.
  Прытчы Я. Баршчэўскага пабудаваны, на першы погляд, аднатыпна: з пэўнага краю
  (аднекуль звонку) з’яўляецца на Беларусь “госць”. Ён непадобны на тутэйшых людзей (гл.
  ягонае апісанне вышэй); ён прыйшоў уплываць на насельніцтва гэтага краю, гуртаваць вакол
  сябе прыхільнікаў. Звычайна ён звяртаецца да асобаў з пэўнымі маральнымі заганамі (хоць і тут
  ёсць выключэнні). Аўтар называе яго чарнакніжнікам, чорным госцем, падкрэслівае гэтым
  самым яго мажлівасці негатыўна ўплываць на акружаючых. Праз нейкі час чарнакніжнік знікае
  (часцей за ўсё яго выганяюць ці ён, адчуўшы небяспеку, уцякае сам), але яго “падвопытныя”
  становяцца зусім іншымі: да сваіх ранейшых заганаў яны дадаюць і заганы (з гледзішча
  здаровай беларускай маралі) ад навукі “чорнага госця”. Гэта прэамбула ўсіх апавяданняў-
  прытчаў у “Шляхціцы Завальні”. У саміх жа прытчах пісьменнік даследуе далейшы лёс сваіх
  суайчыннікаў – прыхільнікаў чарнакніжніка; тых, каго чарнакніжнік спакусіў або яны былі
  змушаны пайсці да яго на службу. Лёс гэтых прыхільнікаў чарнакніжніка зазвычай трагічны: апынуўшыся па-за грамадствам, грамадою, яны або гінуць (як Карпа з апавядання “Пра
  чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем” ці Васіль з апавядання
  “Зухаватыя ўчынкі”), або мусяць перабірацца ў “краіну чарнакніжніка” (як пан Скамароха з
  апавядання “Белая Сарока”), або ім наканавана пакутаваць за здраду, учыненую ці то
  добраахвотна (як Альберт з апавядання “Вогненныя духі”), ці то несвядома (як Марка з
  апавядання “Ваўкалак”). Трагізмам лёсаў сваіх герояў, Я. Баршчэўскі папярэджвае
  суайчыннікаў: не будзе шчасця тым, хто здрадзіў свайму краю; не прынясуць карысці трыццаць
  срэбранікаў таму, хто згаджаецца нават за дробязь служыць акупантам. Хлеб калабаранта горкі.
  Стылістыка народнае фантастыкі – неабходны Я. Баршчэўскаму мастацкі прыём.
  Пісьменнік у тагачасных палітычных умовах быў вымушаны старанна шыфраваць ідэйна-
  мастацкую сутнасць сваіх твораў, але для чытача ён пакідаў у тэксце ключы дзеля дэшыфроўкі.
  Надзвычай істотнаю падказкаю з’яўляецца вынясенне аўтарам у тытул твора наймення
  “Беларусь” – назвы, замацаванай некалі царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага
  
  199
  Княства Літоўскага. Падчас стварэння кнігі ў афіцыйных дакументах назву Беларусь
  выкарыстоўваць ужо забаранялася. Але менавіта Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага –
  гэта адметныя, самадастатковыя з’явы ў Сусвеце, у цывілізацыі.
  Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог адбыцца без адлюстравання ейнага мінулага.
  Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку
  існавала – гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з
  другога – навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з’яўлялася Беларусь. “Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх
  аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй
  гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў”, – піша Баршчэўскі.
  Зрэшты, гістарычнае мінулае толькі эпізадычна (наколькі захавалася ў памяці люду падзеі
  трох-чатырох стагоддзяў) паказана на старонках “Шляхціца Завальні”: у “Нарысе Паўночнай
  Беларусі” аўтар згадвае пра “валы, узнятыя чалавечаю рукою”, пра курганы-пахаванні, пра
  “страшнага волата Княжа”; у раздзеле “Успаміны пра наведванне роднага краю” – пра падзеі
  1812 г.; у раздзеле “Думкі самотніка” – пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).
  Аднак не на гэтыя фрагменты гісторыі Беларусі скіравана ўвага пісьменніка, бо не яны
  (пры ўсёй іх значнасці) вызначалі тагачаснае жыццё Беларусі і беларусаў. Я. Баршчэўскага
  цікавіць зусім іншы перыяд гісторыі Беларусі.
  Шэраг дэталяў, “раскіданых” у апавяданнях “Шляхціца Завальні” і “Драўлянага Дзядка і
  кабеты Інсекты”, паказвае, што асноўныя падзеі ў творах пісьменніка адбываюцца прыкладна ў
  адзін час. Кропкаю адліку можа быць “Віленскі каляндар на гэты, 1817 год”, падараваны
  арганістам Андрэем шляхціцу Завальні. Безумоўна, гэта ключ-падказка: апавяданні сялянаў-
  падарожных, шляхціцаў, цыгана “гучалі” ў хаце Завальні на працягу восені 1816 – вясны
  1817 гг. Прыняўшы пад ўвагу гэтую дату, няцяжка вылічыць час, пра які апавядаюць госці пана
  Завальні. Дзеля гэтага знаходзім наступныя ключы-падказкі. Напрыклад, у першым апавяданні
  пісьменнік дае лапідарную характарыстыку апавядальніка: “Гэта быў чалавек не маладых
  гадоў: валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны”, а пасля гэтага селянін расказвае пра сваё
  юнацтва: “Я быў зусім маладзён”. Тое ж падкрэслівае і “яго таварыш” – наступны апавядальнік:
  “Калі быў я яшчэ зусім малады”. Можна вызначыць і час дзеяння ў апавяданні “Радзімы знак на
  вуснах”, звярнуўшы ўвагу на ключы-падказкі: “Варка памерла” і “Калі было ўжо Варцы
  шаснаццаць гадоў”. Тое ж знаходзім і ў апавяданні “Стогадовы стары і чорны госць”: “У
  маладосці я ведаў старога (…) прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр”.
  Апавядальнікі “Шляхціца Завальні”, пераважна сталыя, а то і старыя людзі (маладыя
  звычайна папярэджваюць: “чуў і я ад старых”), у 1816–1817 гг. прыгадваюць падзеі
  пяцідзесяцігадовае даўніны, г. зн., падзеі 60–70-х гг. XVIII ст. Аўтар анідзе не называе
  дакладнае даты, не апісвае рэальных падзей, што адбываліся ў Беларусі ў той час (спецыфіка
  мастацкага твора і не патрабуе гэтага!), але ў нас ёсць падставы казаць пра гістарызм
  Я. Баршчэўскага. Гістарызм гэты асаблівага роду: у прозе пісьменніка адлюстраваны не рэаліі, а
  дух пэўнага часу, пэўнага перыяду гісторыі Беларусі. Гэта міфалагічны гістарызм, гэта спроба
  вытлумачыць у рамантычна-прытчавай форме пераломны момант у жыцці краю – першы
  падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Полаччына (Беларусь Я. Баршчэўскага) увайшла ў
  склад Расіі.
  Гістарызм Я. Баршчэўскага – гэта гістарызм рамантычнага тыпу, які ідзе ад нямецкага
  класічнага ідэалізму. Пісьменнік толькі на першы погляд, нібыта пазбягае гісторыка-канкрэтнай
  рэальнасці, але, па сутнасці, яго проза з’яўляецца міфалагізаванай копіяй гэтай рэальнасці.
  Беларуская рэчаіснасць 60–70-х гг. XVIII ст. адлюстроўваецца Я. Баршчэўскім праз прызму
  фальклорна-міфалагічных уяўленняў беларуса-селяніна, беларуса-шляхціца. І гэта быў адзіны
  магчымы шлях, каб, апавядаючы пра лёсавызначальную падзею ў жыцці народа, паказаць і
  сённяшні стан рэчаў, і актуалізаваць патрыятычныя пачуцці, і падтрымаць веру ў лепшае
  будучае.
  Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай
  форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія
  
  200
  ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі
  зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі.
  Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытачоў, аддзеленая ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі.
  Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі
  Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтар
  разлічваў на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора.
  На менш абазнаную публіку дзейнічала магутная энергетыка надзвычайнае любові да
  роднага краю, уздзеянне якое актуалізоўвала ў свядомасьці чытача заснаваныя на хрысціянскіх
  традыцыях пачаткі дабра і зла, спрадвечныя беларускія традыцыі і філасофію .
  І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя
  звесткі пра Беларусь, пра яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым
  дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст.) лад жыцця (або космас) беларуса.
  Вучоны – фалькларыст ці этнограф – бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх
  прымхаў і забабонаў.
  Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і
  г. д.) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным
  выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе твора звычайна акрэсліваў
  кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Э.Т.А. Гофмана, які напрыканцы аповесцяў
  расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага
  запавету: апошні кампанент прытчы – тлумачэнне – у Я. Баршчэўскага адсутнічае.
  Гэтыя акалічнасці, надаючы твору (увогуле, усёй прозе) Я. Баршчэўскага арэол
  таямнічасці і нават алагічнасці асобных апісанняў, прыцягваюць нашу ўвагу, але, бясспрэчна, патрабуюць грунтоўнага аналізу, каментару, расшыфроўкі тэксту. Літаратуразнаўчы аналіз
  творчасці Я. Баршчэўскага праз прызму міфалагічнага гістарызму дапаможа высветліць шмат
  якія аспекты паэтыкі пісьменніка, высветліць яго мастацкія прыёмы адлюстравання рэчаіснасці.
  Схематычна гістарычную канцэпцыю Я. Баршчэўскага можна падаць наступным чынам: на Беларусь прыходзяць чужынцы, якія з дапамогаю подкупу атрымліваюць уладу над
  асобнымі панамі, пазней нават сялянамі. Беларусы, трапіўшы ў залежнасць ад чужакоў або
  добраахвотна пайшоўшы да іх на службу, дапамагаюць ім апанаваць увесь край, у якім
  карэнным чынам змяняецца лад жыцця.
  Тагачасная грамадская думка адпавядала гэтай схеме, менавіта так адукаваная частка
  насельніцтва ўспрымала акт анексіі Расійскай імперыяй часткі Рэчы Паспалітай.
  Нязгода з новымі парадкамі вымушала патрыётаў краю шукаць і аналізаваць прычыны
  заняпаду, прапаноўваць шляхі да адраджэння. Якраз гэтую праблему паспрабаваў вырашыць у
  мастацкім творы Я. Баршчэўскі. Палітычную схему ён ажывіў мастацкімі сродкамі, агітацыйную рыторыку замяніў літаратурнай вобразнасцю, надзённы нацыянальна-вызваленчы
  змест захінуў формаю прымітыўнае сялянскае гутаркі пераважна на бытавую тэматыку з
  элементамі народнае фантастыкі.
  У большасці апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя – дробныя ці то прыватныя –
  выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць
  адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на
  службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае ўвагу
  на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.
  З’яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць “Драўляны Дзядок і
  кабета Інсекта”. Папулярная ў той час форма успамінаў спакусіла паэта паспрабаваць свае сілы
  ў гэтым жанры. Баршчэўскі зноў выкарыстоўвае сродкі і стылістыку дзівоснае народнае
  фантастыкі, як гэта было ў “Завальні”. Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі
  прыкладна ў адзін час. Дзеянне ў абодвух адбываецца ў Беларусі. Вось толькі калі ў “Шляхціцы
  Завальні” гэта 1816–1817 гг. – час развітання галоўнага апавядальніка з родным краем перад
  
  201
  далёкім падарожжам “на поўнач”, дык у “Драўляным Дзядку” – сярэдзіна 30-х гг., калі герой
  пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.
  Закончыўшы выдаваць “Шляхціца Завальню”, Я. Баршчэўскі хутчэй за ўсё ўвосень 1846 г.
  назаўсёды пакідае “паўночную сталіцу”, каб спыніўся ў Цуднаве (сёння г. Чуднаў) у доме
  графаў
  Равускіх.
  Прыязнасць
  гаспадароў
  ды
  наяўнасць
  вольнага
  часу
  дазвалялі
  Я. Баршчэўскаму вандраваць па наваколлі, сустракацца са старымі ды новымі сябрамі. А вось
  вандроўка ў мястэчка Янушполь і знаёмства з Францам Савічам (або, хутчэй, з людзьмі, якія
  ведалі яго) падахвоціла напісаць аповесць “Душа не ў сваім целе”, у якой, як і ў ранейшых
  творах пісьменніка, выяўляюцца рамантычныя тэндэнцыі. Усе тры персанажы адпавядаюць
  вызначэнню “рамантычны герой”. Напачатку аўтар стварае вобраз “пераўтваральніка прыроды”
  Гайнара, заснавальніка незвычайнага саду.
  Апісанне Гайнараўскага саду Баршчэўскі падае пасля расказу пра тое, як герой наведаў
  славутую Сафіеўку, апетую паэтамі ХVIII–ХІХ стст.
  Жывое супрацьпастаўляецца мёртваму. Пісьменнік нібы кажа: мастацтва павінна служыць
  роднаму краю. Яно можа быць простым, без аздобаў, але мусіць мець практычную карысць.
  Велізарныя выдаткі на стварэнне Сафіейкі – з працы прыгонных, гэта вынішчэнне свайго
  ўласнага народа. Сад Гайнара, яго праца, ягонае наследаванне прыродзе – гэта першая
  прыступка ў своеасаблівай іерархічнай пірамідзе служэння Бацькаўшчыне. Гэта той мінімум, які можа (ці нават павінен) выканаць кожны.
  А вось у “таямнічага вучонага”, якому нават жыць даводзіцца інкогніта, пана Рыльца мэты
  больш значныя. Яго праца (невыпадкова, трэба заўважыць, немагчымая без працы Гайнара) –
  уваскрашаць мінуўшчыну, уваскрашаць дапатопны час, г. зн. час да падзелаў Рэчы Паспалітай, каб мець мажлівасць параўноўваць мінулае ды сучаснае, каб выхоўваць гістарычную памяць
  суайчыннікаў. Пан Рылец абураецца сваімі землякамі, якіх цікавіць толькі камерцыйны інтарэс, якія не разумеюць яго самога і ягоных паплечнікаў. Няшмат яшчэ смелых сказаць: “Няхай
  славіцца Саламандра!”, хто верыць, што Саламандра адродзіцца, бо яна не можа загінуць.
  Як і Гайнар, пан Рылец ведае абсяг свае дзейнасці і лічыць, што за межы гэтага абсягу
  выходзіць нельга. Яшчэ, маўляў, не прыйшоў час іншае працы.
  На трэцюю, самую высокую прыступку іерархічнае піраміды служэння Бацькаўшчыне
  Я. Баршчэўскі ставіць свайго галоўнага героя – “лекара” Саматніцкага. Пасля “навукі” ў
  Гайнара і Рыльца, ён выбірае іншы шлях, чым яго настаўнікі. Няспешна ісці да мэты – гэта не
  для яго. Ён хоча “сучаснасць ператварыць у рай”. А гэта патрабуе адпаведных сродкаў і нават
  ахвяравання сабою. Трагічны фінал аповесці як адлюстраванне рэальнага становішча ў
  нацыянальна-вызваленчай барацьбе зусім заканамерны.
  Думаецца, што сваіх герояў Я. Баршчэўскі “заўважыў” у рэальным жыцці. Ідэя служэння
  Бацькаўшчыне была даволі папулярнаю ў тагачасным грамадстве. І пісьменнік па-мастацку
  абагуліў пошукі лепшымі людзьмі краю шляхоў служэння Беларусі. Што датычыць вобраза
  Саматніцкага, дык ён (як слушна заўважыў яшчэ ў 60-я гг. Адам Мальдзіс) шмат у чым
  “спісаны” з беларускага паэта-выгнанніка Франца Савіча.
  У тым, што аповесць “Душа не ў сваім целе” нешта большае, чым апісанне незвычайных
  дзівосаў ды фантазій, пераконвае надзвычай паважнае стаўленне Я. Баршчэўскага да
  літаратурнае працы, разуменне ролі літаратуры ў грамадскім жыцці. Ва ўсіх яго празаічных
  творах змест пераважае над формаю, а алегарычнасць і сімвалізм фактычна ператвараюць
  асобныя часткі ў навелы-прытчы.
  На Валыні, у доме Равускіх прайшлі апошнія гады жыцця Я. Баршчэўскага. Ён памёр 11
  сакавіка 1851 г., а пахаваны на могілках у Цуднаве.
  
  Чытаючы творы Я. Баршчэўскага, мы спасцігаем сваю гісторыю, спасцігаем светапогляд
  беларуса першае паловы ХІХ стагоддзя, спасцігаем саміх сябе, бо пісьменнік дастаткова поўна
  адлюстраваў космас беларуса, філасофію ды светапоглядную сістэму народа. Пісьменнік
  змяшчае на тытульнай старонцы свае кнігі назву роднага краю, каб давесці, што Беларусь, хоць
  пакуль яшчэ адно толькі ў марах, уяўленнях, “фантастычных апавяданнях”, але ўжо існуе.
  
  202
  Выказаная аднойчы ідэя не знікае; тым больш, што гэтая ідэя матэрыялізавалася ў мастацкім
  творы. Дзякуючы Я. Баршчэўскаму, вобраз Беларусі становіцца сакральным, а беларуская ідэя –
  набыткам грамадскасці. Праз колькі дзесяцігоддзяў наступнікі Я. Баршчэўскага ўвасобяць ў
  жыццё мары і спадзяванні пісьменніка.
  
  Мікола Хаўстовіч
  
  203
  
  
  
  
  
  
  КАМЕНТАРЫІ
  
  ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ, АБО БЕЛАРУСЬ У ФАНТАСТЫЧНЫХ
  АПАВЯДАННЯХ
  
  Надрукаваўшы балады, заснаваныя на беларускім фальклоры, Я. Баршчэўскі
  прыцягнуў увагу тагачаснае крытыкі да свае творчасці. Яму настойліва раяць не
  пісаць больш вершаваных твораў, а перадаваць пачутыя легенды і паданні
  прозаю. Так у пісьменніка з’явілася задума расказаць пра свой край, сваю
  Беларусь, каб абудзіць беларускае нацыянальнае жыццё. “Шляхціц Завальня”
  выходзіў невялікімі томікамі ў 1844–1846 гг. Выдаўцом першых трох томікаў быў
  Ян Эйнерлінг, а друкаваліся яны ў тыпаграфіі Караля Края. Апошні томік выдаваў
  сам Я. Баршчэўскі ў друкарні Пратца. Першы томік (раздзелы “Колькі слоў ад
  аўтара” – “Ваўкалак”) цэнзар Ігнат Іваноўскі падпісаў у друк 9 верасня 1844 г.
  Другі (раздзелы “Успаміны пра наведванне роднага краю” – “Куцця”) – 22
  лістапада 1844 г. Трэці (раздзелы “Думкі самотніка” – “Яснасць на небе”) – 3
  ліпеня 1845 г. Чацвёрты (раздзелы “Таварыш у падарожжы” – “Ад’езд”) – 22
  сакавіка 1846 г. Важнае значэнне ў структуры кнігі меў уступны артыкул
  Рамуальда Падбярэскага “Беларусь і Ян Баршчэўскі” – першы нарыс гісторыі
  новай беларускай літаратуры. Упершыню ў гісторыі нашага прыгожага
  пісьменства ішла гаворка пра беларускую літаратуру, вызначаны пэўныя
  крытэрыі гэтае літаратуры: “чыста народнаю” называецца літаратура на
  беларускай мове, а нацыянальнай – літаратура, якая закранае беларускія
  нацыянальныя
  праблемы,
  беларускае
  нацыянальнае
  жыццё.
  Нарыс
  Р. Падбярэскага – гэта і першая біяграфія Я. Баршчэўскага.
  
  НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД АЎТАРА
  1 У пяці томіках альманаха “Niezabudka” Я. Баршчэўскі надрукаваў
  наступныя балады: “Фантазія”, “Русалка-спакусніца”, “Дзявочая крыніца”, “Дзве
  бярозы”, “Роспач”, “Курганы”, “Прысяга”, “Партрэт”, “Зарослае возера”, “Рыбак”,
  “Ніна”.
  2 Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў
  уключыць у “Шляхціца Завальню” іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх
  (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж
  колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма
  падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.
  3 Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным
  
  204
  артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г.
  падпісаў у друк першы томік “Шляхціца Завальні”.
  
  НАРЫС ПАЎНОЧНАЕ БЕЛАРУСІ
  1 Полацкая езуіцкая акадэмія адкрыта 29.05 (10.06) 1812 г. на базе Полацкай
  езуіцкай калегіі. Мела правы універсітэта. Студэнты займаліся на тэалагічным, філасофскім, вольных навук і старажытных ды сучасных моў факультэтах.
  Закрыта 1.(13).03. 1820 г. у сувязі з выгнаннем езуітаў з Расіі.
  2 Блізу маёнтка Гаўдэнтыя Шапялевіча Рудня, куды штолета наведваўся з
  Пецярбурга Я. Баршчэўскі.
  3 Маюцца на ўвазе войны Егіпта з Турцыяй 1831–1833 і 1839–1840 гг.
  Францыя ў гэтых сутыкненнях падтрымлівала Егіпет.
  4 У 1832 г. у Англіі была праведзена парламенцкая рэформа. Неўзабаве ў
  краіне разгарнуўся так званы чартысцкі рух за наданне палітычных правоў
  працоўнаму народу і дэмакратызацыю парламенцкае сістэмы.
  5 Размова ідзе пра першую “опіумную” англа-кітайскую вайну 1840–1842 гг.
  6 У 1837 г. з’явілася першая чыгунка ў Расіі (Пецярбург – Царскае Сяло). У
  гэты час інтэнсіўна вялося будаўніцтва чыгунак на Захадзе.
  7 У 1839 г. французскі мастак Луі Дагер (1789–1851) вынайшаў фатаграфію
  (дагератыпію).
  8 Беларускiя словы, сказы i песні, напiсаныя Я. Баршчэўскiм лацiнкаю, выдзелены ў нашым выданнi курсiвам.
  9 У кнізе “Россия: Полное георграфическое описание нашего Отечества”
  (Спб., 1905. Т. 9. С. 450), дзе пададзена гэтае ж паданне, курган называецца
  “Княжая Магіла”.
  10 Да верасня 1844 г. Я. Баршчэўскі выдаў пяць томікаў альманаха
  “Niezabudka”. Калі пісьменнік кажа пра тры томікі, дык, відавочна, што напісаны
  ў 1842 г. артыкул без змен быў уключаны ў першы томік “Шляхціца Завальні”.
  11 Змешчана ў “Niezabudce” на 1841 г.
  12 Змешчана ў “Niezabudce” на 1842 г.
  13 Змешчана ў “Niezabudce” на 1842 г.
  14 Гаворка пра баладу “Русалка-спакусніца”, змешчаную ў “Niezabudce” на 1841 г.
  15 Слова “жыд” не мела ў той час зневажальнага значэння.
  16 Дуда – духавы інструмент са скураным мехам, маленькай трубачкай для
  напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі з язычкамі (пішчыкамі).
  17 Музыка, музыкі – гэтак даўней называліся ў беларускіх вёсках танцы.
  18 Дзень летняга сонцастаяння паводле новага стылю.
  19 У Пецярбурзе Я. Баршчэўскі жыў з 1817 да 1847 г.
  20 Гэты нарыс друкаваўся таксама асобна ў альманаху “Rocznik Literacki”
  (Т. І. 1843 г.) і ў перакладзе Л. Кавеліна на рускую мову ў газеце “Иллюстрация”
  (Т. ІІ. 1846 г. № 10).
  21 Тут i далей у “Шляхцiцы Завальнi” вершы даюцца ў перакладзе Сяржука
  Сокалава-Воюша.
  
  
  
  205
  
  ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ
  1 Шляхціц на загродзе – дробны шляхціц, які меў невялікі маёнтак з
  абгароджанай сядзібаю.
  2 Квестар – манах, які збірае ахвяраванні на кляштар.
  3 Колькі гадоў служыў Я. Баршчэўскі ў “шаноўных людзей“ сёння нам
  невядома.
  4 Відавочна, Завальня мае на ўвазе і Полацкі езуіцкі калегіум, і Полацкую
  езуіцкую акадэмію. Полацкі езуіцкі калегіум заснаваны ў 1580 г. паводле загаду
  Стэфана Баторыя. У 1812 г. пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію.
  5 Відавочна, маецца на ўвазе перакладная старабеларуская аповесць
  “Александрына” (“Похождение царя Александра Македонского”).
  6 Уліс – Адысей, галоўны герой паэмы Гамера “Адысея”.
  7 Маецца на ўвазе паэма Вергілія “Энеіда”.
  8 Прэфект (ад лац. praefectus начальнік) – загадчык, інспектар або настаўнік
  рэлігіі ў школе.
  9 Пачатак беларускае “Каляды для малых дзетак”, папулярнага твора
  XVIII ст., які гучаў так:
  Розкаю дух святы дзетачкі біць радзіт,
  Розкаю бінамне здоров не завадзіт;
  Розка папужае розум да галовы;
  Учыт пісьма; а бароніт злой мовы;
  Розка родзічам паслушнымі чыніт;
  Розка выпушчает а учыт латыні;
  Розкаю хоць б’е, не паломіт косці;
  Дзетак гамует ат ўсякай злосці...
  На малых добра розка беразовая,
  А старым карбач, або насека дубовая.
  Звязда дзеткам тую каляду дае,
  Прето ж ей за нюю нех жадзен не лае.
  
  
  АПАВЯДАННЕ ПЕРШАЕ.
  ПРА ЧАРНАКНІЖНІКА І ПРА ЦМОКА, ШТО ВЫЛУПІЎСЯ З ЯЙКА, ЗНЕСЕНАГА ПЕЎНЕМ
  1 Каталіцкая малітва.
  2 Нябожчык.
  3 Чамарка – адзежына-венгерка.
  4 Масонам, богаадступнікам. “Пан наш формозон: в церков не ходзіць і
  поста не глядзіць” (І. Насовіч. “Словарь белорусскаго наречія”).
  5 Людзьмі не адной веры, дэсідэнтамі. “Матка недоверка і сына здзелала
  недоверком” (І. Насовіч. “Словарь белорусскаго наречія”).
  6 Стужкаю.
  7 Шнуроўка –
  адзежына
  ў
  выглядзе
  безрукаўкі,
  якая
  спераду
  зашнуроўвалася; гарсэт, кабат.
  
  206
  8 Воласць – уладанне аднаго пана.
  9 Лёкай, што служыў у панскім доме, двары.
  10 Габрая, які меў дазвол на гандаль гарэлкаю з панскіх бровараў; арандатара.
  11 Запаведзь – абвяшчэнне з амбона пра тых, хто мае ў хуткім часе ўзяць
  шлюб.
  12 Сітка – сузор’е.
  13 Кланем! Кланемся! – Добры дзень! Вітаю!
  14 Вось чаму. “Не в чом ён ні слова не сказав” (І. Насовіч. “Словарь
  белорусскаго наречія”).
  15 У дадзеным выпадку абазначае пагарду.
  16 Казак, або казачок – імправізаваны сольны мужчынскі танец.
  17 Маецца на ўвазе старажытная беларуская калядная гульня “Жаніцьба
  Цярэшкі”.
  18 Юбілеі рымска-каталіцкая царква адзначае праз кожныя 25 гадоў ад
  нараджэння Ісуса Хрыста. Юхавічы – сёння вёска ў Расонскім р-не.
  19 Гэтае апавяданне пад тытулам “Шляхціц Завальня. Апавяданне першае”
  друкавалася ў часопісе Ю.І. Крашэўскага “Athenaeum” (1844. T. 1).
  
  АПАВЯДАННЕ ДРУГОЕ. ЗУХАВАТЫЯ ЎЧЫНКІ
  1 Г. зн. пасля 12 ліпеня паводле новага стылю.
  2 Расічка – вельмі рэдкая і нізкая расліна. “Яе адметнасць, па словах
  простага люду, заключаецца ў тым, што пакуль на ёй ёсць раса, то яе можна
  знайсці; але як толькі раса прападзе, то расліна хаваецца ў зямлю і адшукаць яе
  немагчыма. Расічка мае прыемны пах і ўжываецца як лекавая зёлка. – “Собрала
  росічкі на посвяцаніе” (І. Насовіч. “Словарь белорусскаго наречія”).
  3 Грывеннік або грыўна – расійская срэбраная манета, роўная 10 капейкам, якую білі манетныя двары Расіі ў ХVIII стагоддзі.
  4 Пану і пані. “Подовай перші егомосцю, а потым імосці” (І. Насовіч.
  “Словарь белорусскаго наречія”).
  5 Пробашч – ксёндз, кіраўнік парафіі.
  6 “Вясельную песню сіраціне” выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Валер’ян і
  Юльян Грымалоўскія (“Вершаваныя творы”, Пецярбург, 1837), а таксама
  Аляксандр Гроза (паэма “Марына”). Р. Падбярэскі цытуе яе ў сваім артыкуле
  “Беларускае вяселле” ў газеце “Иллюстрация” (1848. Т. 6. № 1).
  
  АПАВЯДАННЕ ТРЭЦЯЕ. ВУЖОВАЯ КАРОНА
  1 14 верасня па народным календары – Узвіжанне. Лічылася, што з гэтага
  дня восень рухаецца насустрач зіме, птушкі адлятаюць у вырай, усякія гады
  хаваюцца ў свае сховы. Забаранялася хадзіць у гэты дзень у лес, бо ўкус гадзюкі
  быў самы небяспечны. Апрача таго, лесавік у гэты дзень робіць агляд усіх
  падначаленых яму істот.
  2 У творы па-рознаму (Мрагоўскі, Марагоўскі) даецца напісанне гэтага
  прозвішча, але, бясспрэчна, паходзіць яно ад вёскі Марогі (сённяшнія Мурагі), малое радзімы Я. Баршчэўскага.
  
  207
  3 Асэсар – судовая пасада ў Вялікім княстве Літоўскім. У расійскай імперыі
  асэсары ўтваралі земскую паліцыю павета.
  
  УСПАМІНЫ ПРА НАВЕДВАННЕ РОДНАГА КРАЮ
  1 Гаворка пра вайну Францыі і Расіі ў 1812 г.
  2 26 ліпеня 1812 г. войскі маршала Ш. Ундзіно ўвайшлі ў Полацак.
  3 Клясціцкія баі адбыліся 30 ліпеня – 1 жніўня 1812 г. каля вёскі Клясціцы і
  на шляху Полацак – Себеж паміж расійскім 1-м пяхотным корпусам
  П.Х. Вітгенштэйна і французскім 2-м корпусам Ш. Ундзіно.
  4 Генерал-маёр Я.П. Кульнеў (1763–1812) быў смяротна паранены 1 жніўня
  1812 г. каля вёскі Сівошна (цяпер в. Лісуны Полацкага раёна).
  5 Гістарычная вобласць у цэнтральнай частцы Пелапанеса ў Грэцыі. У
  антычнай літаратуры і ідыліях XVI–XVIII ст. апісвалася як шчаслівая райская
  краіна пастухоў і пастушак.
  6 Наяды –у грэцкай міфалогіі німфы крыніц і ручаёў. Лічыліся ахоўнікамі
  водаў.
  7 Німфы – у грэцкай міфалогіі багіні прыроды, яе пладаносных сілаў.
  Адрозніваюць німфаў рэчак, мораў, азёр, гор, дрэваў, лясоў і г. д.
  8 Сатыры – у грэцкай міфалогіі дэманы пладароднасці. Уваходзілі ў почт
  Дыяніса.
  9 Алімп – у грэцкай міфалогіі гара ў Фесаліі, на якой жывуць багі.
  10 Музы – у грэцкай міфалогіі дзевяць сёстраў, багіні паэзіі, мастацтва і
  навукі.
  11 Апалон – у грэцкай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун
  мастацтваў.
  12 Тампейская даліна – мясцовасць у Фесаліі (Грэцыя), якая аддзяляе гару
  Алімп ад горнага масіву Оса (Кісавос). Славілася сваёй прыгожай прыродай; сімвал зямнога раю.
  13 Фермапілы – вузкі праход паміж Фесаліяй і Лакрыдай, які служыў ў
  антычнасці варотамі з паўночнай Грэцыі ў цэнтральную частку краіны. Тут у
  480 г. да н. э. цар Спарты Леанід з трыма сотнямі воінаў чатыры дні супрацьстаяў
  аграмаднаму войску персаў.
  14 Рабінавая ноч – назва навальнічнай ночы напрыканцы лета, калі неба
  скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, ідзе праліўны дождж, дзьме моцны
  вецер.
  15 Бой – міфічны беларускі князь.
  16 Сёмуха – Тройца, Зялёныя святкі – старажытнае земляробчае свята, якое
  адзначалася на сёмы тыдзень пасля Вялікадня.
  17 Гэты нарыс (з прысвячэннем маршалку Станіславу Грабніцкаму) друкаваўся таксама асобна ў альманаху “Rocznik Literacki” (Т. IІ. 1844 г.) з
  прыпіскаю выдаўца Р. Падбярэскага: “Гэта ўрывак з вялікага твора, які малюе
  Беларусь: “Шляхціц Завальня, або Фантастычныя апавяданні беларускага люду”.
  
  ПОЛАЦК
  1 Гаворка пра Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (Спаскі манастыр), 208
  помнік ХІІ ст. Заснаваны Ефрасінняй Полацкай як паўночны абарончы фарпост
  Полацка на правым беразе Палаты. З часоў Стафана Баторыя – рэзідэнцыя езуітаў.
  У 1832 г. перададзены ўладамі праваслаўным. У ансамбль манастыра ў першай
  палове ХІХ ст. уваходзілі: Спаса-Праабражэнская царква (касцёл), пабудаваная ў
  1152–1161 гг. дойлідам Іаанам па замове Ефрасінні Полацкай; жылы корпус, пабудаваны напачатку XVIII ст., пазней – рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна; уязная брама, сад.
  2 Не збярогся. Знаходзіўся на Ксавер’еўскіх могілках.
  3 Касцёл св. Стафана пабудаваны напачатку XVII ст. У 1738–1748 гг. на
  месцы драўлянага пастаўлены мураваны касцёл (паводле асобных крыніц яго
  называлі касцёлам Звеставання Прачыстае Дзевы Марыі). Перад касцёлам –
  галоўная плошча горада – Парадная. У 1830 г. перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. У 1964 г. разбураны, на яго
  месцы ўзведзены жылы дом.
  4 Полацкі Сафійскі сабор пабудаваны ў сярэдзіне ХІ ст. пры князі Усяславе.
  Быў кафедральным саборам Полацкае праваслаўнае епархіі. З XVI ст. –
  кафедральны сабор Полацкай уніяцкай архіепархіі. Базыльянскі ордэн (брацтва
  св. Васіля Вялікага) быў уніяцкім. Пасля скасавання царскімі ўладамі Уніі на
  тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага (1839) ордэн быў распушчаны, а
  Сафійскі сабор перадалі Рускай праваслаўнай царкве.
  5 Гаворка пра апошнюю адбудову (1738–1750) Сафійскага сабора пасля яго
  разбурэння ў час Паўночнай вайны (1710) расійскім войскам. Сродкі ахвяраваў
  Фларыян Грабніцкі [1664(?)–1762], полацкі уніяцкі архіепіскап.
  6 Гаворка пра капішча Пяруна ля Валовага возера (сёння ў межах Полацка).
  7 Не захаваўся.
  8 Пабудаваная ў сярэдзіне ХІІ ст. у Бельчыцах, рэзідэнцыі полацкіх князёў.
  Не захавалася.
  9 Людвік Беліковіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю ў 30–40-
  я гг. ХІХ ст. Я. Баршчэўскі няраз наведваў яго ў Экіманіі.
  10 Касцёл св. Стафана.
  11 час незваротны (лац.).
  12 Пост, гавенне.
  13 Лаёла Ігнацы (1491–1556) , дробны іспанскі шляхціц, заснаваў у 1534 г.
  для барацьбы з Рэфармацыяй ордэн езуітаў. У 1541 г. быў выбраны пажыццёва
  генералам ордэна.
  14 – Божа, з чаго ж мы пачнём?
  – Са знаку святога крыжа.
  – Што ёсць знак святога крыжа?
  – Ёсць абарона цела і душы.
  – Дык зробім знак святога крыжа!
  – Дык зробім! (лац.)
  15 Канвікт – пансіён пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе выхоўваліся дзеці
  заможных бацькоў. Плата складала 600 рублёў срэбрам у год. Высокі ўзровень
  адукацыі, якую давалі езуіты, заахвоціў і расійскіх саноўнікаў аддаваць сваіх
  дзяцей у гэты канвікт.
  
  209
  16 Выдаўцом першых трох томікаў “Шляхціца Завальні” быў Ян (Іван
  Фёдаравіч) Эйнерлінг – літаратар, педагог, выдавец. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай
  акадэміі ў канвікце. У 30-я гг. ХІХ ст. напісаў і выдаў шэраг падручнікаў па
  францускай мове і геаграфіі. У 1842–1843 гг. “по высочайшему повелению” выдаў
  у
  трох
  кнігах
  дванаццацітомную
  “Историю
  государства
  Российского”
  М.М. Карамзіна, ахвяруючы свой уласны капітал (больш за 100 тыс. руб.). Пэўна, за свой кошт выдаваў і “Шляхціца Завальню”.
  17 Строфы з верша Я. Баршчэўскага “Да Юлі”, цалкам змешчанага ў
  альманаху “Niezabudka” на 1840 г.
  
  РЫБАК РОДЗЬКА
  1 Нырок – вадаплаўная птушка з сямейства качыных.
  2 Крачкі – сямейства птушак атрада сеўцападобных.
  3 Трытон, у грэцкай міфалогіі марскі бог, сын Пасейдона і аднае з нерэід
  Амфітрыты. Трытонамі таксама называюць марскія істоты, што трубяць у
  ракавіны, суправаджаючы Амфітрыту і Пасейдона.
  4 Нептун – бог мора ў старажытнарымскай міфалогіі; у старажытнагрэцкай
  міфалогіі – Пасейдон. Амфітрыта, у грэцкай міфалогіі адна з нерэід, багіня мора, дачка Нерэя і Дарыды, жонка Пасейдона.
  5 6 студзеня.
  6 Старшы ксёндз у парафіі. Тое самае, што і пробашч, парох.
  7 Беларускія паданні пра гэтае возера выкарыстаў Аляксандр Гроза ў паэме
  “Глухое возера”.
  8 Страфа з беларускамоўнага уніяцкага гімна “О мой Божа, веру Табе”.
  
  АПАВЯДАННЕ ПЯТАЕ. РАДЗІМЫ ЗНАК НА ВУСНАХ
  1 Ксёндз-пракуратар – тут: асоба, які кіруе маёнткамі ордэна езуітаў.
  2 Гарнец – мера ёмістасці вадкасцей і сыпучых рэчываў. У Рэчы Паспалітай
  гарнец складаў 3,7–4 літры. У Расіі – 1/8 чацвярыка ці 3,28 літра.
  3 Чацвярык – напачатку ХІХ ст. складаў прыкладна 26 літраў.
  
  СЛЯПЫ ФРАНЦІШАК
  1 Прок – цар Альбы-Лонгі.
  2 Амулій, у рымскай міфалогіі цар Альбы-Лонгі. Пазбавіўшы трону і
  выгнаўшы свайго старэйшага брата Нумітора, пасвяціў ягоную дачку Рэю Сільвію
  ў вясталкі, каб яна не мела дзяцей.
  3 Рэя Сільвія, вясталка, у рымскай міфалогіі маці Ромула і Рэма, дачка цара
  Альбы-Лонгі Нумітора. Вясталак – жрыц багіні святога агню Весты – выбіралі з
  дзяўчатак 6–10 гадоў; яны павінны былі захоўваць цноту на працягу 30 гадоў.
  4 Фаустул, пастух, разам са сваёй жонкаю Аккай Ларэнціяй выхаваў Ромула
  і Рэма.
  5 Інфлянты – прыбалтыйскае княства, якое з ХІІ ст. знаходзілася ў
  залежнасці ад Полацка. У ХІІІ ст. захоплена крыжакамі, а ў час Лівонскае вайны –
  войскам Івана Жахлівага. Па Ям-Запольскай мірнай дамове (1582) частка
  Інфлянтаў (Дзвінскі, Люцынскі, Рэжыцкі і Дрысенскі паветы) увайшлі ў склад
  
  210
  Рэчы Паспалітае. Цэнтрам Інфлянтаў быў Дзвінск (сёння Даўгаўпілс). Асноўнае
  насельніцтва – беларусы і латышы.
  
  АПАВЯДАННЕ ШОСТАЕ. ПЛАЧКА
  1 Больш вядомая як уніяцкі гімн “О мой Божа, веру Табе”.
  2 Гэта грошы Вялікага княства Літоўскага, пра што сведчыць герб Пагоня.
  Што да выяваў каралёў, дык ад Крэўскае (1385) і да Люблінскае (1569) уніі на
  польскім троне сядзелі (з невялікімі перапынкамі) вялікія князі літоўскія; пасля
  Люблінскае уніі кароль Рэчы Паспалітае быў адначасова каралём польскім і
  вялікім князем літоўскім.
  3 Самая дробная манета ў грашовай сістэме Вялікага Княства Літоўскага. 40
  пенязяў складалі адзін грош. Словы “пенязь”, “пенязі” ў Вялікім княстве
  Літоўскім першапачаткова азначалі грошы.
  4 Локаць – адзінка вымярэння даўжыні. У Вялікім княстве Літоўскім
  раўнялася 64,96 см.
  5 Манахаў.
  
  БУРА
  1 Капот – двухбортная верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі
  рукавамі.
  2 Камісар кіраваў некалькімі маёнткамі ў буйнога землеўласніка; яму
  падпарадкоўваліся кіраўнікі асобных маёнткаў – аканомы.
  3 Талер – срэбраная манета высокай пробы. У Рэчы Паспалітай талеры білі
  манетныя двары дзяржавы. З 1766 г. меў курс 240 грошаў у меднай манеце.
  4 Сурдут – двухбортная адзежына з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела.
  5 Курляндыя – васальная дзяржава Рэчы Паспалітай са сталіцай у горадзе
  Мітава (сучасная Елгава, Латвія). У 1796 г. Курляндскае герцагства пераўтворана
  ў Курляндскую губерню Расійскае імперыі.
  6 Няма спакою. “Упокою не даюць” (І. Насовіч. “Словарь белорусскаго
  наречія”).
  
  АРГАНІСТЫ З РАСОНАЎ
  1 Слава Ісусу Хрысту (лац.).
  2 Аплатка – невялічкі праснак, зроблены з вады і мукі; у рымска-каталіцкай і
  уніяцкай цэрквах ім пасля споведзі прычашчаюцца вернікі.
  3 Філосаф – г. зн., студэнт факультэта філасофіі Полацкае езуіцкае акадэміі; у калегіуме таксама быў клас філасофіі.
  4 Г. зн. у Полацкім езуіцкім калегіуме.
  5 Альвар – падручнік лацінскае мовы “Павучальная граматыка” (De instituane gramatika”) напісаны партугальскім езуітам Эмануэлем Альварэзам
  (1526–1585). Неаднаразова перавыдаваўся ў Вільні і Полацку.
  6 “Пра мастацтва паэзіі” (лац.).
  7 “Кожны згодзіцца з тым, што прыемнае – разам з карысным” (лац.).
  8 Марнасць марнасцяў (лац.).
  
  
  211
  АПАВЯДАННЕ СЁМАЕ. ВОГНЕННЫЯ ДУХІ
  1 Дукат – залатая манета. У Рэчы Паспалітай яе называлі чырвоным залатым
  (злотым).
  2 Віно весяліць сэрца! (лац.).
  3 Страфа з оды Ф.Д. Князьніна “Анакрэонтык да князя Адама
  Чартарыскага”.
  4 Трасца – ліхарадка; злая сіла.
  
  КУЦЦЯ
  1 Клаўберг Ігнат Себасцьян (1753–1817) – таленавіты гравёр па медзі. З
  1796 г. у Расіі, прафесар Пецярбургскае акадэміі мастацтваў. Выканаў шэраг
  партрэтаў расійскіх саноўнікаў, табліцы для атласаў, а таксама абразы і абразкі
  для езуітаў.
  
  ДУМКІ САМОТНІКА
  1 У Пецярбурзе.
  2 Мядовая раса, або падзь – салодкая клейкая вадкасць на лістах раслін
  (прадукт жыццядзейнасці жамяры).
  3 Пятра І. Гаворка ідзе пра падзеі Паўночнай вайны (1700–1721).
  4 Сажань – мера даўжыні. У Вялікім княстве Літоўскім выкарыстоўваўся
  малы сажань і рыжскі махавы сажань (188,125 см).
  
  ГОСЦІ Ў ХАЦЕ ЗАВАЛЬНІ
  1 Твардоўскі – герой сярэднявечнай легенды, што прадаў д’яблу сваю душу, каб атрымаць выгоды на гэтым свеце.
  
  АПАВЯДАННЕ ДЗЕВЯТАЕ. ПАКУТНЫ ДУХ
  1 Пералёт-траву.
  
  АПАВЯДАННЕ ДЗЕСЯТАЕ. ВАЛАСЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ НА ГАЛАВЕ
  1 У Вялікім княстве Літоўскім мясцовую ўладу выбіралі звычайна на
  павятовых сойміках. Фармальна такое становішча захавалася нават пасля
  далучэння Беларусі да Расійскае імперыі. І толькі ў другой чвэрці ХІХ ст.
  мясцовае заканадаўства паступова было скасавана.
  
  ЦЫГАН БАЗЫЛЬ
  1 Міля – адзінка даўжыні. У ХІХ ст. у Беларусі ўжывалася міля, роўная
  7,777 км.
  2 Мёд-трайняк – моцны пітны мёд.
  3 Піўніца – падвал, дзе захоўвалі напоі.
  
  АПАВЯДАННЕ АДЗІНАЦЦАТАЕ. ЖАБЕР-ТРАВА
  1 Наступныя два радкі, мажліва, выкрасліў цэнзар Ігнат Іваноўскі або сам
  аўтар, чытаючы карэктуру.
  
  
  212
  ТАВАРЫШ У ПАДАРОЖЖЫ
  1 Аўстэрыя – гасцініца, заезны дом.
  
  
  ДРАЎЛЯНЫ ДЗЯДОК І КАБЕТА ІНСЕКТА
  
  Першая частка (раздзелы “Што здарылася з Драўляным Дзядком” і “Кабета
  Інсекта”) гэтае аповесці Я. Баршчэўскага была надрукавана ў пятым томіку
  альманаха “Nіezabudka” на 1844 г. яшчэ да з’яўлення “Шляхціца Завальні”.
  Другая частка – у восьмым томіку альманаха Казіміра Буйніцкага “Rubon” на
  1847 г. ужо пасля выхаду “Шляхціца Завальні”.
  1 Klauber svulpsіt – Клаўбер напісаў па замове (ці Клаўбер пісаў па жаданню) ад лац. абрэвіятуры s(і) vul(tіs) (scrі)psіt (ці s(і) vul(t) (scrі)psіt).
  2 Баболя Андрэй (1591–1657) – манах ордэна езуітаў. Вызначыўся сваёй
  рэлігійнаю дзейнасцю ў Бабруйску і Пінску. Падчас вайны ў 1657 г. быў
  замардаваны казакамі.
  3 Ксаверый Францішак (пам. у 1552) – пакутнік і святы каталіцкае царквы, адзін з першых місіянераў езуіцкага ордэна ў Азіі.
  4 У другой частцы аповесці замест крыптаніма З... пададзена поўнае
  прозвішча гаспадара – пан Зямельскі.
  5 У 1820 г. царскія ўлады забаранілі дзейнасць езуітаў у Расеі.
  6 Фáктар – пасрэднік, ад лац. factor – той, хто выконвае.
  7 Гэтая частка аповесці закончана ў 1843 г. Змяшчаючы яе ў альманаху
  “Nіezabudka” (т. 5 на 1844 г.), Я. Баршчэўскі абяцаў працяг у наступным томе.
  8 Першая страфа “Ранішняе песні” Ф. Карпінскага.
  9 Феакрыт (канец ІV ст. – І-я пал. ІІІ ст. да н. э.) – старажытнагрэцкі паэт, заснавальнік жанру ідыліі. Асобныя яго творы перакладаў С. Шымановіч.
  10 Геснер Саламон (1730–1788) – швейцарскі паэт і мастак. Пісаў на нямецкай
  мове. Аўтар зборнікаў “Ідыліі” ў прозе (1756) і “Вершы” (1762).
  11 Шымановіч Сымон (1558–1629) – польскі паэт-гуманіст. У гісторыю
  польскае літаратуры ўвайшоў як стваральнік цыкла “Ідыліі” (1614).
  12 Напрыканцы аповесці пазначана: “Працяг у наступным нумары”.
  
  
  ДУША НЕ Ў СВАІМ ЦЕЛЕ
  Упершыню надрукавана на польскай мове ў кнізе: Proza і wіerszy. Kіjow, 1849. Cz. 1.
  1 Валынь – гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага. Сваю назву
  атрымала ад г. Валынь, якога сёння няма. Уключае ў сябе беларускае і ўкраінскае
  Палессе.
  2 Цуднаў – сёння гэта ўкраінскі горад Чуднаў.
  3 Падолле – гістарычная частка Вялікага княства Літоўскага, гвалтоўна
  далучаная ў 1569 г. да Польшчы. Ахоплівае тэрыторыю сучаснае Ўкраіны па
  рэках Днестр і Паўднёвы Буг.
  4 Паводле тагачаснае перыёдыкі эпідэмія халеры на Валыні лютавала таксама
  
  213
  ў 1848 г. А г. зн., што Франц Савіч, які жыў у той час там (мястэчка Янушпаль) ды
  ратаваў людзей ад пошасці, памёр у 1848, а не ў 1845 г., як сцвярджаецца ў
  навуковай літаратуры.
  5 Умань – горад на Украіне, дзе ў 1786 г. казацкія атрады Гонты і Жалезняка
  выразалі ўсё насельніцтва.
  6 Трамбецкі Станіслаў (1739–1812) – прыдворны паэт апошняга караля Рэчы
  Паспалітае Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пісаў байкі, сатыры, оды, паэмы, панегірыкі. Адзін з самых славутых ягоных твораў – “Сафіеўка”.
  7 Тракцір – карчма.
  8 Залескі Юзаф Багдан (1802–1886) – польскамоўны паэт-рамантык, для якога
  Украіна і ейны люд сталі прадметам любові і настальгіі.
  9 Мальчэўскі Антон (1793–1826) – польскамоўны паэт-рамантык. Паходзіў з
  Валыні. Аўтар выдадзенае ў 1825 г. паэмы “Марыя”, названай ў падтытуле
  “ўкраінскаю аповесцю”.
  10 Гашчынскі Севярын (1801–1876) – польскамоўны паэт-рамантык. Родам з
  Украіны. Самы славуты ягоны твор – паэма “Канёўскі замак”, у якой апавядаецца
  пра часы гайдамаччыны.
  11 Падура Тамаш (1801–1871) – польскамоўны і ўкраінскамоўны паэт.
  Вывучаў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўкраінскі фальклор.
  12 Піятроўскі Канстанцін – польскамоўны паэт і перакладчык. Аўтар
  выдадзенага ў 1836 г. у Бярдзічаве зборніка вершаваных твораў. Добры сябра
  Я. Баршчэўскага.
  13 Трантоўскі Браніслаў Фердынанд (1808–1869) – папулярны тагачасны
  філосаф. У сваіх творах выказваў ідэі месіянізму.
  14 Быхавец Юзаф (1778–1845) – філосаф і літаратар. У сваіх працах развіваў
  вучэнне Канта ў духу антрапалагічнага ідэалізму.
  15 Бохвіц
  Фларыян
  (1794–1856) – філосаф.
  Выступаў
  з
  крытыкаю
  матэрыялізму і антырэлігійных настрояў. Свае творы выдаваў у Вільні.
  
  
  
  214
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
О.Болдырева "Крадуш. Чужие души" М.Николаев "Вторжение на Землю"

Как попасть в этoт список

Кожевенное мастерство | Сайт "Художники" | Доска об'явлений "Книги"